АЛАЗЕ́Я,

рака на ПнУ Рэспублікі Саха (Якуція). Даўж. 1590 км, пл. бас. 64,7 тыс. км². Утвараецца ў сутоках рэк Нелькан і Кадылчан на Алазейскім пласкагор’і. Цячэ па Калымскай нізіне, упадае 2 пратокамі ва Усх.-Сібірскае мора. Найбольшы прыток Расоха (злева). Ледастаў з канца вер. — пач. кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Сярэднегадавы расход у ніжнім цячэнні 300 м³/с. У бас. Алазеі больш за 24 тыс. азёраў.

т. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРУХО́ВІЧ (Сцяпан Адамавіч) (1.1.1909, в. Губіна Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 5.4.1989),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Працаваў у станковым жывапісе. Сярод твораў: «Веснавая сяўба» (1947), «Коні. На лузе» (1953), «Калгасны табун» (1958), лірычныя і індустр. пейзажы «Жыта» (1947), «Мінскае мора» (1954), «Новалукомль» (1966), «Пейзаж з лодкай» (1973), «Перад дажджом» (1975), партрэт Я.​Купалы (1979) і інш.

С.Андруховіч. Партрэт Я.​Купалы. 1979.

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬМІРО́ЛІЗ (ад грэч. halmyros салёны + lysis распад),

падводнае выветрыванне, хіміка-мінералагічнае пераўтварэнне першасных адкладаў на дне мора пад уздзеяннем працэсаў растварэння, акіслення і інш. Гальміролізам тлумачаць паходжанне некаторых мінералаў, што ўтвараюцца толькі ў марскіх адкладах (глаўканіт, шамазіт і інш.), падводнае змяненне вулканічных туфаў, якое прыводзіць да ўтварэння бентаніту і інш. разнавіднасцей паглынальных глін. Асабліва спрыяльныя для гальміролізу месцы павольнага адкладання на марскім дне дробных часцінак.

т. 4, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКА́ТА,

у грэчаскай міфалогіі багіня змроку, начных прывідаў і чараўніцтва. Лічылася таксама багіняй Месяца, знаходзілася ў месцах пахавання і на скрыжаваннях, блізкая да Селены і Артэміды. Уяўлялі яе з факелам у руках, часта са змеямі ў валасах, зрэдку трохаблічнай. Яна атрымала ад Зеўса ўладу над лёсам зямлі і мора, была адорана Уранам вял. сілай. Рымляне атаясамлівалі Гекату з багіняй трох дарог Трывіяй.

Геката. 1—2 ст. н.э.

т. 5, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАФІ́ЗІКА (ад гідра... + фізіка),

раздзел геафізікі, які вывучае фіз. ўласцівасці гідрасферы і працэсы, што ў ёй адбываюцца. Даследуе малекулярную будову вады ва ўсіх яе станах (вадкім, цвёрдым, газападобным); фіз. ўласцівасці вады, снегу, ільду (цеплавыя, радыяцыйныя, электрычныя, радыеактыўныя, акустычныя, мех. і інш.), а таксама дынамічныя і тэрмічныя працэсы ў воднай абалонцы Зямлі, пашырэнне, паглынанне і рассейванне святла ў ёй. Падзяляецца на фізіку мора і фізіку вод сушы.

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОК (галанд. dok, англ. dock),

1) збудаванне для агляду і рамонту падводнай часткі суднаў або для іх пабудовы. Бываюць сухія, наліўныя і плывучыя. Звычайна з’яўляюцца часткай верфі або суднарамонтнага прадпрыемства.

2) Штучны партовы басейн з затворам, прызначаны для стаянкі суднаў пад пагрузкай-разгрузкай у месцах з вял. прыліўна-адліўнымі ваганнямі ўзроўню мора.

3) Зборна-разборнае збудаванне для тэхн. абслугоўвання вял. лятальных апаратаў (пераважна дырыжабляў).

Док плывучы.

т. 6, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛНРАЗЕ (Kalnroze; canp. Розенбергс, Rozenbergs) Валдзіс (17.11.1894, г. Кулдыга, Латвія — 1993), латышскі жывапісец-пейзажыст. Нар. маст. Латвіі (1970). Вучыўся ў Латв. АМ (1927—32) у В.Пурвіта. Аўтар лірычных пейзажаў, выкананых у вытанчанай серабрыстай колеравай гаме: «Даўгава» (1935), «Восеньскі пейзаж» (1942), «Мора» (1956), «У рачным заліве» (1957), «Восень ва Угале» (1958), «Старая Рыга» і «Пара квітнення» (1970-я г.) і інш.

В.Калнразе. Восень ва Угале. 1958.

т. 7, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮКО́ВІЧ (Пётр Іванавіч) (16.8.1923, в. Казекі Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 11.2.1982),

поўны кавалер ордэна Славы. Працаваў у калгасе. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1942. Камандзір мінамётнага разліку сяржант К. вызначыўся: у чэрв. 1944 пры вызваленні Магілёва, у жн. 1944 пры авалоданні крэпасцю Асовец (Польшча), у сак. 1945 у баях за Гданьск і выхад да Балт. мора. Пасля вайны жыў у Оршы, працаваў на льнокамбінаце.

т. 8, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МІ-ІО́КІ (Kemijoki),

рака на Пн Фінляндыі. Даўж. 552 км, пл. бас. 51,4 тыс. км². Пачынаецца на паўд. схілах грады Манселькя, цячэ пераважна па нізкагор’ях і ўзгорыстай раўніне, перасякае воз. Кеміярві, упадае ў Батнічны зал. Балтыйскага мора. Веснавое разводдзе, асеннія дажджавыя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады 520 м³/с. Сплаўная. ГЭС. Рыбалоўства. Суднаходная ў нізоўях. На рацэ г. Рованіемі, каля вусця марскі порт Кемі.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РСЕНА ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К (Larsen Shelf Ice),

адзін з найбуйнейшых шэльфавых ледавікоў у Зах. Антарктыдзе. Утварае ўсх. ледзяны бераг Антарктычнага п-ва (прыморская паласа ўсх. берага Зямлі Грэяма) даўж. больш за 800 км, шыр. каля 200 км. Пл. каля 86 тыс. км². Таўшчыня лёду 150—500 м. Круглы год блакіраваны дрэйфуючымі крыгамі Уэдэла мора. Адкрыты ў 1893 нарвежскай экспедыцыяй К.​Ларсена, названы ў яго гонар.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)