«САЛЮ́Т»,

серыя сав. арбітальных станцый для палётаў па каляземнай арбіце; праграма іх распрацоўкі, запускаў і эксплуатацыі. Прызначаліся для правядзення медыка-біял., астрафіз., навукова-тэхн., тэхнал. даследаванняў і эксперыментаў, назіранняў і даследаванняў Зямлі, яе атмасферы і каляземнай касм. прасторы. Макс. маса 18,9 т, маса навук. апаратуры да 2,5 т, аб’ём жылых адсекаў каля 100 м³. Палёты здзяйсняліся з касманаўтамі на борце і ў аўтам. рэжыме. У 1971—83 запушчаны 7 «С.» (на арбіту выводзіліся ракетай-носьбітам «Пратон» з касмадрома Байканур).

«С.» складаліся з пераходнага, рабочага, агрэгатнага (з рухальнай устаноўкай) адсекаў і прамежкавай камеры («С.-6» і «С.-7» мелі дадатковы стыковачны агрэгат). У склад «С.» ўваходзілі сістэмы жыццезабеспячэння, электрасілкавання (сонечныя батарэі), сувязі, арыентацыі і кіравання, стыкоўкі з касм. караблямі, навук. абсталяванне і інш. «С.» не прызначаліся для вяртання на Зямлю; дастаўка і змена экіпажа праводзіліся пры дапамозе касм. караблёў «Саюз», паліва, абсталявання і інш. — трансп. караблямі «Прагрэс». «С.-1» (запуск 19.4.1971) — першая ў свеце пілатуемая арбітальная станцыя (экіпаж Г.​Ц.​Дабравольскі, У.​М.​Волкаў, В.​І.​Пацаеў). Да «С.» здзейснілі палёты 50 касм. апаратаў. На борце «С.» працавалі 17 асн. экспедыцый (14—237 сут) і 15 экспедыцый наведвання (3—13 сут). У складзе міжнар. экіпажаў па праграме «Інтэркосмас» на «С.-6» і «С.-7» працавалі касманаўты 10 краін свету. Камандзірамі экспедыцый былі і ўраджэнцы Беларусі П.​І.​Клімук («С.-4», «С.-6» — міжнар.) і У.​В.​Кавалёнак («С.-6» — двойчы).

У.​С.​Ларыёнаў.

Арбітальная станцыя «Салют»: 1 — панэлі сонечных батарэй; 2 — шматзанальны фотаапарат; 3 — спальнае месца; 4 — антэны тэлеметрычных сістэм; 5 — адсек навуковай апаратуры; 6 — цэнтральны пост; 7 — сістэма газавага забеспячэння.

т. 14, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СЬ»,

назва сям’і універсальных трактароў. Распрацоўваюцца і выпускаюцца вытв. аб’яднаннем «Мінскі трактарны завод». Бываюць: універсальна-прапашныя, агульнага і спец. прызначэння; колавыя, паўгусенічныя і гусенічныя (колавыя — з 3 для работы на бавоўнавых палях або з 4 коламі). Маюць цэльнаметалічную кабіну, гідраўзмацняльнік рулявога кіравання, незалежны і сінхронны валы адбору магутнасці, прыстасаванні для агрэгатавання з інш. машынамі (да 540 машын з трактарам МТЗ-1025) і інш. Выпускаецца больш за 50 мадэляў магутнасцю ад 5 да 150 к.с.

Першая мадэль трактара «Беларусь» МТЗ-2 на пнеўматычных колах выпушчана ў 1953, удасканаленыя канструкцыі (МТЗ-5, МТЗ-7 і іх мадыфікацыі) — у 1959—60. У 1963 укаранёна ў вытв-сць базавая мадэль «Беларусь» МТЗ-50 і на яе аснове сям’я МТЗ-52 (1965) павышанай праходнасці з 4 вядучымі коламі (агрэгатуецца са 162 машынамі; экспартуецца з 1966). З 1974 выпускаецца сям’я мадыфікаваных трактароў МТЗ-80/82 (удасканалены пнеўматычная сістэма тармазоў прычэпаў, двухскорасны вал адбору магутнасці, гідракрук, аўтаблакіроўка дыферэнцыяла задняга моста, сістэма кандыцыяніравання паветра, кабіна павышанай герметычнасці і шумаізаляцыі і інш.; агрэгатуецца з 300 машынамі; экспартуецца з 1976). У 1984 укаранёны ў вытв-сць высокаэнерганасычаны МТЗ-12 магутнасцю 100 к.с. (74 кВт). Гл. таксама табл.

М.​Р.​Мялешка.

Асноўныя тэхнічныя характарыстыкі базавых мадэляў трактароў «Беларусь»
Мадэлі трактароў Магутнасць, к.с. Канструкцыйная маса, кг Удзельная матэрыялаёмістасць, кг/к.с. Колькасць перадач пярэдняга/задняга ходу Найб. скорасць, км/гадз Колькасць агрэгатаваных машын Удзельны расход паліва, г/э.к.с. гадз
МТЗ-1221 120 4450 37,0 16/8 27 42 171
МТЗ-1025 100 3950 39,5 24/8 35 540 178
МТЗ-952 89 4000 45,0 сінх. 14/4 30 500 166
МТЗ-920 81 3600 44,4 сінх. 14/4 35 500 168,4
МТЗ-220 22 1230 51,5 16/8 25 20 190
МТЗ-082 11 412 37,5 4/3 15 24 261
Трактары «Беларусь»: МТЗ-920 (уверсе), МТЗ-1221.

т. 3, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАЛІ́Т (ад палеа... + грэч. lithos камень),

старажытнакаменны век, самая ранняя і найб. працяглая эпоха каменнага веку. Пачаўся каля 2,2 млн. г. назад са з’яўлення стараж. людзей (архантрапаў) і прылад, доўжыўся на працягу большай часткі ледавіковага перыяду (плейстацэну) і да канчатковага адступання ледавікоў (каля 8,3 тыс. г. назад). Падзяляецца на ніжні (ранні, стараж., датуецца 2,2 млн. г. назад), сярэдні (мусцье, у Еўропе ахоплівае адрэзак ад 125/100 да 40 тыс. г. назад), верхні (позні, датуецца 40/35—10 тыс. г. назад). Апошнім часам прызнана існаванне асобай, завяршальнай стадыі позняга перыяду — фінальнага П. (14—11 тыс. г. назад ці 12—8,3 тыс. г. назад). У раннім П. пераважалі ядрышчавыя галечныя прылады на адшчэпах. У познім П. пашыраюцца неаантрапы, пласцініста-разцовая індустрыя і пячорнае мастацтва ў Еўропе. Неаантрапы (краманьёнцы) намнога пашырылі айкумену пражывання, значна ўдасканалілі тэхніку апрацоўкі каменю і косці, распаўсюдзілася прызматычная тэхніка расколвання каменю, яго свідраванне, пілаванне і шліхтаванне. Набор прылад працы складаў каля 100 тыпаў. Чалавек асвойваў практыку домабудаўніцтва — вядома вял. колькасць самых разнастайных відаў жылля. Асновай гаспадаркі было паляванне. Дзякуючы яму чалавек здабываў не толькі ежу, але і матэрыялы для адзення, будаўніцтва і паліва. Развіваліся спосабы палявання з дапамогаю загонаў, аблаў, лоўчых ям. У паляўнічае ўзбраенне ўваходзілі дзіды, дроцікі, боласы, лук і стрэлы. Запасы ежы істотна дапаўняліся ад збіральніцтва, а ў некат. выпадках — рыбалоўства. Складаны светапогляд тагачаснага чалавека адлюстраваны ў творах першабытнага мастацтва і пахавальным абрадзе. На Беларусі доўгачасовыя верхнепалеалітычныя паселішчы (26—24 тыс. г. назад) выяўлены ў Юравічах і Бердыжы. Асобныя крамянёвыя прылады працы мусцьерскага тыпу знойдзены каля Абідавіч і в. Чамярня Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.

Літ.:

История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. М., 1988;

Семенов Ю.И. На заре человеческой истории. М., 1989.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́У (белау Belau, англ. Palau),

Рэспубліка Палау (белау Beluu er a Belau, англ. Republic of Palau), дзяржава на аднайменных астравах з групы Каралінскіх астравоў, у зах. частцы Ціхага ак., на Пн ад экватара. Пл. 458 км². Нас. 18,5 тыс. чал. (1999). Афіц. мовы — белау (палау) і англійская. Сталіца, гал. эканам. цэнтр і порт — г. Корар на в-ве Бабелтуап. Краіна падзяляецца на 18 адм. адзінак. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).

Дзяржаўны лад. П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1981. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Заканад. орган — двухпалатны парламент — Нац. кангрэс, які складаецца з сената (14 сенатараў, назначаюцца на 8 гадоў прапарцыянальна насельніцтву астраўных тэрыторый) і палаты дэпутатаў (14 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам).

Прырода. Краіна займае 8 вулканічных (найб. Бабелтуап, пл. 367 км²) і каля 200 каралавых астравоў. Макс. выш. 242 м на в-ве Бабелтуап. З карысных выкапняў ёсць золата, фасфарыты, баксіты; у глыбакаводнай зоне паклады метал. канкрэцый. Клімат экватарыяльны. Сярэднемесячныя т-ры 24—28 ºС. Ападкаў больш за 3000 мм за год, найбольш з мая да лістапада. Адзначаюцца землетрасенні, з чэрв. да снеж. бываюць тайфуны. Невял. рэчкі і ручаі толькі на вулканічных астравах. Асобныя ўчасткі ўзбярэжжа заняты мангравымі зараснікамі, на горных схілах вулканічных астравоў растуць какосавая і арэкавая пальмы, бамбук; вышэй — лясы і саванны. На каралавых астравах — гаі какосавых пальмаў. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі.

Насельніцтва. Мікранезійцы белау (палау) складаюць больш за 95%. Жывуць таксама амерыканцы, філіпінцы, кітайцы. Сярод вернікаў пераважаюць католікі і пратэстанты, каля 30% мясц. жыхароў — прыхільнікі сінкрэтычнага культу Мадэкнгеі. Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², на ўзбярэжжах вулканічных астравоў да 100 чал. на 1 км² і больш. Гар. насельніцтва 72%. У г. Корар 12 тыс. ж. (1995). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам і марскімі промысламі, абслугоўваннем турыстаў.

Гісторыя. Група астравоў, на якіх размешчана П., у 1534 адкрыта іспанцамі, пасля чаго яна больш за 350 гадоў афіцыйна заставалася пад уладай Іспаніі. З 1899 калонія Германіі. У 1914 акупіравана яп. войскамі, пасля 1-й сусв. вайны з 1919—20 падмандатная тэр. Японіі. Летам 1944 у 2-ю сусв. вайну занята амер. войскамі, з 1947 частка «падапечнай тэр. Ціхаакіянскіх астравоў» пад кіраваннем ЗША. У 1981 у рамках амер. апякунскага кіравання атрымала ўнутр. аўтаномію як «Рэспубліка П». З 9.11.1993 «свабодна асацыіраваная» з ЗША дзяржава тэрмінам на 50 гадоў. 1.10.1994 абвешчана незалежнасць (спынена апека ЗША); у распараджэнні ЗША засталіся абарона (П. не мае ўласных узбр. сіл), фінансы, замежныя справы. П. — чл. ААН (з 1994). Дзейнічаюць некалькі паліт. партый.

Гаспадарка. П. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 8800 дол. за год. Насельніцтва займаецца пераважна сельскай гаспадаркай і рыбалоўствам. Пад с.-г. культурамі і пашай каля 20 тыс. га. Гал. культура — какосавая пальма. На ўласныя патрэбы вырошчваюць маніёк, батат, ямс, тара, рыс, кукурузу, сою, сорга, цукр. трыснёг, чорны перац. Трапічнае садоўніцтва: цытрусавыя, манга, ананасы, хлебнае дрэва, бананы, панданус. Агародніцтва. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні, козы, птушка). Рыбалоўства (пераважна тунец) мае экспартны кірунак. Нарыхтоўка драўніны какосавай пальмы і пандануса. Электраэнергетыка заснавана на выкарыстанні імпартнага паліва, 15% яе даюць невял. ГЭС. У 1996 атрымана 200 млн. кВт гадз электраэнергіі. Невял. здабыча фасфарытаў і золата. У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы рыбы, копры, вытв-сці харч. прадуктаў, мыла, алею, цэглы, цэменту, лесапілавання. Буд-ва і рамонт невял. суднаў і лодак. Саматужныя промыслы, здабыча і апрацоўка каралаў, выраб сувеніраў. Транспарт пераважна марскі. На астравах 61 км аўтадарог, 3 аэрапорты. Развіваецца турызм. Замежных турыстаў (пераважна з Японіі і ЗША) прыцягваюць цёплае мора, каралавыя пляжы, экзатычнае мастацтва мясц. жыхароў. У 1996 экспарт склаў 14,3 млн. дол., імпарт — 72,4 млн. дол. У экспарце пераважаюць рыба і рыбныя прадукты, копра, маст. вырабы, у імпарце — паліва, харч. і спажывецкія тавары. Краіна атрымлівае дапамогу і арэндную плату за тэрыторыю ваен. баз ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 11, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМІ́НІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць алюміній, пераважна ў ступені акіслення + 3. Бясколерныя, белыя ці шэрыя цвёрдыя рэчывы. Найб. пашыраны алюмінію злучэнні з кіслародам (крышт. алюмінію аксід і аморфны алюмагель, гідраксід алюмінію), солі алюмінію з моцнымі кіслотамі (нітрат, сульфат, галагеніды, фасфаты), комплексныя солі алюмінію (алюмініевы галын, алюмасілікаты), солі алюмініевых кіслот (алюмінаты), алюмінійарган. злучэнні (гл. ў арт. Металаарганічныя злучэнні), нітрыд і гідрыд алюмінію, алюмінію злучэнні з некаторымі больш электрададатнымі, чым алюміній, металамі, напр. арсенід алюмінію.

Алюмінію гідраксід (Al(OH)3] сустракаецца ў прыродзе ў выглядзе мінералаў — састаўная частка баксітаў, існуе ў трох крышт. і аморфнай мадыфікацыях; не раствараецца ў вадзе, спіртах; амфатэрны, з кіслотамі ўтварае солі, са шчолачамі алюмінаты. Атрымліваюць гідролізам алюмасілікатаў у шчолачным асяроддзі, аморфны — асаджэннем з раствораў соляў алюмінію аміякам. Выкарыстоўваюць для вытв-сці аксіду алюмінію і алюмагелю, як адсарбцыйны сродак у медыцыне. Алюмінію сульфат [Al2(SO4)3], т-ра раскладання больш за 770 °C, раствараецца ў вадзе. Атрымліваецца ўзаемадзеяннем кааліну ці баксіту з сернай кіслатой. Выкарыстоўваюць у вытв-сці алюмініевага галыну, для праклейвання паперы, асвятлення і пазбаўлення колеру вады, як пратраву пры фарбаванні тканін. Алюмінію фтарыд (AlF3), т-ра ўзгонкі 1279 °C, раствараецца ў вадзе, утварае крышталегідраты. Кампанент электраліту ў вытв-сці алюмінію, таксама флюсаў, эмаляў, керамікі. Алюмінію хларыд (AlCl3), дыміць на паветры, т-ра ўзгонкі 180 °C, tпл 192,5 °C, у вадзе гідралізуецца. Атрымліваецца хларыраваннем кааліну, баксіту ці гліназёму. Каталізатар крэкінгу нафты, у рэакцыях алкіліравання. Алюмінію нітрыд (AlN), т-ра раскладання ~2000 °C, дыэлектрык, устойлівы да дзеяння кіслот і шчолачаў пры t 20 °C. Атрымліваюць узаемадзеяннем азоту з алюмініем пры t 1000 °C ці аднаўленнем аксіду алюмінію. Выкарыстоўваецца як вогнетрывалы матэрыял для тыгляў, футровак электролізных ваннаў, для нанясення каразійна- і зносаўстойлівых пакрыццяў на сталь, графіт і інш. Алюмінію гідрыд (AlH3), т-ра раскладання 105 °C, існуе ў палімерным стане. Выкарыстоўваецца як кампанент цвёрдага ракетнага паліва, аднаўляльнік у арган. Сінтэзе. Алюмінію арсенід (AlAs), т-ра плаўлення 1740 °C, кампанент паўправадніковых цвёрдых раствораў для лазераў, фотадыёдаў, сонечных батарэй.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 1, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАДЭЛУ́ПА (Guadeloupe),

востраў у групе Наветраных а-воў у Вест-Індыі; разам з суседнімі а-вамі (Мары-Галант, Дэзірад, Ле-Сент, Сен-Бартэльмі, Пціт-Тэр) і паўн. ч. в-ва Сен-Мартэн — уладанне Францыі (заморскі дэпартамент). Агульная пл. 1780 км², у т. л. в-ва Гвадэлупа 1703 км². Нас. 413 тыс. чал. (1993), у т. л. мулатаў — 77%, неграў — 10, крэолаў (нашчадкі еўрапейцаў) — 10%. Афіц. мова — французская. Большасць вернікаў католікі. Адм. ц. — г. Бас-Тэр, найб. горад — Лез-Абім, порт — Пуэнт-а-Пітр. В-аў Гвадэлупа складаецца з 2 ч. (Бас-Тэр і Гранд-Тэр), злучаных вузкім перашыйкам. Бас-Тэр складзены з вулканічных парод. Выш. да 1467 м (дзеючы вулкан Суфрыер — найвышэйшая вяршыня Малых Антыльскіх а-воў). Гранд-Тэр — плато выш. да 130 м, складзенае з вапнякоў і вулканічных туфаў. Развіты карст, рэк амаль няма. Клімат трапічны, пасатны, гарачы і вільготны. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Востраў абкружаны каралавымі рыфамі. Горы ўкрыты вільготнымі трапічнымі лясамі. Гвадэлупскі прыродны парк. Апрацоўваецца каля 30% тэр., пад пашай і лугамі 10%. Асн. экспартныя с.-г. культуры: цукр. трыснёг, бананы, кава, какава, ваніль, цытрусавыя. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, коз, свіней. Рыбалоўства. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі, пераважна вытв-сць цукру і рому. Транспарт аўтамабільны. Вываз бананаў, цукру, рому; увоз паліва, тэхн. абсталявання, сыравіны, трансп. сродкаў. Гандл. сувязі пераважна з Францыяй. Развіты турызм. Грашовая адзінка — франц. франк

Востраў Гвадэлупа адкрыты Х.​Калумбам 4.10.1493. У 16 — пач. 17 ст. тут спрабавалі замацавацца іспанцы. З 1635 калонія Францыі. У 1666, 1691 і 1703 Гвадэлупу імкнулася захапіць Вялікабрытанія. Парыжскі мірны дагавор 1763 пацвердзіў прыналежнасць Гвадэлупы Францыі. У 1805 на востраве ўведзены Франц. грамадз. кодэкс. У 1810 Гвадэлупа зноў акупіравана Вялікабрытаніяй, у 1816 вернута Францыі. У 1848 адменена рабства. З 1940 Гвадэлупа захоўвала лаяльнасць да франц. ўрада Вішы, з 1943 падтрымлівала ген. Ш. дэ Голя. З 1946 мае статус заморскага дэпартамента Францыі. Гвадэлупа прадстаўлена ў Нац. асамблеі ў Парыжы 2 сенатарамі і 3 дэпутатамі.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка).

т. 5, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРО́ЛІЗНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

адна з галін мікрабіялагічнай прамысловасці. Спецыялізуецца на перапрацоўцы нехарчовых раслінных матэрыялаў метадам гідролізу для атрымання этылавага спірту, кармавых дражджэй, глюкозы і ксіліту, фурфуролу, арган. кіслот, лігніну і інш. прадуктаў. Сыравінай служаць адходы лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, перапрацоўкі с.-г. сыравіны (салома, сланечнікавае шалупінне, кукурузныя храпкі, сцёблы бавоўніку, мелес з цукр. буракоў і інш.). Пры гідролізе раслінных тканак вугляводы пераходзяць у раствор (пад уздзеяннем вады і цяпла ў прысутнасці каталізатараў), а лігнін застаецца. У гэтым працэсе нерастваральныя поліцукрыды ператвараюцца ў растваральныя монацукрыды (гексозы і пентозы), якія хім. і біяхім. шляхам перапрацоўваюцца ў крышт. манозы (глюкозы, ксілозы), этылавы спірт, гліцэрын, ксіліт, сарбіт і інш., у альдэгіды і іх вытворныя (фурфурол, фуран і інш.), арган. кіслоты (воцатную, лімонную, яблычную і інш.), бялкова-вітамінныя дрожджы і антыбіётыкі. З 1 т сухой сыравіны ў залежнасці ад тэхналогіі можна атрымаць да 150 кг фурфуролу, або 140 кг першасных спіртоў, або 300 кг крышт. глюкозы, або 250 кг кармавых дражджэй і каля 300 кг гідролізнага лігніну.

Гідролізная прамысловасць развіваецца з пач. 20 ст. У б. СССР з 1935 наладжана вытв-сць этылавага спірту, з 1940-х г. — кармавых дражджэй і фурфуролу. На Беларусі гідролізную прадукцыю вырабляюць з 1936 на Бабруйскім гідролізным заводзе, з 1963 на Рэчыцкім доследна-прамысловым гідролізным заводзе, шматлікіх спіртавых і крухмальных з-дах. Выпускаецца тэхн. рэктыфікаваны этылавы спірт і этылавы спірт-сырэц, кармавыя дрожджы, фурфурол, вуглякіслы газ. У 1994 выраблена (разам з прадпрыемствамі мікрабіял. прам-сці) 49 тыс. т таварнай прадукцыі кармавых дражджэй (найб. у 1990 — 508 тыс. т). Значную гідролізную прамысловасць, якая спецыялізуецца пераважна на вытв-сці фурфуролу і этылавага спірту, маюць ЗША (найб. вытворца фурфуролу), Францыя, Італія, Японія, Фінляндыя; развітая вытв-сць этылавага спірту, кармавых дражджэй і фурфуролу ў Расіі, Германіі і інш. краінах. Гідролізная прамысловасць — перспектыўная галіна біятэхналогіі, здольная вырашаць праблемы, звязаныя з вытв-сцю харч. прадуктаў, лекавых прэпаратаў, энергет. паліва і сыравіны для хім. і біяхім. Вытв-сці.

Т.​П.​Цэдрык.

т. 5, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ПРАБЛЕ́М ЭНЕРГЕ́ТЫКІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Створаны ў 1991 у выніку рэарганізацыі Ін-та ядз. энергетыкі АН Беларусі, заснаванага ў 1965 на базе аднаго з аддзяленняў Ін-та цепла- і масаабмену і ядз. рэактара (1962). У ін-це (1998) 13 лабараторый, аспірантура з 1965, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый Асн. кірункі навук. даследаванняў: навук. асновы энергетыкі і энергазберажэння (сістэмны аналіз і распрацоўка стратэгіі развіцця энергетыкі, энергазберагальныя тэхналогіі, даследаванні сістэм ахаладжэння энергет. установак, уласцівасцей азонабяспечных холадаагентаў і распрацоўка экалагічна перспектыўных халадзільных апаратаў); праблемы бяспечнага развіцця ядз. энергетыкі (павышэнне паказчыкаў бяспекі эксплуатацыйных характарыстык АЭС і паліўнага цыкла; даследаванні па фізіцы ядз. рэактараў і контураў ахаладжэння АЭС, аварыйных сітуацый на АЭС і пераходных працэсаў у ядз. рэактарах, ядз. металазнаўства, праблем трываласці і надзейнасці ядз. энергет. установак; пасіўных сістэм бяспекі АЭС, канцэпцыя развіцця ядз. энергетыкі і энергет. планаванне); нетрадыцыйныя энергет. тэхналогіі (біяэнергет. тэхналогіі, удасканаленне і ўкараненне газагенератарных установак, анаэробная тэхналогія утылізацыі с.-г. адходаў, тэхналогія газіфікацыі драўніны і торфу); праблемы пераадолення наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС (кампактаванне і утылізацыя радыеактыўных адходаў, выкарыстанне ядз.-фіз. метадаў і распрацоўка прылад і тэхналогій, маніторынг навакольнага асяроддзя, распрацоўка эфектыўных метадаў атрымання радыефармпрэпаратаў). Вынікі даследаванняў: распрацаваны метады паляпшэння бяспекі АЭС (у т. л. адпрацоўка на буйнамаштабных макетах сістэм расхалоджвання ядз. рэактараў); тэорыя пераносу ў мнагафазных сістэмах з рухомымі межамі, якая мадэлюе працэсы цепла- і масаабмену ў сістэмах ахалоджвання энергет. установак і ўзаемадзеянне аэра- і гідрасфер пры ядз. і тэхнагенных інцыдэнтах; створаны новыя метады і апаратура кантролю ўтрымання і дынамікі паводзін. радыенуклідаў і хім. забруджванняў у навакольным асяроддзі; распрацаваны і ўкаранёны высокаэфектыўныя цеплаабменнікі для атрымання гарачай вады і пары за кошт утылізацыі цяпла тэхнал. выкідаў хім. прадпрыемстваў; распрацаваны тэхналогіі і створаны доследныя ўстаноўкі атрымання газападобнага паліва з драўніны, торфу і інш.; створана навук.-метадычная база аптымальнага энергазабеспячэння і энергет. планавання ў рэспубліцы У Ін-це працаваў акад. Нац. АН Беларусі А.К.Красін (заснавальнік Ін-та ядз. энергетыкі); працуюць чл.-кар. Нац. АН Беларусі Л.І.Калыхан, А.А.Міхалевіч (дырэктар з 1991).

А.​Я.​Сінкевіч.

т. 7, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІ́НЫ (Plantae, або Vegetabilia),

аўтатрофныя арганізмы (аўтатрофы), якія валодаюць здольнасцю да фотасінтэзу, маюць шчыльныя клетачныя абалонкі з цэлюлозы, запасное рэчыва, звычайна крухмал; царства жывых арганізмаў. Царства Р. уключае 3 падцарствы: багранкі, ці чырвоныя водарасці, сапраўдныя водарасці і зародкавыя, або вышэйшыя Р. (каля 350 тыс. відаў). Большасць Р. характарызуецца чляненнем цела, што прыводзіць да павелічэння паверхні. Неабходнасць гэтага абумоўлена спосабам жыўлення — паглынанне з навакольнага асяроддзя газападобнага (фотасінтэз) і вадкага (вада і раствораныя ў ёй мінер. солі) кампанентаў. Для вышэйшых Р. таксама характэрна наяўнасць вял. колькасці спецыялізаваных структур (гл. Вегетатыўныя органы, Тканка і інш.). Многія важныя асаблівасці будовы Р. вызначаюцца характарам іх росту, размнажэння, спосабам рассялення. Паходжанне Р. звязана з першымі этапамі станаўлення жыцця на Зямлі, а вянец іх эвалюцыі — кветкавыя (пакрытанасенныя), якія ўзніклі ў раннюю мелавую эпоху і цяпер займаюць дамінуючае становішча ў флоры планеты. На Беларусі 1638 відаў сасудзістых Р., 430 мохападобных, каля 7 тыс. грыбоў, 2232 водарасцей, 477 лішайнікаў. Інтрадукавана 1,5 тыс. відаў і форм драўнінных, кустовых і больш за 5 тыс. травяністых Р. (гл. таксама Расліннасць). Без Р. немагчыма існаванне жывёл і чалавека. Зялёныя Р., якія маюць у сабе хларафіл, здольныя акумуляваць энергію Сонца, утвараюць арган. рэчывы з неарган., падтрымліваюць пастаянны састаў атмасферы (паглынаюць вуглякіслы газ і выдзяляюць кісларод). Як першасныя прадуцэнты арган. рэчываў Р. — вызначальнае звяно ў складаных ланцугах жыўлення ўсіх гетэратрофных арганізмаў (гетэратрофаў) Зямлі. Утвараюць розныя расл. згуртаванні (фітацэнозы), абумоўліваюць ландшафтную разнастайнасць планеты і неабмежаваную разнастайнасць экалагічных умоў для інш. арганізмаў. Пры непасрэдным удзеле Р. утвараюцца глеба, торф, з выкапнёвых Р. — буры і каменны вугаль. Для чалавека найб. значэнне маюць насенныя, пераважна кветкавыя Р., якія даюць ежу, вопратку, паліва, буд. матэрыялы і інш. Інтэнсіўная і не заўсёды рацыянальная дзейнасць чалавека прывяла да знішчэння натуральнай расліннасці на вял. плошчах, многія віды паставіла пад пагрозу знікнення. Таму спец. заканадаўчымі актамі, прынятымі ў большасці краін, у т. л. на Беларусі, свет Р. знаходзіцца пад аховай (гл. Ахова прыроды, Ахова раслін). Вывучае Р. батаніка.

А.​А.​Малажаўскі, А.​У.​Суднік.

т. 13, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХАВІ́К,

энергасілавая машына, якая пераўтварае энергію рознага віду ў мех. работу або ў кінетычную энергію рэактыўнага струменя. У залежнасці ад тыпу Р. работа можа быць атрымана ад вярчальнага ротара (у ротарных машынах), зваротна-паступальнага руху поршня (у поршневых машын), рэактыўнага апарата і інш. Падзяляюцца на стацыянарныя, перасоўныя і транспартныя. Прыводзяць у дзеянне рабочыя машыны, трансп. сродкі (сухапутныя, водныя, паветраныя, касмічныя), вытв.-тэхнал. ўстаноўкі, камунальныя і быт. машыны і прылады і інш.

Р., якія пераўтвараюць прыродныя энергет. рэсурсы (паліва, энергію ветру, вады і інш.) у мех. энергію, наз. першаснымі Р. Да іх адносяцца цеплавыя рухавікі, гідраўлічныя рухавікі, ветрарухавікі. Другасныя Р. пераўтвараюць у работу энергію, атрыманую ад першасных Р. ці ад пераўтваральнікаў і накапляльнікаў энергіі (сонечных батарэй, інерцыйных і спружынных механізмаў і інш.): электрычныя рухавікі (у т. л. асінхронныя электрарухавікі, сінхронныя электрарухавікі), пнеўмарухавікі, інерцыйныя рухавікі, гіравыя, спружынныя, некаторыя гідраўлічныя і інш.

Першым мех. Р. было вадзяное кола, якое выкарыстоўвалася для падачы вады ў арашальныя сістэмы (краіны Стараж. Усходу, Егіпет, Кітай, Індыя). Ветрарухавікі барабаннага тыпу з’явіліся ў Стараж. Егіпце і Кітаі, з 7 ст. ў Персіі пачалі будаваць больш дасканалыя крыльчатыя, якія з 12—13 ст. пашырыліся ў Еўропе для прыводу ветраных млыноў (гл. Вятрак). З 13 ст. рабіліся спробы стварэння вечнага рухавіка. Цеплавы Р. — поршневая параатмасферная машына пабудавана Т.Ньюкаменам у 1705, універсальны цеплавы Р. — паравая машына — Дж.Уатам у 1784, паравая турбіна прамысл. значэння — Ч.А.Парсансам у 1884, практычна прыгодны рухавік унутранага згарання — франц. механікам Э.​Ленуарам у 1860, 4-тактавы газавы Р. — Н.А.Ота ў 1876, дызельны — Р.К.Дызелем у 1897 (гл. Дызель). У 1-й пал. 20 ст. створаны газавая турбіна, рэактыўны рухавік, ядзерная сілавая ўстаноўка. Гл. таксама Авіяцыйны рухавік, Аўтамабільны рухавік, Суднавы рухавік.

Літ.:

История техники. М., 1962;

Радость познания. Т. 4. Человек и машины: Пер. с англ. М., 1986.

У.​М.​Сацута.

Рухавікі: а — паравы Ньюкамена (1 — бак з вадой, 2 — поршань са штокам, 3 — цыліндр, 4 — упырскванне вады, 5 — паравы кацёл); б — газавы 4-тактны Ота (1 — выхад газаў, 2 — упуск паветра, 3 — упуск газу, 4 — слізгальны клапан, 5 — гарэнне газу, 6 — абалонка з ахаладжальнай вадой, 7 — поршань).

т. 13, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)