БЭ́КАН (Bacon) Фрэнсіс (22.1.1561, Лондан — 9.4.1626),

англійскі філосаф, пачынальнік матэрыялізму і метадалогіі доследнай навукі. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1575). У 1618—21 лорд-канцлер пры каралю Якаве I. У трактаце «Новы Арганон» (1620) развіў новае разуменне задач навукі і асновы навук. індукцыі. Лічыў, што ўладу над прыродай можа даць чалавеку толькі навука, якая спасцігае сапраўдныя прычыны з’яў і не абмежавана схаластыкай, дагматызмам, не з’яўляецца павярхоўным, неасэнсаваным збіраннем фактаў; такая навука павінна рацыянальна перапрацоўваць факты, усебакова абагульняць іх з дапамогай індукцыі, аснова якой — эксперымент. Паводле Бэкана, шляхам «эксперыментуючага ўспрымання» праз індукцыю можна прыйсці да агульнага вываду або закону. Перашкодай у дасягненні сапраўдных ведаў з’яўляюцца спадчынныя і набытыя «ідалы» (памылковыя думкі), а ісціна абумоўлена ўсім быццём свайго часу і яе нельга прывязваць ні да асобнага прыродазнаўцы, ні да метаду. Філасофію разумеў як «пазнанне з натуральных прычын» і як «агульную маці ўсіх іншых навук»; павярхоўная філасофія схіляе чалавека да бязбожнасці, а глыбінная — да рэлігіі. Паводле паліт. поглядаў быў прыхільнікам абсалютнай манархіі, ваен. і паліт. магутнасці нац. дзяржавы, арганізацыі і планавання вытворчасці, укаранення ў гаспадарку і быт. дасягненняў навукі і тэхнікі. Аўтар утопіі «Новая Атлантыда» (1617).

Тв.:

The works. Vol. 1—14. London, 1857—74;

Рус. пер. — Соч. Т. 1—2. 2 Изд. М., 1977—78.

В.​М.​Пешкаў.

т. 3, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАБАЛІ́ЗМ (ад грэч. anabolē уздым), асіміляцыя,

сукупнасць хім. працэсаў у жывым арганізме, якія забяспечваюць біял. сінтэз патрэбных для жыцця складаных рэчываў (бялкоў, поліцукрыдаў, тлушчаў, нуклеінавых кіслот і інш.) з больш простых. Накіраваны на ўтварэнне і абнаўленне структурных частак клетак і тканак. Непарыўна звязаны з катабалізмам (процілеглы працэс) і ўтварае з ім хім. аснову прамежкавага абмену рэчываў і абмену энергіі (забяспечвае яе назапашванне) у арганізме. Аўтатрофныя арганізмы (зялёныя расліны і некаторыя грыбы) здольныя ажыццяўляць першасны сінтэз арган. злучэнняў з CO2 з выкарыстаннем вонкавых крыніц энергіі (сонечнага святла, акіслення неарган. рэчываў), гетэратрофныя — толькі за кошт энергіі, якая вызваляецца ў працэсах катабалізму. Колькасць зыходных кампанентаў для біясінтэзу абмежаваная (глюкоза, рыбоза, амінакіслоты, піравінаградная кіслата, гліцэрына, ацэтылкаэнзім анабалізму і інш.). Як правіла, анабалізм забяспечваецца спецыфічным наборам ферментаў і ўключае шэраг аднаўленчых этапаў. У працэсе анабалізму кожная клетка сінтэзуе характэрныя для яе бялкі, вугляводы, тлушчы і інш. злучэнні (напр., мышачныя клеткі сінтэзуюць уласны глікаген і не скарыстоўваюць глікаген печані). У высокаарганізаваных арганізмаў у рэгуляцыі анабалізму на ўзроўні клетачнага абмену рэчываў акрамя ферментаў удзельнічаюць гармоны і інш. біял. актыўныя рэчывы, нерв. сістэма (гл. Нейрагумаральная рэгуляцыя). Многія прыродныя і сінтэтычныя рэчывы (анаболікі) здольныя павышаць узровень анабалізму, іх выкарыстоўваюць для штучнага нарошчвання мышачнай масы цела ў спорце (праблема допінг-кантролю), таксама як лек. сродкі ў тэрапіі хвароб абмену рэчываў.

т. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

асобныя хім. злучэнні ці сумесі, здольныя пры знешнім уздзеянні (награванне, удар, трэнне і інш.) да хуткай самараспаўсюджвальнай хім. рэакцыі з утварэннем газу і выдзяленнем вял. колькасці цеплыні. Да выбуховых рэчываў адносяцца пераважна нітразлучэнні (трынітраталуол, гексаген, актаген, тэтрыл, нітрагліцэрына, нітраты цэлюлозы і інш.) і солі неарган. кіслот (нітрат амонію, перхларат амонію, азід свінцу). Выкарыстоўваюць сумесі выбуховых рэчываў аднаго з адным ці з гаручымі рэчывамі (гл. Аманіты, Дынаміты, Дынамоны, Порахі). Выбуховыя рэчывы небяспечныя ў абыходжанні. Пры іх захоўванні, транспарціроўцы і выкарыстанні неабходны спец. меры засцярогі.

Хім. рэакцыя, якая ўзнікае ў абмежаваным аб’ёме выбуховых рэчываў, распаўсюджваецца па яго масе ў рэжыме дэтанацыі ці гарэння. Па выбуховых уласцівасцях (умовах пераходу гарэння ў дэтанацыю) і абумоўленых імі галінах выкарыстання выбуховыя рэчывы падзяляюць на ініцыіруючыя (першасныя), брызантныя (другасныя) і порахі (кідальныя). Ініцыіруючыя выбуховыя рэчывы лёгка загараюцца, гарэнне хутка пераходзіць у дэтанацыю пры атм. ціску. Выкарыстоўваюць для ўзбуджэння выбуховага пераўтварэння інш. выбуховых рэчываў. Брызантныя выбуховыя рэчывы больш інертныя, іх гарэнне можа перайсці ў дэтанацыю толькі пры наяўнасці трывалай абалонкі ці вял. колькасці рэчыва. Выкарыстоўваюцца для прамысл. выбуховых работ, як начынка боепрыпасаў і інш. Порахі пры гарэнні не дэтануюць нават пры высокім (сотні МПа) ціску. Выкарыстоўваюць у ствольнай зброі, як цвёрдае ракетнае паліва.

т. 4, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАЛАГІ́ЗМ (ад неа... + грэч. logos слова),

слова або спалучэнне слоў, утвораныя для абазначэння новых прадметаў, паняццяў, з’яў ці для замены іх старых назваў. Напр., «газамабіль» (аўтамабіль, які працуе на газавым паліве). Прыналежнасць слоў да Н. — уласцівасць адносная і гістарычная. З часам Н. ўваходзяць у актыўны слоўнікавы склад лексікі і перастаюць успрымацца як новыя словы («саўгас», «касмадром» і інш.), або, наадварот, пераходзяць у разрад гістарызмаў («камбед»), Н. — пераважна назоўнікі, радзей — прыметнікі, дзеясловы; сярод займеннікаў, лічэбнікаў, службовых слоў не сустракаюцца. Н. падзяляюць на лексічныя, якія выступаюць у мове як назвы прадметаў, з’яў («гагарыніт»), і семантычныя — новыя значэнні вядомых слоў: «банк» (у выразе «банк новых ідэй»), Лексічныя і семантычныя Н. ўваходзяць у лексічную сістэму мовы і з’яўляюцца агульнамоўнымі. У бел. мове сярод сучасных Н.: «луніт», «гідробус», «акванаўт», «брыфінг» і інш. Шырокае распаўсюджанне атрымалі індывідуальна-стылістычныя, або аўтарскія, Н. — аказіяналізмы, якія створаны пісьменнікамі, грамадскімі дзеячамі толькі ў пэўным кантэксце. Напр., «заістужыць», «распарасоніцца» (У.​Дубоўка), «грыбазбіры» (П.​Панчанка), «ад’юбілеіць» (В.​Вітка). Асобныя аўтарскія Н. могуць пераходзіць у катэгорыю агульнаўжывальных слоў.

Літ.:

Брагина А. Неологизмы в русском языке. М., 1973;

Новые слова и словари новых слов. Л., 1978—83;

Казейка І.П. Паняцце неалагізма ў сучасным мовазнаўстве // Бел. лінгвістыка. Мн., 1988. Вып. 34.

т. 11, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАПАЗІТЫВІ́ЗМ,

адзін з асн. кірункаў філасофіі 20 ст.; форма пазітывізму. Узнік у 1920-я г. ў Аўстрыі, Германіі, Польшчы як спроба лагічна абгрунтаваць навук. веды. З сярэдзіны 1930-х г. яго цэнтрамі сталі Вялікабрытанія і ЗША. Асн. ідэі Н. бяруць пачатак у эмпірызме і фенаменалізме (Дж.Берклі, Д.Юм). Н. лічыць прадметам філасофіі мову, найперш мову навукі як спосаб выражэння ведаў, а таксама дзейнасць па аналізе гэтых ведаў. Ідэі Н. знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці Венскага гуртка, на аснове якога склаўся лагічны пазітывізм (М.​Шлік, Р.Карнап, О.​Нейрат), і яго прыхільнікаў у Германіі (Р.​Мізес, Г.​Рэйхенбах), Вялікабрытаніі (Л.Вітгенштэйн, А.​Дж.​Аер, К.Попер), ЗША (Ч.​Морыс) і інш. Метадам ачышчэння філасофіі ад «метафізікі» быў прызнаны т.зв. прынцып верыфікацыі, паводле якога праверка навук. асэнсаванасці і сапраўднасці выказванняў адбываецца шляхам параўнання іх з фактамі вопыту. На сучасным этапе існуюць 2 асн. разнавіднасці Н. — «лінгвістычны аналіз» у Вялікабрытаніі (Дж.​Осцін, Г.​Райл, П.​Стросан і інш.) і аналітычная філасофія ў ЗША (У.​Куайн, Н.​Гудмен, А.​Пап, М.Уайт і інш.). Лінгвістычны Н. выключае са сферы аналізу не толькі метафізічныя пытанні, але і філас. праблемы мовы навукі; мэтай аналізу лічыць разуменне характару ўжывання звычайнай мовы. Н. адыграў значную ролю ў развіцці сучаснай логікі, семіётыкі і філасофіі навукі. Гл. таксама Канвенцыяналізм, Лагічны атамізм.

т. 11, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВА НА ЖЫЦЦЁ,

адно з асноўных асабістых правоў чалавека, якое абараняецца міжнар. правам і канстытуцыямі большасці дэмакр. краін. Змест П. на ж. шматгранны і адрозніваецца ў розных дзяржавах. Там, дзе смяротная кара адменена (Аўстралія, Аўстрыя, ФРГ, Францыя і яшчэ больш як 40 дзяржаў), П. на ж. азначае, што ні адзін чалавек ні за якія дзеянні не можа быць пазбаўлены жыцця. У краінах, дзе існуюць розныя рэжымы захавання смяротнай кары(прымяненне смяротнай кары, выкарыстанне яе ў выключных выпадках, адмаўленне ад яе прымянення на практыцы), пад П. на ж. разумеецца, што ніхто не можа быць пазбаўлены жыцця без неабходнай прававой працэдуры. У шэрагу канстытуцый П. на ж. канкрэтызуецца пералікам пэўных злачынстваў, за якія можа быць устаноўлена законам смяротная кара, а таксама кола асоб, да якіх яна не можа прымяняцца (напр., жанчыны, непаўналетнія). Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, разам з абвяшчэннем П. на ж. робіць агаворку, што «смяротная кара да яе адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суда», і ўдакладняе, што да гэтай меры пакарання не могуць быць асуджаны асобы, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, жанчыны, а таксама мужчыны, якія дасягнулі на дзень вынясення прыгавору 65 гадоў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАФІЗІ́ЧНАЯ ПРАБЛЕ́МА,

у шырокім сэнсе — пытанне пра суадносіны псіхічных і фізічных з’яў; у вузкім — пра суадносіны псіхічных і фізіялагічных (нервовых) працэсаў. Думка пра залежнасць псіхікі (душэўных выяўленняў) ад прыроды і цела з’явілася ўжо ў стараж.-грэч. натурфіласофіі. Навук. распрацоўка П.п. пачалася ў філасофіі 17 ст., калі ўсталявалася механіст. карціна свету і псіхічныя з’явы разглядаліся як неаддзельныя ад цела і падпарадкаваныя законам сусвету. Узніклі 2 процілеглыя варыянты вырашэння П.п.: псіхафізічнае ўзаемадзеянне (Р.​Дэкарт) і псіхафізічны паралелізм (Г.​Лейбніц). Паводле Дэкарта, свядомасць з’яўляецца субстанцыяй, якая адрозніваецца ад цела, але, з аднаго боку, залежыць ад яго (пры афектах, адчуваннях і інш.), з другога — уздзейнічае на цела (напр., пры валявым намаганні). Прыхільнікі псіхафіз. паралелізму сцвярджалі, што псіхічныя і фіз. працэсы працякаюць паралельна, без узаемадзеяння (Н.​Мальбранш, Д.​Гартлі). Ідэя псіхафіз. паралелізму набыла папулярнасць у 19 ст. Але вучэнне Ч.​Дарвіна патрабавала разумець псіхіку як актыўны рэгулятар жыццёвых працэсаў. Узніклі новыя канцэпцыі П.п.; атаясамліванне псіхічнага і фізічнага і іх адрозненне толькі па функцыях, «комплексных адчуваннях» (У.​Джэмс, Э.​Мах); сцвярджэнне невырашальнасці П.п. навук. сродкамі (гл. Неапазітывізм). На стыку псіхалогіі і нейрафізіялогіі вылучылася псіхафізіялогія, якая вывучае розныя формы залежнасці псіхічных актаў ад іх фіз. субстрату і ролю гэтых актаў у арг-цыі і рэгуляцыі жыццядзейнасці.

т. 13, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ДЫНА́МІКА,

змяненне колькасных характарыстык і якаснай структуры эканомікі ў выніку яе развіцця. Адрозніваюць 2 віды Э.д.: макраэканамічную — развіццё на нац. узроўні і мікраэканамічную — змены ў часе асобных лакальных яе звёнаў (рынкаў, фірм). Паняцці «статыка» і «дынаміка» ўвёў амер. эканаміст, заснавальнік гранічнай прадукцыйнасці і капіталу тэорыі Дж.Кларк, які лічыў, што дынаміка здольная растлумачыць пераход ад аднаго раўнаважнага стану эканомікі да другога і вызначыць прычыны парушэння раўнавагі (неадпаведнасць попыту і прапаноў, галіновыя дыспрапорцыі і г.д.). Тэорыя Э.д. ўзнікла ў канцы 1930-х г. (Е.​Домар, Дж.​Робінсан, А.​Хансен, Д.​Харыд). Яна абгрунтоўвае ўзаемасувязь і ўзаемазалежнасць асн. катэгорый расшыранага ўзнаўлення. Уключае некалькі канцэпцый, у т. л. кумулятыўнага попыту (інвестыцыйная тэорыя), якая трактуе механізм расшыранага ўзнаўлення як тэхніка-эканам. працэс і ўзаемасувязь паміж накапленнем і спажываннем разглядае праз дзеянне сістэмы акселератар — мультыплікатар. Сродак пераадолення спаду пры дасягненні мяжы занятасці — меры дзярж. рэгулявання ў рамках «убудаваных стабілізатараў»; падаходнага падаткаабкладання, зарплаты, рознічных цэн, страхавання, дапамогі па беспрацоўю і інш. У тэорыі зберажэнняў працэс накаплення разглядаецца як сукупны вынік індывід. зберажэнняў (для задавальнення патрэбнасцей чалавека на працягу яго жыцця і для перадачы спадкаемцам). Канцэпцыя ўраўнавання эканамічнай дынамікі — формулы расшыранага ўзнаўлення, ураўнавання накаплення капіталу, што адлюстроўваюць рух толькі назапашанай часткі прыросту прадукцыі.

Г.​А.​Шмарлоўская.

т. 18, кн. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСТЭРЫЯРЫЗА́ЦЫЯ (франц. extériorisation выяўленне, праяўленне, ад лац. eksterior вонкавы, знешні),

у псіхалогіі гэта праяўленне ўнутр. псіхічнага жыцця чалавека ў знешніх (знакавых і сац.) формах свайго існавання: разнастайныя пачуцці і думкі і ў штодзённым жыцці кожнага чалавека, і ў творчасці вучоных, пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва і інш. Напр., рэалізацыя вынаходнікамі сваіх задум у той ці інш. канструкцыі, выражанай прадметна або графічна; узнаўленне мастакамі ў выглядзе малюнкаў вобразаў, якія ствараюцца першапачаткова ўнутр. позіркам; запіс або графічнае адлюстраванне схем пры вырашэнні вучэбных задач. Э. ажыццяўляецца не толькі на завяршальным этапе дзейнасці, але і ў ходзе яго, у прамежкавых звёнах паміж задумкай і поўнай рэалізацыяй. Як кірунак разумовай дзейнасці Э. процілеглая інтэрыярызацыі — пераходу знешніх практычных дзеянняў ва ўнутр. псіхічны план. На арган. ўзаемасувязь абодвух працэсаў упершыню звярнуў увагу Л.С.Выгоцкі. Паводле яго культ.-гіст. тэорыі паводзін, чалавек авалодвае сабой як адной з сіл прыроды, атрымліваючы інфармацыю звонку пры дапамозе сістэмы знакаў, якія ствараюцца культурай; г.зн. усякая сапраўды чалавечая форма псіхікі першапачаткова складваецца са знешняй сац. формы зносін паміж людзьмі, а потым увасабляецца ў працэсах Э. асобнага індывіда. Праблемы Э. распрацоўваюцца ў працах А.М.Лявонцьева, П.​Я.​Гальперына і інш.

Літ.:

Выготский Л.С. История развития психических функций. М., 1953;

Леонтьев А.Н. Проблемы развития психики. 4 изд. М., 1981.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 18, кн. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́РЫЙ ЯРАСЛА́ВІЧ (?—11627),

князь тураўскі і пінскі. Сын Яраслава Святаполчыча, унук кіеўскага і тураўскага кн. Святаполка Ізяславіча. У летапісах упамінаецца з 1149, калі быў даверанай асобай і служылым князем у Юрыя Уладзіміравіча Далгарукага; па яго загадзе ў 1155 беспаспяхова намагаўся захапіць г. Луцк у кн. Мсціслава Ізяславіча. Відаць, у 1157 авалодаў Туравам і Пінскам як сваёй родавай спадчынай. Вывядзенне Ю.Я. гэтых зямель з-пад улады кіеўскіх князёў азначала аднаўленне незалежнасці Тураўскага княства і панавання там дынастыі Ізяславічаў. У 1158 вял. кіеўскі кн. Ізяслаў Давыдавіч арганізаваў супраць Ю.Я. вял. паход, у якім прынялі ўдзел галіцкія войскі, у т. л. луцкі кн. Яраслаў Ізяславіч, Яраполк Андрэевіч, Рурык Расціславіч са смаленскімі атрадамі, Уладзімір Мсціславіч, полацкія войскі і качэўнікі-берандзеі. У 1160 Ю.Я. ажыццявіў паход на сваіх паліт. праціўнікаў, намагаўся захапіць г. Выр у Пераяслаўскім княстве і г. Зарыты ў Чарнігаўскім княстве. У тым жа годзе вытрымаў у Тураве 3-тыднёвую аблогу валынскіх князёў Мсціслава і Яраслава Ізяславічаў, Яраполка і Уладзіміра Андрэевічаў. Толькі ў 1162 вял. кіеўскі кн. Расціслаў Мсціславіч заключыў мір з Ю.Я. Відаць, у хуткім часе пасля гэтага Юрый памёр, бо ў 1162 тураўскім князем названы яго сын Святаполк Юр’евіч. Летапісныя паведамленні малююць Ю.Я. як вопытнага дыпламата, умелага і ўдачлівага военачальніка.

т. 18, кн. 1, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)