уласцівае асобе або сац. групе імкненне да пазнання Сусвету, месца і ролі ў ім чалавека, стаўленне да чалавечай асобы і яе творчасці як да вышэйшай мэты і каштоўнасці развіцця грамадства, падпарадкаванне матэрыяльных здабыткаў і інтарэсаў духоўным, маральна-эстэт. здабыткам і каштоўнасцям. Існуюць 3 формы Д.: Д. асобнага індывіда (асобы); Д. сац. групы (напр., інтэлігенцыі) ці грамадства ў цэлым; Д. Бога, абсалютнай ідэі (у Платона, Г.Гегеля). Д. асобы ствараецца ў працэсе духоўнай працы; таму духоўныя адрозненні паміж людзьмі значна большыя, чым біялагічныя. Індывід. Д. становіцца сама сабой і няўхільна развіваецца пры актыўным уключэнні асобы ў духоўную сферу, культуру сац. групы і грамадства, якую яна можа засвоіць і тым самым узбагаціць сваю духоўную сутнасць у працэсе сацыялізацыі, адукацыі і выхавання. Носьбіт індывід. Д. — сац.-псіхалагічны свет пэўнай асобы, грамадскай Д. — сац. супольнасць (група, этнас, нацыя, народ). Д. грамадства трэба разглядаць як інтэграваную цэласнасць у непарыўным адзінстве з мноствам разнастайных індывід. Д. Напр., грамадская Д. бел. народа — сукупнасць духоўных прэдыкатаў, уласцівых гэтаму народу, адзінаму творцу сваёй гісторыі і культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМІУ́РГ (ад грэч. demiurgos майстар, стваральнік),
у Стараж. Грэцыі ў гамераўскі перыяд — рамеснікі, майстры, урачы, паэты і інш., у класічны — толькі рамеснікі, у некат. гарадах-полісах — вышэйшыя службовыя асобы. У рэлігіі адно з вызначэнняў Бога. Упершыню тэрмін Д. выкарыстаны Філалаем з Кратона і сафістам Крытыем (5 ст. да н.э.). У ант. філасофіі (Платон) — паняцце, якое выяўляе творчую функцыю ідэальных сутнасцей (істот) у працэсе пераходу іх да матэрыяльнага космасу. У дыялогу Платона «Тымей» паняцце Д., што раскрывае дыялектыку космасу, з’яўляецца адным з ключавых. Д. прадстаўлены як тварэц і бацька космасу, ніжэйшых багоў, сусв. душы і да т.п. Зыходным матэрыялам для стваральнай дзейнасці Д. служыць матэрыя («пластычная маса»), вобразам — першавобраз-парадыгма Эйдас. У сярэдневякоўі паняцце Д. часцей за ўсё трактавалася як ідэальная першааснова, якая стварае свет. У філасофіі Г.Гегеля ў якасці Д. выступае анталагізаванае мысленне суб’екта — абсалютны дух; менавіта ён з’яўляецца стваральнікам свету. У сучаснай філас. л-ры, калі ідзе гаворка аб паняцці Д., часцей за ўсё маецца на ўвазе гегелеўская трактоўка гэтага паняцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦІЕ́ ЕФРАСІ́ННІ ПО́ЛАЦКАЙ»,
помнік бел. агіяграфічнай л-ры 12—13 ст. (дайшоў спіс 14 ст.); адзін з найб. ранніх твораў гістарычнай прозы на Беларусі. Напісана царк.-слав. мовай стараж.-рус. рэдакцыі. Аўтар невядомы. У творы апавядаецца пра жыццё і культ.асветніцкую -дзейнасць Ефрасінні Полацкай, першай жанчыны на Русі, якую царква кананізавала ў святыя. У помніку паўстае вобраз настойлівай і самаахвярнай жанчыны, сапраўднай гераіні свайго часу, услаўляецца яе імкненне да ведаў і духоўнай дасканаласці. Літаратурны схематызм (вобраз Ефрасінні ідэалізаваны, пазбаўлены многіх індывід. рыс жывога чалавека) і дыдактычная рытарычнасць прыглушаюцца яркімі рэаліямі часу, жыццёвай праўдзівасцю апавядання, якое грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах. Важнае месца ў творы займаюць дыялогі і маналогі-разважанні, якія памагаюць раскрыць унутр.свет герояў. У помніку ёсць цікавыя звесткі пра Полацк, яго культ. жыццё, побыт княжацкай сям’і. Твор спалучае некалькі літ. жанраў: гіст.-маст. біяграфію гераіні (жыціе), сціслае апісанне яе падарожжа ў «святую зямлю» (хаджэнне) і пахвалу. Рукапіс зберагаецца ў Расійскай нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГА́ДКА,
іншасказальнае, вобразнае апісанне якога-небудзь прадмета або з’явы, якія трэба адгадаць; жанр фальклору. Узніклі ў старажытнасці. Змест іх складае ўся шматгранная рэчаіснасць: чалавек, яго дзейнасць, матэрыяльнае, сац. і духоўнае жыццё, прырода і яе з’явы, жывёльны і раслінны свет. З. вызначаецца прадметнасцю, канкрэтнасцю і рэалізмам, афарыстычнасцю і сцісласцю формы, трапнасцю, вобразнай мовай. Метафарычныя і алегарычныя З. аб прыродзе і яе з’явах найб. старадаўнія. З. можа заключаць у сабе метафару або мець формы кароткага апісання ці сціслага апавядання. Пашыраны ў народзе загадкі-пытанні і загадкі-задачы. Захаваўшы свае ранейшыя функцыі (выпрабаванне мудрасці, развіццё паэт. мыслення, кемлівасці, як забава і сродак пазнання свету ў вобразнай форме), З. бытуе і ў наш час, пераважна ў дзіцячым асяроддзі. Паэтычныя З. для дзяцей стварылі Р.Барадулін, В.Вітка, Н.Гілевіч, А.Клышка і інш.бел. пісьменнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСІ́ЦКІ ((Łasicki) Ян) (каля 1534, в. Ласіцы Сахачоўскага пав. Раўскага ваяв., Польшча — пасля 1599),
польскі гісторык, бібліёграф, пратэстанцкі рэліг. дзеяч. У 1556—61 вучыўся ва ун-тах Страсбурга, Жэневы, Лазаны, Цюрыха, Парыжа, Падуі і інш. Займаўся кнігазнаўствам, напісаў некалькі кніг па гісторыі вывучэння рэлігіі (пераважна кальвінізму). З 1581 у Вільні. Быў настаўнікам і выхавальнікам сыноў мінскага кашталяна Я.Глябовіча. Апошнія гады жыцця правёў у Заслаўі каля Мінска, цікавіўся этнаграфіяй народаў Рэчы Паспалітай, тэорыяй культуры. Пісаў на лац. мове. У зб. прац розных аўтараў, куды ўключыў і сваю «Пра рэлігію, ахвярапрынашэнне, вясельныя і пахавальныя абрады русінаў, маскавітаў і татараў...» (1582), апісваюцца (часам з акцэнтацыяй увагі на негатыўным) сямейныя абрады, нар. адзенне, стравы і інш. бакі матэрыяльнай культуры беларусаў, асаблівасці архітэктуры Полацка, Вільні і інш. гарадоў. Яго твор «Пра багоў самагітаў, іншых сарматаў і несапраўдных хрысціян» (1615) пра свет язычніцкіх вераванняў жыхароў тагачаснай Літвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦКЕ́ВІЧ (Юзэфа Фларыянаўна) (н. 27.7.1911, в. Ухлё Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мовазнавец. Чл.-кар.АН Беларусі (1969). Д-рфілал.н. (1963). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыла Мінскі пед.ін-т (1938). Настаўнічала. У 1945—91 працавала ў Ін-це мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларусі (у 1952—86 заг. сектара дыялекталогіі). Асн.навук. працы ў галіне дыялекталогіі і гісторыі бел. мовы, сучаснай бел.літ. мовы. Аўтар манаграфіі «Марфалогія дзеяслова ў беларускай мове» (1959), сааўтар кніг «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія», «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (абедзве 1957), «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі» (1962), «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (ч. 1—2, 1963), «Нарысы па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69), «Мікратапанімія Беларусі» (1974), «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (т. 1—5, 1993—98), «Лексічныя ландшафты Беларусі: Жывёльны свет» (1995) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1971 за ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ БІ́ЗНЕС,
прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ажыццяўляецца з контрагентаміінш. краін. Перадумовы інтэрнацыяналізацыі эканам. і фін. працэсаў склаліся ў пач. 20 ст. Пасля 2-й сусв. вайны развіццё інтэграцыйных працэсаў прывяло да з’яўлення і імклівага пашырэння якасна новай формы буйнога бізнесу — транснацыянальных карпарацый (ТНК), якія ўстанавілі кантроль над значнай доляй сусв. рынку і сёння адыгрываюць вядучую ролю ў сістэме міжнародных эканамічных адносін. Актыўнаму асваенню замежных рынкаў нац. капіталам вядучых краін спрыяла пашырэнне сучасных форм сувязі, паляпшэнне сусв.трансп. шляхоў, фарміраванне сістэмы крэдытна-грашовых сувязей, што ахоплівае ўвесь свет. Разам са знешнегандл. абменам таварамі і паслугамі і вывазам капіталу ў пазыковай форме значнае месца занялі прамыя фін., вытв. і тэхнал. сувязі паміж прадпрыемствамі розных краін, розныя формы навук.-тэхн., культ. і інш. супрацоўніцтва. Урады прамыслова развітых краін (асабліва ў Зах. Еўропе) садзейнічаюць развіццю і паглыбленню міжнар.эканам. сувязей кампаній і капіталаў, ад чаго ў значнай ступені залежыць стан нац. эканомікі, загрузка вытв. магутнасцей, узровень беспрацоўя і інш. У выніку капіталы свабодна мігрыруюць з адной краіны ў другую ў пошуках найб. спрыяльных умоў для свайго выкарыстання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКЛАШЭ́ЎСКІ (Яўген Васілевіч) (н. 9.8.1936, в. Лыскі Падляскага ваяв., Польшча),
бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Пінскае пед. вучылішча (1957). Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це замежных моў (1962—66). Настаўнічаў. З 1972 у час. «Родная прырода», «Маладосць», з 1981 літкансультант СП Беларусі, у 1991—98 у час. «Тэатральная Беларусь». Друкуецца з 1959 (да 1981 пад псеўд. Яўген Верабей). У лірыцы ўслаўляе прыгажосць роднага краю, каханне, адлюстроўвае духоўны свет чалавека, роздум над сэнсам жыцця (зб-кі «Свежасць», 1968; «Світальны водбліск», 1981; «У спрадвечным руху», 1985; «Зара-заранка, зара-вячэрніца», 1989). Прыхільнік паэт. прозы, вострасюжэтных псіхал. твораў. Маральна-этычныя праблемы, жыццё школы ў аповесці «Чатыры Дарогі» (1979). Аўтар аповесці пра лёс настаўніцы «Мёртвая Крыніца» (1988), рамана-даследавання «Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» (1991, Літ. прэмія імя І.Мележа, 1996), п’ес «Чарга» (1992), «Натуршчыца, або Прэзентацыя відэатэатра» (1996). Кн. сатыры і гумару «Ганна з Пухавіч» (1976). На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пушкіна, М.Лермантава, С.Ясеніна, М.Забалоцкага, А.Міцкевіча, Р.Кіплінга, Э.Хемінгуэя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЦНЫЯ СКЛАДЫ́,
апорныя ў сэнсава-інтанацыйных адносінах адзінкі вершаванай мовы. З’явіліся на этапе інтанацыйна-сказавага вершаскладання, заснаванага на чаргаванні пэўных моўных перыядаў. Больш самаст. ролю набылі ў рэчытатыўным, пазней у танічным вершы, дзе вызначалі аб’ём рытмарада. Ў сілабічным вершы роля М.с. паслаблена (вызначальнай у ім была не якасць, а колькасць складоў). Большую структурную ролю М.с. адыгрывае ў сілаба-танічным вершы, заснаваным на чаргаванні націскных і ненаціскных метрычных адзінак, дзе служыць дзейсным сродкам рытмічнага вылучэння найб. значных апорных слоў і выразаў. Гэта звязана з узмацненнем ролі інтанацыі ў слав. сілаба-тоніцы і ўплывам на яе нар.-песенных традыцый. Плённае выкарыстанне прынцыпаў рытмічнага ўзмацнення стала характэрнай рысай творчасці многіх усх.-слав. паэтаў (Т.Шаўчэнка, М.Някрасаў, У.Маякоўскі, С.Ясенін і інш.). Класічны ўзор такога выкарыстання — паэзія Я.Купалы. Пры лагічна-інтанацыйным, а не скандзіраваным чытанні яго твораў у кожным рытмарадзе вылучаюцца толькі тыя націскныя стопы, што падкрэсліваюць апорныя словы:
Што я мужы́к усе́ тут зна́юць
І, як ёсць гэ́ты свет вялі́к,
З мяне́ смяю́цца, пагарджа́юць,
— Бо я мужы́к, дурны мужы́к.
(«Мужык»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІКО́Ў (Мікалай Іванавіч) (8.5.1744, радавы маёнтак Ціхвінскае-Аўдоцціна каля г. Бронніцы Маскоўскай вобл., Расія — 12.8.1818),
рускі асветнік, журналіст, кнігавыдавец, пісьменнік. Вучыўся ў дваранскай гімназіі пры Маскоўскім ун-це. З 1769 выдаваў часопісы. у т. л. сатырычныя («Трутень», «Пустомеля», «Живописец», «Кошелек»), першыя рас. часопісы: філас. «Утренний свет» (1777—80), крытыка-бібліягр. «Санкт-Петербургские ученые ведомости» (1777), дзіцячы «Детское чтение...» (1785—89). Склаў і выдаў «Спроба гістарычнага слоўніка пра расійскіх пісьменнікаў» (1772), кнігу помнікаў рас. гісторыі і л-ры «Старадаўняя расійская вівліёфіка» (1773—75) і інш. Аўтар цыкла сатыр. апавяданняў «Прыказкі расійскія» (1782), прац па педагогіцы («Пра выхаванне і навучанне дзяцей...», 1783), эканоміцы («Пра гандаль увогуле», 1783) і інш. Выступаў супраць прыгоннага права, за нац. асновы рус. культуры. Арганізатар друкарняў, бібліятэк, школ у Маскве, кніжных магазінаў у гарадах Расіі. У 1770-я г. далучыўся да масонаў. У 1792 за антыўрадавую дзейнасць паводле загаду Кацярыны II зняволены на 15 гадоў, вызвалены ў 1796 без дазволу працягваць ранейшую дзейнасць.