КАНЕ́ЦІ ((Canetti) Эліяс) (25.7.1905, г. Русе, Балгарыя — 14.8.1994),
аўстрыйскі пісьменнік. Скончыў Венскі ун-т (1929). З 1938 у эміграцыі. Вядомасць прынёс раман «Асляпленне» (1935). Майстэрствам псіхал. аналізу адметныя п’есы «Вяселле» (1932), «Камедыя пыхлівасці» (1934), «Асуджаныя» (1956), зб. «Той, які чуў сваімі вушамі» (1974). У філасофска-сацыялагічным трактаце «Maca і ўлада» (1960) даследаваў прыроду аўтарытарнай улады. Асн. тэмы прозы К. — чалавек і натоўп, індывідуальнасць і ўлада, яна вызначаецца філасафічнасцю і псіхалагізмам, спалучэннем абсурду і парадоксу, гратэску і ўмоўнасці. Аўтар кн. дзённікаў і афарызмаў «Правінцыя чалавека» (1973), мемуараў (т. 1. — «Выратаваная мова», 1977; т. 2. — «Факел у вуху», 1980; т. 3. — «Гульня вачэй. Гісторыя жыцця 1931—1937», 1985). Нобелеўская прэмія 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ НАГЛЯ́Д,
асобы від праваахоўнай дзейнасці ў дзяржаве па праверцы адпаведнасці законаў і інш. нарматыўных актаў канстытуцыі дадзенай дзяржавы. К.н. можа ажыццяўляцца ўсімі судамі агульнай юрысдыкцыі (ЗША, Аргенціна, Данія, Мексіка, Нарвегія, Японія), вярх. судом, які з’яўляецца вышэйшай суд. інстанцыяй (Аўстралія, Балівія, Індыя, Ірландыя, Канада, Філіпіны, Швейцарыя), спец. канстытуцыйнымі судамі, для якіх К.н. — гал. функцыя (Аўстрыя, Беларусь, ФРГ, Італія, Кіпр, Расія, Турцыя), асобым органам несуд. характару (Канстытуцыйны савет у Францыі). Аб’ектамі К.н. могуць быць звычайныя законы, папраўкі да канстытуцыі, міжнар. дагаворы, нарматыўныя акты выканаўчых органаў улады. У федэратыўных дзяржавах аб’ектам К.н. з’яўляюцца таксама пытанні размежавання кампетэнцыі паміж саюзам і суб’ектамі федэрацыі. Орган, які ажыццяўляе К.н., можа прызнаць супярэчным канстытуцыі ўвесь закон або яго частку; гэтыя нормы трацяць сваю юрыд. сілу і перастаюць ужывацца судамі і інш.дзярж. органамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ СУД,
асобы орган краін, адзінай або гал. функцыяй якога з’яўляецца ажыццяўленне канстытуцыйнага нагляду. Упершыню засн. ў Аўстрыі ў 1920. З таго часу атрымаў распаўсюджанне ў Еўропе, некат. краінах Азіі, Амерыкі і Афрыкі. У адрозненне ад звычайных вярх. судоў К.с. не ўваходзіць у сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі. У адных краінах (напр., Расія) К.с. лічыцца судом асобай катэгорыі і ўваходзіць адпаведна ў суд. сістэму; у іншых (ФРГ, Італія, Румынія, Балгарыя, Манголія) — асобым органам кантролю, які не адносіцца да суд.улады. Члены К.с. выбіраюцца парламентам або назначаюцца кіраўніком дзяржавы, часам назначаюцца парламентамі і інш. органамі ўлады і юстыцыі. Поруч з ажыццяўленнем канстытуцыйнага нагляду К.с. у розных краінах мае права тлумачэння канстытуцыі. вырашае пытанне пра адпаведнасць канстытуцыі дзейнасці паліт. партый, разглядае спрэчкі аб кампетэнтнасці і інш.Гл. таксама Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РАЎ (сапр.Кострыкаў) Сяргей Міронавіч
(27.3.1886, г. Уржум, цяпер Кіраўскай вобл., Расія — 1.12.1934),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Чл. партыі бальшавікоў (з 1904), яе ЦК (з 1923) і Палітбюро ЦК (з 1930, з 1926 кандыдат), сакратар ЦК (1934). Скончыў Казанскае механіка-тэхн. вучылішча (1904). За рэв. дзейнасць у 1905, 1906—08 і 1911—12 зняволены ў турмах. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Петраградзе і грамадз. вайны, адзін з кіраўнікоў устанаўлення сав.улады на Паўн. Каўказе. У маі—вер. 1920 паўнамоцны прадстаўнік Сав. Расіі ў Грузіі, у кастр. 1920 кіраўнік рас. дэлегацыі на папярэдніх мірных перагаворах з Польшчай у Рызе. У 1921—25 сакратар ЦК Кампартыі Азербайджана. З 1926 першы сакратар Ленінградскага губкома (з 1927 абкома) і Паўн.-Зах. бюро ЦК ВКП (б). Загінуў у выніку тэрарыст. акта ў Смольным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАГЕО́РГІЙ (Karađorđe),
Георгій Чорны (сапр.Георгій Петравіч; 14.11.1768, с. Вішавац, Сербія — 25.7.1817), дзеяч сербскага нац.-вызв. руху, заснавальнік дынастыі Карагеоргіевічаў. Удзельнік антытур. паўстання 1787, пасля паражэння якога ўцёк у аўстр. ўладанні; за адмову пайсці з ім забіў бацьку (паводле інш. звестак, айчыма, адсюль мянушка «чорны»). У аўстра-тур. вайну 1788—90 узначальваў сербскі добраахвотніцкі атрад, які ваяваў на баку Аўстрыі. На чале атрада гайдукоў далучыўся да Першага сербскага паўстання 1804—13, выбраны яго кіраўніком. У 1808 прызнаны ўрадавым саветам, а ў 1811 і ўсімі паўстанцамі «вярх. сербскім правадыром» (фактычна князем). Імкнуўся да цэнтралізацыі дзярж.улады, у знешняй палітыцы арыентаваўся на Расію. Пасля разгрому паўстання ў 1813 уцёк у Аўстрыю, у 1814 — у Бесарабію. У 1817 тайна вярнуўся ў Сербію, дзе забіты паводле загаду Мілаша Абрэнавіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАМО́ЙЦЬ, Жэмайція, Жмудзь, Самагіція,
гістарычная і этнагр. вобласць на З Літвы. З 1260-х г. у складзе ВКЛ (акрамя прыморскага ўзбярэжжа разам з Клайпедай). На працягу 2-й пал. 13 — пач. 15 ст.вял. князі ВКЛ выкарыстоўвалі Ж. як сродак для вырашэння сваіх знешнепаліт. задач у адносінах з Тэўтонскім ордэнам. Паводле Дубіскіх (1382), Салінскага (1398) і Рацыёнжскага (1404) дагавораў вял. князі ВКЛ Ягайла, а пасля Вітаўт саступалі Ж. Тэўтонскаму ордэну. У выніку паўстанняў 1401 і 1409 Ж. вызвалілася з-пад улады ордэна. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 і Мельнскага дагавора 1422 канчаткова далучана да ВКЛ. У 1411—1795 існавала асобнае Жамойцкае староства. З 1413 пачалося хрышчэнне Ж. з язычніцтва ў каталіцкае веравызнанне. З 1795 у складзе Літоўскай, з 1801 — Віленскай, 1843 — Ковенскай губ.Рас. імперыі, з 1918 у складзе Літвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ПАРА́ДКУ КІРАВА́ННЯ,
злачынствы, якія пасягаюць на дзейнасць органаў дзярж. кіравання, супраць прадстаўнікоў улады, невыкананні спец. правіл або ў інш. дзеяннях, якія парушаюць работу дзярж. устаноў. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да такіх злачынстваў належаць: здзекаванне над дзярж. сімваламі, арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак, прымус да ўдзелу ў забастоўках, супраціўленне работнікам міліцыі, нар. дружыннікам пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку, інш. супрацьпраўныя дзеянні ў адносінах да гэтых асоб, а таксама ваеннаслужачых і інш. службоўцаў пры выкананні імі сваіх абавязкаў; замах на іх жыццё ці жыццё іх блізкіх сваякоў; самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы, парушэнне парадку арганізацый і правядзення вулічных шэсцяў, дэманстрацый і інш. За парушэнні, якія не ўяўляюць вял. грамадскай небяспекі, у шэрагу выпадкаў ужываецца адм. адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ КАМУ́НА 1789—94,
орган парыжскага гар. самакіравання ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99. У ліп. 1789 выбаршчыкі Парыжа ад 3-га саслоўя арганізавалі ў ратушы Пастаянны к-т (орган муніцыпальнай улады), які прыняў закон аб выбарах грамадзянамі П.к. (Парыж быў падзелены на 48 секцый). У час Устаноўчага сходу (ліп. 1789 — вер. 1791) у П.к. пераважалі прадстаўнікі канстытуцыйна-манархічнай буржуазіі фельяны, у час Заканадаўчага сходу (да звяржэння манархіі) — рэспубліканцы (жырандысты). У канцы ліп. 1792 у секцыях Парыжа пачаўся рух за звяржэнне караля. 10.8.1792 створана новая паўстанцкая П.к. (большасць складалі якабінцы), якая адыграла вядучую ролю ў звяржэнні манархіі, арганізацыі абароны Парыжа і Францыі ад замежнай інтэрвенцыі. Пасля Тэрмідарыянскага перавароту П.к. ліквідавана, большасць яе членаў пакарана смерцю, Парыж падзелены на 12 не звязаных паміж сабою раённых муніцыпальных саветаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЦ (Ісаак Ізраілевіч) (3.2.1896, г.п. Крынічкі Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 5.4.1991),
савецкі гісторык. Акад.АНСССР (1946). Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Маскоўскі ін-т чырвонай прафесуры (1926). У час грамадз. вайны 1918—20 на паліт. рабоце ў Чырв. Арміі. У 1932—72 заг. кафедры ў Маскоўскім ун-це і інш.ВНУ Масквы. З 1954 у Ін-це гісторыі АНСССР. З 1962 старшыня Навук. савета АНСССР па комплекснай праблеме «Гісторыя Вял.Кастр.сацыяліст. рэвалюцыі». Асн. працы прысвечаны гісторыі КПСС, сав.улады, грамадз. вайны (у т. л. разгледжаны падзеі ў Беларусі), міжнар. адносін СССР. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946, Ленінская прэмія 1974.
Тв.:
Великая Октябрьская социалистическая революция и прогресс человечества. М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАФЕЛІ́ТЫ (ад мона... + грэч. thelēma воля),
прыхільнікі рэліг.-філас. вучэння, якое склалася ў 7 ст. ў Візантыі. Было кампрамісам паміж артадаксальнай догмай, прынятай на Халкідонскім саборы, і монафізіцтвам. Паводле вучэння М., Хрыстос валодаў дзвюма прыродамі (чалавечай і божай), але адной воляй і адной «энергіяй» (богачалавечай), і самастойнасць чалавечай волі Хрыста знікла ў выніку яе паглынання божай воляй. Найб. вядомыя М.: Сергій, патрыярх канстанцінопальскі (610—638), Кір, епіскап Фасіса, Феодар, епіскап Фарана (Сінайскі п-аў). Улады Візантыі падтрымлівалі вучэнне М., бо разлічвалі з яго дапамогай умацаваць свае пазіцыі ў па-монафізіцку настроенага насельніцтва ўсх. правінцый, у 638 яго афіцыйна ўхваліў імператар Іраклій. Аднак М. былі асуджаны як ерэтыкі на Латэранскім (648) і Канстанцінопальскім (680—681) саборах. Пасля разгрому М. усталявалася містычнае вучэнне пра 2 прыроды і 2 волі Хрыста.