РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ ЁМІСТАСЦЬ,

мера здольнасці рэкрэацыйнай тэрыторыі забяспечваць неабходныя ўмовы для адпачынку пэўнай колькасці людзей без прычынення шкоды прыроднаму асяроддзю. Разлік Р.ё. праводзяць пры планаванні і арганізацыі зон адпачынку, што дазваляе прагназіраваць і прадухіляць негатыўныя змены ў прыродных комплексах. Перавышэнне паказчыкаў Р.ё. звыш гранічна дапушчальнай рэкрэацыйнай нагрузкі вядзе да пагаршэння ўмоў адпачынку і развіцця дыгрэсіі.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛЯТЫВІ́СЦКІЯ ЭФЕ́КТЫ,

фізічныя з’явы, якія назіраюцца пры скарасцях руху, параўнальных са скорасцю святла ў вакууме. Вынікаюць з Лорэнца пераўтварэнняў і разглядаюцца ў спец. адноснасці тэорыі. Да іх адносяць: рэлятывісцкае скарачэнне падоўжных (у напрамку руху) даўжынь, рэлятывісцкае запавольванне часу і інш. Рэлятывісцкімі наз. таксама эфекты агульнай тэорыі адноснасці (рэлятывісцкай тэорыі прыцягнення), напр., эфект запавольвання часу ў моцным гравітацыйным полі.

т. 14, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПЕ́Р у матэматыцы, сукупнасць лінейна незалежных вектараў, якія маюць агульны пачатак, узятых у пэўным парадку. Калі вектары, што складаюць Р., папарна артаганальныя, то Р. наз. артаганальным, а калі пры гэтым яны маюць адзінкавую даўжыню — артанармаваным (гл. Артаганальная сістэма). Напр., у трохмернай прасторы Р. можа служыць любая тройка папарна непаралельных адной плоскасці вектараў. Гл. таксама Базіс у матэматыцы.

т. 14, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБО́РНЫЯ ШКО́ЛЫ,

сярэднія навуч ўстановы ў эпоху сярэдневякоўя пры саборах (епіскапскіх кафедрах) у буйнейшых гарадах Еўропы. Давалі больш шырокую адукацыю, чым манастырскія школы і царкоўнапрыходскія школы. Навучалі чытанню, пісьму, граматыцы, лічэнню, царк. спевам. У перыяд позняга сярэдневякоўя ў некат. С.ш. выкладаліся. прадметы трывіума (граматыка, рыторыка, дыялектыка), у асобных даваліся звесткі з квадрывіума (арыфметыкі, геаметрыі, астраноміі, музыкі).

т. 14, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІТО́Н,

структурная ўстойлівая адасобленая хваля ў нелінейным дыспергавальным асяроддзі. Паводзіць сябе як часціца: пры ўзаемадзеянні паміж сабой ці з інш. ўзбурэннямі асяроддзя С. не разбураюцца, а разыходзяцца з захаваннем сваёй структуры, якая застаецца стацыянарнай за кошт спалучэння нелінейнасці асяроддзя і дысперсіі (гл. Дысперсія хваль). Уласцівасці С. ўлічваюцца ў тэорыі кандэнсаваных асяроддзяў, квантавай статыстыцы, тэорыі фазавых пераходаў.

т. 14, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САФО́НАЎ (Міхаіл Фролавіч) (13.1.1925, в. Шастакі Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 17.7.1996),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з 1943 у партыз. атрадзе на Магілёўшчыне, з 1944 на фронце. Разведчык радавы С. вызначыўся ў 1944 пры захопе «языка» (Польшча) і ў 1945 у баях на тэр. Германіі. Пасля вайны да 1985 на гасп. рабоце.

т. 14, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДНЫЯ ВАГА́ННІ, уласныя ваганні,

від ваганняў, якія адбываюцца ў фіз. сістэме без знешняга ўздзеяння за кошт першапачаткова нададзенай энергіі (патэнцыяльнай ці кінетычнай). Характар С.в. вызначаецца ўласнымі параметрамі сістэмы (масай, індуктыўнасцю, эл. ёмістасцю, пругкасцю і інш.). У рэальных сістэмах С.в. затухальныя з-за рассеяння энергіі, а пры вялікіх яе стратах — аперыядычныя. У лінейных сістэмах С.в. — суперпазіцыя нармальных ваганняў.

т. 14, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІДЗІ́НСКІ (Уладзімір Іванавіч) (20.5.1923, г. Віцебск — 16.3.1945),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1942). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Бранскім, Цэнтр., 3-м Бел., 1-м Укр. франтах. Камандзір стралк. роты лейтэнант С. вызначыўся ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пн ад Кіева. У Віцебску на тэрыторыі з-да, дзе ён працаваў, устаноўлены бюст.

У.І.Свідзінскі.

т. 14, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЛОЛЯЧЭ́ННЕ, фотатэрапія,

дазіраванае ўздзеянне на арганізм чалавека інфрачырв. або ультрафіялетавым выпрамяненнем; метад фізіятэрапіі. Штучныя крыніцы святла: лямпы інфрачырв. выпрамянення, солюкс, мясц. электрасветлавыя ванны, ртутна-кварцавыя апрамяняльнікі і інш. С. паляпшае крыва- і лімфацёк, паскарае рассысанне запаленчых працэсаў, абязбольвае, сушыць (пры апёках, экзэмах), мае бактэрыцыднае дзеянне, павышае супраціўляльнасць арганізма да прастудных хвароб; ужываецца для прафілактыкі рахіту, як агульнаўмацавальны сродак.

т. 14, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЙТВАЛІ́ЕЎ (Сейтнафе) (29.5.1919, в. Таў-Кіпчак Белагорскага р-на, Крым, Украіна — 13.3.1983),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з 1941. Разлік гарматы знішчальнай процітанк. батарэі на чале са старшым сяржантам С. вызначыўся ў 1944 пры вызваленні г. Жлобін і ў баі каля г.п. Мар’іна Горка, дзе адбіў некалькі контратак ворага.

т. 14, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)