(да 1903 аддзяленні па ахове грамадскай бяспекі і парадку),
ахранка, мясцовыя органы паліт. вышуку ў Расіі ў 1866—1917, падпарадкаваныя дэпартаменту паліцыі. Першыя ахоўныя аддзяленні створаны ў Пецярбургу (1866), Маскве і Варшаве (1880). У 1902—03 заснаваны ва ўсіх буйных цэнтрах рэв. руху. Да 1907 дзейнічалі ў 27 прамысл. і культ. цэнтрах Рас. імперыі, у тым ліку на Беларусі. Асн. задачы: вышук рэв. арг-цый і рэвалюцыянераў. Мелі спец. агентуру «вонкавага нагляду» (філёры) і сакрэтных агентаў (тайныя паведамляльнікі і правакатары, якіх актыўна выкарыстоўваў нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатаў (гл.Зубатаўшчына). У рэвалюцыю 1905—07 і ў наступныя гады сетка ахоўных аддзяленняў пашырана (у 1914 іх было 26). З 1906 рыхтавалі агентуру і для ўкаранення ў рэв.сял. арг-цыі. Пры буйных паштамтах існаваў нагляд за прыватнай карэспандэнцыяй (зняцце копій, фатаграфаванне, дэшыфроўка). На Беларусі ў 1898 Маскоўскае ахоўнае аддзяленне з мэтай ліквідацыі арг-цый Бунда правяло вобыскі і арышты, выкрыла падп. друкарні ў Мінску і Бабруйску, высачыла дэлегатаў 1-га з’езда РСДРП (Мінск); па даносах агентаў выкрыты с.-д. к-ты ў Вільні, Гомелі, Магілёве, Мінску і інш. Ахоўныя аддзяленні скасаваны ў ходзе Лют. рэвалюцыі 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ РСДРП.
Аформілася ў канцы 1903. У студз. 1904 на правах раённай увайшла ў Палескі камітэт РСДРП. Пасля яго расфарміравання ў вер. 1905 пераўтворана ў раённую арг-цыю, падзялялася на Гарадскую, Навабеліцкую і Чыгуначную арг-цыі. У рэвалюцыю 1905—07 разам з Бундам кіравала выступленнямі працоўных, мела баявыя дружыны. У час кастр.паліт. стачкі 1905 яе прадстаўнікі ўваходзілі ў кааліцыйны рэв.к-т, у дні снежаньскай паліт. стачкі 1905 — у Гомельскі камітэт дэлегатаў. Вясной 1906 арг-цыя рэарганізавана ў акруговую. У 1907 разгромлена. У вер. 1909 адноўлены Гомельскі акр.к-тРСДРП. З 1911 дзейнічалі Чыгуначная і Навабеліцкая арг-цыі. Вясной 1912 Гомельская арганізацыя РСДРП удзельнічала ў правядзенні сходаў рабочых у знак пратэсту супраць Ленскага расстрэлу. Мела перадатачны пункт падп. л-ры, распаўсюджвала газ. «Правда» і збірала сродкі ў яе фонд, арганізоўвала стачкі, паліт. сходкі, выдавала і распаўсюджвала лістоўкі. Удзельнічала ў падрыхтоўцы Гомельскага перасыльнага пункта паўстання 1916. Напярэдадні Лют. рэвалюцыі 1917 у горадзе дзейнічалі с.-д. групы на эвакуіраваных заводах. У сак. 1917 яны ўвайшлі ў склад Гомельскай аб’яднанай арг-цыі РСДРП. У крас. 1917 бальшавікі выйшлі з яе і ўтварылі самастойны Палескі к-тРСДРП(б).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́ЦКАЯ АБЛАСНА́Я АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з ліст. 1943 да ліп. 1944 на тэр. Беластоцкай вобл. на чале з абл. антыфаш. к-там. Першыя антыфаш. арг-цыі і групы ўзніклі ў 1941—42 пераважна ў тых нас. пунктах, у якіх у Зах. Беларусі быў развіты рэв. і нац.-вызв. рух пад кіраўніцтвам КПЗБ. Значную ролю ў фарміраванні сеткі антыфаш. руху ў Беластоцкай вобл. адыграў Брэсцкі міжраённы «Камітэт барацьбы з нямецкімі акупантамі». У ліст. 1943 Беластоцкі падп. абком КП(б)Б стварыў абл. антыфаш. к-т на чале з Д.К.Сукачовым. Да мая 1944 абл.арг-цыя аб’ядноўвала 86 арг-цый і груп (639 чал.), у т. л. Беластоцкую гар., Бельскую, Бранскую, Ваўкавыскую, Гродзенскую, Заблудаўскую, Крынкаўскую, Лапскую, Свіслацкую, Скідзельскую, Снядаўскую, Саколкаўскую раённыя антыфаш. арг-цыі. Падпольшчыкі вялі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, падтрымлівалі цесную сувязь з партызанамі, перадавалі ім зброю, медыкаменты, харч. прадукты і інш., удзельнічалі ў стварэнні скрытага партыз. рэзерву (больш за 3 тыс.чал.). Яны спалілі ў Беластоку тэкст. ф-ку, у Гродне ўзарвалі 2 вагоны з авіябомбамі, пусцілі пад адхон некалькі эшалонаў, сістэматычна парушалі тэлеф.-тэлегр. сувязь ворага, вялі разведку, нападалі на гарнізоны і апорныя пункты акупантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РМІЯ КРАЁВА
(АК; Armia Krajowa літар. армія краіны),
падпольная ваен. арганізацыя, якая дзейнічала ў 1942—45 на акупіраванай фаш. Германіяй тэр. Польшчы і частцы тэр.б.СССР (Украіна, Беларусь, Літва). Падпарадкоўвалася польск. эмігранцкаму ўраду ў Лондане. Камандуючыя АК: генералы С.Равецкі, Т.Камароўскі, Л.Акуліцкі. Налічвала 250—300 тыс.чал. У паліт. адносінах будавалася на аснове «надпартыйнасці», тэорыі «двух ворагаў» — Германіі і СССР. Зыходзячы з гэтага абмяжоўвалася арганізатарскай работай, фарміраваннем шырокай сеткі падп. арг-цый, стварэннем штабоў і інш. органаў, якія пасля краху акупац. рэжыму павінны былі забяспечыць прыход да ўлады эмігранцкага ўрада, аднаўленне граніц даваен. Польшчы. Пасля разрыву адносін паміж СССР і польск. эмігранцкім урадам (крас. 1943) узмацніліся тэндэнцыі канфрантацыі АК з сав.партыз. атрадамі. На тэр. Беларусі існавалі Навагрудская, Палеская і Віленская акругі АК. З 1942 арганізоўваліся партыз. атрады. У 1944 дзейнічалі злучэнні «Наднёманскае», «Поўнач», «Усход», «Захад» («Шчучынскае»), «Стоўбцы». Ажыццяўляючы аперацыю «Бура» (распрацавана ў кастр. 1943; прадугледжвала захоп тэр.Зах. Украіны, Зах. Беларусі і Віленшчыны ў момант адступлення ням.-фаш. войскаў), спрабавала авалодаць Вільнюсам і перашкодзіць аднаўленню сав. улады ў Вільнюсе, Львове, інш. гарадах. Адначасова асобныя падраздзяленні АК узаемадзейнічалі з сав. партызанамі, часцямі Чырв. Арміі, Гвардыі Людовай, уступалі ў Войска Польскае. Эмігранцкі ўрад і кіраўніцтва АК узнялі 1 жн. Варшаўскае паўстанне 1944, якое было жорстка задушана гітлераўцамі. АК распушчана 9.1.1945 эмігранцкім урадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РМІЯ ЛЮДО́ВА
(АЛ; Armia Ludowa літар. народная армія),
узброеныя партыз. і падп. фарміраванні Польскай рабочай партыі (ППР) у 2-ю сусв. вайну. Створана дэкрэтам Краёвай Рады Нарадовай (КРН) ад 1.1.1944 замест Гвардыі Людовай. У гал. камандаванне АЛ уваходзілі галаўком ген. М.Жымерскі («Роля»), нач. штаба, чл.ЦК ППР Ф.Юзвяк, прадстаўнік КРН Я.Чахоўскі. Мела 6 тэр. акруг (аб’ядноўвалі 23 раёны). Армія складалася з 16 партыз. брыгад (у т. л. некалькі фарміраванняў з Беларусі і Украіны) і 20 асобных батальёнаў і атрадаў (летам 1944 налічвала каля 60 тыс.чал.). Гал. задачы — барацьба супраць ням. акупантаў і падрыхтоўка да захопу ўлады ў пасляваен. Польшчы. Праводзіла дыверсіі на прамысл. аб’ектах і чыгунцы, тэрарыст. акты супраць ням.акупац. адміністрацыі і жандармерыі. Вясной і летам 1944 атрады АЛ разам з сав. дыверсійна-разведвальнымі групамі вялі жорсткія баі з намнога большымі сіламі гітлераўцаў у Парчэўскіх і Яноўскіх лясах, Сольскай пушчы. На польска-бел. паграніччы супрацоўнічала з сав. партызанамі, якія дзейнічалі на Беларусі. Вясной 1944 для каардынацыі дзеянняў АЛ з войскамі Чырв. Арміі сав. камандаванне стварыла пры Ваен. савеце 1-га Бел. фронту Польскі партыз. штаб (адзін з кіраўнікоў С.В.Прытыцкі). Атрады АЛ дапамагалі наступаючым сав. войскам, вызвалілі некалькі польск. гарадоў. Камандаванне Чырв. Арміі перадавала АЛ кантроль над вызваленымі польск. тэрыторыямі. 21.7.1944 дэкрэтам КРН АЛ аб’яднана з Польскай арміяй у СССР у адзінае Войска Польскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЁФ (Babeuf, Baboeuf) Франсуа Наэль, празваны Гракх (23.11.1760, г. Сен-Кантэн, Францыя — 27.5.1797), французскі камуніст-утапіст, рэвалюцыянер. У 1785 распрацаваў план стварэння «калектыўных фермаў» замест буйных зямельных уладанняў. Падрыхтаваў агр. праграму і закон, сфармуляваны ў яго кнізе «Пастаянны кадастр» (1789). У час франц. рэвалюцыі 1789—94 удзельнічаў у сял. руху, быў прыхільнікам рэспублікі. У заснаванай ім газеце «Le Tribune du peuple» («Трыбуна народа») крытыкаваў палітыку контррэв. тэрмідарыянскага Канвента, за што ў 1795 зняволены. У 1796 заснаваў тайную арг-цыю «Саюз роўных», члены якой падтрымлівалі франц. Канстытуцыю 1793, рыхтавалі ўзбр. выступленне. Дзейнасць арг-цыі была раскрыта, Бабёф гільяцінаваны. Паліт. погляды Бабёфа звязаны з канцэпцыямі перадрэв. эгалітарызму і утапічнага камунізму, які ён аб’ядноўваў з класавай барацьбой. Бабёф сцвярджаў, што сутнасць сац. парадку дэтэрмінавана не паліт. формамі, а адносінамі паміж класамі. Зыходзячы з гэтага аналізаваў бурж. ўласнасць, шукаў у ёй асновы ўсёй эканам. сістэмы і інструмент панавання ў грамадстве маёмных над немаёмнымі. У выніку прыйшоў да высновы, што пасля рэвалюцыі, перш чым ажыццявіць «чыстую дэмакратыю», адразу неабходна ўстанавіць часовую дыктатуру на перыяд пераходу ад старога да камуніст. грамадства. Дактрына Бабёфа і яго прыхільнікаў, выказаная ў «плебейскім маніфесце», мела шмат паслядоўнікаў — бабувістаў. Ідэі Бабёфа сцвярджаліся аж да 1848 і мелі значны ўплыў на падп. рух у Францыі і Бельгіі ў 1830—40 (Саюз Справядлівых, Саюз Камуністаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗІНО́,
горад у Беларусі, цэнтр Бярэзінскага р-на Мінскай вобл., прыстань на р. Бярэзіна. За 101 км ад Мінска, 50 км ад чыг. ст. Градзянка, на аўтадарозе Мінск—Магілёў. 13,3 тыс.ж. (1995). У Беразіно прадпрыемствы паліўнай, харч., лясной, лёгкай прам-сці. Помнік архітэктуры 19 ст. — сядзібны дом.
Упершыню ўпамінаецца ў 1501 як мястэчка ў Любашанскім старостве ВКЛ. З 1560-х г. у Мінскім пав., наз. Ніжняе Беразіно, належала Сапегам, з 1671 — Тышкевічам. У 1641 пабудаваны драўляны касцёл (у 1914 згарэў). З 1668 Беразіно мела прывілей на гандаль і штогадовы кірмаш. У час антыфеад. вайны 1648—51 тут адбыліся вял. баі. З 1793 у Пагосцкай вол. Ігуменскага пав.Рас. імперыі, належала Патоцкім. У 1-й пал. 19 ст. дзейнічала суконная мануфактура. У 1880 у Беразіно 3181 ж. Купцы з Беразіно гандлявалі дрэвам, пянькой, прадуктамі са смалы. З 1892 працавалі бровар, канатная ф-ка, млын. У 1897 — 4987 ж., нар. вучылішча, школа. У 1905 адбыліся забастоўкі рабочых і рамеснікаў. У лютым—снеж. 1918 акупіравана герм., са жн. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. У 1924—62 і з 1965 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. З 3.7.1941 да 3.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі тут 1,2 тыс.чал.; дзейнічала падп. група. У 1962—65 у Чэрвеньскім р-не. З 7.3.1968 горад. У 1989 — 12,7 тыс.ж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБАНО́К Уладзімір Елісеевіч
(3.7.1907, в. Востраў Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 4.11.1984),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, дзярж. і парт. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў БСГА (1931), ВПШ пры ЦККПСС (1956). З 1941 1-ы сакратар Лепельскага райкома КП(б)Б. Са жн. 1941 да чэрв. 1944 1-ы сакратар Лепельскага падп. райкома КП(б)Б, адначасова з сак. 1942 камандзір партыз. атрада № 68, са жн. 1942 камісар партыз. брыгады Чашніцкай «Дубава», з ліп. 1943 камандзір партыз. брыгады Лепельскай імя Сталіна. У снеж. 1943 узначаліў аператыўную групу ЦККП(б)Б і БШПР па Полацка-Лепельскай партызанскай зоне. З 1944 у апараце ЦККПБ, старшыня Полацкага і Гомельскага аблвыканкомаў, 1-ы сакратар Палескага, Віцебскага абкомаў КПБ. З 1962 1-ы нам. Старшыні СМБССР, міністр вытворчасці і нарыхтовак с.-г. прадуктаў БССР. З 1974 нам. Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР. Чл.Цэнтр.рэвіз. камісіі КПСС у 1961—76. Чл.ЦККПБ з 1949, канд. у чл. Бюро ЦККПБ з 1962 і з 1976, чл. Бюро ЦККПБ у 1966—76. Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1946, БССР у 1951—55 і з 1963. Нам. Старшыні Савета Нацыянальнасцей Вярх. Савета СССР у 1968—74. Аўтар кніг «У баях за Радзіму» (3-е выд., 1964), «Партызаны прымаюць бой» (1976).
Засн. 30.9.1943 як Музей па гісторыі барацьбы бел. народа з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну на матэрыялах дзеючай з восені 1942 у Маскве выстаўкі «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца», камісіі па гісторыі Вял. Айч. вайны пры ЦККП(б)Б, Бел. штаба партыз. руху і інш. Адкрыты 22.10.1944 у Мінску, сучасная назва з ліст. 1944. Да 1974 быў адзіным на тэр.б.СССР музеем мінулай вайны. Мае 29 экспазіц. залаў (пл. 3,6 тыс.м²), каля 100 тыс. адзінак асн. фонду (1995), фотатэку (каля 38 тыс. негатываў), б-ку (каля 13 тыс. кніг, брашур, плакатаў). Дакументы, фотаздымкі, рэчавыя матэрыялы расказваюць пра пачатак вайны ў 1941, абарончыя баі на тэр. Беларусі; жорсткі акупац. рэжым, партыз. і падп. барацьбу супраць акупантаў; гераізм працаўнікоў тылу; буйнейшыя ваен. аперацыі Чырв. Арміі пры вызваленні Беларусі і краін Еўропы, перамогу над фашызмам у 1945; Парад Перамогі. Экспазіцыю завяршаюць мемар. залы. дзе ўвекавечаны гарады-героі, вайск. злучэнні і часці 1, 2, 3-га Бел. і Прыбалт. франтоў, якія вызначыліся пры вызваленні Беларусі, партыз. фарміраванні на Беларусі; поўныя кавалеры ордэна Славы і Героі Сав. Саюза — ураджэнцы Беларусі і прадстаўнікі інш. народаў, што атрымалі гэтыя званні ў баях на Беларусі. Філіял музея — Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі. Самастойнымі музеямі сталі б. філіялы Обальскага камсамольскага падполля музей, Музей баявой садружнасці, Музей бітвы за Дняпро, Мемарыяльны комплекс «Хатынь». Іншым музеям рэспублікі і замежжа перададзена больш за 46 тыс. адзінак апрацаваных матэрыялаў.
Літ.:
Белорусский государственный музей истории Великой Отечественной войны: Путеводитель по залам. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБ Тамаш Тамашавіч
(19.3.1895, в. Паляны Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 25.1.1938),
бел.паліт. і культ. дзеяч, публіцыст. Вучыўся ў Пецярбургу. Скончыў філас.ф-т Карлава ун-та ў Празе (1928). У 1-ю сусв. вайну на фронце. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. Чл. Рады БНР і яе Выканаўчага к-та, нар. сакратар земляробства ва ўрадзе Я.Варонкі. Уваходзіў у Цэнтр.Бел. вайсковую раду. Быў дэлегатам 3-га Усерас. з’езда Саветаў (Петраград, студз. 1918). У 1919 выдаваў у Вільні газ.«Грамадзянін». Адзін з ініцыятараў стварэння і кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Арыштоўваўся польск. ўладамі летам 1919 у Гродне як супрацоўнік газ. «Родны край», вясной 1920 як чл. Мінскага падп. паўстанцкага к-та. З канца 1920 у эміграцыі ў Коўне (Каўнас), дзе ўдзельнічаў у выданні газ. «Сялянская доля»; з восені 1922 у Празе. Абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Пытанне народа і нацыі». Быў чл. замежнага бюро БПС-Р, сакратаром-кіраўніком Беларускага навуковага кабінета, удзельнічаў у рабоце Бел. рады ў Празе, Бел. культурнага т-ва імя Ф.Скарыны, Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый. У 1934—38 заг.Беларускага загранічнага архіва, складаў бібліяграфію па беларусазнаўстве. Друкаваўся ў час. «Перавясла», «Іскры Скарыны», «Студэнцкая думка», «Золак», «Бюлетэні загранічнай групы Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў». Аўтар брашуры «Прамова бунтаўшчыка аб сацыялізме» (1922—24, пад псеўд. Антон Небарака), артыкулаў па гісторыі, пытаннях бел. адраджэнскага руху. Апублікаваў урыўкі з рамана «Паўстанцы» (Іскры Скарыны. 1934. № 3). На бел. мову пераклаў брашуру «Аб кааперацыйным ідэале» М.Туган-Бараноўскага, на чэшскую — кн. «Дэмакратыя, дыктатура, сацыялізм» В.Чарнова.
Літ.:
Мядзёлка П. Сцежкамі жыцця: Успаміны. Мн., 1974;
Ліс А. Рыцар беларускай свабоды // Спадчына. 1995. № 4.