«РО́ДНАЯ СТРАХА́»,
часопіс, які выдаваўся ў жн. 1921 — крас. 1922 у Вільні на бел. мове. Закранаў некат. актуальныя пытанні зах.-бел. рэчаіснасці (арт. «Аб формах дзяржаўнасці» Умястоўскага і інш.), пісаў пра паліт. лёс Віленшчыны, т.зв. Сярэдняй Літвы. Асвятляў стан бел. школьнай асветы (арт. «Беларуская школа і беларускія настаўнікі» пад крыптанімам «К.У.», «Наша справа» пад крыптанімам «С.» і інш). Інфармаваў пра публічныя выступленні Б.Тарашкевіча, зняволенне ў віленскую турму Лукішкі М.Гарэцкага, змясціў некралог на смерць А.Лявіцкага (Ядвігіна Ш). Друкаваў апавяданні Я.Піліпава, В.Пупко, вершы Старога Уласа, Хв.Тартака (Чарнышэвіча), нар. творы, запісаныя на Вілейшчыне. Выйшла 7 нумароў.
А.С.Ліс.
т. 13, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАНЕ́Ц,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 20 км на З ад г. Полацк. Пл. 0,48 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 720′м, найб. глыб. 3,4 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Пл. вадазбору 12,7 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 2—5 м, спадзістыя, пад пашай, на ПдУ разараныя. На Пн і Пд забалочаная пойма шыр. 10—100 м, пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя, на Пд сплавінныя. Некалькі заліваў. Востраў пл. 0,2 га. Дно сподкападобнае, сапрапелістае, прыбярэжная зона на З і У пясчаная. Зарастае. Упадаюць ручай і меліярацыйная канава, выцякае р. Валынка.
т. 14, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́БРАЕ,
возера ў Полацкім р-не, у бас. р. Палата, за 20 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,54 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 450 м, найб. глыб. 4,3 м, даўж. берагавой лініі 4,3 км. Пл. вадазбору 5,4 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 2—5 м, разараныя, на Пн выш. 6—10 м, у ніжняй ч. стромкія, пад хмызняком. Пойма шыр. да 8 м, увільготнена, пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя. Дно плоскае, у паўн.-ўсх. ч. пясчаная мель, прыбярэжная ч. да глыб. 2 м выслана пяском і апясчаненым ілам, глыбей сапрапелістае. Зарастае. Злучана пратокай з р. Палата.
т. 14, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЙНЫ СЛОЙ ГЛЕ́БЫ,
верхні гарызонт трапічных і субтрапічных глеб, развітых на фералітнай кары выветрывання. Пад непасрэдным уздзеяннем каранёў раслін становіцца аднародным паводле саставу і марфалогіі, набывае буры колер і глебавую структуру.
т. 6, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСПРАВАЗДА́ЧНАЯ АСО́БА,
работнік прадпрыемства, установы, арг-цыі, які паводле загаду кіраўніка атрымаў грашовую суму «пад справаздачу» для прадбачаных расходаў. Ва ўстаноўленыя тэрміны П.а. павінна здаць авансавую справаздачу пра расходаванне падсправаздачнай сумы.
т. 11, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальнае княства, якое вылучылася з Полацкага княства пасля смерці Усяслава Брачыславіча (1101). Цэнтр — г. Віцебск. У 1130—40-я г. належала, верагодна, полацкаму кн. Васільку Святаславічу, потым полацкім князям Васількавічам, з 1165 — Давыду Расціславічу, у 1170-я г. — Усяславу Васількавічу. У пач. 1180-х г. належала Брачыславу Васількавічу і выйшла з-пад уплыву Смаленска. З 1186 Віцебскае княства зноў пад уплывам Смаленска, што выклікала незадаволенасць полацкіх і чарнігаўскіх князёў, якія ў 1195 выступілі супраць смаленскіх князёў, у выніку Віцебск трапіў пад уладу Полацка. У пач. 13 ст. Віцебскае княства зблізілася з Уладзіміра-Суздальскім княствам. У 1220—30-я г. яно падпарадкоўвалася полацкаму кн. Брачыславу. У 1229, верагодна, знаходзілася пад паліт. уплывам Смаленска, князь якога Мсціслаў падпісаў пагадненне з Рыгай ад імя полацкага і віцебскага князёў. У 1262 віцебскі кн. Канстанцін з наўгародцамі ўдзельнічаў у паходзе на Юр’еў. У 1263—65 княства залежала ад полацкіх князёў Гердзеня, потым Ізяслава, які быў васалам новагародскага кн. Войшалка. У 1280 Віцебскае княства ўпамінаецца як тэрыторыя, залежная ад смаленскага кн. Фёдара Расціславіча. У канцы 13 — пач. 14 ст. тут княжыў Міхаіл Канстанцінавіч, каля 1318 — Яраслаў. Пасля смерці Яраслава (1320) віцебскім князем стаў яго зяць Альгерд, пасля смерці апошняга з 1377 Віцебскае княства належала яго ўдаве Ульяне. Пасля смерці Ульяны (каля 1393) вял. кн. ВКЛ Вітаўт скасаваў Віцебскае княства і накіраваў у Віцебск намесніка. Малодшы сын Альгерда Свідрыгайла хацеў аднавіць княжанне і ўзняў мяцеж, які падтрымалі Орша і Друцк. Мяцеж быў задушаны, а Віцебскае княства ператворана ў намесніцтва. У пач. 16 ст. на тэр. Віцебскага княства ўтворана Віцебскае ваяводства.
Л.У.Калядзінскі.
т. 4, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РДЫЯ (Lombardia),
гістарычная і адм. вобласць на Пн Італіі, самая вял. па плошчы і колькасці насельніцтва ў краіне. Уключае 9 правінцый: Бергама, Брэшыя, Варэсе, Крэмона, Кома, Мантуя, Мілан, Павія, Сондрыо. Пл. 23,8 тыс. км². Hac. каля 9 млн. чал. (1995). Адм. і прамысл. цэнтр — г. Мілан. На Пн Ламбардскія Альпы (выш. да 4049 м) і Перадальпы, астатняя ч. Паданская раўніна. Клімат пераходны ад міжземнаморскага да ўмеранага, у гарах умераны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Найб. эканамічна развітая вобласць Італіі. Прам-сць сканцэнтравана ў асн. у Мілане і яго прыгарадах: маш.-буд. (радыёэлектронная, электратэхн., выпуск энергасілавога абсталявання, станкоў, прылад, аўтамабіляў, самалётаў і інш.), хім. (мінер. ўгнаенні, фарбавальнікі, сінт. каўчук, пластмасы і інш), тэкст., швейная, харчовая. Асноўны с.-г. раён краіны. Апрацоўваецца каля 1,5 млн. га, у т. л. каля 60% пад ворывам, каля 30% пад лугамі і пашай, 10% пад садамі і вінаграднікамі. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, рыс, кармавыя культуры, агародніну. Жывёлагадоўля пераважна малочнага кірунку. Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Развіты турызм. Шматлікія курорты, цэнтры зімовых і водных відаў спорту.
Стараж. назва Л. — Інсубрыя (ад назвы кельцкага племя інсубраў). У 2 ст. да н.э. заваявана Рымам. У 5—7 ст. н.э. на Л. нападалі остготы, Візантыя, лангабарды (адсюль назва Л.). З 8 ст. ў складзе імперыі Каралінгаў. З 10 ст. ў «Свяшчэннай Рымскай імперыі», у 11—13 ст. існавалі самакіравальныя гар. камуны, у 14—15 ст. усталяваліся тыранічныя рэжымы. Пазней належала ісп. і аўстр. Габсбургам, напалеонаўскай Францыі, з 1815 пад аўстр. панаваннем, уваходзіла ў склад Ламбарда-Венецыянскага каралеўства. З 1859 у складзе Італіі.
І.Я.Афнагель.
т. 9, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНА́ЙСКІЯ КНЯ́СТВЫ,
пашыраная ў гіст. л-ры агульная назва княстваў Малдова і Валахія, якія існавалі ў 14 — сярэдзіне 19 ст. Пасля іх аб’яднання (1859) узнікла новая дзяржава пад назвай Румынія (з 1861).
т. 6, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБАТАВА́ННЕ, барбатаж,
прапусканне пад ціскам газу ці пары праз вадкасць у барбацёры. Выкарыстоўваецца ў прам-сці і лабараторнай практыцы для награвання вадкасці перагрэтай парай, перамешвання агрэсіўных вадкасцяў, паглынання газу і парападобных рэчываў растваральнікамі.
т. 2, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БРЫ́ТЫШ БРО́ДКАСТЫНГ КАРПАРЭ́ЙШЭН»
(British Broadcasting Corporation; Бі-Бі-Сі),
брытанская радыёвяшчальная карпарацыя. Засн. ў 1927 у Лондане; пад кантролем урада. Мае манапольнае права на радыёперадачы, з 1936 ажыццяўляе і тэлеперадачы. Займаецца выдавецкай дзейнасцю.
т. 3, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)