ссоўванне (аплыванне) уніз па схіле слоя глебы або рыхлых парод ад пераўвільгатнення. Паходжаннем аплывіны блізкія да апоўзняў, толькі меншых памераў (шыр. да некалькіх метраў, глыб. да 1 м). Фарміруюцца ва ўмовах празмернага ўвільгатнення пры насычэнні глебаў і грунтоў талымі, дажджавымі або грунтавымі водамі да гразепадобнага стану. Трапляюцца ў раёнах шматгадовай мерзлаты, на незадзернаваных насыпах. У Беларусі пашыраны на лёсападобных пародах схілаў Мінскага, Навагрудскага і Аршанскага ўзвышшаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВО́ЙНІК (Periploca),
род кустоў сям. ластаўневых. Вядома каля 15 відаў, пашыраны ў Міжземнамор’і, трапічнай Афрыцы, ва ўмераных і субтрапічных паясах Азіі; на Каўказе расце абвойнік грэчаскі (P. graeca), на Д.Усходзе абвойнік тынавы (P. sepium).
Ліяны выш. да 12 м. Кветкі буйныя, да 3 см у дыяметры, зеленавата-бурыя, з цяжкім пахам. Плады — лістоўкі са шматлікім плоскім насеннем. Вырошчваюць як лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІ́ЗМ (ад лац. ovum яйцо),
кірунак у біялогіі 17—18 ст., прадстаўнікі якога (авісты; італьян. вучоныя М.Мальпігі і А.Валіснеры, швейцарскія Ш.Банэ і А.Галер і інш.) лічылі, што ў жан. палавой клетцы (яйцы) ёсць дарослы арганізм у мікраскапічным выглядзе, развіццё яго зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах. Быў больш пашыраны, чым анімалькулізм, і з’яўляўся адным з цячэнняў у вучэнні аб прэфармацыі (гл.Прэфармізм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫЖА́ЛКА (Tremella),
род гетэрабазідыяльных грыбоў сям. дрыжалкавых. Вядома каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных зонах. Сапратрофы. На Беларусі 3 віды.
Найчасцей трапляецца на сухіх галінках лісцевых дрэў на працягу ўсяго года Д. звілістая (T. mesenterica).
Пладовыя целы акруглыя, пукатыя, з глыбокімі звілістымі складкамі, ярка жоўтыя ці аранжавыя, дыям. да 4 см, шчыльнастудзяністыя, пры высыханні рогападобныя. Споры яйцападобныя, гладкія, бясколерныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНІЯТЫ́ТЫ (Goniatitidae),
атрад вымерлых галаваногіх малюскаў надатр. аманітаў. Каля 300 родаў. Жылі з дэвону да пач. трыясу ў морах. Частка іх свабодна плавала, некаторыя — донныя. На Беларусі рэшткі ракавін пашыраны ў фаменскіх (міжсалявых) адкладах дэвону Прыпяцкай упадзіны.
Мелі плоскаспіральную ракавіну з доўгай жылой камерай. Сіфон краявы, брушны, лопасцевая лінія параўнальна простая. Драпежнікі.
Літ.:
Основы палеонтологии: Моллюски-головоногие. М., 1962;
Богоявленская О.В., Федоров М.Ф. Основы палеонтологии. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮШАНЕ́Я (Duchesnea). манатыпны род кветкавых раслін сям. ружавых. 1 від — Дз. індыйская (D. indica). Пашыраны ва Усх. Азіі, інтрадукаваны ў многія краіны, у т. л. на Беларусь.
Шматгадовая апушаная травяністая расліна з паўзучым аблісцелым сцяблом даўж. да 1 м. Прыкаранёвае лісце доўгачаранковае, трайчастае, сцябловае — кароткачаранковае, адваротнаяйцападобнае або рамбічнае. Кветкі жоўтыя, адзіночныя, на доўгіх тонкіх кветаножках. Плод — жоўтая несапраўдная ягада. Лек., харч. і дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМА́Й (Sorhum halepense),
сорга алепскае, джонсанава трава, адзін з відаў сорга, шматгадовая травяністая расліна сям. злакаў, пустазелле. Пашыраны ад Міжземнамор’я да Індыі і Кітая; на Пд Сярэдняй Азіі і Казахстана, у Закаўказзі, на Паўн. Каўказе, у Крыме. Цяжкавынішчальнае пустазелле ў раёнах арашальнага земляробства, засмечвае пасевы с.-г. культур. Размнажаецца вегетатыўна (ад карэнішчаў) і насеннем. Зялёная маса гумая — корм для буйн. раг. жывёлы і коней.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІКАПРЫЁН (Helicoprion),
род выкапнёвых жывёл кл. акулападобных рыб. Вядома некалькі відаў. Былі пашыраны ў морах ранняй пярмі на тэр. Прыўралля, Японіі, Ірана, Аўстраліі, Шпіцбергена, ЗША. Апісаны рус. вучоным А.П.Карпінскім (1899).
Сярэдні (сімфізны) рад зубоў ніжняй сківіцы зліваўся ў спіраль з 2—3 абаротаў (адсюль назва), высоўваўся з рота наперад і загінаўся звонку ў асаблівую храстковую поласць. Паводле вызначэння рэшткаў гелікапрыёну праводзяцца стратыграфічныя і палеаграфічныя даследаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЁМІСТАСЦІ ВЫМЯРА́ЛЬНІК,
электрычная прылада для вымярэння электраёмістасці. Найб.пашыраны Ё.в. маставыя (гл.Мост вымяральны) і лагаметрычныя (гл.Фарадметр). Ёмістасць вызначаюць таксама балістычным метадам вымярэнняў і з дапамогай некалькіх вымяральных прылад непрамым спосабам (метадамі трох вальтметраў, вальтметра — амперметра і інш.).
Схема ёмістасці вымяральніка паводле прынцыпу непасрэдных вымярэнняў: U0 — крыніца пераменнага напружання частатой f0; C0 — узорная ёмістасць; Cx — ёмістасць, якая вымяраецца; R, KH — рэзістар і кнопка ўстаноўкі нуля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСТРУ́ГІ,
1) выцягнутыя ў напрамку ветру вузкія і цвёрдыя снегавыя грады даўжынёй да некалькіх метраў і вышынёй 20—30 см (часам да 1,5 м). Фарміруюцца шляхам развявання гурбаў снегу. Скорасць руху каля 5 см/с. Маюць стромкія наветраныя і пакатыя падветраныя схілы. Часцей пашыраны ў палярных абласцях.
2) Скопішчы наносаў у рэчышчы ракі ў форме прыбярэжных град, якія пры разрастанні могуць ператварыцца ў пясчаныя косы.