ПРАГРА́МА РАЗВІЦЦЯ́ ААН (ПРААН). Засн. ў 1965 для аказання дапамогі найменш развітым краінам свету ў справе эканам. развіцця. Кіруецца выканаўчым саветам з 36 чал. (7 ад Азіі, 4 ад Усх. Еўропы, 5 ад Лац. Амерыкі, 12 ад Зах. Еўропы і ЗША). Мае 4 рэгіянальныя бюро, якія знаходзяцца пры Сакратарыяце ААН. Супрацоўнічае з больш чым 150 краінамі у такіх сферах, як эканам. планіраванне, транспарт, сувязь, гандаль, ахова здароўя, адукацыя, занятасць. Супрацоўніцтва ажыццяўляецца на безграшовай аснове, у форме накіравання ў пэўную краіну спецыялістаў, падрыхтоўкі і адукацыі мясц. кадраў, распрацоўкі планаў эканам. і тэхн. развіцця і г.д. З 1990 штогод ПРААН выдае Даклад пра чалавечае развіццё, які змяшчае звесткі пра т.зв. індэкс чалавечага развіцця. З 1990-х г. праводзіць. канферэнцыі па чалавечым вымярэнні, на якіх абмяркоўваюцца асн. пытанні павелічэння дабрабыту людзей і захавання правоў чалавека. Беларусь супрацоўнічае з ПРААН у выкананні нац. праграмы па структурнай перабудове эканомікі і рацыянальным прыродакарыстанні.
форма кантролю за паводзінамі вызваленых з месцаў пазбаўлення волі. Праводзіцца з мэтай папярэджання з іх боку злачынстваў і аказання на іх неабходнага прафілактычнага ўздзеяння. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца судом паводле прадстаўлення адміністрацыі папраўчай установы і ажыццяўляецца крымін.-выканаўчай інспекцыяй па месцы жыхарства асуджанага. П.н. за асобай, якая дапусціла асабліва небяспечны рэцыдыў, устанаўліваецца да зняцця судзімасці. П.н. можа быць устаноўлены таксама за раней судзімымі за цяжкія ці асабліва цяжкія злачынствы або судзімымі 2 і больш разоў да пазбаўлення волі за любыя наўмысныя злачынствы, калі іх паводзіны ў час адбыцця пакарання і пасля вызвалення сведчаць пра нежаданне станавіцца на шлях выпраўлення. П.н. і звязаныя з ім абмежаванні ўстанаўліваюцца і спыняюцца судом у парадку, прадугледжаным заканадаўствам. Ажыццяўленне П.н. не павінна мець на мэце знявагу чалавечай годнасці і кампраметацыю паднагляднага па месцы яго работы і жыхарства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭМІ́РАВАННЕ (ад прэмія),
від матэрыяльнага стымулявання і заахвочвання работнікаў за канкрэтныя поспехі ў асабістай і калект. працы. Распрацоўка і ўкараненне сістэм П. ажыццяўляецца прадпрыемствам, а правільнасць выбару асн. яго элементаў (паказчыкі і ўмовы, колькасць прэміраваных, памер прэміі) ацэньваецца з пазіцый забеспячэння прынцыпу аплаты за працу і адпаведнасці эфекту, які павінен выяўляцца ў эканоміі выдаткаў на вытв-сць прадукцыі (работ, паслуг) і прырашчэнні прыбытку. П. можа быць штомесячнае, штоквартальнае, па выніках працы за год або інш. перыяды ў залежнасці ад асаблівасцей вытв-сці і працы, характару ўстаноўленых паказчыкаў, наяўнасці неабходных звестак аператыўнага і бухгалтарскага ўліку; таксама перыяды, што вызначаюцца сезоннасцю работ, працягласцю вытв. цыкла і інш. Памеры прэмій кожнага работніка вызначаюцца ў працэнтах да зарплаты па тарыфных стаўках (здзельных расцэнках), службовых акладах або ў памерах да -мінімальнай зарплаты. Ва ўсіх выпадках П. павінна быць забяспечана гарантаванасць крыніцы выплаты прэміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Георгій Іванавіч) (31.5.1912, г. Пінега Архангельскай вобл., Расія — 13.5.1987),
расійскі вучоны ў галіне аэрагідрадынамікі, стваральнік навук. школы па газадынаміцы. Акад.АНСССР (1958, чл.-кар. 1953), Герой Сац. Працы (1961). Скончыў Маскоўскі ун-т (1935). З 1934 у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це, з 1944 у НДІ цеплавых працэсаў, з 1965 у Ін-це касм. даследаванняў АНСССР (дырэктар, з 1973 заг. аддзела). Адначасова з 1952 у Маскоўскім ун-це (з 1955 заг. кафедры). Навук. працы па прыкладной газавай дынаміцы, касм. аэрадынаміцы, цеплафізіцы.
Даследаваў распаўсюджванне мех. хваль у вязкай вадкасці, устойлівасць віхравых слаёў, фіз. ўмовы распаду ламінарнага цячэння. Распрацаваў метады цеплавой аховы спускальных касм. апаратаў. Прапанаваў адно з тлумачэнняў праблемы Тунгускага метэарыта. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1978.
Тв.:
Космические исследования в СССР. М., 1970;
Аэромеханика больших скоростей и космические исследования. Избр. тр.М., 1992.
Літ.:
Воспоминания об академике Г.И.Петрове. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАДЗЕ́НСТВА,
момант часу, у які цэнтр сонечнага дыска пры сваім бачным гадавым перамяшчэнні паэкліптыцы перасякае нябесны экватар. Бывае двойчы на год: вясенняе (20—21 сак.), калі Сонца пераходзіць з паўд. паўшар’я неба ў паўн. (у пункце вясенняга Р.; пачатак вясны ў паўн. паўшар’і Зямлі), і асенняе (23 вер.), калі Сонца пераходзіць з паўн. паўшар’я неба ў паўднёвае (у пункце асенняга Р.; пачатак восені ў паўн. паўшар’і Зямлі).
У час Р. сутачны рух Сонца адбываецца амаль уздоўж нябеснага экватара, у выніку чаго на Зямлі (за выключэннем раёнаў геагр. полюсаў) дзень роўны ночы (адсюль назва). З прычыны прэцэсіі зямной восі пункты Р. зрушваюцца па экліптыцы насустрач бачнаму гадавому руху Сонца прыкладна на 50,3″. У канцы 20 — пач. 21 ст. пункт вясенняга Р. знаходзіцца ў сузор’і Рыбы, а асенняга — у сузор’і Дзева.
Літ.:
Цесевич В.П. Что и как наблюдать на небе. 6 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1921—22,
па абмежаванні марскога ўзбраення і па далёкаўсходніх і ціхаакіянскіх пытаннях. Праходзіла ў Вашынгтоне з 12.11.1921 да 6.2.1922. Склікана па ініцыятыве ЗША, якія разлічвалі дамагчыся спрыяльнага для сябе вырашэння пытання аб марскім узбраенні і замацавання новых суадносін сіл імперыял. дзяржаў у Кітаі і ў бас. Ціхага акіяна. Удзельнічалі ЗША, Вялікабрытанія, Кітай, Японія, Францыя, Італія, Нідэрланды, Бельгія і Партугалія, а таксама дэлегаты Індыі і брыт. дамініёнаў. РСФСР як далёкаўсходняя краіна запрошана не была, не была дапушчана на Вашынгтонскую канферэнцыю дэлегацыя Далёкаўсходняй рэспублікі (прыбыла ў Вашынгтон у снеж. 1921).
Асн. дакументы Вашынгтонскай канферэнцыі: Дагавор чатырох дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі і Францыі) пра сумесную абарону іх праў на астраўныя ўладанні ў раёне Ціхага акіяна. Адначасова прадугледжваў ліквідацыю англа-японскага саюза, чаго і дамагаліся ЗША. Дагавор пяці дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі, Францыі і Італіі) пра абмежаванне марскіх узбраенняў. Падпісваючы гэты дагавор, Вялікабрытанія пацвярджала сваю вымушаную згоду на адмову ад панавання на моры. Дагавор устанаўліваў пэўную прапорцыю гранічнага танажу лінейнага флоту дзяржаў-удзельніц. ЗША станавіліся першай дзяржавай паводле стратэг. перавагі ў гэтым рэгіёне, на другім месцы была Японія. Дагавор дзевяці дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Партугаліі і Кітая) пра палітыку ў Кітаі абвяшчаў прынцыпы «роўных магчымасцей» у Кітаі для гандлю і прадпрымальніцтва ўсіх краін. Адпавядаў амер. палітыцы «адчыненых дзвярэй» і дазваляў ЗША як найбольш магутнай дзяржаве выцесніць сваіх канкурэнтаў з Кітая.
Рашэнні Вашынгтонскай канферэнцыі дапоўнілі Версальскі мірны дагавор 1919 і сталі састаўной часткай версальска-вашынгтонскай сістэмыміжнар. адносін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА АТМАСФЕ́РЫ, ахова атмасфернага паветра,
комплекс міжнар., дзярж., рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні і ўзнаўленні аптымальных уласцівасцяў атмасферы, прадухіленні яе забруджвання і рацыянальным выкарыстанні; састаўная частка аховы прыроды. Уключае: сан. ахову паветра, ахову і ўзнаўленне біял. рэсурсаў, удасканальванне вытв. працэсаў і трансп. сродкаў, выкарыстанне газа- і пылаўлоўных прыстасаванняў, распрацоўку безадходных тэхналогій, стымуляванне выканання ахоўных мерапрыемстваў, рацыянальную планіроўку і забудову, азеляненне нас. месцаў, кантроль за станам і рацыянальным выкарыстаннем паветр. басейна, эколага-выхаваўчую работу, экалаг. падрыхтоўку кадраў і інш.
На Беларусі ахова атмасферы рэгулюецца Законамі аб ахове атм. паветра, аб ахове прыроды, шэрагам урадавых пастаноў і ўказаў, якія прадугледжваюць мінімізацыю прамысл., трансп. і камунальна-быт. выкідаў у паветра, устанаўліваюць нормы гранічна дапушчальных канцэнтрацый дамешкаў і гранічна дапушчальных выкідаў у атмасферу. Дзейнічаюць стацыянарныя пасты назірання за ўзроўнем забруджвання атм. паветра ва ўсіх абласных і многіх прамысл. цэнтрах (Мазыр, Наваполацк, Орша і інш.), ствараецца аўтаматыз. сістэма назірання і кантролю за станам навакольнага асяроддзя (гл.Паветра). За парушэнне правілаў аховы атмасферы ўстаноўлена адм., крымінальная і дысцыплінарная адказнасць. Беларусь удзельнічае ў міжнар. сістэме маніторынгупа кантролі за станам атмасферы: на яе тэр. размешчаны аўтаматыз. станцыя фонавага маніторынгу і пункт назірання за трансгранічным пераносам. Мерапрыемствы па ахове атмасферы кантралююць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Галоўгідрамет і інш.дзярж. ўстановы з залучэннем грамадскасці (гл.Беларускае таварыства аховы прыроды і інш.).
Да арт.Ахова атмасферы. Пункт кантролю за станам атмасферы ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕВЯ́ТКАЎ (Мікалай Дзмітрыевіч) (н. 11.4.1907, г. Волагда, Расія),
расійскі вучоны ў галіне электронікі. Акад. Расійскай АН (1968, чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Ленінградскі політэхн.ін-т (1931). Працаваў у Маскоўскім фіз.-тэхн. ін-це, Ін-це радыётэхнікі і электронікі АНСССР, інш.НДІ, навук.ВА «Выток». Навук. працы па вывучэнні газавага разраду, стварэнні газаразрадных прылад для аховы ліній сувязі, прылад і прыстасаванняў ЗВЧ-дыяпазону, мед. электроніцы. Гал. рэдактар час. «Радиотехника и электроника». Ленінская прэмія 1965. Дзярж. прэмія СССР 1949.
Тв.:
Разрядники для защиты линий слабого тока // Электричество. 1931. № 22;
Лазеры в клинической медицине. М., 1981;
Миллиметровые волны и их роль в процессах жизнедеятельности. М., 1991 (разам з М.Б.Голантам, А.У.Бецкім).
М.Дз.Дзевяткаў.
ДЗЕВЯТНА́ЦЦАТАЯ УСЕСАЮ́ЗНАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КПСС.
Адбылася 28.6—1.7.1988 у Маскве; 4991 дэлегат прадстаўляў 18,9 млн. членаў партыі. Парадак дня: аб ходзе рэалізацыі рашэнняў XXVII з’езда КПСС, асн. выніках 1-й пал. 12-й пяцігодкі і задачах парт. арг-цый па паглыбленні працэсу перабудовы; аб захадах па далейшай дэмакратызацыі жыцця партыі і грамадства. Канферэнцыя прыняла шэраг рэзалюцый, паводле якіх гал. мэтамі перабудовы абвешчаны змена паліт. структуры сав. грамадства і перадача ўсёй улады ад КПСС Саветам нар. дэпутатаў; прапанавана (пазней унесена ў Канстытуцыю СССР) новая (больш складаная) структура з’езда нар. дэпутатаў і Вярх. Савета СССР; парт. арг-цыі зарыентаваны на больш паслядоўнае выкараненне бюракратызму і пашырэнне галоснасці; у нац. палітыцы прызнана неабходным актывізаваць развіццё самастойнасці саюзных рэспублік і аўтаномій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў МІ́НСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.
Засн. ў Мінску ў 1923 як частка сховішча Цэнтр. архіва БССР, з 1927 Мінскі гіст. архіў, з 1936 Мінскае аддзяленне цэнтр.дзярж. архіваў БССР, з 1938 Мінскі абл. архіў. На 1.7.1938 на захаванні лічылася 1088 фондаў, больш за 1 млн. спраў. Захоўваліся дакументы губ., пав., валасных органаў улады і кіравання, гасп., фін., паліцэйскіх, судовых, культ.-асв. і інш. устаноў Мінскай губ. за 1793—1918, дакументы сав. перыяду. У час 2-й сусв. вайны дакументы размеркаваны па розных памяшканнях г. Мінска, значная частка іх страчана. У ліп. 1944 архіў аднавіў дзейнасць. У 1964 дакументы дарэв. перыяду перададзены ў Цэнтр.дзярж.гіст. архіў. На 1.1.1997 у архіве 5967 фондаў, 1 237 986 спраў. Зберагае дакументы органаў дзярж. улады і кіравання, прафс., грамадскіх і каап. арг-цый, устаноў адукацыі, аховы здароўя, сац. забеспячэння, статыстыкі, судоў і пракуратуры, прадпрыемстваў, арг-цый прам-сці і сельскай гаспадаркі і інш. Сярод іх пастановы ЦВКБССР і рашэнні па моўнай палітыцы, пратаколы выканкомаў сельскіх і раённых Саветаў пра раскулачванні і высяленні, спісы высланых з тэр. вобласці, дакументы Надзвычайных дзярж. камісій па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў і прычыненых імі страт на тэр. Мінскай вобл., сучасныя дакументы і фонды асабістага паходжання. У 1996 архіву перададзены дакументы былога парт. архіва Мінскага абкома КПБ. Дакументы на бел., рус., польск., ням. і яўр. мовах.
Аддзелы: уліку і забеспячэння захаванасці дакументаў; камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; інфарм.-пошукавых сістэм, выкарыстання дакументаў; навук.-тэхн. апрацоўкі дакументаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́КСЕМБУРГ (польск. Luksemburg, ням. Luxemburg) Роза (5.3.1871, г. Замасць, Польшча — 15.1.1919), дзеяч польскай і ням. сацыял-дэмакратыі і камуніст. руху. Скончыла Цюрыхскі ун-т (1896). Адна з заснавальнікаў (1893) Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), аўтар большасці яе праграмных дакументаў, у т. л.панац. пытанні. З 1898 у Германіі, належала да кіраўніцтва С.-д. партыі і 2-га Інтэрнацыянала. Выступала супраць т.зв. рэвізіянізму ў сацыял-дэмакратыі, мілітарызму і каланіяльнай палітыкі еўрап. дзяржаў. Удзельніца рэвалюцыі 1905—07 у Варшаве і Пецярбургу. Адна з заснавальнікаў «Спартака саюза» (1916), Камуніст. партыі Германіі (1918—19), аўтар яе праграмы, удзельніца Лістападаўскай рэвалюцыі 1918. Разам з К.Лібкнехтам арыштавана і забіта членамі афіцэрскага баявога атрада «Фрайкорпуса». Аўтар прац па палітэканоміі, тэорыі сацыяліст. рэвалюцыі, у т. л.панац. і сял. пытаннях («Развіццё прамысловасці ў Польшчы», 1898, «Сацыяльная рэформа ці рэвалюцыя», 1900). Аналізавала прагрэс. грамадскія сілы, механізмы рэвалюцыі, ролю ўсеагульнай забастоўкі («Масавая забастоўка, партыя і прафсаюзы», 1906), фактары і перашкоды ў эканам. развіцці пры капіталізме («Накапленне капіталу», т. 1—2, 1913), праблемы ў сацыяліст. руху ў 1-ю сусв. вайну («Крызіс сацыял-дэмакратыі», 1916), адзначыла пагрозу ўзнікнення таталітарызму ў рас. рэвалюцыі («Руская рэвалюцыя», выд. 1922). Яе тэарэт. і паліт. канцэпцыі, супраць якіх выступаў У.І.Ленін, паўплывалі на фарміраванне праграмы радыкальнага крыла сацыяліст., а пазней камуніст. руху.
Тв.:
Рус.пер. — О социализме и русской революции: Избр. статьи, речи, письма. М., 1991.