Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБІСТО́МЫ (Ambystoma),
род аднайменнага сямейства, атр. хвастатых земнаводных. 21 від, у Цэнтр. і Паўн. Амерыцы. Нагадваюць саламандраў.
Даўж. да 28 см. Жывуць у вільготных мясцінах, удзень хаваюцца ў норах грызуноў. Ікру адкладваюць у ваду, мармуровая амбістома (A. opacum) — на сушы. Плоднасць да 500 яец. Лічынкі з галінастымі вонкавымі шчэлепамі развіваюцца ў вадзе. Жывяцца беспазваночнымі. Лічынка тыгравай амбістомы — аксалотль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБІГЕРЫ́НЫ (Globigerina),
род прасцейшых жывёл атр. фарамініфер кл. караняножак. Некалькі дзесяткаў відаў, у т. л. шмат выкапнёвых. Пашыраны ў цёплых морах, акіянах, вядуць планктонны спосаб жыцця.
Ракавіна порыстая, вапняковая, складаецца з некалькіх шарападобных камер, злучаных паміж сабой. Паверхня камер укрыта доўгімі радыяльнымі калючкамі, якія аблягчаюць «лунанне» ў тоўшчы вады. Ракавіны памерлых глабігерынаў падаюць на дно і ўтвараюць асн. частку глыбакаводнага глабігерынавага мулу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙМА́НАВЫЯ РЫ́БЫ (Lepisosteus),
род рыб атр. панцырных шчупакоў. 4 віды. Пашыраны ў прэсных водах Паўн. і Цэнтр. Амерыкі.
Даўж. да 4 м (зрэдку да 6 м), маса каля 150 кг. Характэрна вял. ўзроставая зменлівасць.
Цела ўкрыта моцным панцырам з неналягаючай рыбападобнай ганоіднай лускі. Рыла падоўжанае, нагадвае морду кракадзіла-каймана (адсюль назва). Кормяцца рыбай, падпільноўваюць здабычу з укрыцця. Зімуюць у ямах. Маюць прамысл. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТУ́РНЫ (лац. cothurni, грэч. kothorni),
у антычным тэатры род абутку трагедыйнага акцёра; сандалі на высокай падэшве, што павялічвала рост акцёра, надавала постаці велічнасць і ўрачыстасць. Выкарыстанне К. было абумоўлена тэхн. асаблівасцямі ант.т-ра: пры вял. памерах тэатр. пабудоў узнікала патрэба павялічваць фігуру акцёра. Увядзенне К. і інш. кампанентаў касцюма трагедыйнага акцёра ант. традыцыя прыпісвае Эсхілу. У пераносным значэнні — ілжывая паказная веліч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАН (гэльскае clann нашчадак, патомства),
1) старажытная радавая абшчына ў ірландцаў і шатландцаў; у перыяд разлажэння радавых адносін — група кроўных сваякоў, нашчадкаў аднаго стараж. роду, якія насілі імя магчымага родапачынальніка.
2) Род, група, члены якой звязаны пераважна сваяцкімі адносінамі; замкнёная грамадская група, групоўка, якая звычайна ўзнікае і існуе на аснове эканам., дзелавых сувязей, агульнасці інтарэсаў, якія часта маюць злачынны характар (напр., мафіёзны К.).