АНАТО́МІЯ РАСЛІ́Н,

раздзел батанікі, які вывучае ўнутр. будову органаў і тканак раслін.

Узнікненне і развіццё анатоміі раслін звязана з вынаходствам мікраскопа і працамі італьян. біёлага М.​Мальпігі і англ. батаніка Н.​Гру (мікраскапічнае вывучэнне раслінных аб’ектаў; 2-я пал. 17 ст.), стварэннем клетачнай тэорыі (ням. біёлаг Т.​Шван, 1839), даследаваннем раслінных тканак, клетак і іх арганоідаў (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) паралельна з вывучэннем іх росту, развіцця і дыферэнцыроўкі ў працэсе антагенезу (гл. Фізіялогія раслін). Значную ролю ў развіцці анатоміі раслін адыгралі працы рус. батанікаў І.​В.​Баранецкага, С.​П.​Костычава, В.​Р.​Заленскага, В.​Ф.​Раздорскага, В.​Р.​Аляксандрава, В.​М.​Радкевіч, А.​А.​Яцэнка-Хмялеўскага, В.​К.​Васілеўскай, М.​Ф.​Данілавай і інш.

На Беларусі анатомія раслін развіваецца з 1930-х г. (К.​Г.​Рэнард, А.​Л.​Новікаў, С.​У.​Калішэвіч). Навук.-даследчая работа вядзецца ў БДУ, ін-тах біял. аддзялення АН Беларусі, Бел. с.-г. акадэміі, Гомельскім і Бел. тэхнал. ун-тах і інш. У 1954—66 выкананы работы па экалагічнай, параўнальнай і тэхн. анатоміі раслін (В.​Я.​Віхроў, Р.​Ц.​Пратасевіч, А.​С.​Самцоў). Вывучаецца зменлівасць анат. будовы дзікарослых і культурных раслін пад уплывам генет. і фізіял. фактараў, а таксама дрэвавых раслін пад уплывам экалагічных умоў, вырашаюцца пытанні палягання с.-г. культур (Н.​С.​Суднік, А.​В.​Пятрэнка, Пратасевіч, Т.​Ф.​Дзяругіна, Г.​А.​Новікава, А.​Р.​Тэн, А.​І.​Аляксеева, Н.​С.​Кісялёва і інш.). Даныя анатоміі раслін выкарыстоўваюць у аграноміі, тэхніцы, гісторыі культуры, археалогіі, прам-сці (харч., мэблевай, фармацэўтычнай, цэлюлозна-папяровай і інш.). Істотнае развіццё атрымліваюць эвалюцыйны і экалагічны кірункі вывучэння анатоміі раслін.

Літ.:

Киселева Н.С. Анатомия и морфология растений. 2 изд. Мн., 1976;

Эзау К. Анатомия семенных растений: Пер. с англ. Кн. 1—2. М., 1980.

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т ДАКУМЕНТАЗНА́ЎСТВА І АРХІ́ЎНАЙ СПРА́ВЫ (БелНДІ ДАС) Камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь, навукова-даследчая ўстанова. Створаны 11.12.1991 у Мінску на базе Ін-та гіст.-паліт. даследаванняў (да 1996 наз. Бел. н.-д. цэнтр дакументазнаўства, археаграфіі і архіўнай справы). Распрацоўвае пытанні дакументазнаўства, архівазнаўства, археаграфіі, крыніцазнаўства, вядзення дакументацыі ў органах кіравання, выяўляе шляхі скарачэння і аптымізацыі патокаў дзелавых папер, публікуе дакументы Нац. архіўнага фонду, даследуе на іх аснове гісторыю Беларусі. Аддзелы: дакументазнаўства, архівазнаўства, археаграфіі, аўтаматыз. архіўных тэхналогій, рэдакцыйна-выдавецкі.

Ін-т правёў міжнар. навук. канферэнцыі: «Архівазнаўства, крыніцазнаўства, гістарыяграфія Беларусі: стан і перспектывы» (1993, Мінск), «Армія Краёва на тэрыторыі Заходняй Беларусі (чэрв. 1941 — ліп. 1944 гг.)» (1994, Гродна), «М.​М.​Улашчык і праблемы беларускай гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і археаграфіі (да 90-х угодкаў вучонага)» (1996, Мінск). Выдаў кнігі «І верш і эпас тэлеграфным радком...» А.​М.​Міхальчанкі, «Рассакрэчаныя архівы» (абедзве 1993), «Расстраляныя, замучаныя, павешаныя: Аб фашысцкім генацыдзе ў Брэсце» У.​П.​Самовіча, «Агнём і мячом: Хроніка польскага нацыяналістычнага падполля ў Беларусі (1939—1953 гг.)» В.​І.​Ермаловіча і С.​У.​Жумара (абедзве 1994), «Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941 — 1944)», «Бібліяграфія акупацыйных перыядычных выданняў, якія выходзілі на тэрыторыі Беларусі ў 1941—1944 гг.» Жумара, «У фонд Перамогі: патрыятычны рух працоўных Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941 — 1945 гг.)» А.​Ф.​Макарэвіча, «Рабочы рух у Беларусі (чэрв. 1907 — люты 1917 гг.)» Э.​М.​Савіцкага, «Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі» І.​М.​Ігнаценкі, «Дакументы Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь у Нацыянальнай бібліятэцы і музеях сістэмы Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь: Даведнік» (усе 1995), «Архіўная справа на Беларусі ў дакументах і матэрыялах (1921—1995)», «Альбом формаў арганізацыйна-распарадчых дакументаў» (абедзве 1996).

А.​Я.​Рыбакоў.

т. 2, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЦКІЯ ДРУКА́РНІ,

выдавецкія ўстановы, якія ствараліся праваслаўнымі брацтвамі на Беларусі і Украіне ў канцы 16—18 ст. Адыгралі вял. ролю ў развіцці бел. і ўкр. культуры, уздыме асветы. У іх дзейнасці выразна выявіліся сувязі бел. кнігадрукавання з выдавецкімі традыцыямі Ф.Скарыны, І.Фёдарава, П.Мсціслаўца. Існавалі Віленская брацкая друкарня (канец 16 — пач. 18 ст.), Еўінская друкарня (17 ст.), Магілёўская брацкая друкарня (17—18 ст.). Да брацкіх можна аднесці Куцеінскую друкарню (17 ст.), актыўны ўдзел у рабоце якой прымалі магілёўскія і аршанскія братчыкі, хоць прывілеі, што пацвярджалі б права на друкарню аршанскага брацтва, не выяўлены. У 1594—1608 перапынілася або аслабла дзейнасць галоўнай у тыя часы брацкай друкарні ў Львове. Пры падтрымцы брацтваў і па іх заказах працавалі друкарні С.Собаля, І.Труцэвіча, М.Вашчанкі. З канца 16 ст. да 1654 выйшла 127 выданняў, у т. л. 16 вучэбных (пераважна буквары), 12 палемічна-публіцыстычных («Кніга пра веру», «Трэнас», «Сінопсіс» і інш.), 16 панегірычных і прапаведніцкіх (казанні), 20 «Чэццяў кнігі» і інш. нелітургічных твораў. З іх больш за 70% выйшла на царк.-слав. ці бел. мове (або на царк.-слав. ў бел. рэдакцыі), 25% — на польскай. У 2-й пал. 17—18 ст. ва ўмовах абвастрэння сац.-паліт. супярэчнасцей больш ці менш сістэматычна працавала толькі брацкая друкарня ў Магілёве. Пагоршыўся вонкавы выгляд кніжнай прадукцыі, а самую вял. яе частку складала царк.-багаслоўская і літургічная л-ра. Усяго ў 16—18 ст. брацкія друкарні (разам з друкарнямі Собаля і Вашчанкі) выпусцілі каля 170 выданняў.

Літ.:

450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;

Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. Z. 5. Wielkie Księstwo Litewskie. Wrocław;

Kraków, 1959;

Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат. Мн., 1986;

Исаевич Я.Д. Преемники первопечатника. М., 1981;

Яго ж. Роль братств в издании и распространении книг на Украине и Белоруссии (конец XVI—XVIII в.) // Книга и графика. М., 1972.

Т.​Я.​Галенчанка.

т. 3, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУЛО́Ў (Карл Паўлавіч) (23.12.1799, С.-Пецярбург — 23.6.1852),

рускі жывапісец. Праф. Пецярбургскай АМ (1836—49), ганаровы чл. Міланскай, Балонскай, Фларэнційскай, Пармскай акадэмій. Брат А.П.Брулова. Вучыўся ў бацькі — скульптара П.​Бруло, у Пецярбургскай АМ (1809—21) у А.Іванава, А.Ягорава. Раннія партрэты (П. і М.​Кікіных, Н.​Рамазанава, усе 1821—22) выяўляюць сувязь з творчасцю А.Кіпрэнскага. У 1823—34 жыў у Італіі, стварыў шэраг жанравых карцін («Італьянскі ранак», 1823; «Італьянскі поўдзень», 1827; «Вірсавія», 1832), у якіх вырашаў праблемы асвятлення. Рысамі рамантызму поўняцца аўтапартрэт (1823—24), партрэты А.​Брулова (1823—24), Р.​Гагарына (1827—30), В.​Пяроўскага (1837), Ю.​Самойлавай з выхаванкай (1839—40) і адзін з лепшых — Дж.​Пачыні («Жанчына на кані», 1832); паэт. акварэльныя партрэты С.​Тургенева (1823—27), З.​Валконскай (1830). Шырокую вядомасць набыло палатно «Апошні дзень Пампеі» (1830—33, залаты медаль у Парыжы). Патрыят. тэма — у карціне «Асада Пскова польскім каралём Стафанам Баторыем у 1581 г.» (1839—43; няскончаная). З 1843 больш як 4 гады размалёўваў Ісакіеўскі сабор. Гал. дасягненні гэтага часу — партрэты дзеячаў рус. культуры (Н.​Кукальніка, 1836; І.​Віталі, 1836—37; В.​Жукоўскага, 1837—38; І.​Крылова, 1839; А.​Стругоўшчыкава, 1840; аўтапартрэт, 1848). У 1849 з-за хваробы выехаў на в-аў Мадэйра, у 1850 — у Рым, там маляваў партрэты археолага М.​Ланчы (1851) і членаў сям’і Тытоні (1851—52). Творчасць Брулова — адна з вяршыняў рус. жывапісу 1-й пал. 19 ст. У мастацтва класіцызму ён унёс жыццёвасць і непасрэднасць. Рэалізм яго твораў меў пераважна рамант. афарбоўку. Для яго мастацтва характэрна сцвярджэнне эмоцый, пачуццёва-пластычнай прыгажосці чалавечага цела. У Нац. маст. музеі Беларусі 5 работ Брулова [партрэты М.​Ю.​Віельгорскага, 1828, М.​Д.​Алферакі, 1842, «Палажэнне ў труну» (1836—пач. 1840-х г.), «Зацьменне сонца» (1851—52) і інш.].

Літ.:

Леонтьева Г. Карл Брюллов. 2 изд. Л., 1983.

А.​Д.​Шапашнікава.

К.Брулоў. Партрэт М.​Ю.​Віельгорскага. 1828. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 3, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РАНАЎСКІ РАЁН,

на Пн Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 38 тыс. чал. (1995), гарадскога 24%. Сярэдняя шчыльн. 27 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п. Воранава; г.п. Радунь, 338 сельскіх нас. пунктаў. 13 сельсаветаў: Бастунскі, Беняконскі, Больцішскі, Гіркаўскі, Доцішскі, Жырмунскі, Забалацкі, Канвелішскі, Місявіцкі, Нацкі, Пагародзенскі, Паляцкішскі, Пераганцаўскі.

Раён размешчаны ў межах Лідскай раўніны. Паверхня пераважна раўнінная, выш. 160—180 м, найвышэйшы пункт 215 м (каля в. Тракелі). Карысныя выкапні: торф, цагельныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -5,8 °C, ліп. 17,7 °C. Ападкаў 615 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рэкі Жыжма, Дзітва (з прытокам Радунька) — правыя прытокі Нёмана. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 26% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя лясы; у далінах рэк участкі з бярозы і вольхі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 86,3 тыс. га, з іх асушана 23,4 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 16 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля і льнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, вытв-сці буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Ліда — г.п. Воранава — Вільнюс, аўтадарога Гродна — г.п. Радунь — Вільнюс і інш. У раёне 13 сярэдніх, 17 базавых, 16 пач. школ, ПТВ-190, 2 школы-інтэрнаты, спарт. і 6 муз. школ, 22 дашкольныя ўстановы, 42 клубы, 48 б-к, 36 бальнічных устаноў. Помнікі архітэктуры: касцёл Іаана Хрысціцеля (1900—06) у в. Беняконі, парк 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Бальценікі, Гайцюнішскі дом-крэпасць і Гайцюнішская капліца, парк канца 18 ст. ў в. Гародна, касцёл (1789) у в. Жырмуны, Петрапаўлаўскі касцёл (1803—12) у в. Забалаць, касцёл Сэрца Ісуса (1916) у в. Канвелішкі. Выдаецца газ. «Воранаўская газета».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 4, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНАЕ ПРА́ВА,

1) галіна права, якая рэгулюе грамадскія адносіны ў сферы дзярж. кіравання. Нормы адміністрацыйнага права вызначаюць парадак арганізацыі і дзейнасці кіраўнічага апарата, правы і абавязкі службовых асоб і грамадзян. Сістэма адміністрацыйнага права Рэспублікі Беларусь складаецца з агульнай і асаблівай частак. Агульная ўключае нормы, якія маюць рэгуляцыйнае значэнне для ўсіх галін і сфераў дзярж. кіравання: сістэма і крыніцы, суб’екты адміністрацыйнага права, прынцыпы дзярж. кіравання, сістэма яго органаў, формы і метады кіраўнічай дзейнасці і інш. Нормы асаблівай часткі рэгулююць адносіны ў асобных сферах кіравання: планаванні, уліку, фінансаванні і матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні, прам-сці, сельскай гаспадарцы, транспарце, капітальным будаўніцтве, нар. адукацыі, навуцы, культуры, ахове здароўя, сац. абароне, пытаннях адм.-паліт. кіравання (абарона, дзярж. бяспека, грамадскі парадак, юстыцыя) і інш. Гал. крыніцы адміністрацыйнага права: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановы Прэзідыума Вярх. Савета і Кабінета Міністраў, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Мытны кодэкс Рэспублікі Беларусь і інш., загады, пастановы і інструкцыі нарматыўнага зместу (вылаюцца мін-вамі, дзярж. к-тамі і ведамствамі Рэспублікі Беларусь). Выкананне выкладзеных у гэтых актах правілаў з’яўляецца абавязковым і забяспечваецца выхаваўчымі, арганізацыйнымі і прымусовымі мерамі. У ходзе рэалізацыі нормаў адміністрацыйнага права ўзнікаюць адм. праваадносіны, суб’ектам якіх, з аднаго боку, з’яўляюцца дзярж. орган або службовая асоба, з другога — дзярж. органы, іх службовыя асобы, асобныя грамадзяне, грамадскія арг-цыі і інш. Аб’ектам адм.-прававых адносін у большасці выпадкаў з’яўляецца дзейнасць людзей, іх паводзіны, а таксама пэўная маёмасць.

2) Навука, якая вывучае прававое рэгуляванне дзярж. кіравання, развіццё тэарэт. поглядаў на сутнасць, змест і сістэму прававых нормаў і прававых ін-таў. Навука актыўна садзейнічае ўдасканаленню сістэмы і ўнутр. структуры, удакладненню правоў і абавязкаў органаў дзярж. кіравання і асобных грамадзян. Праблемы адміністрацыйнага права на Беларусі вывучаюць А.​М.​Абрамовіч, В.​І.​Семянкоў, В.​І.​Шабайлаў і інш.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАВЕ́ЦКІ РАЁН,

у Беларусі, на ПнУ Гродзенскай вобласці. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 31,0 тыс. чал. (1995); сярэдняя шчыльн. 19 чал./км², гарадскога 29%. Цэнтр — г.п. Астравец, 402 сельскія нас. пункты. 9 сельсаветаў: Астравецкі, Варнянскі, Гервяцкі, Гудагайскі, Кемелішкаўскі, Міхалішкаўскі, Падольскі, Спондаўскі, Трокеніцкі.

Большая частка раёна ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны і паўд.-зах. ч. Ашмянскага ўзвышша. Пераважаюць выш. 140—180 м, найвыш. пункт 301 м (за 6 км на З ад в. Трокенікі). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -5,9 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетацыйны перыяд 189 дзён. Рэкі: Вілія з прытокамі Ашмянка, Страча, Сарачанка, Газоўка, Балошынка. На Пн Сарачанская група азёраў, найб. Тумскае, Вераб’і, Каймін, Туравейскае. Вадасховішчы Альхоўскае і Янаўскае. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя. Пад лясамі 46,6% тэр. раёна, найб. масівы на З і Пн; пераважаюць хвойныя пароды, трапляюцца драбналістыя (бяроза, асіна, вольха).

Агульная пасяўная пл. 64,8 тыс. га, з іх асушана 13,8 тыс. га. На 1.1.1995 у раёне 15 калгасаў і 1 саўгас. Развіты малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавыя культуры, бульбу; з тэхнічных — лён-даўгунец і цукр. буракі. Агародніцтва. Пчалярства. Прадпрыемствы харч. (вытв-сць сухога абястлушчанага малака, масла), дрэваапр. (кардон, піламатэрыялы) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў (кафля, цэгла). Торфапрадпрыемствы. Янаўская ГЭС. Раён перасякаюць чыгункі Маладзечна—Вільнюс, аўтадарога Полацк—Вільнюс. У раёне 12 сярэдніх, 12 базавых і 16 пачатковых школ, муз. школа, 22 дашкольныя ўстановы, 39 бібліятэк, 5 бальнічных устаноў, 24 фельчарска-акушэрскія пункты. Помнікі прыроды — геал. агаленне Камарышкі, Варнянскі парк. Помнікі архітэктуры: Міхайлаўскі касцёл (1663) у в. Міхалішкі, Георгіеўскі касцёл (19 ст.) у в. Варона, арх. ансамбль (18—19 ст.) у в. Варняны. Выдаецца раённая газ. «Астравецкая праўда».

К.​Р.​Кірыенка.

т. 2, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАХА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

на Пд Еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі. На ПнУ і У мяжуе з Казахстанам, на Пд абмываецца Каспійскім морам. Утворана 27.12.1943. Пл. 44,1 тыс. км². Нас. 1008,8 тыс. чал. (1994), гарадскога 70%. Цэнтр — г. Астрахань. Найб. гарады: Ахтубінск, Харабалі, Алтанжар.

Прырода. Вобласць у межах Прыкаспійскай нізіны з Волга-Ахтубінскай поймай і дэльтай Волгі. Паверхня раўнінная (б.ч. тэрыторыі ніжэй за ўзр. м., ад -2,7 м на Пн да -27,5 м на Пд). Характэрны ўзгоркавыя падняцці (саляныя купалы выш. да 150 м) і Бэраўскія бугры ў дэльце Волгі. Карысныя выкапні: кухонная соль, гіпс, нафта, газ, бішафіт. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-ра студз. ад -10 °C на Пн да -6 °C на Пд, ліп. каля 25 °C. Ападкаў каля 200 мм за год. Гал. рака Волга (з Ахтубай), падзяляецца на мноства рукавоў (больш за 800, найб. Бахтэмір, Болда, Бузан), якія ўтвараюць яе складаную дэльту. Шматлікія прэсныя (ільмені) і мінер. азёры; самае вял. салёнае возера — Баскунчак. У раслінным покрыве пераважаюць злакі (кавыль, ціпчак, жытнік), палын і салянкі паўпустыняў на светла-каштанавых саланцаватых і бурых глебах. У Волга-Ахтубінскай пойме і дэльце Волгі — пойменныя лясы, лугавая расліннасць на алювіяльных глебах; трапляюцца лотас, чылім (вадзяны арэх), зараснікі трыснягу. У водах больш за 50 відаў рыб, каля 30 — прамысловыя. У Астраханскай вобласці — Астраханскі запаведнік.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: лёгкая (трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, футравая), харч. (рыбная, агароднінакансервавая, мясная, саляная), машынабудаванне і металаапрацоўка (суднабудаванне, суднарамонт). Развіты дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, нафтагазаздабыўная (гл. Астраханскае радовішча), хім. і інш. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Пасевы збожжавых, вырошчванне агародніны, садавіны, бахчавых; асн. культуры — рыс, памідоры, кавуны (на арашальных землях). Мяса-воўнавая авечкагадоўля і мяса-малочная жывёлагадоўля. Развіты рачны і марскі транспарт. Порт — Астрахань. Чыг. лініі Астрахань—Саратаў, Астрахань—Верхні Баскунчак—Валгаград, Астрахань—Гур’еў; аўтадарогі Астрахань—Валгаград, Астрахань—Эліста і Астрахань—Кізляр.

т. 2, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАЦКІ РАЁН,

на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс. км². Нас. 27,7 тыс. чал. (1996). Сярэдняя шчыльнасць 23 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Горкі. 173 сельскія населеныя пункты. 12 сельсаветаў: Аўсянкаўскі, Будскі, Горацкі, Горскі, Добраўскі, Копцеўскі, Ленінскі, Маслакоўскі, Паршынскі, Рудкаўшчынскі, Рэкценскі, Саўскі.

Паверхня раёна пласкахвалістая, парэзаная рачнымі далінамі і ярамі. Каля ⅔ тэр. занята Аршанска-Магілёўскай раўнінай, на ПнУ — частка Смаленскага ўзвышша. Пераважаюць выш. 190—200 м, найвыш. пункт 231,4 м (каля в. Майсеева). Карысныя выкапні: торф, пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -8,2 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 640 мм за год. Вегетацыйны перыяд 183 сут. Рэкі: Проня з прытокамі Парасіца, Быстрая, Вербаўка, Галыша; Бася з прытокамі Паўна і Галубіна; Рамясцвянка, Лебядзёўка, Дняпрэц, Мярэя. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лесам 17,9% тэр. раёна (на Пн вял. масіў Горацкая лясная дача); пераважаюць яловыя, хваёвыя, бярозавыя і асінавыя лясы. Пад балотамі 4,1% тэрыторыі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 81,6 тыс. га, з іх асушаных 18,8 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 7 саўгасаў, племзавод «Леніна», элеватар (каля в. Нівішча), міжгаспадарчае прадпрыемства «Дняпрэц». Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (масласыраробнай), лёгкай (перапрацоўка льносыравіны) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Орша—Крычаў, аўтадарогі з г. Горкі на Оршу, Магілёў, Мсціслаў. На тэр. раёна знаходзіцца Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія і пед. вучылішча (в. Леніна). У раёне 12 сярэдніх, 6 базавых і 10 пач. школ, 2 муз. школы, 16 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 27 б-к, 6 бальніц, 21 фельч.-ак. пункт. Помнікі архітэктуры — рэшткі касцёла (пач. 19 ст.) і сядзіба (канца 19 ст.) у в. Расна. Мемар. комплекс і музей савецка-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна. Выдаецца газ. «Ленінскі шлях».

т. 5, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБА́Р (Ігар Эмануілавіч) (25.3.1871, Будапешт — 16.5.1960),

расійскі жывапісец і мастацтвазнавец. Нар. мастак СССР (1956). Акад. АН СССР (1943), АМ СССР (1947). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1894—96) у І.Рэпіна, маст. школе А.​Ажбе (1896—98) у Мюнхене. У 1913—25 узначальваў Траццякоўскую галерэю. Выкладаў у Маскоўскім ун-це (праф. з 1921), маст. ін-це (1937—43, дырэктар). У 1944—60 дырэктар Ін-та гісторыі мастацтваў АН СССР. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва» і «Саюз рускіх мастакоў». Раннія творы выкананы пад уплывам югендстылю («Дама з сабачкам», 1899). У пач. 1900-х г. творча выкарыстоўваў метады імпрэсіянізму, ствараў жыццесцвярджальныя, мажорныя пейзажы («Вераснёўскі снег», 1903; «Белая зіма», «Грачыныя гнёзды», «Сакавіцкі снег», «Лютаўскі блакіт», усе 1904). У пейзажах пазнейшага часу відавочна імкненне да абагульненых вобразаў («Ясны восеньскі вечар», 1923; «Зімні сонечны дзень», 1941). Выканаў партрэты дзеячаў культуры (М.​Дз.​Зялінскага, 1923, М.​В.​Марозава, 1934, С.​А.​Чаплыгіна, 1935, С.​С.​Пракоф’ева, 1941), пісаў карціны на гісторыка-рэв. тэмы. Аўтар манаграфічных даследаванняў пра рус. мастакоў Феафана Грэка, А.​Рублёва, В.​Сярова і інш. Па ініцыятыве і пры ўдзеле Грабара выдавалася першая «Гісторыя рускага мастацтва» (т. 1—6, 1909 — 16); адзін з аўтараў «Гісторыі рускага мастацтва» (т. 1—13, 1953—69). Адзін з заснавальнікаў рэстаўрацыйнай справы, аховы помнікаў мастацтва і даўніны. У Нац. маст. музеі Беларусі 7 твораў Грабара, у т. л. «Водблеск світання» (1904), аўтапартрэт у сінім касцюме (1935) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

И.​И.​Левитан: Жизнь и творчество. М., 1913 (разам з С.​Глаголем);

Репин. Т. 1—2. М., 1963—64;

О древнерусском искусстве. М., 1966;

О русской архитектуре. М., 1969;

В.​А.​Серов. 2 изд. М., 1980;

Письма. [Т. 1—3]. М., 1974—83.

Літ.:

Егорова Н.В. И.​Э.​Грабарь. М., 1979.

М.​Л.​Цыбульскі.

І.Грабар. Лютаўскі блакіт. 1904.

т. 5, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)