МІНІЯЦЮРЫЗА́ЦЫЯ (франц. miniaturisation ад miniature нешта вельмі маленькае),
сукупнасць метадаў значнага змяншэння габарытаў, масы і энергаспажывання радыёэлектронных апаратаў з адначасовым павелічэннем іх надзейнасці; кірунак у канструяванні прылад, механізмаў, машын і інш. (пераважна ў электроніцы, электратэхніцы і прыладабудаванні).
Абумоўлена пашырэннем функцый і галін выкарыстання электронных сродкаў аўтаматызацыі вытв-сці, выліч. і вымяральнай тэхнікі, радыётэхнікі і інш., што звязана з ускладненнем электроннай апаратуры і павелічэннем колькасці яе элементаў. Грунтуецца на рацыянальным канструяванні і вырабе вузлоў і элементаў апаратуры з выкарыстаннем пячатных плат, мікрамодуляў, інтэгральных схем і інш. Ажыццяўляецца змяншэннем памераў вузлоў і элементаў прылад, павелічэннем шчыльнасці іх упакоўкі, скарачэннем колькасці і памераў міжэлементных злучэнняў, выкарыстаннем новых канструкцыйна-тэхнал. рашэнняў з мэтай змяншэння колькасці асобных дэталей і іх габарытных памераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ»,
назва сям’і універсальных трактароў. Распрацоўваюцца і выпускаюцца вытв. аб’яднаннем «Мінскі трактарны завод». Бываюць: універсальна-прапашныя, агульнага і спец. прызначэння; колавыя, паўгусенічныя і гусенічныя (колавыя — з 3 для работы на бавоўнавых палях або з 4 коламі). Маюць цэльнаметалічную кабіну, гідраўзмацняльнік рулявога кіравання, незалежны і сінхронны валы адбору магутнасці, прыстасаванні для агрэгатавання з інш. машынамі (да 540 машын з трактарам МТЗ-1025) і інш. Выпускаецца больш за 50 мадэляў магутнасцю ад 5 да 150 к.с.
Першая мадэль трактара «Беларусь» МТЗ-2 на пнеўматычных колах выпушчана ў 1953, удасканаленыя канструкцыі (МТЗ-5, МТЗ-7 і іх мадыфікацыі) — у 1959—60. У 1963 укаранёна ў вытв-сць базавая мадэль «Беларусь» МТЗ-50 і на яе аснове сям’я МТЗ-52 (1965) павышанай праходнасці з 4 вядучымі коламі (агрэгатуецца са 162 машынамі; экспартуецца з 1966). З 1974 выпускаецца сям’я мадыфікаваных трактароў МТЗ-80/82 (удасканалены пнеўматычная сістэма тармазоў прычэпаў, двухскорасны вал адбору магутнасці, гідракрук, аўтаблакіроўка дыферэнцыяла задняга моста, сістэма кандыцыяніравання паветра, кабіна павышанай герметычнасці і шумаізаляцыі і інш.; агрэгатуецца з 300 машынамі; экспартуецца з 1976). У 1984 укаранёны ў вытв-сць высокаэнерганасычаны МТЗ-12 магутнасцю 100 к.с. (74 кВт). Гл. таксама табл.
М.Р.Мялешка.
Асноўныя тэхнічныя характарыстыкі базавых мадэляў трактароў «Беларусь»
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРА́ЎЛІКА (ад гідра... + грэч. aulos трубка),
навука аб законах раўнавагі і руху вадкасці і спосабах іх выкарыстання пры рашэнні практычных задач; прыкладная гідрамеханіка. Вывучае несціскальныя кропельныя вадкасці, якія лічаць суцэльным асяроддзем, а таксама газы пры скарасцях руху, значна меншых за скорасць гуку; распрацоўвае набліжаныя метады разліку і вызначае эмпірычныя залежнасці, неабходныя для праектавання гідратэхн. збудаванняў, гідраўл.машын, водаправодных, каналізацыйных, ацяпляльных сістэм і інш.
Гідраўліка падзяляецца на тэарэт. асновы гідраўлікі і практычную гідраўліку; грунтуецца на асн. ураўненнях гідрадынамікі (гл.Бернулі ўраўненне, Неразрыўнасці ўраўненне); даследуе агульныя пытанні гідрастатыкі, а таксама ціск вадкасці на сценкі пасудзін, труб, збудаванняў, машын (гл.Паскаля закон), на апушчаныя ў вадкасць целы (гл.Архімеда закон), умовы плавання цел; разглядае пытанні гідрадынамічнага супраціўлення пры розных рэжымах цячэння (гл.Ламінарнае цячэнне, Турбулентнае цячэнне) і ўмовы пераходу з аднаго рэжыму цячэння ў другі. Асн. раздзелы гідраўлікі: цячэнне ў рэках і каналах (гідраўліка адкрытых рэчышчаў), цячэнне па трубах (гідраўліка трубаправодаў), узаемадзеянне патоку і цвёрдых цел, выцяканне вадкасці праз адтуліны і вадазлівы (гідраўліка збудаванняў), рух у сітаватых асяроддзях (фільтрацыя). Прынцыпы гідрастатыкі і некаторыя палажэнні гідрадынамікі сфармуляваны яшчэ ў антычныя часы. Фарміраванне гідраўлікі як навукі распачата ў 15 ст. ў працах Леанарда да Вінчы. У 16—17 ст. пытанні гідраўліку распрацоўвалі Г.Галілей і Б.Паскаль, у 18 ст. — І.Ньютан, Д.Бернулі, Л.Эйлер і інш., у 19—20 ст. — О.Рэйнальдс, М.Я.Жукоўскі, М.М.Паўлоўскі, М.А.Веліканаў і інш. Сучасная гідраўліка падзяляецца на гідрабуд., машынабуд., падземную (нафтавая і газавая) гідраўліка, гідрааўтаматыку, магнітную гідрадынаміку і інш.
На Беларусі праблемы гідраўлікі даследуюцца ў БПА, БСГА, праектных і н.-д. ін-тах (Белгіправадгас, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства) і інш.
Літ.:
Штеренлихт Д.В. Гидравлика. Кн. 1—2. 2 изд. М., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ЖНЫЯ МАШЫ́НЫ,
комплекс машын і агрэгатаў для выканання дарожна-будаўнічых работ, рамонту і ўтрымання аўтамаб. дарог, пакрыццяў вуліц і плошчаў. Шырока выкарыстоўваюцца таксама ў гідратэхн., прамысл., с.-г., гар., аэрадромным буд-ве і на інш.інж.-буд. работах. Бываюць самаходныя, навясныя і прычапныя (да трактароў, цягачоў, аўтамабіляў).
Д.м. для падрыхтоўчых работ — карчавальнікі, кустарэзы, каменеўборачныя машыны, рыхліцелі, дрэвавалы, дзернарэзы; імі ачышчаюць дарожныя палосы ад хмызняку, валуноў, расліннага слоя, рыхляць грунт. Д.м. для земляных работ — бульдозеры, грэйдэры, грэйдэры-элеватары, канвееры, каналакапальнікі, скрэперы, экскаватары, самазвалы, грунтакідальнікі і інш. (гл. таксама Землярыйныя машыны). Выконваюць работы па адсыпцы насыпаў, распрацоўцы выемак, пракладцы водаадводных ханаў, узвядзенні штучных збудаванняў, транспартаванні грунту. Д.м. для ўшчыльнення грунту і пакрыццяў — каткі дарожныя, трамбавальныя машыны, вібрапліты і інш. (гл. ў арт.Вібрацыйная тэхніка. Д.м. для ўкладкі дарожнага адзення і пакрыцця — бетанавозы, бітумавозы, гудранатары, асфальтабетонаўкладчыкі, бетонаўкладчыкі, фрэзы дарожныя, планіроўшчыкі, грунтазмяшальныя машыны і ўстаноўкі і інш.Д.м. для дарожна-эксплуатацыйных работ — снегаўборачныя машыны, палівальна-мыечныя, аўтараманцёры, разметачныя, песка- і солераскідвальнікі, падмятальна-ўборачныя і інш. (гл. ў арт.Камунальныя машыны). Ёсць машыны для падрыхтоўкі, вырабу, транспартавання дарожна-буд. матэрыялаў (драбілкі, дазатары, грохаты, каменярэзныя машыны, бетоназмяшальнікі, пагрузчыкі, пад’ёмныя краны і інш.).
У Беларусі работы па стварэнні Д.м. вядуць: НВА «Белдарбудтэхніка», канцэрн «Амкадор», Магілёўскі аўтамаб.з-д, Мазырскі з-дмеліярац.машын, БПА, Магілёўскі машынабуд. ін-т і інш.
Літ.:
Машины для строительства дорог. 2 изд. М., 1971;
Дорожные машины. 2 изд. Л., 1976.
І.Л.Леановіч.
Дарожныя машыны: 1 — аўтабетоназмяшальнік для прыгатавання і дастаўкі бетоннай сумесі; 2 — гусенічны прафілёўшчык для будаўніцтва дарог мясцовага значэння; 3 — гусенічны асфальтаўкладчык; 4 — гусенічная аўтаматызаваная грунтазмяшальная машына; 5 — машына для стварэння ўмацавальных палос; 6 — самаходны нарэзчык швоў; 7 — заліўшчык швоў пры будаўніцтве цэментабетонных пакрыццяў; 8 — маркіровачная машына для нанясення раздзяляльных ліній.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭЛІ́РАВАННЕў навуцы і тэхніцы,
1) даследаванне складаных фіз. працэсаў, з’яў, аб’ектаў шляхам пабудовы і вывучэння іх мадэлей. Грунтуецца на падобнасці тэорыі і размернасцей аналізе.
Мадэль аб’екта, геаметрычна падобная да арыгінала, мае паменшаны або павялічаны памер, а мадэль працэсу (з’явы) можа адрознівацца ад рэальнага працэсу колькаснымі фіз. характарыстыкамі (магутнасцю, энергіяй, ціскам, шчыльнасцю асяроддзя, амплітудай ваганняў, сілай узаемадзеяння, скорасцю і інш.). Падобнымі наз. з’явы, у якіх усе працэсы (поўная падобнасць) ці найб. важныя пры пэўным даследаванні (лакальная падобнасць) адрозніваюцца ад параметраў другой з’явы ў пэўную колькасць разоў. Найб. пашырана М. гідрааэрамех з’яў, мех. уласцівасцей канструкцый і збудаванняў, цеплавых і аэрадынамічных працэсаў, натурных умоў функцыянавання складаных тэхн.сістэм. М. шырока карыстаюцца ў буд. справе, гідраўліцы і гідратэхніцы, авіяцыі, ракетнай і касм. тэхніцы, у судна-, прылада- і машынабудаванні, нафта- і газаздабычы, цепла- і электратэхніцы (напр., М. электраэнергет. сістэм), навук. даследаваннях (фіз. эксперыментах) і інш. З паяўленнем ЭВМ пашырылася т.зв. аналагавае М. з выкарыстаннем спецыяльна сканструяваных для гэтага аналагавых вылічальных машын, якія мадэліруюць суадносіны паміж бесперапынна зменнымі велічынямі (машыннымі пераменнымі) — аналагамі адпаведных зыходных пераменных. Вядучае месца сярод інш. метадаў даследаванняў належыць матэматычнаму мадэліраванню з дапамогай лічбавых электронных вылічальных машын, пры якім даследаванне рэальных з’яў зводзіцца да рашэння адпаведных матэм. задач. Увядзенне ў практыку ЭВМ і машыннае, або кібернетычнае, М. (жывых сістэм, інж сетак, працэсаў распазнавання, сістэмы «чалавек—машына» і інш.) дазваляе вывучаць складаныя сістэмы і з’явы без пабудовы іх фіз. мадэлей.
2) Выраб мадэлей новых прамысл. вырабаў, якія плануецца выпускаць, для адпрацоўкі іх аптымальнай канструкцыі і формы; адзін з асн. метадаў мастацкага канструявання.
3) Выраб мадэлей самалётаў, суднаў і інш. у спартыўных (гл.Мадэлізм спартыўны), доследных і навуч. мэтах (дэманстрацыйнае М.).
Літ.:
Чавчанидзе В.В., Гельман О.Я. Моделирование в науке и технике. М., 1966;
Полисар Г.Л. Моделирование. М., 1963;
Новик И.Б. О моделировании сложных систем. М., 1965;
Седов Л.И. Методы подобия и размерности в механике. 10 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЖА́НАЎ (Аляксей Міхайлавіч) (1820—6.8.1889),
вучоны-аграном, эканаміст, дзеяч асветы. Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1851), з 1863 праф. гэтага ін-та, потым Пецярбургскага ляснога ін-та. З 1882 дырэктар Новаалександрыйскага ін-та сельскай гаспадаркі і лесаводства (Ковенская губ.), пам. папячыцеля Віленскай навуч. акругі. Меў маёнтак у Гродзенскай губ. Спрыяў пашырэнню перадавых спосабаў вядзення сельскай гаспадаркі: паказваў перавагі вольна-наёмнай працы ў параўнанні з прыгоннай, выступаў за пераход ад трохпольнай да шматпольнай сістэмы земляробства, за выкарыстанне с.-г.машын, наладжванне дзярж. сістэмы страхавання, прадастаўленне сялянам крэдыту, развіццё аграрнай адукацыі. Аўтар падручнікаў і навук.-папулярных прац па сельскай гаспадарцы.
Тв.:
Опыты земледелия вольнонаемным трудом. М., 1860;
2 изд. Спб., 1861;
Что можно заимствовать у иностранцев по части земледелия. Спб., 1863;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ЦЯЖКА,
1) кавальская аперацыя, накіраваная на павелічэнне даўжыні загатоўкі пры адпаведным памяншэнні яе папярочнага сячэння. Ажыццяўляецца на молатах і прэсах паслядоўным абцісканнем з паваротам загатоўкі на 90°.
2) Аперацыя халоднай ліставой штампоўкі, у выніку якой з плоскай загатоўкі атрымліваюць танкасценныя пустыя вырабы (дэталі машын, карпусы прылад, каструлі, бітоны і інш.). Робіцца ў выцяжных штампах пуансонам і матрыцай. Глыбокія вырабы атрымліваюць пры паўторных выцяжках з прамежкавым адпалам (для аднаўлення пластычнасці металу). Прынцып выцяжкі выкарыстоўваецца таксама ў пракатцы металу і ў валачэнні.
3) Паказчык дэфармацыі, роўны адносінам даўжынь загатоўкі пасля і да пластычнага дэфармавання.
4) У хіміі, харчовай і парфумернай прам-сці выцяжка — прадукт выбіральнага выцягвання аднаго або некалькіх кампанентаў з сумесі або пэўнай сыравіны ў растваральнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́НКЕРНАЯ ЎБО́РАЧНАЯ МАШЫ́НАтарфяная,
машына для збірання фрэзернага торфу з валкоў і транспартавання яго да месца складзіравання ў штабялях. Выкарыстоўваецца пераважна машына МТФ-43А, якой збіраецца торф на паліва, для брыкетавання ці патрэб сельскай гаспадаркі.
Складаецца са скрэпера, каўшовага элеватара, бункера з рухомым дном у выглядзе пласціністага або скрэпернага канвеера, гусенічнай цялежкі, трансмісіі (перадае вярчэнне ад вала трактара да каўшовага элеватара і канвеера дна бункера). Прадукцыйнасць 2 га/гадз, рабочая скорасць 7,8 км/гадз, ёмістасць бункера 17 м³ (мадыфікацыі бункернай ўборачнай машыны могуць мець і інш. ёмістасць). Сезонная прадукцыйнасць 12—25 тыс.т паветрана-сухога фрэзернага торфу. На Беларусі з дапамогай бункерных уборачных машын збіраецца больш за 95% фрэзернага торфу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУСЕНА́Р ((Boussenard) Луі Анры) (4.10.1847, Эскрэн, дэпартамент Луарэ, Францыя — 11.91910),
французскі пісьменнік. Атрымаў мед. адукацыю ў Парыжы. Адзін з заснавальнікаў часопіса для падлеткаў «Le journal des voyages» («Дзённік падарожжаў»). Аўтар прыгодніцкіх раманаў для дзяцей і юнацтва: «Падарожжа вакол свету аднаго парыжскага хлопчыка» (1878—80), «Тайна доктара Сінтэза» (1888—89), «Палымнеючы востраў» (1898), «Капітан-Сарві-Галава» (1901) і інш. Творчасць Бусенара ў многіх дэталях, сюжэтах (часта разгортваюцца ў абставінах «экзатычных» краін), фантастычных элементах (падрабязнае апісанне складаных машын і навук. адкрыццяў, якія з’яўляюцца на некалькі дзесяцігоддзяў пазней) апярэдзіла развіццё навук.-фантаст. і прыгодніцкага жанраў у 20 ст.
Твю.: Рус.пер. — Полн. собр. романов. Кн. 1—40. СПб., 1911; Собр. романов. Т. 1—10. М., 1991—93; Охотники за каучуком. М., 1992; Похитители бриллиантов. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСТАТЫ́ЧНАЯ ПЕРАДА́ЧА,
аб’ёмная гідраперадача, гідраўлічная перадача, дзеянне якой заснавана на выкарыстанні гідрастатычнага напору вадкасці. Бывае зваротна-паступальнага, зваротна-паваротнага і вярчальнага руху. Забяспечвае бесступеньчатае рэгуляванне скарасцей вядзёных механізмаў з малой інерцыйнасцю і аўтам. засцераганнем ад перагрузак. Уваходзіць у склад аб’ёмнага гідрапрыводамашын.
Гідрастатычная перадача складаецца з аб’ёмнай помпы (вядучае звяно), аб’ёмнага гідраўлічнага рухавіка, рэзервуара для рабочай вадкасці і трубаправодаў (часам замест помпы выкарыстоўваюць гідраакумулятар). Рабочая вадкасць засмоктваецца помпай у яе рабочыя камеры, а затым напампоўваецца ў рабочыя камеры гідрарухавіка (гідраматора, гідрацыліндра). З гідрарухавіка вадкасць зліваецца ў рэзервуар, адкуль зноў засмоктваецца помпай. Рэгуляванне скорасці гідрарухавіка ажыццяўляецца зменай аб’ёмаў рабочых камер. Прамысл. выкарыстанне гідрастатычнай перадачы адносяць да 1795, калі быў вынайдзены гідраўлічны прэс, з 1920—30-х г. пачала выкарыстоўвацца ў металарэзных станках і інш. машынах.