МІКЛАШЭ́ЎСКІ (Яўген Васілевіч) (н. 9.8.1936, в. Лыскі Падляскага ваяв., Польшча),
бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Пінскае пед. вучылішча (1957). Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це замежных моў (1962—66). Настаўнічаў. З 1972 у час. «Родная прырода», «Маладосць», з 1981 літкансультант СП Беларусі, у 1991—98 у час. «Тэатральная Беларусь». Друкуецца з 1959 (да 1981 пад псеўд. Яўген Верабей). У лірыцы ўслаўляе прыгажосць роднага краю, каханне, адлюстроўвае духоўны свет чалавека, роздум над сэнсам жыцця (зб-кі «Свежасць», 1968; «Світальны водбліск», 1981; «У спрадвечным руху», 1985; «Зара-заранка, зара-вячэрніца», 1989). Прыхільнік паэт. прозы, вострасюжэтных псіхал. твораў. Маральна-этычныя праблемы, жыццё школы ў аповесці «Чатыры Дарогі» (1979). Аўтар аповесці пра лёс настаўніцы «Мёртвая Крыніца» (1988), рамана-даследавання «Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» (1991, Літ. прэмія імя І.Мележа, 1996), п’ес «Чарга» (1992), «Натуршчыца, або Прэзентацыя відэатэатра» (1996). Кн. сатыры і гумару «Ганна з Пухавіч» (1976). На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пушкіна, М.Лермантава, С.Ясеніна, М.Забалоцкага, А.Міцкевіча, Р.Кіплінга, Э.Хемінгуэя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗАЛО́ГІЯ (ад грэч. nosos хвароба + ...логія),
навука, якая вывучае медыка-біял. асновы, этыялогію і патагенез хвароб чалавека і жывёл з мэтай іх універсальнай класіфікацыі. Вылучае назалагічныя адзінкі, або назалагічныя формы (у медыцыне іх больш за 20 тыс.), з пэўнымі прычынай (гал. крытэрый), тыповымі вонкавымі праявамі (сімптамакомплексам), спецыфічнымі структурна-функцыян. парушэннямі ў органах і тканках і механізмам развіцця (могуць выкарыстоўвацца і інш. крытэрыі). Звязана з паталогіяй, мікрабіялогіяй, цыталогіяй, біяхіміяй, генетыкай, малекулярнай біялогіяй і інш. Вызначае падыходы ў дыягностыцы, лячэнні, прафілактыцы.
Зараджэнне Н. як навукі звязана з працамі італьян. вучонага Дж.Марганьі (1-я навук. класіфікацыя хвароб, 1761) і франц. вучонага М.Біша. У 2-й пал. 19 ст., з развіццём паталаг. анатоміі і бактэрыялогіі, клінічны крытэрый групавання хвароб (сімптомыабосіндромы) дапоўнены марфалагічным і этыялагічным. У канцы 19 ст. вылучаны асн. назалагічныя формы. Уклад у развіццё Н. зрабілі К.Бернар, Р.Вірхаў, Л.Пастэр, І.П.Паўлаў, Л.Полінг, А.Дз.Спяранскі, І.В.Давыдоўскі, кан. вучоны Г.Селье і інш.
Літ.:
Царегородцев Г.И., Кротков Е.А., Боголюбов В.М. О понятии нозологической формы заболевания // Терапевтич. архив. 1976. Т. 48, № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАКЛАДНЫ́Я ВЫДА́ТКІ,
выдаткі, звязаныя з арганізацыяй, кіраваннем і абслугоўваннем вытворчасці. Уключаюць выдаткі: адміністрацыйна-гаспадарчыя (зарплата і сац. адлічэнні работнікаў апарата кіравання, канцылярскія, друкарскія, паштова-тэлеграфныя і інш.), на абслугоўванне работнікаў (зарплата і сац. адлічэнні рабочых асн. вытв-сці і занятых эксплуатацыяй і абслугоўваннем машын і абсталявання, страты ад эксплуатацыі жылога фонду і інш.), н а арганізацыю работ (амартызацыйныя адлічэнні, арэндная плата і інш.). Пераход прадпрыемстваў на міжнар. стандарты і сусв. практыку ўліку прадугледжвае падзел выдаткаў на ўмоўна-пераменныя (непасрэдна звязаны з вытв. працэсам і напрамую залежаць ад аб’ёму выпушчанай прадукцыі (работ, паслуг) і ўмоўна-пастаянныя (сукупнасць выдаткаў на кіраванне, гасп. абслугоўванне, збыт прадукцыі, якія залежаць ад працягласці справаздачнага перыяду). На прадпрыемствах з разнароднай прадукцыяй Н.в. з’яўляюцца ўскоснымі, бо размяркоўваюцца па аб’ектах калькуляцыі прапарцыянальна якой-н. умоўнай падставе (прамой зарплаце рабочых, сабекошту або колькасці затрачаных на вытв-сцьасн. матэрыялаў і інш.) і не могуць быць аднесены непасрэдна на пэўны выраб або від работ. На прадпрыемствах, якія вырабляюць адзін від прадукцыі (напр., гідраэлектрастанцыі, вугальныя шахты), Н.в. з’яўляюцца прамымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РАЎСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ, беларускае зледзяненне, ясельдзінскае зледзяненне,
першае раннеантрапагенавае зледзяненне на тэр. Беларусі. Адбылося пасля брэсцкага перадледавікоўя каля 690—600 тыс.г. назад. Ледавік ахапіў амаль усю тэр. Беларусі за выключэннем некаторых участкаў на Пд. У час Н.з. ўзніклі астраўныя ўзвышшы на месцы сучасных Гродзенскага, Ваўкавыскага, Навагрудскага і Мінскага ўзвышшаў, а таксама шматлікія лагчыны ледавіковага выворвання і размыву. Ледавіковыя (асноўная, канцавая і інш.марэны) водна-ледавіковыя, азёрна-ледавіковыя і перыгляцыяльныя адклады захаваліся пераважна ў межах Беларускай грады і ў днішчах лагчын. Магутнасць адкладаў да 50—70 м. Марэны складзены з супеску і суглінку са жвірам, галькай і валунамі, утвораны са скандынаўскага, прынесенага ледавіком, і мясц. матэрыялу, у т. л. адорвені палеагенавых, мелавых і інш. парод. У складзе абломкаў найбольш асадкавых парод (70—80%), сярод крышталічных пераважаюць ружовыя граніты, парфірыты і інш. Паводле інш. меркаванняў Н.з. магло складацца з 2 самаст. зледзяненняў — уласна нараўскага і ясельдзінскага, падзеленых карчоўскім міжледавікоўем. Н.з. або яго частка адпавядае гюнцкаму (або міндэльскаму-1) зледзяненню ў Альпах, эльстэрскаму-1 у Германіі, санскаму-1 у Польшчы, данскому ў еўрап.ч. Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА (лац. norma правіла, узор),
межы, у якіх прадметы, з’явы, прыродныя і грамадскія сістэмы, віды чалавечай дзейнасці і зносін захоўваюць свае якасці, функцыі, формы ўзнаўлення. Адлюстроўвае тое, што існуе або павінна існаваць. Канкрэтызуецца ў правілах, узорах, загадах: устаноўленая мера чаго-н. (нормы працы, норма промыслу і інш.) або сярэдняя велічыня сукупнасці выпадковых падзей, з’яў (норма рэакцыі, Н. прыбытку і інш.); загад, устаноўлены парадак, прынцып, агульнае правіла, узор (нормы сацыяльныя, Н. літ. мовы і інш.); форма рэгуляцыі паводзін у сац. (норма права, нормы маральныя), біял., тэхн. і інш. сістэмах. Вылучаюць неразвітыя Н. (імператыў не вызначаны), «мёртванароджаныя» (імператывы не маюць дастатковых сац., культурных і інш. падстаў), Н.-фікцыі (умоў для дзеяння Н. ўжо няма, аднак яна яшчэ нясе знакавыя нагрузкі), Н.-фантомы (забаронена, аднак яшчэ дзейнічае) і інш. З развіццём грамадства праблематыка Н. мяняецца. У індустр. і постіндустр. грамадствах ускладняюцца Н., якія рэгулююць прыродныя і тэхн. сістэмы. Н. сацыяльныя ўсё больш становяцца прынцыпам арганізацыі ўзаемаадносін паміж людзьмі і менш за ўсё ўзорам, формай. У сучасным грамадстве Н. — сацыякультурныя праграмы, якія павінны адпавядаць узроўню развіцця тэхнікі, тэхналогій, а таксама стану прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКА́НЦЛЕР,
службовая асоба ў ВКЛ у 15—18 ст., намеснік канцлера. Замяшчаў канцлера ў кіраванні дзярж. канцылярыяй, вёў (як і канцлер) замежныя і ўнутр. справы, кіраваў працай пісараў і сакратароў у канцылярыі ВКЛ, быў хавальнікам малой дзярж. пячаткі. Паводле загаду вял. князя ВКЛ выдаваў асобам дзярж. дакументы за сваім подпісам і малой пячаткай. Першым вядомым П. быў кн. Б.Глінскі — П. вял.кн. Свідрыгайлы ў 1446. Афіцыйна як пастаянная пасада ўведзена ў ВКЛ 11.3.1566 у сувязі з пашырэннем справаводства ў велікакняжацкай канцылярыі і неабходнасцю знаходжання канцлера ў сталіцы для зацвярджэння найважнейшых дзярж. дакументаў. На яе быў прызначаны А.Б.Валовіч. Канцлер або П. суправаджалі вял. князя ў інш. гарады і мясцовасці або за мяжу, каб зацвярджаць дзярж. дакументы. П. прымалі ўдзел у падрыхтоўцы дзярж. законапраектаў і іх канчатковым рэдагаванні, кіравалі камісіяй па падрыхтоўцы Статута ВКЛ 1588. На пасаду П. прызначаліся буйныя феадалы, якія спалучалі з ёй інш.дзярж. пасады, мелі адукацыю і практычны вопыт дзярж., суд. ці канцылярскай службаў. З 16 ст. П. быў хавальнікам дзярж. архіўных актаў — Метрыкі Вялікага княства Літоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДПАРА́ДКАВАННЕў граматыцы,
від сінтаксічнай сувязі слоў або цэлых прэдыкатыўных адзінак (сказаў). П. (падпарадкавальная сувязь), у процілегласць злучэнню звязвае 2 нераўнапраўныя (неаднатыпныя і рознафункцыянальныя) моўныя адзінкі ў адно цэлае: словазлучэннеабоскладаназалежны сказ. П. рэалізуе толькі закрытыя сінтакс. канструкцыі. Пры П. адзін кампанент выступае як граматычна незалежны, галоўны, а другі — як залежны, падпарадкаваны галоўнаму. У бел. мове ў межах простага сказа П. рэалізуецца пераважна як дапасаванне («яснае неба»), кіраванне («будую дом», «ідуць па дарозе») ці прымыканне («хутка ехаць»), У межах складаназалежнага сказа П. перадае розныя сэнсавыя адносіны паміж гал. і даданай часткамі і выражаецца з дапамогай падпарадкавальных злучнікаў ці інш. слоў і спалучэнняў, што выступаюць у функцыі злучнікаў («бо», «каб», «калі», «дзе», «што», «які», «як толькі» і інш.). Падпарадкавальныя злучнікі заўсёды ўваходзяць у склад даданай часткі складаназалежнага сказа і з’яўляюцца паказчыкам яе грамат. формы. Дапаможным сродкам пры П. ў складаназалежным сказе могуць быць карэляты (суадносныя словы), якія знаходзяцца ў складзе гал. часткі («А дзе тая крынічанька, што голуб купаўся?» З нар.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КРЫЎНЫЯ ТКА́НКІ,
вонкавыя ўтварэнні арганізма на мяжы са знешнім асяроддзем. Асн. функцыі П.т. — ахова, абмен рэчываў (у т. л. газаабмен, транспірацыя), тэрмарэгуляцыя, дотык, выдаленне, часам жыўленне (напр., у стужачных чарвей, скрэбняў, паганафор). У раслін адрозніваюць П.т. першасныя і другасныя. Першасныя (эпідэрміс, або эпідэрма, і эпіблема) вылучаюцца з пратадэрмы. Эпідэрма развіваецца на парастках, лісці, ч. кветак, пладах, насенні; сценкі яе клетак укрыты кутыкулай. Эпіблема ўтвараецца на канцы кораня, выконвае функцыі двухбаковапранікальнай мембраны. Пасля яе адмірання абарончую функцыю выконвае экзадэрма, якая адасабляецца з вонкавых слаёў клетак першаснай кары. У голанасенных і двухдомных раслін на сцёблах і каранях першасныя П.т. замяняюцца на другасныя — корак (вытворнае фелагену), непранікальны для газападобных і вадкіх рэчываў. Ён уваходзіць у склад перыдэрмы, газаабмен у якой адбываецца праз рыхлыя ўчасткі — чачавічкі. У жывёл П.т. складаюцца з покрыўнага (скурнага) эпітэлію (эпідэрмісу). У некат. з іх (немертыны, галаваногія малюскі, пазваночныя) у састаў П.т. уваходзіць мезадэрмальны злучальнатканкавы слой, абодэрма. Для П.т. жывёл характэрны вытворныя: валасы, хіцін панцыра членістаногіх, кутыкула, ракавіны малюскаў, луска, пер’е, кіпцюры, пазногці, скурныя залозы і інш. З П.т. звязаны пігментныя клеткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЯМІЭЛІ́Т (ад грэч. polios шэры + myelos спінны мозг),
хвароба Гейнэ-Медзіна, эпідэмічны дзіцячы параліч, вострая інфекцыйная хвароба, якая пашкоджвае нерв. сістэму, пераважна шэрае рэчыва спіннога мозга. Бывае ад лёгкіх форм (катаральныя з’явы) да цяжкіх паралічаў. Пашыраны сярод дзяцей. Узбуджальнік — паліявірус (3 незалежных тыпаў). Крыніца інфекцыі — хворы на П. або вірусаносьбіт. Заражэнне адбываецца праз стрававальна-кішачны тракт і паветрана-кропельным шляхам. Вірус размнажаецца ў лімфатычным глотачным кольцы, рэгіянарных лімфатычных вузлах, пранікае ў кроў. Адрозніваюць непаралітычныя формы П., падобныя да менінгітуабо да вострага кішачнага расстройства, і паралітычныя (спінальная, бульбарная, панцінная), калі развіваюцца вялыя парэзы і паралічы мышцаў, назіраюцца асіметрычныя паралічы ног, рук, плечавога пояса; аднаўленчы перыяд 2 гады, аднак у 50% хворых на П. развіваецца пажыццёвая інваліднасць (укарачаюцца канечнасці, адбываецца атрафія мышцаў). Для папярэджання П. праводзіцца вакцынацыя дзяцей. Лячэнне сімптаматычнае. На Беларусі значны ўклад у ліквідаванне П. зрабілі Э.Ф.Фельдман, Х.А.Протас. У канцы 1990 — пач. 2000-х г. П. ліквідуецца як інфекц. хвароба, што выклікаецца «дзікім» (завозным) штамам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́СЦІЛКА,
узорыстатканы выраб утылітарнага, дэкар., а ў мінулым і абрадавага прызначэння; від тканін мастацкіх. Пашырана ў многіх народаў свету. На Беларусі тэхнікай выканання, памерам, кампазіцыйна-арнаментальным вырашэннем блізкая да дывана. Выкарыстоўваецца для накрывання, засцілання ложка, выязных вазка і саней, у якасці дывана. Традыц. П. ткалі ў 3—4 ніты або перабіранай («на дошчачку», «на матузы» і інш.) ці шматнітовай тэхнікай ткацтва. Паводле формы прамавугольныя (1,5—2,3 мдаўж., 0,9—1,5 мшыр.) з 2—3 (радзей аднаго) кавалкаў тканіны з ільняных або ваўняных (ці аснова льняная, уток ваўняны) нітак. Вызначаліся разнастайнасцю арнаментальных кампазіцый: ад геам. да расл. матываў, утвораных спалучэннем 2 і болей колераў. Стрыманы каларыт ранейшых па часе П. характарызаваўся выкарыстаннем натуральных колераў матэрыялу і адценняў фарбаў, якія рабілі ў хатніх умовах з кары дрэў, раслін і г.д. Грубатканую П. наз. радзюжкай. Цяпер П. вырабляюцца асобнымі майстрамі, а таксама фабрыкамі маст. вырабаў.