АКРЭ́ЦЫЯ (ад лац. accretio прырошчванне),
павелічэнне памераў прыроднага цела за кошт паступлення рэчыва на яго паверхню. Адрозніваюць акрэцыю: планеты (кансалідацыя часцінак протапланетнага воблака ў масіўнае цела планеты), кантынента (разрастанне кантынента за кошт далучэння новых блокаў з кантынентальнай карой — тэрэйнаў або пераўтварэння акіянскай кары ў кантынентальную), літагенетычную (рост мінер. новаўтварэння з паверхні утварэнне канкрэцый), вулканічную (кансалідацыя лавы вакол зацвярдзелага ядра) і інш.
М.А.Нагорны.
т. 1, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕЙЖАДЫ́НЬЮ (Aleijadinho, літар. маленькі калека; сапр. Лісбоа Антоніу Франсіску, Lisbôa; 29.8.1730 або 1738, г. Віла-Рыка, Бразілія — 18.11.1814),
бразільскі скульптар і архітэктар; прадстаўнік позняга барока. Знявечаны праказай, працаваў, прымацоўваючы інструменты да пальчатак. Пабудаваў цэрквы Сан-Франсіску ў Ору-Прэту і ў Сан-Жуан-дэл-Рэй. Стварыў скульптуры 12 біблейскіх прарокаў і серыю драўляных паліхромных груп «Страсці Хрыстовы» ў царкве Бон-Жэзус-ды-Матазіньюс у Кангоньясе.
т. 1, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭСІ́ЎНАСЦЬ ВАДЫ́,
здольнасць вады разбураць металы, бетон і інш. матэрыялы ў выніку ўздзеяння растворанымі ў ёй солямі або газамі. Асабліва высокая ў вады, якая мае солі амонію, саляную, серную і інш. кіслоты. Павышанай агрэсіўнасцю валодаюць неачышчаныя сцёкавыя воды, воды, забруджаныя змытымі з палёў хім. ўгнаеннямі, атмасферная вільгаць, насычаная злучэннямі азоту, серы і інш. кіслотаўтваральных элементаў («кіслотныя дажджы»), Высокаагрэсіўныя воды неспрыяльныя і нават згубныя для існавання многіх арганізмаў.
т. 1, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́Н ((Adam) Адольф Шарль) (24.7.1803, Парыж — 3.5.1856),
французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1844). Скончыў Парыжскую кансерваторыю, з 1849 яе прафесар. У 1839—40 жыў у Пецярбургу. Сцвердзіў рамант. кірунак у франц. балеце («Жызэль, або Вілісы», 1841, «Карсар», 1856, і інш.). У Пецярбургу напісаў балет «Пірат». Аўтар больш як 40 опер, у т. л. «Паштальён з Ланжумо» (1836). Выступаў як муз. крытык. Рымская прэмія 1825.
т. 1, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́ рэчаіснага ліку, велічыня, роўная гэтаму ліку, калі ён дадатны, роўная процілегламу ліку, калі ён адмоўны, і роўная нулю, калі лік роўны нулю. Абсалютная велічыня ліку a абазначаецца (a). Напр., (+2) = (-2) = 2, (0) = 0. Абсалютная велічыня (або модуль) комплекснага ліку a + bi, дзе a і b — рэчаісныя лікі, роўныя
. Напр., (i) = (-i) = 1, (3 + 4i) = 5.
т. 1, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВА́НС (франц. avance),
грашовая сума або маёмасная каштоўнасць, якая выдаецца папярэдне ў лік будучых плацяжоў за прадукцыю, работу ці паслугі. Аванс атрымліваюць работнікі як частку заработнай платы, на камандзіровачныя ці гасп. затраты. Аванс могуць атрымліваць прадпрыемствы, установы, прадпрымальнікі пры заключэнні дагавораў і камерцыйных здзелак (у гэтым выпадку аванс можа пераводзіцца і па безнаяўным разліку). У выпадку невыканання дагавора, паводле якога выдадзены аванс, ён павінен быць вернуты.
т. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЕСІЛА́Й II (каля 442 — каля 358 да н.э.),
цар Спарты [401—358 да н.э.], палкаводзец, дыпламат. У 396—394 паспяхова ваяваў з Персіяй, але адкліканы ў сувязі з Карынфскай вайной (395—387). Пасля Анталкідава міру 387 (або 386) аднавіў гегемонію Спарты ў Грэцыі. У 378—362 ваяваў з Эпамінондам, у 361—360 удзельнічаў у вайне егіпцян з персамі. Памёр у час вяртання з Егіпта.
т. 1, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕБЕ́ЙНАЯ КАМПАЗІ́ЦЫЯ (ад грэч. amoibaios папераменны),
у вершаскладанні будова паэт. твора, заснаваная на кампазіцыйным паралелізме (паўтарэнні вершаванага радка або страфы). Шырока ўжываецца ў фальклоры (нар. песні). Выкарыстана Ф.Багушэвічам у вершы «Песня», заснаваным на чаргаванні пытальных і сцвярджальных інтанацый: «Чым бяздомны, мужычок? // — Бо чужога гляджу. // Чаму хіцёр, мужычок? // Бо дурны, як варона. // Чаго ўмёр, мужычок? // — Уцякаў ад закона!» Найчасцей у аснове амебейнай кампазіцыі ляжыць прыём анафары.
т. 1, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАКСІМЕ́Н (Anaximenēs) з Мілета
(каля 588 — каля 525 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф-матэрыяліст. Вучань Анаксімандра. Першаасновай усяго лічыў паветра: рэчы ўзнікаюць дзякуючы розным ступеням згушчэння паветра (утварэнне вады, зямлі, камення і інш.) або яго разрэджвання (утварэнне агню). Паводле Анаксімена, душа — гэта паветра, якое «атрымлівае» цела (працэс дыхання зберагае жыццё). Вызначыў розніцу паміж нерухомымі зоркамі і планетамі. Даў блізкае да навуковага тлумачэнне зацьменняў Сонца і Месяца.
т. 1, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАСТЭРО́Н,
мужчынскі палавы гармон (андраген). Асн. прадукт метабалізму тэстастэрону, падобны да яго біял. дзеяннем — здольны выклікаць узмацненне або ўзнікненне другасных палавых адзнак у пазваночных жывёл і чалавека. У значнай колькасці выводзіцца з мачой. Гарманальная актыўнасць андрастэрону прыкладна ў 10 разоў слабейшая, чым тэстастэрону; выкарыстоўваецца ў медыцыне для ацэнкі ўзроўню прадукцыі андрагенаў у арганізме і пакладзена ў аснову колькаснай ацэнкі біял. дзеяння мужч. палавых гармонаў.
т. 1, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)