АКСАНАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. axōn вось + ...метрыя),

спосаб адлюстравання прасторавых фігур на чарцяжы пры дапамозе паралельных праекцый. Для пабудовы аксанаметрычнай праекцыі выбіраюць 3 узаемна перпендыкулярныя восі OX, OY, OZ і маштабы даўжыняў на гэтых восях; праецыруюць на плоскасць восі і дадзеную фігуру. Калі X, Y, Z — даўжыні 3 адрэзкаў у фігуры, то іх аксанаметрычныя праекцыі, паралельныя восям, будуць мець даўжыні x, y, z, пры гэтым x/X=lx, y/Y=ly, z/Z=lz наз. паказчыкамі скажэння. Найбольш выкарыстоўваецца аксанаметрыя, пры якой lx: ly : lz = 1 : 1 : 1 (ізаметрыя) і lx : ly: lz=​1/2 : 1 : 1 (дыметрыя). У залежнасці ад вугла паміж напрамкам праецыравання і плоскасцю аксанаметрычных праекцый адрозніваюць прамавугольную і косавугольную аксанаметрыю. Гл. таксама Нарысоўная геаметрыя. Аксанаметрыя ў архітэктуры — адзін з відаў перспектыўнага адлюстравання. Выкарыстоўваецца ў арх. праектах і чарцяжах будынкаў, комплексаў, ансамбляў для нагляднага паказу іх структуры, асабліва ў выпадку, калі генпланы, планы, фасады і разрэзы не даюць поўнага ўяўлення пра іх арх.-прасторавую арганізацыю. Нярэдка аксанаметрыя агульнага выгляду пабудоў сумяшчаецца з іх арх. разрэзам, што ўдакладняе структуру ў цэлым.

Да арт. Аксанаметрыя: а — ізаметрыя; б — дыметрыя.
Да арт. Аксанаметрыя. Праект Дома урада Беларусі. Архітэктар І.​Лангбарп. 1931.

т. 1, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЕ І АДНО́СНАЕ,

катэгорыі дыялектыкі. Абсалютнае абазначае безумоўнае, нестваральнае, вечнае, усеагульнае, характарызуе яго аўтаномнасць ад інш. формаў. Адноснае (рэлятыўнае) выступае як умоўнае, апасродкаванае, якое залежыць ад тых або інш. умоў і, значыць, часовае, недаўгавечнае, спароджанае. У стараж.-грэч. філасофіі абсалютнае вызначалася як дасканаласць, завершанасць, самадастатковасць існага і выражалася ў паняццях «па прыродзе», «у чыстым выглядзе», «само па сабе». У Арыстоцеля адноснае выступае як нешта, што залежыць ад інш. ці адносіцца да яго. У сярэдневяковай філасофіі існавала рэліг. тлумачэнне абсалютнага як «божага», якое процістаіць «зямному», «свецкаму». У філасофіі Новага часу (асабліва ў ням. класічным ідэалізме) вылучаюцца розныя аспекты абсалютнага і адноснага, якія раскрываюцца ў сістэме катэгорый «у сабе», «для іншага», «для сябе», «само па сабе» і да т.п. Для метафізікі характэрны адрыў абсалютнага ад адноснага. Рэлятывізм зыходзіць з разумення адноснага толькі як рэлятыўнага, якое выключае момант абсалютнасці. У розных формах ідэалізму абсалютнае ўяўляецца як самадастатковая існасць — абсалют. З пункту гледжання матэрыяліст. дыялектыкі процілегласць абсалютнага і адноснага не выключае, а дапускае іх адзінства, узаемасувязь. Пра абс. і адносную ісціну гл. ў арт. Ісціна.

Літ.:

Кураев В.И., Лазарев Ф.В. Точность, истина и рост знания. М., 1988;

Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн., 1992.

т. 1, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІВАЗНА́ЎСТВА,

комплексная дысцыпліна, якая вывучае гісторыю, арганізацыю, тэорыю і практыку работы архіваў у галіне ўліку, апісання, выкарыстання, забеспячэння захаванасці дакументаў, навук. арганізацыі працы і эканомікі архіўнай справы. Практычнае архівазнаўства як набор правілаў па захаванні, уліку і выкарыстанні дакументаў існуе з глыбокай старажытнасці.

У 16—18 ст. у краінах Зах. Еўропы склалася «навука пра архівы», якая вызначала іх месца ў дзярж. апараце, класіфікацыю дакументаў, іх апісанне і выкарыстанне для практ. мэтаў; з канца 18 ст. распрацоўваліся пытанні камплектавання, захаванасці з мэтаю навук выкарыстання дакументаў і экспертызы. Да канца 19 ст. архівазнаўства аформілася ў самаст. навук дысцыпліну, з’явіліся нац. школы архівазнаўства. З пач. 20 ст. ў архівазнаўства ўвайшлі паняцці фондавага прынцыпу класіфікацыі дакументаў, камплектавання архіваў кінафотафонадакументаў і інш.; з сярэдзіны 20 ст. выкарыстоўваюцца аўтаматызаваныя сістэмы пошуку дакумент. інфармацыі. У б. СССР вынікі распрацовак друкавалі ў час. «Советские архивы», «Трудах Всесоюзного научно-исследовательского института документоведения и архивного дела» і інш.

На Беларусі распрацоўка пытанняў архівазнаўства вядзецца ў Бел. н.-д. цэнтры дакументазнаўства, археаграфіі і архіўнай справы, дзярж. архівах. Як спец. гіст. дысцыпліна архівазнаўства выкладаецца на гіст. ф-тах універсітэтаў.

Літ.:

Вопросы архивоведения и источниковедения в БССР. Мн., 1971.

т. 1, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́ПЕНКА (Змітрок) (Дзмітрый Емяльянавіч; 23.11.1910, в. Калеснікі Хіславіцкага р-на Смаленскай вобласці — кастр. 1944),

бел. паэт. Скончыў Мсціслаўскі пед. тэхнікум (1929). Працаваў у рэсп. Прэсе. 5.12.1936 арыштаваны, асуджаны на 8 гадоў. З лагера ўцёк. Жыў у Маскве. Удзельнік Айч. вайны. Загінуў у баі ў Карпатах. Друкаваўся з 1926. Пісаў пераважна апавядальна-сюжэтныя творы (зб-кі «На ўсход сонца», «Краіне», абодва 1931, «Абураныя», 1932; цыкл вершаў «Ноч на станцыі Негарэлае», нап. 1930; паэма «Два таварышы», нап. 1931). У паэме «Эдэм» (нап. 1944) уславіў мужнасць і самаахвярнасць народа ў змаганні з ворагам. Аўтар вершаванай кн. для дзяцей «Трактар» (1933). Стаяў ля вытокаў бел. навук.-фантаст. л-ры (раман «Вызваленне сіл», 1932). Пераклаў на бел. мову раманы «Маці» М.​Горкага (1932), «Ваколіцы» Л.​Первамайскага (1931), аповесць «Ударны атрад» А.​Дончанкі (1932), «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка» К.​Ванака (1932) і інш.

Тв.:

Вершы і паэмы. Мн., 1968.

Літ.:

Бярозкін Р. Выпрабаванне гісторыяй // Бярозкін Р. Кніга пра паэзію. Мн., 1974;

Шушкевіч С. Лёс паэта // Шушкевіч С. Выбр. тв. Мн., 1978. Т. 2;

Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979. С. 139—140, 186—191;

Скрыган Я. Рэквіем // Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд. Мн., 1990.

З.Астапенка.

т. 2, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́СТРАХАНЬ,

горад у Расіі, цэнтр Астраханскай вобл., у дэльце р. Волга. 508,0 тыс. ж. (1994). Рачны і марскі порт, чыг. вузел, аэрапорт. Цэнтр рыбалоўства і рыбаапрацоўкі. Асн. галіны прам-сці: лёгкая (трыкатажная, абутковая, футравая), харч. (рыбная, агароднінакансервавая, мясная, саляная), машынабудаванне і металаапрацоўка (суднабудаванне і суднарамонт, вытв-сць кавальска-прэсавага, халадзільнага абсталявання і інш.). Развіта дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, хім. прам-сць, 4 ВНУ. НДІ рыбнай гаспадаркі і акіянаграфіі.

Першыя звесткі пра Астрахань як татарскую вёску Аштархан (на правым беразе Волгі за 12 км ад сучаснай Астрахані) адносяцца да 13 ст. У 1395 спалена войскам Тамерлана. У 1459—1556 гал. горад Астраханскага ханства. У 1557 далучана да Расіі. У 1558 у Астрахані пабудавана рус. крэпасць. У 1605—06 захоплена і разрабавана данскімі і церскімі казакамі, у 1670 — войскамі С.​Разіна. З 1717 губ. горад, з 1785 абл. горад Каўказскага намесніцтва. У 1-й чвэрці 18 ст. тут створаны ваен. флот, адміралцейства, верфі, порт. З 1943 цэнтр Астраханскай вобласці. Захаваўся крэмль (1580—1620) з Успенскім (1698—1710) і Траецкім (канец 16—18 ст.) саборамі і інш. помнікі архітэктуры. Карцінная галерэя, музей.

Астрахань.
Да арт. Астрахань. Успенскі сабор. Арх. Д.​Мякішаў. 1698—1710.

т. 2, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ КАМІТЭ́ТЫ ДАПАМО́ГІ АХВЯ́РАМ РАДЫЯ́ЦЫІ за мяжой,

дабрачынныя арганізацыі, якія дапамагаюць жыхарам Беларусі ў пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы 1986. Утвораны прадстаўнікамі бел. дыяспары ў некаторых краінах свету. Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі ў Лондане. Засн. ў 1989 як частка Бел. місіянерскага фонду ў Англіі. У складзе камітэта А.​Надсон (старшыня), П.​Асіповіч, Д.​Дзінглі, В.​Рыч. Мае прадстаўніцтвы ў ЗША (узначальвае Я.​Сіру), Канадзе (Р.​Жук-Грышкевіч), Аўстраліі (М.​Лужынскі), Францыі (М.​Навумовіч). Аказвае дапамогу жыхарам радыяц. зонаў лекамі, мед. абсталяваннем, прыладамі дазіметрыі. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля. Засн. ў 1989 у г. Атава. Узначальвае І.​Сурвіла. Мае аддзел у г. Ванкувер (з 1994). Аказвае дапамогу медыкаментамі, прымае на лячэнне і адпачынак дзяцей з Беларусі. У г. Лондан (прав. Антарыо) па ініцыятыве Б.​Рагулі разам з ф-там стаматалогіі Лонданскага ун-та распрацаваны праект па аказанні дапамогі ў стаматалагічным лячэнні дзяцей на Беларусі. Фонд вядзе прапагандысцкую работу, пашырае веды пра Беларусь. Камітэт дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Аўстраліі. Дзейнічае з 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цыі. Збірае грошы, арганізоўвае дастаўку медыкаментаў на Беларусь і лячэнне дзяцей у Аўстраліі.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁЛЬ ((Böll) Генрых) (21.12.1917, г. Кёльн, Германія — 16.7.1985),

нямецкі пісьменнік. У раманах «Дзе ты быў, Адам?» (1951), «І не сказаў ніводнага слова» (1953), «Дом без гаспадара» (1954), «Більярд а палове дзесятай» (1959), «Погляды клоуна» (1963), аповесцях «Хлеб ранніх гадоў» (1955), «Канец адной камандзіроўкі» (1966), зб. апавяданняў «Вандроўнік, калі ты прыйдзеш у Спа...» (1950) і інш. вастрыня этычнай праблематыкі (маральнае супрацьстаянне грамадскаму злу), абумоўленая хрысц.-каталіцкай арыентацыяй Бёля, матыў нац. віны і адказнасці за злачынствы нацызму, глыбокі псіхал. аналіз, лірызм спалучаюцца з рэзкай, часам з’едлівай сац. крытыкай, у т. л. антыфаш. і антываеннай. Раман пра гіст. лёс пасляваен. Германіі «Групавы партрэт з дамай» (1971) уключае элементы гратэску. Аўтар паліт. раманаў «Зняслаўлены гонар Катарыны Блюм...» (1974), «Жанчыны на беразе Рэйна» (1985), тэатр., тэле- і радыёп’ес. Публіцыстыка, літ. крытыка. На бел. мову яго творы перакладалі Л.​Баршчэўскі, С.​Куваеў і інш. Нобелеўская прэмія 1972.

Тв.:

Бел. пер. — Мая дарагая нага // Полымя. 1967. № 7;

Більярд а палове дзесятай: Раман, апавяданні. Мн., 1993;

Рус. пер. — Избранное. М., 1987;

Ирландский дневник... : [Избранное]. М., 1988;

Собр. соч.: В 5 т. Т. 1—2. М., 1989—90.

Літ.:

Рожновский С.В. Генрих Белль. М., 1965.

т. 3, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́МАТЫ ВЯРХО́ЎНАГА САВЕ́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

узнагароды Вярхоўнага Савета Беларусі. Упершыню ўведзены Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР 20.11.1938. Палажэнне аб Ганаровай грамаце і Грамаце Вярх. Савета БССР зацверджана 30.10.1969. Паводле яго Прэзідыум Вярх. Савета БССР узнагароджваў Ганаровымі граматамі і Граматамі рабочых, калгаснікаў, служачых, інж.-тэхн. работнікаў, дзеячаў навукі, літаратуры і мастацтва, ваеннаслужачых, а таксама прадпрыемствы, калгасы, установы і арг-цыі, прац. калектывы, вайсковыя часці і злучэнні, раёны, сельсаветы, гарады і інш. за поспехі ў развіцці нар. гаспадаркі, навукі і культуры, у вытв., навук. і грамадскай дзейнасці, высокія паказчыкі ў баявой падрыхтоўцы і інш. заслугі.

Прэзідыум Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь прыняў 2.8.1994 Пастанову і Палажэнне пра заснаванне Ганаровай Граматы Прэзідыума Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь і спыненне ў далейшым узнагароджання раней устаноўленымі граматамі Вярх. Савета. У адпаведнасці з Палажэннем Ганаровая грамата Прэзідыума з’яўлялася заахвочваннем за заслугі ў дзярж., гасп., сац.-культ. будаўніцтве і ўмацаванні абараназдольнасці Беларусі. Ганаровай граматай узнагароджваліся грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама асобы, якія не з’яўляліся яе грамадзянамі. Узнагароджанне праводзілася Прэзідыумам Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. Са спыненнем дзейнасці Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь 27.11.1996 як форма ўзнагароды перастала існаваць.

М.​Р.​Белавусаў.

т. 5, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФІ́ЦІ (італьян. graffito мн. лік ад graffito літар. надрапаны),

старажытныя надпісы, зробленыя вострымі прадметамі на сценках будынкаў і розных рэчах. Графіці часта знаходзяць пры раскопках стараж. і сярэдневяковых гарадоў і паселішчаў у многіх краінах свету. Гэтыя гіст., прысвячальныя, магічныя і інш. надпісы маюць вял. значэнне для вывучэння рэлігіі, побыту, мовы, пісьменнасці стараж. і сярэдневяковых грамадстваў. На тэр. Беларусі найб. стараж. графіці 11 ст. знойдзены ў Сафійскім саборы ў Полацку. На вял. плоскім камені ў падмурку выдрапаны імёны людзей, якія яго будавалі: «Давидъ, Тоума, Микоула», «Петър, Воришько» і слова «Къпьсь». Графіці 12 ст. выяўлены на прасліцах, амфарах у Мінску, Навагрудку, Пінску, Віцебску, Друцку. Яны даюць звесткі аб імёнах, бытавой лексіцы. Графіці 13 ст. знойдзены ў Спаскай царкве ў Полацку, Благавешчанскай царкве ў Віцебску. Выяўлена некалькі графіці 15 ст., якія маюць дакладнае датаванне іх напісання, напр. графіці пра смерць Казіміра IV Ягелончыка, вял. князя ВКЛ і караля Польшчы, і ўступленне на трон яго сына Аляксандра. Косці з надпісамі і малюнкамі выяўлены на гарадзішчы Маскавічы (Браслаўскі р-н). Выкананнем да графіці блізкія берасцяныя граматы.

Г.​В.​Штыхаў.

Графіці на прасліцах 12—13 ст. з гарадзішча Маскавічы Браслаўскага раёна.

т. 5, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫМ (Grimm),

нямецкія філолагі, браты. Ураджэнцы г. Ганаў (Германія). Якаб (4.1.1785 — 20.9.1863) і Вільгельм (24.2.1786 — 16.12.1859). Прафесары Гётынгенскага і Берлінскага ун-таў. Члены Прускай АН (1841). Юрыд. адукацыю атрымалі ў Марбургу. Блізкія да ням. рамантыкаў, апублікавалі сярэдневяковыя тэксты «Пра старанямецкі майстаргезанг» (1811), «Бедны Генрых» (1815), «Рэйнеке-Ліс» (1834) і інш. Правялі вял. работу па збіранні і выданні ням. казак і паданняў («Дзіцячыя і сямейныя казкі», т. 1—2, 1812—15; «Нямецкія паданні», т. 1—2, 1816—18), што ўвайшлі ў скарбніцу сусв. л-ры і спрыялі фарміраванню жанру літ. казкі. Заснавальнікі міфалагічнай школы ў фалькларыстыцы, у даследаваннях карысталіся параўнальна-гіст. метадам («Германскія гераічныя казанні», 1829; кн. Якаба Грыма «Нямецкая міфалогія», 1835). Для распрацоўкі пытанняў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства і вывучэння гісторыі ням. мовы вял. значэнне мелі лінгвістычныя працы Якаба Грыма «Нямецкая граматыка» (т. 1—4, 1819—37), «Гісторыя нямецкай мовы» (т. 1—2, 1848). Разам з братам выдаў (з 1852) першыя 4 т. фундаментальнага слоўніка ням. мовы, які стаў асновай ням. філалогіі (выд. скончана ў 1961).

Тв.:

Рус. пер. — Сказки. Кн. 1—3. Мн., 1992—93.

Літ.:

Скурла Г. Братья Гримм: Пер. с нем. М., 1989.

С.​Дз.​Малюковіч.

Я. і В.Грым.

т. 5, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)