ПРОЦІЗЗЯ́ННЕ,

слабае свячэнне, якое назіраецца на начным небе ў месцы, дыяметральна процілеглым Сонцу. Абумоўлена рассеяннем сонечнага святла пылавымі часцінкамі міжпланетнага асяроддзя. Мае форму эліпса, вял. вось якога накіравана ўздоўж экліптыкі. Сярэднія вуглавыя памеры (6—8°) х (10—13°). Сярэдні кантраст над фонам начнога неба 10—12% (макс. — 20%). Форма, памеры і яркасць залежаць ад сонечнай актыўнасці. Найлепшыя ўмовы назірання вясной і восенню. Гл. таксама Задыякальнае святло.

т. 13, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЦЬ ПРЫ́НЦЫПАЎ МІ́РНАГА СУІСНАВА́ННЯ, панча шыла (на мове хіндзі — пяць прынцыпаў),

прынцыпы міжнародных адносін: узаемная павага тэр. цэласнасці і суверэнітэту, ненапад, неўмяшанне ва ўнутр. справы адзін аднаго, роўнасць і ўзаемныя выгады, мірнае суіснаванне. Упершыню сфармуляваны ў прэамбуле інд.-кіт. пагаднення 1954, паводле якога Індыя прызнала суверэнітэт Кітая над Тыбетам. У далейшым атрымалі развіццё ў рашэннях Бандунгскай канферэнцыі 1955. Зрабілі ўплыў на ідэалогію Недалучэння руху.

т. 13, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ФСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА, Рэспубліка Рыф,

дзяржава ў Марока ў 1921—26, створаная ў выніку паўстання берберскіх плямён вобласці Рыф супраць ісп. панавання і абвяшчэння імі незалежнасці. Р.Р. ўзначаліў прэзідэнт (эмір) Абд аль-Керым. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы нанеслі шэраг паражэнняў ісп. войскам і да 1925 усталявалі кантроль над б.ч. тэр. т.зв. Ісп. Марока. Пад аб’яднаным націскам ісп. і франц. армій у маі 1926 спыніла існаванне.

т. 13, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ДКАЯ РЫ́ФМА, вышуканая рыфма,

рыфма, у якой сугуччы спалучаюць словы, вельмі розныя паводле сэнсу і стылявой афарбоўкі («цэлафан» — «цалаваў», «красой» — «расол»). Разнавіднасць Р.р. — экзатычная рыфма. Да Р.р. адносяцца тыя, у якіх спалучаны сугуччамі абрэвіятуры, варварызмы, лічбы:

Адціснуты зоркі пад самую столь,
І неба ў арэнду гарою забрана.
Узровень над морам — 3100.
Тут наша застава.
Тут землі Ірана.
(П.​Панчанка. «Слухаючы «Перапёлку»).

В.​П.​Рагойша

т. 13, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТАЛІ́Т [ад грэч. bathos глыбіня + ...літ(ы)],

буйное інтрузіўнае цела (пл. больш за 200 км², якое складзена пераважна з гранітоідаў і залягае сярод асадкавых тоўшчаў складкавых абласцей у ядрах антыклінорыяў. Звычайна арыентавана сваёй доўгай воссю паралельна распасціранню складкавых структур. Утвараецца на значнай глыбіні і агаляецца ў выніку дэнудацыі. Паводле сучасных уяўленняў, баталіт ўзнікае над сейсмафокуснымі паверхнямі — зонамі Беьёфа за кошт плаўлення частак матэрыялу мантыі і зямной кары.

Баталіт.

т. 2, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РНІ ((Berni) Антоніо) (14.5.1905, г. Расарыо, Аргенціна — 1981),

аргенцінскі жывапісец. Адзін з заснавальнікаў нац. рэалістычнай школы, т.зв. «новага рэалізму» ў 1930-я г. Зрабіў шэраг размалёвак у Буэнас-Айрэсе і Нью-Йорку (з Д.Сікейрасам, Х.​К.​Кастаньіна, Л.​Э.​Спілімберга і інш.) на тэмы жыцця і гісторыі аргенцінскага народа. У карціне «Поўнач над светам» пад уражаннем грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39 стварыў вобраз нар. мужнасці і жалобы.

т. 3, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛА́М, забарол,

невысокая (каля 1,5 м) надбудова над абарончымі сценамі і вежамі драўляных замкаў Беларусі ў 16—17 ст. Служыў пагрудным прыкрыццём для абаронцаў. Меў выгляд верт. сценкі з 3—7 вянкоў, якая апіралася на кансольныя выпускі бэлек гарадзен, тарасаў і вежаў і выступала за сцены ніжніх ярусаў. Па бэльках насцілаўся верхні баявы мост з падсябіццямі. Прарэзаны байніцамі аблам часам завяршаўся дахам і ствараў крытую баявую галерэю, напр., у Віцебскіх замках.

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАВЯ́ЗАНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,

прыватнаўласніцкія сяляне ў Рас. імперыі, якіх паводле ўказа 2.4.1842 памешчык меў права вызваляць ад прыгоннай залежнасці, надзяляць зямлёй у часовае карыстанне, «абавязваючы» павіннасцямі ў форме аброку або паншчыны. Указ не вызначаў памераў зямельных надзелаў, абавязкаў сялян і не абмяжоўваў улады памешчыкаў над імі. Таму становішча абавязаных сялян засталося такое, як і ў прыгонных. З 10 млн. прыгонных сялян мужч. полу да 1855 у катэгорыю абавязаных пераведзена 24 тыс.

т. 1, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛІЦЫЯНІ́ЗМ [ад лац. abolitio (abolitionis) адмена, скасаванне],

1) грамадскі рух за скасаванне пэўнага закону.

2) Рух у ЗША у 18—19 ст. за ліквідацыю рабства неграў. Садзейнічаў набліжэнню грамадз. вайны 1861—65, перамозе ў ёй рэсп. Поўначы над рабаўладальніцкім Поўднем і прыняццю ў 1865 папраўкі да канстытуцыі ЗША аб скасаванні рабства.

3) Барацьба за скасаванне рабства ў калоніях Англіі, Францыі і інш. еўрап. краінах ў 18—19 ст.

т. 1, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕНХАТЭ́П IV, Эхнатон,

егіпецкі фараон [1379—1362 да н.э.] эпохі Новага царства (XVIII дынастыя). Сын Аменхатэпа III. Каб зламаць магутнасць фіванскіх жрацоў і старой знаці, звязаных з культам бога Амона, абвясціў новы дзярж. культ бога Атона. Зрабіў сталіцай г. Ахетатон, сам прыняў імя Эхнатон («карысны Атону»). Пры Аменхатэпе IV Егіпет пачаў страчваць уладу над Сірыяй і Палесцінай, сітуацыю пагаршалі набегі качавых плямёнаў хабіру ў азіяцкія ўладанні Егіпта.

Аменхатэп IV.

т. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)