ЗАХО́ДНЯЯ КАМУ́НА,
адм.-тэр. адзінка ў 1918. Утворана на 3-м з’ездзе Саветаў Зах. вобласці (11—13.9.1918) у выніку перайменавання Заходняй вобласці. Цэнтр — г. Смаленск. Аб’ядноўвала Смаленскую, Віцебскую, Магілёўскую, Мінскую і Віленскую губ. Скасавана пасля абвяшчэння Беларускай ССР.
т. 7, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГО́РНЫ (Рыгор Фёдаравіч) (5.12.1925, в. Пранчакі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 3.11.1963),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1944. Кулямётчык Н. вызначыўся ў 1945 у баях на тэр. Польшчы. Пасля вайны на гасп. рабоце.
т. 11, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯ́ЎКА,
рыба на ранняй стадыі развіцця (пасля лічынкавай стадыі), якая мае ўсе органы дарослай рыбы. Цела ўкрыта луской. Кормяцца пераважна планктонам; М. драпежных рыб (шчупака і інш.) паядаюць таксама лічынак рыб. Стан М. працягваецца да наступлення палавой спеласці.
т. 10, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМУЛЬГА́ЦЫЯ (ад лац. promulgatio публічнае абвяшчэнне),
у канстытуцыйным праве шэрагу дзяржаў апублікаванне прынятага і зацверджанага закона ў афіц. друкаваным органе, якое ажыццяўляецца кіраўніком дзяржавы ва ўстаноўленыя канстытуцыяй або законам тэрміны. Толькі пасля П. закон, як правіла, набывае абавязковую сілу.
т. 13, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́СТУЛА (ад лац. pustula пузыр, гнайнік),
гнайнічок, пузырок з гноем, які ўзнікае на скуры як элемент некат. дэрматозаў і інфекц. хвароб чалавека. Бываюць паверхневыя і глыбокія — звязаныя з валасяным мяшочкам і сальнай залозай. Пасля зажыўлення глыбокіх П. застаюцца рубцы.
т. 13, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА.
1) удзельнае княства Смаленскай зямлі ў 12—13 ст. Цэнтр — г. Мсціслаў. Адзіны вядомы мсціслаўскі князь — Мсціслаў Раманавіч (з 1180). У 1197 ён стаў князем смаленскім і, верагодна, пакінуў М.к. за сабою як дамен.
2) Удзельнае княства ў складзе ВКЛ у 14—16 ст. пасля захопу Мсціслава ў 1359 вял. кн. ВКЛ Альгердам. У 1380-я г. ў якасці намесніка тут сядзеў яго сын Карыгайла, з 1392 — другі сын, Лугвен, які паклаў пачатак роду князёў Мсціслаўскіх (Лугвенавічаў). Княства першапачаткова ўключала ў свой склад воласці ўздоўж сярэдняга цячэння Сажа і Дняпра: Мсціслаў, Магілёў, Цяцерын, Княжыцы, Дрокаў, Крычаў, Папову Гару, Мглін і далучаную Вітаўтам воласць Малохву ўздоўж правага берага р. Віхра і яе прытока Малохвы. У 1432 за падтрымку Яраславам і Юрыем Лугвенавічам.і кн. Свідрыгайлы вял. кн. ВКЛ Жыгімонт Кейстутавіч забраў у іх М.к.
У 1440 вял. кн. Казімір IV вярнуў княства Юрыю Лугвенавічу, які з перапынкамі трымаў яго да сваёй смерці. Потым М.к. валодаў яго сын Іван, пасля смерці якога (2-я пал. 1480-х г.) Казімір забраў М.к. ў скарб. 15.8.1495 вял. кн. ВКЛ Аляксандр аддаў Мсціслаў жонцы і дочкам Івана Юр’евіча. У 1499 Аляксандр выдаў Ульяну, дачку Івана Юр’евіча, замуж за кн. Міхаіла Іванавіча Заслаўскага (гл. Заслаўскія), які атрымаў ў вотчыну Мсціслаў і Мглін і стаў называцца кн. Мсціслаўскім. У 1526 старэйшы сын Міхаіла Іванавіча Фёдар ад’ехаў у Маскву. Пасля смерці другога сына, Васіля, М.І.Мсціслаўскі завяшчаў княства каралевічу Жыгімонту Аўгусту і трымаў яго далей у якасці каралеўскага ўладання. Пасля смерці М.І.Мсціслаўскага (1529) яго ўладанні сталі староствам Віленскага ваяводства, а ў 1565 утворана Мсціслаўскае ваяводства.
А.А.Мяцельскі.
т. 10, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАСТЫ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы пры манастырах. Вядомы з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. ў Індыі пры будыйскіх манастырах. Пасля пашырэння хрысціянства распаўсюдзіліся на Б. Усходзе і ў Зах. Еўропе пры мужчынскіх манастырах. Падзяляліся на 3 тыпы: для падрыхтоўкі белага духавенства, для будучых манахаў, для навучання грамаце свецкіх юнакоў. У стараж.-рус. княствах манахі выкладалі ў М.ш. дзецям заможных гараджан асновы пісьма і чытання. У 11 ст. М.ш. адкрыты пры епіскапскіх кафедрах у Ноўгарадзе, Полацку, Тураве і інш. У 12 ст. яны ўзніклі і пры некат. жаночых манастырах, у т. л. ў Полацку. У ВКЛ вял. кн. Ягайла ў 1387 заснаваў М.ш. пры кляштары ў Вільні. Іх колькасць значна павялічылася ў 16 ст. Яны існавалі пры правасл. манастырах у Брэсце, Вільні і інш. У 1522 М.ш. адкрыты ў мяст. Гайна Барысаўскага пав., у 1545 — у мяст. Мядзведзічы Слуцкага пав. З 17 ст. пач. школы працавалі пры уніяцкіх манастырах у Беразвеччы, Мазалаве, Мсціславе. Вядучае месца сярод М.ш. Рэчы Паспалітай займалі школы і калегіумы ордэнаў езуітаў і піяраў, якія ў 1740 мелі адпаведна 67 і 27 навуч. устаноў. Пасля скасавання ў 1773 ордэна езуітаў адбылося агульнае скарачэнне М.ш., былыя пазіцыі захавалі толькі піяры. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі мясц. ўлады пачалі перабудову свецкай сістэмы адукацыі, створанай Адукацыйнай камісіяй. У 1797 12 свецкіх вучылішчаў перададзены каталіцкім манаскім ордэнам і базыльянам. У 1824 з 47 павятовых вучылішчаў Віленскай навуч. акругі 37 належалі манахам. Пасля паўстання 1830—31 рас. ўрад пачаў ліквідацыю М.ш. у зах. губернях. У 1832—35 яны зачынены ці пераўтвораны ў свецкія гімназіі, павятовыя вучылішчы для дваран і мяшчан, семінарыі, ніжэйшыя духоўныя вучылішчы і царк.-прыходскія школы.
А.Ф.Самусік.
т. 10, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ МЯСАКАНСЕ́РВАВЫ КАМБІНА́Т.
Пабудаваны ў 1928—30. У 1935 уведзены ў дзеянне кансервавы цэх. У Вял. Айч. вайну разбураны, пасля вайны адноўлены і рэканструяваны. Асн. прадукцыя (1995): мяса, каўбасныя вырабы, кансервы мясныя, тлушч харч. і тэхн., мясныя паўфабрыкаты, сухія кармы, субпрадукты.
т. 1, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРА́КТ (франц. entracte),
1) перапынак паміж актамі (дзеямі) спектакля ці аддзяленнямі канцэрта, цыркавога паказу.
2) Музычная п’еса, якая з’яўляецца ўступам да акта (акрамя 1-га) ці карціны опернага, балетнага або драм. спектакля. Выконваецца пасля перапынку, перад тым як падняць заслону.
т. 1, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕАТРЫ́КС II ((Beatrix) Вільгельміна Армгард) (н. 31.1.1938, замак Сусдэйк, каля г. Барн, Нідэрланды),
каралева Нідэрландаў з 1980. Старэйшая дачка каралевы Юліяны. Заняла прастол пасля адрачэння маці. Сярод трох яе сыноў прынц Вільгельм — першы нашчадак галандскага трона мужчынскага роду ў 20 ст.
т. 2, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)