КАПЫЦЬКО́ (Віктар Мікалаевіч) (н. 8.10.1956, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1982). Яго творчасці ўласцівы шырокі ахоп розных тыпаў культур і сучасных тэхнік кампазіцыі, пошукі індывідуалізацыі Жанрава-драматургічных і тэмбрафанічных вырашэнняў. Авангардныя тэндэнцыі выяўляюцца і ў распрацоўцы нац.-фалькл. элементаў. Сярод твораў: оперы «Дзяўчынка, якая наступіла на хлеб» (паст. 1983), «Яго жонкі» (1988); араторыі «Куранты» паводле ананімнага сшытка 18 ст. (1990), «Дабравешчанне ад Іаана» на кананічныя і фалькл. тэксты і «Меса ў гонар св. Францыска Асізскага» на тэксты св. Францыска і кананічныя (абедзве 1993); кантаты «Аб мудрасці, смутку і радасці», «Карнавальная ноч» (абедзве 1984), «Знакі» на тэкст М.Рэрыха (1992); «Маленькая сімфонія «Са старых сшыткаў» (1983), цыкл «Біблейскія сцэны» (1993) і «Калыханка» (1994) для камернага ансамбля; вак. цыклы і паэмы; фантазія «Паўночны вецер» на старадаўнія кіт. тэксты; хары, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу маладых кампазітараў (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАПАДО́БНЫЯ (Galliformes),
атрад птушак. Вядомы з ніжняга эацэну. 2 падатр.: гаацыны і ўласна К., 7 сям. (6 сучасных: веліканогія куры, фазанавыя, індычыя, краксавыя, або гока, цецеруковыя, цацаркавыя), 108 выкапнёвых і 283 сучасныя віды. Наземныя або наземна-дрэвавыя птушкі. На Беларусі 7 відаў: глушэц, курапаткі белая і шэрая, перапёлка, рабчык, цецярук, фазан. У Чырв. кнізе МСАП — 26 відаў, 11 падвідаў. У Чырв. кнізе Беларусі — курапатка белая.
Даўж. ад 12 см (карлікавая перапёлка) да 235 см (чубаты аргус), маса ад 45 г (карлікавая перапёлка) да 10 кг (дзікі індык). Самцы буйнейшыя за самак. Палавы дымарфізм добра выражаны. Дзюба кароткая, моцная. Крылы шырокія. Ногі моцныя. Добра ходзяць, бегаюць, палёт непрацяглы. Кормяцца пладамі, насеннем, травой, лісцем, насякомымі, малюскамі, чарвямі. Пераважна палігамы, такуюць. Гнёзды на зямлі (акрамя гаацына і гока). Нясуць да 25 яец. Вывадкавыя птушкі. Банкіўскія куры (гл.Банкіўскі певень), індычыя і цацаркавыя — продкі свойскіх парод. Аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУША́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Кушанскае царства,
старажытная дзяржава на тэр.сучасных Узбекістана, Таджыкістана, Туркменіі, Афганістана, Пакістана і Паўн. Індыі ў 1—4 ст.н.э. Узнікла на рубяжы н.э. пасля разгрому Грэка-Бактрыйскага царства качэўнікамі, якія стварылі на яго тэрыторыі шэраг асобных княстваў. Адно з іх у Бактрыі на чале з племем або кланам кушан стала ядром К.дз. Значнага тэр. пашырэння К.дз. дасягнула пры правіцелях Кадфізе I і Кадфізе II (1 ст.н.э.), найб. росквіту — пры правіцелях Канішку і Хувішку. Праз тэр. К.дз. праходзіў Вялікі шаўковы шлях, што спрыяла развіццю гандлю і рамяства. Значнае пашырэнне тут набылі будызм, зараастрызм, маніхейства і хрысціянства. Пры правіцелі Васудэве (сярэдзіна 3 ст.) пачаўся заняпад К.дз., якая ў 4 ст. распалася на дробныя княствы.
Літ.:
Зеймаль Е.В. Кушанская хронология: (Материалы по проблеме). М., 1968;
Дальверзинтепе — кушанский город на юге Узбекистана. Ташкент, 1978;
Шеркова Т.А. Египет и Кушанское царство: (Торговые и культ. контакты). М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́ЛКА,
невялікі вершаваны твор, часцей гумарыстычнага характару, з дапамогаю якога вызначаецца чарговасць у гульні, выбіраюцца яе ўдзельнікі або вядучыя; адзін з жанраў дзіцячага фальклору. Паходжанне Л. звязваюць са стараж. вераваннямі, варажбой, з даўнімі часамі, калі людзі вучыліся лічыць. Паводле тэматыкі розныя: ад стараж. цуранняў да сучасных сюжэтаў (пра космас і інш.). Паводле зместу падзяляюцца на сюжэтныя і бессюжэтныя. У залежнасці ад лексічнага складу, кампазіцыйнай будовы і эмацыянальна-гукавой арганізацыі сярод сюжэтных вылучаюцца Л. з пералікам (накшталт «Раз, два, тры, чатыры, пяць...»), з элементамі мудрагелістасці («Энікі-бэнікі...», «Анцы, цванцы, трычы, рычы...») і без пераліку і мудрагелістасці («Бегла курка па таку...»). Важныя элементы выканання Л. — міміка, рухі, якія супадаюць з рытмікай верша (лёгкага для вымаўлення).
Публ.:
Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.
Літ.:
Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;
Мельников М.Н. Русский детский фольклор. М., 1987;
Довженок Г.В. Український дитячий фольклор. Київ, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДРЫ́ДСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
найбуйнейшая вышэйшая навуч ўстанова Іспаніі. Створаны ў 1836 аб’яднаннем ун-та ў г. Алькала-дэ-Энарэс (засн. ў 1508 у правінцыі Мадрыд) і Цэнтр. ун-та ў Мадрыдзе (з 1821). Меў назву Цэнтр.ун-т Мадрыда. З 1850 — М.у. Дзярж.навуч. ўстанова. У 1994/95 навуч.г. больш за 127 тыс. студэнтаў; ф-ты: філасофіі і адукац.навук. геаграфіі і гісторыі, філал., матэм., фіз., геал., біял., права, мед., вет. навук, фармацэўтычны, эканомікі і кіравання, паліт. навук і сацыялогіі, інфарматыкі, выяўл. мастацтва, аданталогіі. Пры ун-це працуюць: ін-ты прыкладнога магнетызму, навук аб навакольным асяроддзі, эмбрыялогіі, судовай анатоміі, крыміналогіі, астраноміі і геадэзіі, пед. навук, сучасных моў і перакладу, правоў чалавека, наркалогіі, кампаратыўнага права, феміністычных праблем, патэнцыялу чалавека і інш.; Цэнтр еўрап. дакументацыі, 4 каледжы, 7 школ, 7 клінічных шпіталяў. Мае б-ку (больш за 1,5 млн. тамоў), музей, бат. сад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗУ́РКА (польск. mazurek, mazur ад назвы жыхароў Мазовіі),
польскі нар. танец. Мае своеасаблівую харэаграфічную (асн. элементы — хуткі бег пар з падскокам на 1-ю долю такта і вярчэнне) і метрарытмічную (тыповая рытмаформула ці , трохдольнасць, капрызная акцэнтуацыя, рубатнасць) арганізацыю. Муз. памер 3/4 ці 3/8. Тэмп ад умеранага да хуткага. Найб. раннія запісы з мазуркавымі рытмамі (т.зв. польскі танец) выяўлены ў табулатурах і канцыяналах пач. 17 ст. З 2-й чвэрці 19 ст. пашырана ў еўрап. краінах як бальны танец. Як муз. жанр дасягнула росквіту ў творчасці Ф.Шапэна. На Беларусі вядома з сярэдзіны 19 ст. напачатку пры дварах знаці, у гарадах, потым і ў вясковым побыце. Захоўваецца ў рэпертуары сучасных музыкантаў. У прафес.бел. музыцы жанр М. распрацоўвалі ў 19 ст. Н.Орда, Міхал Клеафас Агінскі, М. і А.Ельскія, Ф.Міладоўскі, у 20 ст. А.Багатыроў, Г.Вагнер, Э.Тырманд і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ГАРАДСКІ́ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР.
Створаны ў 1968 у г. Маладзечна Мінскай вобл. як вучэбны калектыў Маладзечанскага музычнага вучылішча. З 1985 гарадскі. У складзе аркестра студэнты, выкладчыкі і выпускнікі муз. вучылішча. У розныя гады калектыў узначальвалі Л.Саламонік, М.Казінец, Ю.Новікаў, З.Кафанава, В Грыбкоў, Р.Фрыдман. З 1979 маст. кіраўнік і дырыжор Р.Сарока. У рэпертуары творы муз. класікі, сучасных, у т. л.бел., кампазітараў: уверцюры «Карыялан» і «Эгмант», 5-я сімфонія Л.Бетховена, сімфоніі 40-я В.А.Моцарта, 1-я В.Каліннікава, 4-я і «Італьянскае капрычыо» П.Чайкоўскага; канцэрты для фп. з арк. Дж.Гершвіна, С.Рахманінава, Чайкоўскага, Э.Грыга; творы Я.Глебава, В.Іванова, У.Солтана і інш. З аркестрам выступаюць піяніст І.Алоўнікаў, спевакі М.Жылюк, Н.Залатарова, В.Кучынскі, В.Скорабагатаў і інш. Лаўрэат Усесаюзнага фестывалю нар. творчасці (1988).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬКО́ВА (Вера Міхайлаўна) (18.3. 1903, г. Тэлаві, Грузія — 19.5.1964),
бел. спявачка (лірычнае сапрана). Нар.арт. Беларусі (1949). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1933). З 1933 у Груз. т-ры оперы і балета. З 1937 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. У 1953—59 маст. кіраўнік Белдзяржэстрады. Валодала высокім вак. майстэрствам, прыгожым мяккім голасам цёплага тэмбру. Стварыла шэраг паэт. вобразаў у нац. рэпертуары: Марфачка («Алеся» Я.Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.Туранкова), Вольга («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), у творах рус. і замежнай класікі — Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.Сметаны), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Неда («Паяцы» Р.Леан кавала), сучасных кампазітараў (Наталля ў «Ціхім Доне» І.Дзяржынскага).
Літ.:
Жураўлёў Дз. Вера Малькова // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАУ́Р’Я,
дынастыя цароў стараж.-інд. дзяржавы Магадха ў 4—2 ст. да н.э.Засн.Чандрагуптам, які пасля адыходу грэч. войск захапіў да 317 да н.э. ўладу ў Пенджабе. Паводле мірнага дагавора з Селеўкам I Нікатарам да дзяржавы М. адышлі раёны сучасных Белуджыстана і Усх. Афганістана. Пры сыне Чандрагупты — Біндусары [каля 293—268 да н.э.] заваяваны некат. вобласці Паўд. Індыі. М. імкнуліся да стварэння сістэмы моцнага цэнтралізаванага кіравання. Пры Ашоку [каля 265—232 да н.э.] дзяржава М. ўключала амаль усю Паўн. і Паўд. Індыю, Белуджыстан і Афганістан. У канцы праўлення Ашокі пачаўся заняпад дзяржавы, якая пасля яго смерці падзялілася на 2 часткі. У пач. 2 ст.паўн.-зах. ўладанні М. заваяваны Грэка-Бактрыйскім царствам. Апошні з М. скінуты ў 187 або 185 да н.э. сваім военачальнікам Пуш’ямітрам, які заснаваў дынастыю Шунгаў.
Літ.:
Антонова К.А., Бонгард-Левин Г.М., Котовский Г.Г. История Индии. 2 изд. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НА (ад франц. mine руднік, шахта, падкоп),
1) боепрыпас, які выкарыстоўваюць для ўзрыўных загарод на сушы і моры. Першапачаткова М. называлі падкоп пад крапасную сцяну; у фартыфікацыі — мінную галерэю (падземны штучны ход да ўмацавання праціўніка); пазней — зарад выбуховага рэчыва, закладзены на пэўнай глыбіні. У канцы 18 ст. створаны плаваючыя, якарныя, у 2-й пал. 19 ст. самарушныя марскія М. (гл.Тарпеда) і палявыя самавыбуховыя фугасы — прататыпы сучасных проціпяхотных М. Адрозніваюць М. інжынерныя і марскія. Да інж. М. адносяць: проціпяхотныя, процітанкавыя, процідэсантныя, процітранспартныя, аб’ектныя, спецыяльныя і інш. Марскія М. бываюць донныя, плаваючыя, якарныя і інш. 2) Боепрыпас для стральбы з мінамётаў і гладкаствольных безадкатных гармат. Такія М. падзяляюцца на асколачныя, асколачна-фугасныя і фугасныя; запальныя, асвятляльныя, вучэбна-трэніровачныя і інш.
С.У.Чарных.
Да арт.Міна: а — артылерыйская; б — марская; в — інжынерная; 1 — корпус; 2 — зарад; 3 — узрывальнік; 4 — стабілізатар; 5 — мінрэп (трос); 6 — націскная накрыўка.