АФІ́ННАЯ ХРАМАТАГРА́ФІЯ,

метад раздзялення і ачысткі біялагічна актыўных рэчываў. Заснаваны на іх спецыфічным (адпаведна біял. функцыі) узаемадзеянні з лігандамі, якія звязаны з носьбітам кавалентнай сувяззю. Выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях для вылучэння ферментаў, антыцелаў, антыгенаў, гармонаў, вірусаў, клетак і вывучэння механізму іх дзеяння, а таксама ў медыцыне пры біяхім. аналізе. Гл. таксама Храматаграфія.

Літ.:

Туркова Я. Аффинная хроматография: Пер. с англ. М., 1980.

т. 2, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБАШЫ́НСКІ (Аляксандр Іосіфавіч) (18.2.1905, г. Віцебск — 3.6.1970),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1945), праф. (1946). Скончыў Данскі вет. ін-т (1933). У 1949—50 і з 1962 у Віцебскім вет. ін-це. Навук. працы па патагенезе пры паратуберкулёзным энтэрыце буйн. раг. жывёлы, пытаннях прафілактыкі атручэння с.-г. жывёл ядавітымі раслінамі, барацьбы з піраплазмозам буйн. раг. Жывёлы.

т. 2, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦВІ́ННІК (Любоў Якаўлеўна) (29.1.1914, Мінск — 3.12.1980),

дыктар беларускага радыё. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). З 1930 у К-це па радыёфікацыі і радыёвяшчанні пры Саўнаркоме БССР. У Вял. Айч. вайну дыктар Татарскага і Усесаюзнага радыё, з 1944 — Дзяржтэлерадыё Беларусі. Працавала над радыёкампазіцыямі тэатр. спектакляў (Бел. т-ра імя Я.​Купалы «Пакуль вы маладыя» паводле І.​Мележа, «Жан Крыстоф» паводле Р.​Ралана і інш.).

т. 2, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ДЛЕНД, бэдленд (англ. bad lands літар. дрэнныя землі),

мясцовасць з рэзка і моцна расчлянёным нізкагорным рэльефам, цяжкапраходным і непрыдатным для земляробства. Складаецца з заблытанай сеткі разгалінаваных яроў і вузкіх грабянёў, якія іх падзяляюць. Узнікае ў выніку дзейнасці часовых (ліўневых) патокаў ва ўмовах разрэджанай расліннасці на рыхлых пародах. Пашыраны ў пустынных і паўпустынных раёнах свету; пры нерацыянальным землекарыстанні бедленды ўзнікаюць у стэпах і лесастэпах.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІЯ НАВІ́НЫ»,

штомесячная грамадска-паліт. газета. Выдавалася з 25.12.1945 да 1947 у Парыжы на бел. мове аб’яднаннем бел. работнікаў пры Цэнтр. Франц. хрысц. сіндыкаце. Рэдактар Л.​Рыдлеўскі. Інфармавала аб жыцці і дзейнасці бел. эміграцыі, друкавала артыкулы на гіст. і эканам. тэмы, аб грамадска-паліт. жыцці на Беларусі, творы Я.​Купалы, Л.​Геніюш, Н.​Арсенневай, А.​Зязюлі, А.​Салаўя і інш.

Т.​А.​Папоўская.

т. 2, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬЧЫЦЫ,

рэзідэнцыя полацкіх князёў у 12 ст. Размяшчалася на левым беразе Зах. Дзвіны, пры ўпадзенні ў яе р. Бельчанка, за 2 км ад Полацкага Верхняга замка (цяпер у межах Полацка). Упамінаюцца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159. Паводле сцверджання М.Стрыйкоўскага, Бельчыцы былі ўмацаваны мураванай сцяной і вежамі, якія разбураны ў 17 ст. уніяцкім архіепіскапам І.​Кунцэвічам. Часткай княжацкай рэзідэнцыі з’яўляўся Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр.

т. 3, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЫ́ЛІЕВЫЯ СПЛА́ВЫ,

сплавы на аснове берылію. Найб. пашыраны сплавы з алюмініем, магніем, меддзю (берыліевыя бронзы). Адметныя высокай трываласцю, жорсткасцю да т-р 600—800 °C, цеплаёмістасцю, эл. праводнасцю і каразійнай устойлівасцю. Асн. недахоп — малая пластычнасць пры пакаёвай і крыягенных т-рах. Вырабы з берыліевых сплаваў атрымліваюць пераважна метадамі парашковай металургіі, радзей ліццём. Выкарыстоўваюцца ў ядз. энергетыцы, касманаўтыцы, авія- і суднабудаванні.

т. 3, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛІ́БІН (Аляксандр Іванавіч) (11.9.1911, г. Сімферопаль, Украіна — 8.6.1993),

бел. дырыжор, дзеяч самадзейнага муз. мастацтва. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў ваенна-дырыжорскі ф-т Маскоўскай кансерваторыі (1942). У 1952—62 узначальваў Маладзечанскі абласны ансамбль песні і танца. З 1962 маст. кіраўнік Мінскай абл. нар. філармоніі пры Бел. філармоніі, у 1968—73 дырэктар Рэсп. Дома маст. самадзейнасці Белсаўпрофа.

І.Білібін. Кулікоўская бітва. 1941.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛІВЕРДЗІ́Н,

C33H34O8N4, адзін з жоўцевых пігментаў. Крышталі зялёнага колеру, малекулярная маса 582,67. Білівердзін — дэцыклізаваны тэтрапірол, прамежкавы прадукт ферментатыўнага распаду гемаглабіну, што адбываецца ў макрафагах печані, селязёнкі і касцявога мозгу пазваночных з утварэннем вердаглабіну, які ў сваю чаргу распадаецца з вызваленнем глабіну, жалеза і білівердзіну. Пры аднаўленні білевердзін ператвараецца ў білірубін. Білівердзін знойдзены таксама ў некаторых беспазваночных жывёл (чарвей, ракападобных, насякомых).

А.​М.​Ведзянееў.

т. 3, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯПСІ́Я (ад бія... + грэч. opsis разгляданне),

дыягнастычная аперацыя выразання пробнага кавалачка хваравіта змененай тканкі жывога арганізма з далейшым мікраскапічным даследаваннем для вызначэння характару паталагічнага працэсу (запаленне, пухліна і інш.). Біяпсія ў час хірург. аперацыі (тэрміновая) дае магчымасць удакладніць клінічны дыягназ і вызначыць межы пашкоджання. Разнавіднасць біяпсіі — біяпункцыя, пры дапамозе якой ацэньваюць характар змянення ўзятых для даследавання клетак, вадкіх тканак (напр., спіннамазгавой вадкасці).

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)