Ві, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 83, ат. м. 208,9804. Прыродны мае 1 стабільны ізатоп 209Bi. У зямной кары знаходзіцца 2∙10−5 % па масе. Трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл.Вісмутавыя руды). Крохкі серабрыста-шэры з ружовым адценнем метал, шчыльн. 9800 кг/м³, tпл 271,4 °C (пры плаўленні памяншаецца ў аб’ёме), tкіп 1564 °C.
Устойлівы ў сухім паветры, пры t вышэй за 1000 °C гарыць (утварае аксід Bi2O3). Раствараецца ў к-тах азотнай і канцэнтраванай сернай (пры награванні). З галагенамі пры 200—250 °C утварае трыгалагеніды (напр., вісмуту хларыд BiCl3), з большасцю металаў пры сплаўленні — інтэрметал. злучэнні вісмутыды (напр., вісмутыды натрыю Na3Bi, магнію Mg3Bi2). Атрымліваюць пры перапрацоўцы пераважна свінцовых руд. Выкарыстоўваецца як кампанент легкаплаўкіх сплаваў (напр., сплаў Вуда), бабітаў, як цепланосьбіт у ядз. рэактарах (расплаў), для вытв-сці пастаянных магнітаў, у прыладах для вымярэння напружанасці магн.поля. Злучэнні вісмуту выкарыстоўваюць у вытв-сці керамікі, фарфору, спец. шкла, як антысептычныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
узбурэнні гравітацыйнага поля, якія распаўсюджваюцца ў прасторы ў выглядзе папярочных хваль са скорасцю святла. Існаванне гравітацыйнага выпрамянення прадказана А.Эйнштэйнам (1916) на аснове агульнай адноснасці тэорыі. Узнікае пры перыядычным руху цел (напр., падвойныя і вярчальныя зоркі), катастрафічных астрафіз. з’явах (успышкі звышновых зорак, несіметрычны гравітацыйны калапс); выклікае адносныя паскарэнні цел або іх пругкія дэфармацыі.
Спробы эксперым. рэгістрацыі гравітацыйнага выпрамянення ад касм. крыніц з выкарыстаннем дэтэктараў (гравітацыйных антэн) пачалі праводзіцца ў ЗША Дж.Веберам у канцы 1950-х г., аднак з-за надзвычай слабага ўзаемадзеяння з рэчывам статыстычна значных пацвярджэнняў не атрымана. Эксперым. пацвярджэннем лічаць вынікі шматгадовых назіранняў падвойнага пульсара PSR 1913+16: прадказанні аб паступовым змяншэнні яго арбітальнага перыяду за кошт гравітацыйнага выпрамянення з дакладнасцю да 0,4% узгадняюцца з данымі назіранняў.
Літ.:
Амальди Э., Пиццелла Г. Поиск гравитационных волн // Астрофизика, кванты и теория относительности: Пер. с ит. М., 1982;
Уилл К.М. Двойной пульсар, гравитационные волны и Нобелевская премия: Пер. с англ. // Успехи физ. наук 1994. Т. 164. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕХА́НІКА (ад геа... + механіка),
навука аб механічным стане зямной кары і працэсах, якія адбываюцца ў ёй пад уплывам натуральных і тэхнагенных фактараў. Да натуральных уздзеянняў адносяцца тэрмічныя (павышэнне і паніжэнне т-ры) і мех. (сілы, абумоўленыя гравітацыйным узаемадзеяннем, вярчэннем Зямлі і інш.касм. фактарамі); да тэхнагенных — распрацоўка радовішчаў карысных выкапняў, прамысл. і грамадз.буд-ва, ядз. выбухі і інш.
Геамеханіка ўзнікла ў пач. 20 ст. як раздзел геафізікі. Яе тэарэт. і эксперым. даследаванні непасрэдна звязаны з інжынернай геалогіяй, газа-, гідра- і тэрмадынамікай, механікай суцэльнага асяроддзя. Геамеханіка вывучае заканамернасці напружана-дэфармаванага стану зямной кары, працэсы фарміравання мех.поля Зямлі, тлумачыць прыродныя з’явы, што ім спадарожнічаюць, прагназуе напрамкі і формы іх працякання. Устанаўлівае заканамернасці фарміравання мех. уласцівасцей горных парод і працякання працэсаў дэфармавання, перамяшчэння і разбурэння асобных дзялянак зямной паверхні.
Літ.:
Цытович Н.А., Тер-Мартиросян З.Г. Основы прикладной геомеханики в строительстве. М., 1981;
Войтенко В.С. Прикладная геомеханика в бурении. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТА́Ж (франц. carottage ад carotte буравы керн, літар. морква),
комплекс геафіз. і геахім. метадаў, якія выкарыстоўваюцца ў свідравінах для вывучэння геал. разрэзу, кантролю за тэхн. станам свідравіны і распрацоўкай нафтавых і газавых радовішчаў. Метады заснаваны на даследаванні прыродных і штучна ўтвораных фіз. палёў, фіз. уласцівасцях горных парод, пластавых флюідаў (вада, расол, нафта), колькасці і саставу розных газаў у буравым растворы. Праводзіцца з дапамогай каратажных станцый з прыёмнымі і рэгістравальнымі прыстасаваннямі. Вынікі вымярэнняў падаюцца ў выглядзе каратажных дыяграм.
Для вывучэння геал. разрэзу выкарыстоўваюцца віды К.: электрычны (метады супраціўлення, бакавога каратажнага зандзіравання, самаадвольнай палярызацыі); магнітны (вымярэнне магн. успрымальнасці горных парод або зямнога магн.поля); тэрмічны (па цеплавым супраціўленні, тэмператураправоднасці; эфекце ахаладжэння); сейсмічны (запісваецца час прабегу пругкіх ваганняў ад датчыка ў свідравіне да рэгістравальніка); радыеактыўны (гама-К., нейтронны гама-К., нейтронны К., гама-гама-К.); газавы (вывучае залежнасць наяўнасці сумы гаручых газаў і іх цяжкай фракцыі ад глыбіні) і інш.геафіз. і геахім. метады і іх мадыфікацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ ЦЗУНДА́О (Lee Tsung Dao; н. 25.11. 1926, г. Шанхай, Кітай),
кітайска-амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл.Нац.АН ЗША (1964), Нац. Акадэміі дэі Лінчэі (1982) і інш. Вучыўся ва ун-тах Кітая. З 1946 у ЗША. У 1951—53 і 1960—63 у Ін-це перспектыўных даследаванняў у Прынстане, з 1953 у Калумбійскім ун-це (з 1956 праф.), адначасова з 1997 дырэктар амер.-яп. Даследчага цэнтра пры Брукхейвенскай нац. лабараторыі. Навук. працы па квантавай тэорыі поля, фізіцы элементарных часціц, ядз. фізіцы, квантавай хромадынаміцы і інш. Разам з Янгам прадказаў магчымасць незахавання прасторавай цотнасці ў слабых узаемадзеяннях (1956), што было пацверджана эксперыментальна, увёў паняцце камбінаванай цотнасці (1956), выказаў гіпотэзу аб перадачы слабых узаемадзеянняў прамежкавым вектарным базонам і пастуліраваў яго ўласцівасці. Нобелеўская прэмія 1957 (разам з Янгам).
Тв.:
Particle physics and introduction to field theory. London, 1981;
Рус.пер. — Математические методы в физике. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́Т (грэч. magnētis ад Magnetis lithos літар. камень з Магнесіі — стараж. горада ў М.Азіі),
цела, якому ўласціва намагнічанасць — здольнасць ствараць вакол сябе магнітнае поле. Бываюць пастаянныя М. і электрамагніты (у т. л.звышправодныя магніты), намагнічанасць якіх ствараецца эл. токам.
Пастаянны М. бывае прыродны, з магн. жалезняку (магнетыту) і зроблены ў выглядзе падковы, паласы, стрыжня і да т.п. з папярэдне намагнічаных ферамагнетыкаў (пераважна магнітацвёрдых матэрыялаў). Гал. ўласцівасць М. — здольнасць прыцягваць жалеза, нікель, кобальт, некат. лантаноіды, іх сплавы і злучэнні, а таксама злучэнні хрому, марганцу і урану. Характарызуецца астаткавым намагнічваннем, каэрцытыўнай сілай, формай пятлі гістэрэзіса, макс. шчыльнасцю магн. энергіі. Свабодна падвешаны, адхіляецца ў магн. полі Зямлі адным бокам (полюсам) на Пн, другім — на Пд (гл.Магнітныя палюсы Зямлі). Шырока выкарыстоўваецца як аўтаномная крыніца пастаяннага магн.поля ў элементах, прыладах і апаратах электра- і радыётэхнікі, электронікі, аўтаматыкі.
У.М.Сацута.
Магнітнае поле пастаянных магнітаў: а — без магнітаправода; б — з магнітаправодам; 1 — магніт; 2 — магнітаправод; 3 — рабочы зазор; N і S — полюсы магніта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПРЫ́ЛАДА,
электравымяральная прылада, заснаваная на ўзаемадзеянні магн.поля нерухомага пастаяннага магніта з магнітным полем току, што вымяраецца і працякае па рухомым правадніку (шпулі, рамцы). Выкарыстоўваецца для вымярэння эл. напружання, сілы току, супраціўлення, колькасці электрычнасці ў ланцугах пастаяннага току (у вальтметрах, амперметрах, омметрах, гальванометрах).
Найб. пашыраны М.п. са шпуляй, якая верціцца вакол восі паміж нерухомым магнітам і жалезным стрыжнем. Сіла, што адхіляе шпулю з замацаванай стрэлкай, прапарцыянальная сіле току. Ёсць таксама М.п., у якіх пастаянны магніт змешчаны ўнутры рухомай шпулі, і прылады з рухомым магнітам, замацаваным на восі ўнутры нерухомай шпулі. Выкарыстоўваюцца таксама магнітаэл. лагометры. М.п. як састаўная ч. ўваходзяць у выпрамныя, тэрмаэл., электронныя аналагавыя і інш. прылады, што вымяраюць сілу пераменнага току і напружанне. Межы вымярэння пашыраюць шунтамі і дабавачнымі супраціўленнямі. У спалучэнні з вымяральнымі пераўтваральнікамі М.п. вымяраюць і неэл. велічыні (т-ру, ціск і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАПО́ЛЬ МАГНІ́ТНЫ,
гіпатэтычны фіз. аб’ект, які некат. сваімі ўласцівасцямі нагадвае ізаляваны магн. полюс. Існаванне М.м. парушае інварыянтнасць адносна адлюстравання прасторы і абарачэння часу, дазваляе растлумачыць дыскрэтнасць эл. зараду, пабудаваць мадэль канфайнменту кваркаў (існаванне іх толькі ў звязаным стане), прадказаць імавернасць распаду пратона, і шэраг інш., у т. л. касмалагічных, эфектаў.
Адпавядае аднайм. тапалагічна-нетрывіяльнаму рашэнню ўраўненняў калібровачнай тэорыі поля. У лінейнай тэорыі манапольныя рашэнні пабудаваны П.Дзіракам (1931, 1948), у нелінейнай — незалежна рас. вучоным А.М.Паляковым і галандскім вучоным Г.Хоафтам (1974). Эфектыўныя манапольныя канфігурацыі адыгрываюць істотную ролю ў параметрычнай дынаміцы класічных і квантавых сістэм. Пошук М.м. вядзецца ва ўсіх тэхн. дасягальных інтэрвалах адлегласцей і энергій.
Літ.:
Стражев В.И., Томильчик Л.М. Электродинамика с магнитным зарядом. Мн., 1975;
Shnir Ya.M., Tolkachev E.A., Tomil’chik L.M. P-violating magnetic monopole influence on the behaviour of the atom-like System in external fields // International Journal of Modem Physics A. 1992. Vol. 7, № 16.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫ́МЕТР,
прылада для вымярэння вугла павароту плоскасці палярызацыі монахраматычнага святла ў аптычна актыўных рэчывах або для вызначэння ступені палярызацыі часткова палярызаванага святла (гл.Палярыметрыя).
Найпрасцейшы П. для вызначэння ступені палярызацыі — паўценявы П. Карню, асн. элементы якога — прызма Воластана (гл.Прызма аптычная) і аналізатар (гл.Аналізатар у оптыцы). Фотаэл. П. складаецца з аналізатара і фотапрыёмніка. Адносіны пераменнай складальнай току прыёмніка, атрыманай пры вярчэнні аналізатара, да яго пастаяннай складальнай вызначаюць ступень палярызацыі. Пры ўстаноўцы перад П. пласцінкі ў чвэрць даўжыні хвалі (гл.Палярызацыйныя прылады) вымяраюць ступень кругавой палярызацыі. У П., пабудаваных па схеме паўценявых прылад, вымярэнне вугла павароту плоскасці палярызацыі зводзіцца да ўраўновання яркасцей палавін поля зроку і адліку паказанняў па шкале вярчэнняў (прылады высокай адчувальнасці). Больш пашыраны аўтам. П. з фотаэл. рэгістрацыяй, дзе супастаўленне светлавых патокаў зводзіцца да палярызацыйнай мадуляцыі (гл.Мадуляцыя святла) і вылучэння на выхадзе прыёмніка святла сігналу асн. частаты. Гл. таксама Палярыскоп, Спектрапалярыметрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАРАЛІ́НСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у в. Каралін (цяпер у межах г. Пінск Брэсцкай вобл.). Пабудаваны ў традыцыях новаітальян. фартыфікацыйнай сістэмы. У плане — падоўжаны чатырохвугольнік (75 × 37 × 46 × 75) з бастыёнамі на вуглах. Курціны і чатырохвугольныя з брустверамі бастыёны былі вымураваны з каменю (з боку поля бастыёны значна большыя). З ПдУ замак ахоўвалі стромкі бераг і воды р. Піна. Унутры валоў ішоў падземны скляпеністы праход вышынёй 2,1 м і шырынёй 90 см. У 2-й пал. 17 ст. замкам валодаў маршалак ВКЛ Ян Дольскі, потым — кн. Вішнявецкія. У ліп. 1660 у час аблогі П.К.з. разбураны рас. войскамі, у 1704 — войскамі шведскага караля Карла XII. У пач. 19 ст. яшчэ былі цэлыя 2 бастыёны і курціна. Пазней замак знік пад гар. забудовай. Рэшткі П.К.з. адлюстраваны на планах Пінска канца 18 ст., на малюнках Н.Орды 19 ст.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991. С. 159—160.
М.А.Ткачоў.
Руіны Пінскага Каралінскага замка 3 малюнка Н.Орды. 19 ст.