італьянскія мастацтвазнаўцы. Бацька і сын. Ураджэнцы г. Мадэна, Італія. Адольфа (4.9.1856—10.6.1941). У 1888—98 гал. інспектар мастацтваў у Рыме, з 1931 праф. Рымскага ун-та. Адзін з заснавальнікаў (1888) час. «Archivio Storico dell Arte» («Гістарычны архіў мастацтва», з 1898 «L’Arte» — «Мастацтва»). Аўтар «Гісторыі італьянскага мастацтва» (т. 1—25, 1901—40), якая ахоплівае 13—16 ст.Ліянела (25.4.1885—14.8.1961), праф. ун-таў у Турыне (1915—32) і Рыме (з 1945). Працы Вентуры па гісторыі мастацтва і мастацтвазнаўства («Джарджоне і джарджанізм», 1913; «Гісторыя мастацкай крытыкі» і «Сезан», 1936; «Жывапіс і жывапісцы», 1945; «Італьянскі жывапіс», т. 1—3, 1950—52) адметныя шырынёй ахопу гіст. праблем, трапнасцю характарыстык, аналогіяй абсалютнай свабоды ў самавыяўленні мастака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,
рускі літаратурны і навук.-паліт. часопіс. Выходзіў у 1802—30 у Маскве 2 разы на месяц. Заснавальнік і першы рэдактар М.М.Карамзін. Поруч з л-рай і мастацтвам асвятляў пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі Расіі, гісторыю і культ. жыццё замежных краін. У 1814 у «Вестнике Европы» дэбютавалі А.С.Пушкін і А.С.Грыбаедаў. Значнае месца ў часопісе займалі матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі і фалькларыстыцы слав. (у т. л.бел.) народаў, друкаваліся працы З.Я.Даленгі-Хадакоўскага, К.Ф.Калайдовіча, М.П.Пагодзіна, І.М.Снегірова і інш. Шэраг матэрыялаў, прысвечаных Беларусі, Літве і Польшчы, публікаваўся ў перакладзе з «Dziennika Wileńskiego» («Віленскага весніка»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,
рускі гісторыка-паліт. і літ. часопіс. Выдаваўся ў 1866—1918 у Пецярбургу, першыя 2 гады — 4 разы на год, з 1868 штомесячна. Выдавец-рэдактар М.М.Стасюлевіч (да 1909). Друкаваў навук.працы, публіцыстыку, літ. творы (у т. л. А.М.Астроўскага, І.А.Ганчарова, А.К.Талстога, І.С.Тургенева), паліт. агляды, замежную хроніку. Выступаў за паслядоўнае рэфармаванне ўсіх бакоў жыцця імперыі, даваў інфармацыю і аналіз правядзення суд., земскай, школьнай рэформаў на месцах, у т. л. на Беларусі. Абараняў правы народаў Расіі на свабоднае культ. развіццё. Змясціў шэраг матэрыялаў па гісторыі, этнаграфіі і л-ры Беларусі. У апошняе дзесяцігоддзе існавання аддаваў перавагу праграмам акцябрыстаў і кадэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ТЭНАНТ ((Butenandt) Адольф Фрыдрых) (24.3.1903, г. Брэмергафен, Германія — 18.1.1995),
нямецкі хімік-арганік і біяхімік. Чл. Баварскай і Гётынгенскай АН. Ганаровы чл. Нью-Йоркскай АН, акадэмій навук Аўстраліі і Францыі. Вучыўся ў Марбургскім (з 1921) і Гётынгенскім ун-тах. З 1931 у Гётынгенскім ун-це, з 1933 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Данцыгу (сучасны Гданьск, Польшча), з 1936 дырэктар Ін-та імя М.Планка (Берлін, Цюбінген, Мюнхен). Навук.працы па біяхіміі палавых гармонаў: упершыню вылучыў у чыстым стане і сінтэзаваў эстрон (жаночы палавы гармон, 1929), андрастэрон (1931, незалежна ад Л.Ружычкі), тэстастэрон (1939), прагестэрон (1934) і інш. Распрацаваў методыку атрымання картызону. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1968). Нобелеўская прэмія 1939 (разам з Ружычкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1979 у г. Быхаў на базе матэрыялаў музея раённай газ. «Маяк Прыдняпроўя». Размяшчаецца на тэр. Быхаўскага замка. Мае 8 экспазіцыйных залаў (пл. экспазіцыі 288 м²), каля 4,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: археалогіі, гісторыі Быхаўшчыны ад стараж. часоў, прыроды. Экспануюцца археал. знаходкі (зуб і фрагменты біўняў маманта, каменныя прылады працы і інш.), матэрыялы, прысвечаныя гісторыі Быхаўскага замка, падзеям Паўн. вайны 1700—21, вайны 1812, грамадз. вайны 1918—20, удзелу ўраджэнцаў Быхаўшчыны ў Вял.Айч. вайне. Асобныя стэнды прысвечаны ўраджэнцу раёна маршалу авіяцыі С.А.Красоўскаму, лепшым прадпрыемствам і гаспадаркам раёна, развіццю медыцыны, нар. асветы, культуры і спорту. Аддзел прыроды знаёміць з раслінным і жывёльным светам краю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯКЕ́ТАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (13.1.1826, с. Алфер’еўка Пензенскай вобл., Расія — 13.12.1911),
рускі фізікахімік, заснавальнік рус. школы фізікахімікаў. Акад. Пецярбургскай АН (1886). Скончыў Казанскі ун-т (1848). З 1849 у Медыка-хірург. акадэміі, з 1855 у Харкаўскім ун-це (з 1859 праф.), з 1886 у хім. лабараторыі Пецярбургскай АН. Навук.працы па фіз. хіміі. Адкрыў здольнасць магнію і цынку выцясняць іншыя металы з іх соляў (1863). Атрымаў бязводныя аксіды шчолачных металаў (1870). Выявіў магчымасць аднаўлення металаў з іх аксідаў алюмініем, што дало пачатак алюмінатэрміі. Вызначыў фіз. хімію як самаст.навук. дысцыпліну.
Тв.:
Избранные произведения по физической химии. Харьков, 1955.
Літ.:
Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецов Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 37.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛКО́ВЫ МІ́НІМУМ,
найменшая колькасць бялку ў ежы, неабходная для захавання азоцістай раўнавагі ў арганізме. Чалавек і жывёла павінны атрымліваць патрэбную колькасць паўнацэнных (якія маюць усе незаменныя амінакіслоты) бялкоў. Калі іх паступае менш, арганізм траціць уласныя. Пры безбялковым харчаванні 8—10 дзён арганізм выдзяляе 23,2 г бялку ў суткі, што характарызуе распад тканкавых бялкоў (каэфіцыент зношвання). Бялкі арганізма здольныя пастаянна абнаўляцца (за суткі да 400 г). Пра гэта сведчыць стан азоцістага балансу (колькасць азоту, які паступае і выводзіцца з арганізма). Для падтрымкі нармальнага стану здаровага дарослага чалавека (стан азоцістай раўнавагі) неабходна 0,7 г бялку ў дзень на 1 кг вагі цела. Сутачная патрэбнасць бялку ў залежнасці ад умоў фіз. і разумовай працы 80—100 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЦЕ́ХЦІН (Анатоль Георгіевіч) (8.3.1897, с. Стрыгіна, Валагодская вобл., Расія — 20.4.1962),
савецкі геолаг, мінералог. Акад.АНСССР (1953, чл.-кар. 1946). Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1924). З 1937 у Ін-це геал. навук АНСССР (Масква), з 1956 у Ін-це геалогіі рудных радовішчаў, петраграфіі, мінералогіі і геахіміі АНСССР. Навук.працы па тэорыі рудаўтварэння і мінераграфіі. Развіваў новы кірунак у даследаванні рудаў, звязаны з вывучэннем іх тэкстуры, структуры і парагенезісу мінералаў Распрацаваў тэорыі гідратэрмальнага мінералаўтварэння і ўтварэння рудаў марганцу. Аўтар манаграфіі «Прамысловыя марганцавыя руды СССР» (1946). Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэмія СССР 1947. Імем Бяцехціна названы мінерал бецехцяніт.
Літ.:
Шадлун Т.Н. Памяти академика А.Г.Бетехтина // Геология руд. Месторождений. 1963. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ДЭМАКРА́ТЫЯ,
ранняя форма паліт. арг-цыі грамадства, якая ўзнікла ва ўмовах распаду першабытнаабшчыннага ладу і пачатку ўтварэння дзяржавы. Абазначае ўладу ваен. правадыроў пры захаванні рэшткаў першабытнага калектывізму і дэмакратыі. Пры ваеннай дэмакратыі ўсе мужчыны, здольныя насіць зброю, у час ваен. канфліктаў станавіліся воінамі; военачальнікі выбіраліся агульным сходам. Пачынаўся працэс стварэння рэгулярнай арг-цыі для вайны, дружына правадыра ўяўляла сабой зародак арміі. Тэрмін «ваенная дэмакратыя» ўвёў амер. вучоны-этнограф Л.Г.Морган у працы «Старажытнае грамадства» (1877). Ім карыстаюцца і для абазначэння эпохі распаду першабытнага грамадства. Прыкладамі ваеннай дэмакратыі з’яўляюцца Грэцыя эпохі Гамера, стараж. арганізацыі грамадства кельтаў, нарманаў, скіфаў і інш. Паводле археал. перыядызацыі ваенная дэмакратыя адпавядаюць бронзавы і ранні жалезны вякі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КАР ((Wakar) Уладзімір) (26.8.1885, г. Тамбоў, Расія — 9.5.1933),
польскі эканаміст, публіцыст, грамадскі дзеяч. У 1917—24 выкладаў у Вышэйшай гандл. школе ў Варшаве. У 1915—19 працаваў у Бюро грамадскай працы (з 1918 дырэктар), дзе рэдагаваў важнейшыя дзярж. дакументы напярэдадні і ў час абвяшчэння незалежнасці Польшчы. Ініцыятар стварэння і кіраўнік ін-та грамадскай гаспадаркі (1920—21). Рэдактар варшаўскіх час. «Polska» («Польшча»), «Przegląd Wschodni» («Усходні агляд»), «Przymierze» («Саюз») і інш. У апошнім часопісе шмат увагі аддаваў нац. пытанням у Польшчы, у т. л. беларускаму; там надрукаваны арт. Б.Тарашкевіча «Беларускія палітычныя патрабаванні». Аўтар прац «Сто гадоў барацьбы за польскую асвету» (1916), «Праблема самакіравання ў Здабытай Рэчы Паспалітай» (1924) і інш.