РА́ДУГА,

вёска ў Веткаўскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Сож, на аўтадарозе Ветка — в. Прысно. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на ПнЗ ад г. Ветка, 25 км ад Гомеля, 15 км ад чыг ст Касцюкоўка. 584 ж., 252 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЗО́НД (ад радыё... + зонд),

прылада для вымярэння ціску, т-ры і вільготнасці паветра ў свабоднай атмасферы і перадачы вынікаў вымярэнняў з дапамогай радыёсігналаў на Зямлю. Р. падымаецца на паветр. шары на выш. да 40 км. Далёкасць дзеяння каля 150—200 км. Сканструяваны рас. вучоным П.​А.​Малчанавым у 1930. На Беларусі радыёзандзіраванне свабоднай атмасферы пры дапамозе Р. праводзіцца з 1934.

т. 13, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМЯЗЫ́,

вёска ў Ельскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Чэрцень, на аўтадарозе Ельск—Лельчыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на З ад горада і чыг. ст. Ельск, 192 км ад Гомеля. 510 ж., 230 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́СТАК (Rostock),

горад на ПнУ Германіі, пры ўпадзенні р. Варнаў у Балтыйскае м., у зямлі Мекленбург—Пярэдняя Памеранія. Засн. ў пач. 13 ст. Каля 250 тыс. ж. (2001). Чыг. вузел, паромная сувязь з Даніяй, нафтаправодам звязаны з г. Швет. Прам-сць: судна- і дызелебудаванне, эл.-тэхн., хім., швейная, рыбаперапрацоўчая. Рыбалоўная база. Марскі курорт Варнемюндэ. Ун-т (з 1419). Арх. помнікі 13—15 ст.

т. 13, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЕ́Ж,

вёска ў Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., на р. Бярозка, на аўтадарозе Бешанковічы—Сянно. Цэнтр сельсавета. За 11 км на ПдУ ад г.п. Бешанковічы, 62 км ад Віцебска, 45 км ад чыг. ст. Чашнікі. 128 ж., 73 двары (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі гарадзішча днепра-дзвінскай культуры (8—7 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.).

т. 13, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДНІКІ,

вёска ў Мокраўскім с/с Пружанскага р-на Брэсцкай вобл., каля аднайм. вадасховішча. Цэнтр калгаса. За 15 км на Пн ад г. Пружаны, 100 км ад Брэста, 27 км ад чыг. ст. Аранчыцы. 187 ж., 61 двор (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызана. Помнік архітэктуры — Свята-Пакроўская царква (2-я пал. 19 ст.).

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАБ’ІНАПАДО́БНЫЯ (Passeriformes),

атрад птушак. 4 падатрады: шыракадзюбы, або рагадзюбы (Eurylaimi), — 1 сям., 14 відаў у Афрыцы і Паўд.-Усх. Азіі; крыклівыя, або тыраны (Clamatores, або Tyranni), — 12 сям., амаль 1100 відаў пераважна ў Паўд. Амерыцы і тропіках Усх. паўшар’я; паўпеўчыя (Menurae) — 2 сям., 4 віды ў Аўстраліі; пеўчыя (Oscines) — 44—56 сям., каля 4000 відаў пашыраны па ўсім свеце. Усяго 60—72 сям., каля 5100 відаў. Складаюць амаль ⅔ (каля 63%) ад усіх птушак зямнога шара. Жывуць у арктычнай тундры, трапічных джунглях, пустынях, гарах, населеных пунктах. На Беларусі 92 віды з 19 сямействаў. Найб. пашыраны прадстаўнікі сям. валасянкавых, мухалоўкавых, уюрковых, сініцавых. Большасць пералётныя, часткова аселыя і вандроўныя.

Птушкі дробныя і сярэдніх памераў. Самы буйны з вераб’інападобных — крумкач (маса да 1,6 кг), дробныя — каралькі (5—7 г), некаторыя нектарніцы (3—4 г). Самцы ў большасці буйнейшыя за самак. У многіх выяўлены палавы дымарфізм у афарбоўцы, голасе. Прыстасаваны да жыцця на дрэвах, зямлі, скалах, здабывання корму ў вадзе. Манагамы, жывуць парамі, робяць складаныя гнёзды. Нясуць 4—8, радзей да 16 стракатых або аднаколерных яец, часта нясуцца 2 і больш разы за год. Большасць насякомаедныя, ёсць усёедныя (крумкачовыя), раслінаедныя. У асноўным карысныя лясной і сельскай гаспадарцы. У Чырв. кнізе МСАП 84 віды і 66 падвідаў, у Чырв. кнізе Беларусі 2 віды саракушаў.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 6. Птицы. 2 изд. М., 1986;

Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии: Справ.-определитель гнезд и яиц. Мн., 1989.

Вераб’інападобныя: 1 — жаваранак чубаты; 2 — жулан; 3 — валасянка ястрабіная; 4 — івалга звычайная; 5 — сойка; 6 — мухалоўка малая; 7 — саракуш шэры; 8 — чарацянка; 9 — сініца даўгахвостая; 10 — канаплянка.

т. 4, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ ВЯЛІ́КАЙ АЙЧЫ́ННАЙ ВАЙНЫ́.

Засн. 30.9.1943 як Музей па гісторыі барацьбы бел. народа з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну на матэрыялах дзеючай з восені 1942 у Маскве выстаўкі «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца», камісіі па гісторыі Вял. Айч. вайны пры ЦК КП(б)Б, Бел. штаба партыз. руху і інш. Адкрыты 22.10.1944 у Мінску, сучасная назва з ліст. 1944. Да 1974 быў адзіным на тэр. б. СССР музеем мінулай вайны. Мае 29 экспазіц. залаў (пл. 3,6 тыс. м²), каля 100 тыс. адзінак асн. фонду (1995), фотатэку (каля 38 тыс. негатываў), б-ку (каля 13 тыс. кніг, брашур, плакатаў). Дакументы, фотаздымкі, рэчавыя матэрыялы расказваюць пра пачатак вайны ў 1941, абарончыя баі на тэр. Беларусі; жорсткі акупац. рэжым, партыз. і падп. барацьбу супраць акупантаў; гераізм працаўнікоў тылу; буйнейшыя ваен. аперацыі Чырв. Арміі пры вызваленні Беларусі і краін Еўропы, перамогу над фашызмам у 1945; Парад Перамогі. Экспазіцыю завяршаюць мемар. залы. дзе ўвекавечаны гарады-героі, вайск. злучэнні і часці 1, 2, 3-га Бел. і Прыбалт. франтоў, якія вызначыліся пры вызваленні Беларусі, партыз. фарміраванні на Беларусі; поўныя кавалеры ордэна Славы і Героі Сав. Саюза — ураджэнцы Беларусі і прадстаўнікі інш. народаў, што атрымалі гэтыя званні ў баях на Беларусі. Філіял музея — Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі. Самастойнымі музеямі сталі б. філіялы Обальскага камсамольскага падполля музей, Музей баявой садружнасці, Музей бітвы за Дняпро, Мемарыяльны комплекс «Хатынь». Іншым музеям рэспублікі і замежжа перададзена больш за 46 тыс. адзінак апрацаваных матэрыялаў.

Літ.:

Белорусский государственный музей истории Великой Отечественной войны: Путеводитель по залам. Мн., 1987.

А.​Г.​Ванькевіч.

Экспазіцыя «Акупацыйны рэжым» у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

т. 2, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАДО́Т (Hērodotos; каля 485, г. Галікарнас, цяпер г. Бадрум, Турцыя — каля 425 да н.э.),

старажытнагрэчаскі гісторык. Паходзіў са знатнага роду. У юнацтве ўдзельнічаў у барацьбе супраць тыраніі, пасля яе ўсталявання пакінуў радзіму, жыў на в-ве Самас. Шмат падарожнічаў, наведаў Вавілон, Фінікію, Егіпет, Кірэну, Фракію, Сіцылію, узбярэжжа Чорнага м., дзе збіраў звесткі пра скіфаў. Доўгі час жыў у Афінах, быў блізкі да Перыкла, каля 443 да н.э. перасяліўся ў г. Фурыі (Паўд. Італія). Асн. яго твор «Гісторыя» (назва ўмоўная) прысвечаны грэка-персідскім войнам (500—449 да н.э.); падзеі ў ім выкладзены да ўзяцця грэкамі г. Сест у 478 да н.э. Апісаў гісторыю краін і народаў Персідскай дзяржавы, іх побыт і культуру, даў геагр. звесткі і першае сістэматычнае апісанне жыцця і побыту скіфаў, а таксама неўраў, што жылі ў бас. Прыпяці. Названы сучаснікамі «бацькам гісторыі». Пазней вучоныя падзялілі яго твор на 9 кніг і кожную назвалі імем адной з 9 муз. 4-я кніга — «Мельпамена» прысвечана Скіфіі і яе наваколлю. Гэта самая ранняя пісьмовая крыніца звестак і пра насельніцтва тэр. Беларусі, з якім звязваюць герадотавых неўраў і будзінаў.

Тв.:

Рус. пер. — история. Кн. 1—9. М., 1993;

У кн.: Геродот. Греко-персидские войны... М., 1994.

Літ.:

Лурье С.Я. Геродот. М.; Л., 1947;

Доватур А.И., Каллистов Д.П., Шишова И.А. Народы нашей страны в «Истории» Геродота. М., 1982;

Рассадзін С.Я. Герадотавы андрафагі // Весці АН Беларусі. Сер. грамад. навук. 1992. № 3—4;

Яго ж. Будзіны, неўры ці скіфы?: Прабл. дачынення Герадотавых плямёнаў да тэрыторыі Беларусі // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён: Зб. арт. Мн., 1992.

Герадот. Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.

т. 5, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІВО́НСКІ О́РДЭН,

каталіцкая і ваен.-паліт. арг-цыя ням. рыцараў-крыжакоў на тэр. сучасных Латвіі і Эстоніі (гіст. Лівоніі) у 1237—1562, а таксама ўтвораная ордэнам феад. дзяржава. Створаны з рэшткаў разгромленага князямі ВКЛ у бітве пры Шаўляі (1236) ордэна мечаносцаў, які ў 1-й трэці 13 ст. падначаліў і прымусова хрысціянізаваў большасць лат. і эст. плямён; існаваў як частка Тэўтонскага ордэна. Ленная залежнасць рыцараў Л.о. ад мясц. біскупаў спынілася каля 1360. З 2-й пал. 15 ст. ў выніку аслаблення Тэўтонскага ордэна Л.о., якому належала каля2/3 лат. і эст. зямель, стаў фактычна незалежнай феад. дзяржавай. Ордэн складаўся з паўнапраўных членаў — братоў (400—500 чал. да 16 ст., 120—150 у сярэдзіне 16 ст.), святароў і паўбратоў (рамеснікаў і служачых). На чале яго стаяў пажыццёва выбраны магістр з рэзідэнцыяй у Рызе ці Вендэне (цяпер Цэсіс, Латвія). З канца 14 ст. пры магістру існаваў савет з 5—6 вышэйшых чыноўнікаў, які вызначаў усю палітыку ордэна. Мясц. кіраванне ў абласцях, на якія быў падзелены Л.о., належала комтурам (военачальнікам) і фогтам (чыноўнікам пераважна з суд. функцыямі). Войска (каля 4 тыс. чал. у пач. 15 ст.) складалася з братоў з іх узбр. слугамі — кнехтамі і васалаў, а з канца 14 ст. таксама і з наёмнікаў. Л.о. у 13—15 ст. вёў войны супраць Полацкага княства, ВКЛ, Ноўгарада і Пскова, умешваўся ў іх паліт. справы. Ён удзельнічаў у войнах Маск. дзяржавы з ВКЛ 1500—03 (на баку ВКЛ) і 1512—22 (на баку Масквы).

Разгромлены маск. войскамі ў 1560 у час Лівонскай вайны 1558—83, яго тэрыторыя падзелена паміж ВКЛ (большая частка), Даніяй і Швецыяй. Як ордэн і дзяржава скасаваны 5.3.1562.

т. 9, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)