ДАЎГЯ́ЛА (Міхаіл Хрысанфавіч) (21.5.1908, в. Крутое Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 9.9.1978),
бел. жывапісец. Брат Г.Х.Даўгялы. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Выкладаў у Мінскім пед. тэхнікуме (1930—35). Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Сярод твораў: «У Заходняй Беларусі» (1932), «Стары Мінск» (1945), «Батанічны сад у Мінску» (1949), «Лагойскія далі» (1950), «Збор ураджаю» (1956), «Ля вогнішча на Беразіне» (1970), «Восень. Залаты клён» (1976) і інш. Пісаў таксама нацюрморты, партрэты («Партрэт дачкі з кветкамі», 1957). Творы вызначаюцца шчырасцю пачуцця, завершанасцю жывапіснага вобраза.
Літ.:
Буйвал В. Пясняр роднай прыроды // Кола дзён: Бел.літ.-маст. каляндар, 88. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛГУД ((Gielgud) Джон Артур) (н. 14.4.1904, Лондан),
англійскі акцёр і рэжысёр. Тэатр. адукацыю атрымаў у Каралеўскай акадэміі драм. мастацтва. З 1921 у т-рах «Олд Вік», Шэкспіраўскім мемарыяльным і інш. Асабліва вядомы па шэкспіраўскім рэпертуары (таксама і як рэжысёр): Гамлет, Кароль Лір, Рычард III, Юлій Цэзар (аднайм. п’есы; дзве апошнія ролі і ў кіно), Бенядзікт («Многа шуму з нічога») і інш. Значнымі ў яго творчасці былі ролі ў п’есах А.Чэхава, Г.Грына, Э.Олбі і інш. Інсцэніраваў «Злачынства і пакаранне» Ф.Дастаеўскага (1946, выканаў ролю Раскольнікава). З 1932 у кіно: «Сакрэтны агент», «Забойства ва Усходнім экспрэсе», «Дырыжор», «Гандзі», «На паляванні» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЕСПІ (Gillespie) Джон Бёркс [празваны Дызі
(Dizzy); 21.10.1917, г. Чыра, ЗША — 1993], амерыканскі джазавы музыкант (трубач, а таксама выканаўца на трамбоне, фп., ударных),
аранжыроўшчык, кампазітар. Вучыўся ў Ларынбергскім ін-це (1933—35, штат Паўн. Караліна). З 1935 у аркестрах Філадэльфіі і Нью-Йорка. У сярэдзіне 1940-х г. разам з Ч.Паркерам і інш. стварыў стыль джаза бібоп (боп). Выступаў са сваім квінтэтам, затым біг-бэндам; апіраўся на малы імправізац. ансамбль, выкарыстоўваў багатую рытмічную арнаментыку (упершыню выкарыстаў лац.-амер. ўдарныя). Стварыў шэраг мелодый, якія сталі эталонам стылю бібоп, зрабіў значны ўклад у распрацоўку інш. джазавых стыляў. Аўтар кампазіцыі «Брат Кінг» (1963), прысвечанай М.Л.Кінгу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПСАТЭРМО́МЕТР (ад грэч. hypsos вышыня + тэрмометр),
гіпсаметр, тэрмабарометр, прылада для вымярэння атмасфернага ціску па т-ры кіпення вадкасці. Закіпанне вадкасці пачынаецца, калі пругкасць пары, якая ўтвараецца ў ёй, дасягае велічыні знешняга ціску. Кожнаму паказчыку атм. ціску адпавядае канкрэтная т-ра кіпення вадкасці. Гэта дазваляе па спец. табліцах па т-ры закіпання вады вызначаць атм. ціск. Гіпсатэрмометр складаецца са спец. тэрмометра, які дазваляе адлічваць т-ру з дакладнасцю да 0,01 °C, і метал. кіпяцільніка з дыстыляванай вадой. Існуюць таксама гіпсатэрмометры, у якіх дзяленні на шкале тэрмометра нанесены ў адзінках ціску (мм ртутнага слупка або мілібары). Выкарыстоўваецца ў экспедыцыйных умовах у гарах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАМІ́Н,
C5H9N3, тканкавы гармон мясц. ўздзеяння, медыятар нерв. сістэмы, біягенны амін. Ёсць у значнай колькасці ў неактыўнай звязанай форме ў тлустых клетках розных органаў і тканак жывёл і чалавека (лёгкіх, печані, скуры), а таксама базафілах крыві. Утвараецца ў выніку дэкарбаксіліравання гістыдзіну. Пры ўзаемадзеянні антыгену (алергена) з малекуламі імунаглабулінаў, звязаных з тлустымі клеткамі, адбываецца вызваленне з клетак сакраторных пузыркоў, у якіх ёсць гістамін, што можа з’яўляцца прычынай алергічных рэакцый арганізма. Гістамін выступае ў ролі сігнальнай малекулы, як хімічны медыятар выклікае расшырэнне крывяносных капіляраў і павышэнне іх пранікальнасці, звужэнне буйных сасудаў, скарачэнне гладкай мускулатуры, рэзка павялічвае сакрэцыю салянай к-ты ў страўніку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЕ́ДЗІЧ (Мікалай Іванавіч) (13.2.1784, г. Палтава, Украіна — 15.2.1833),
расійскі паэт, перакладчык. Скончыў Харкаўскі калегіум (1800), вучыўся ў Маскоўскім універсітэцкім пансіёне (1800 — 02). Чл.-кар. Пецябр. АН з 1826. Уваходзіў у т-ва«Бяседа аматараў рускага слова», зблізіўся з Вольным таварыствам аматараў расійскай славеснасці; падтрымліваў сувязі з дзекабрыстамі. Вольналюбівыя матывы ў вершах «Інтэрнат» (1804), «Перуанец да іспанца» (1805). Аўтар аповесці «Морыц, альбо Ахвяра помсты» (1802), паэмы «Нараджэнне Гамера» (1817), ідыліі «Рыбакі» (1822) і інш. У 1829 апублікаваў поўны пераклад «Іліяды» Гамера, над якім працаваў больш за 20 гадоў. Перакладаў таксама творы Ф.Шылера, Вальтэра, У.Шэкспіра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ СУСВЕ́ТНАЙ ГАСПАДА́РКІ,
навука, якая вывучае сукупнасць узаемазвязаных нац. гаспадарак краін свету і іх развіццё ў працэсе міжнароднага падзелу працы. Падзяляецца на геаграфію сусв. прам-сці, сельскай гаспадаркі і знешнеэканам. сувязей. Даследуе асобныя рэгіёны, мацерыкі, блокі (напр., «Еўрапейскі Саюз»), тыпы краін (напр., краіны — экспарцёры нафты); спецыфічны раздзел — эканам. геаграфія Сусветнага ак. Існуюць таксама раздзелы па асобных геагр. аспектах развіцця сусв. эканомікі (напр., праблема ўздзеяння міжнар. падзелу працы на ўнутр. структуру гаспадаркі асобных краін). Галіновыя раздзелы геаграфіі сусветнай гаспадаркі цесна звязаны з комплексам глабальных праблем, напр., геаграфія энергетыкі — з энергасыравіннай праблемай, геаграфія сельскай гаспадаркі — з харч. праблемай, геаграфія знешнеэканам. сувязей — з праблемай адсталасці краін у эканам. развіцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМАРФАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
карты, якія адлюстроўваюць рэльеф зямной паверхні, яго паходжанне, узрост, формы і іх памеры. Вылучаюць агульныя геамарфалагічныя карты шырокага (комплекснага) зместу і прыватныя, якія складаюцца па асобных (морфаметрычных, структурна-геамарфалагічных і інш.) прыкметах рэльефу, а таксама спецыяльныя, прызначаныя для вырашэння спец. навуковых ці гасп. задач (напр., пры пошуках асобных радовішчаў карысных выкапняў, пры дарожным будаўніцтве і інш.). Для характарыстыкі рэльефу дна акіянаў і мораў складаюць геамарфалагічныя карты падводнага рэльефу. Марфалогію, дынаміку і паходжанне рэльефу берагавой зоны адлюстроўваюць на геамарфалагічнай карце берагоў. На аснове геамарфалагічных картаў складаюць карты геамарфалагічнага раянавання з паслядоўным падзелам тэр. на геамарфалагічныя краіны, правінцыі, вобласці, раёны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́РАСЬ (ад грэч. hairesis, асобнае веравучэнне, школа, секта),
адыход ад афіц.царк. дактрыны па пытаннях дагматыкі, культу і арганізацыі. Ідэйнымі вытокамі Е. былі іудаізм і іудзейскае сектанцтва (эсены, эбіяніты, неаплатонікі), якія ўплывалі пазней на антытрынітарыяў, хіліястаў, арыян (гл.Хіліязм, Арыянства), а таксамаязычніцтва і містыцызм у выглядзе гнастыцызму, маніхейства, ісіхазму і інш. На глебе незадаволенасці палітыкай Ватыкана ў 14—16 ст. узнік шэраг сял. рухаў, якія зліваліся з рэфармац. рухам (гл.Рэфармацыя).
На Беларусі ўсе Е. прыўнесены з-за мяжы: у 15 ст.гусізм; у 16 ст.рэліг.-рацыяналіст. вучэнне (Ф.Касой, Арцемій, М.Башкін), антытрынітарыі, атэісты (К.Бекеш, С.Лован), з 17 ст.сацыніяне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ БАНК РЭКАНСТРУ́КЦЫІ І РАЗВІЦЦЯ́ (European Bank for Reconstruction and Development; ЕБРР),
спецыялізаваная міжнар.эканам.арг-цыя. Створаны ў 1991. Чл. ЕБРР — 57 краін, а таксамаЕўрапейскі саюз і Еўрапейскі інвестыцыйны банк. Месца знаходжання — г. Лондан. Мэта ЕБРР — фін. падтрымка краін Цэнтр. і Усх. Еўропы, якія заявілі аб сваёй прыхільнасці дэмакр. прынцыпам (шматпарт. дэмакратыя, плюралізм, рыначная эканоміка), садзейнічанне іх пераходу да адкрытай рыначнай эканомікі і прыватнага прадпрымальніцтва. Устаноўчы капітал банка 10 млрд. ЭКЮ. Гал. органы — Савет кіраўнікоў, Савет дырэктараў, Кансультатыўны савет па пытаннях навакольнага асяроддзя. Мае прадстаўніцтвы ў краінах, якім аказваецца дапамога, у т. л. на Беларусі.