ЛАРЫЁНАЎ (Міхаіл Фёдаравіч) (3.6.1881, г. Ціраспаль, Малдова — 10.5.1964),

расійскі жывапісец, графік, тэатр. мастак; адзін з лідэраў рус. авангарду, заснавальнік лучызму. Вучыўся ў маскоўскім Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1898—1908) у У.А.Сярова і І.І.Левітана. Стваральнік суполак «Блакітная ружа» (1907), «Асліны хвост» (1912), адзін са стваральнікаў аб’яднання «Бубновы валет» (1910), арганізатар выстаўкі «Мішэнь» (1913). З 1914 у Швейцарыі, з 1915 у Парыжы, мастак у антрэпрызе С.​П.​Дзягілева. У ранніх работах звяртаўся да постімпрэсіянізму, лучызму, фавізму; «Заход сонца пасля дажджу» (1908), «Раніца ў Казармах» і «Лучызм» (абедзве 1910). «Прамяністы пейзаж» (1912). Пасля 1915 адмовіўся ад станковага жывапісу і працаваў у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве, дзе найб. выявіліся прынцыпы лучызму. Стваральнік дэкарацый і касцюмаў да пастановак «Паўночнае сонца» М.​Рымскага-Корсакава (1915), заслоны, дэкарацый і касцюмаў да «Рускіх казак» А.​Лядава (1917), да «Блазна» С.​Пракоф’ева (1921), эскізаў касцюмаў да «Класічнай сімфоніі» (1930), дэкарацый і касцюмаў да «Над Барысфенам» (1932) Пракоф’ева. Ілюстраваў футурыстычныя кнігі В.​Хлебнікава, А.​Кручоных.

Тв.:

Лучизм. М., 1913.

І.​М.​Каранеўская.

М.Ларыёнаў Лучызм. 1910.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́НКА (Янка) (сапр. Маразовіч Іван; 1895, г. Барысаў Мінскай вобл. — 1938),

бел. пісьменнік, журналіст, мастак. Скончыў Барысаўскую гімназію. З 1916 у арміі. З 1920 служачы ў мяст. Яшуны Шальчынінкскага р-на (Вільнюскі пав.), у Вільні. З 1925 актыўна супрацоўнічаў у перыяд. друку Зах. Беларусі. У 1926—28 адказны рэдактар час. «Маланка». Першыя гумарэскі апубл. ў час. «Авадзень». Сатыр. вершы, гумарэскі, фельетоны, апавяданні М. друкаваліся ў газ. «Беларуская ніва», «Беларуская доля», «Народны звон» і інш., найб. у час. «Маланка», дзе ён выступаў і як мастак. Пісаў на актуальныя тэмы грамадска-паліт. жыцця Зах. Беларусі і Польшчы. У літ. і маст. сюжэтах і вобразах адлюстроўваў яго характэрныя праявы, нац. ўціск, рост паліт. свядомасці народа, высмейваў крывадушша лідэраў польскіх бурж. і дробнабурж. партый. Каб ашукаць цэнзуру, карыстаўся прыёмамі літ. містыфікацыі: пераносіў месца дзеяння ў тагачасныя каланіяльныя і залежныя краіны (падпісваў гэтыя творы псеўд. Ляо Дзэ). Але чытачы па аналогіі, вобразных рэаліях лёгка пазнавалі зах.-бел. рэчаіснасць. Малюнкам М. характэрна паліт. завостранасць, уменне ствараць сац. абагульнены нац. тыпаж.

А.​С.​Ліс.

т. 10, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ЛЬНІКАЎ (Андрэй Андрэевіч) (н. 22.2.1919, г. Энгельс Саратаўскай вобл., Расія),

расійскі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1968). Нар. мастак СССР (1976).

Акад. АМ СССР (1966). Герой Сац. Працы (1989). Віцэ-прэзідэнт Рас. АМ (з 1997). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1946), выкладае ў ім (з 1967 праф.). З 1962 кіраўнік творчай майстэрні Рас. АМ. Працуе пераважна ў станковым жывапісе ў быт. і гіст. жанрах, пейзажы, партрэце, а таксама ў манум.-дэкар. мастацтве, графіцы, скульптуры. Творы вызначаюцца драм.-эмацыянальным ладам, кампазіцыйнай яснасцю, яркасцю каларыту: «Партрэт маці» (1947), «На мірных палях» (1951), «Партрэт дачкі» (1955, 1964), «Белая ноч» (1963), «Партрэт С.​Канёнкава» (1970), «Даша» («Прынцэса», 1971), «Раніца» (1972), «Развітанне» (1975), «Іспанскі трыпціх» («Распяцце», «Карыда», «Смерць Гарсія Лоркі», 1979—83), «Цішыня» (1987), «Распяцце» (1995) і інш. Аўтар мазаік для станцый метрапалітэна (1955) і манум. размалёвак ў Т-ры юнага гледача (1962) у С.-Пецярбургу. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1977. Ленінская прэмія 1984.

Літ.:

Каганович А.Л. А.​А.​Мыльников. Л., 1980;

А.​А.​Мыльников: [Альбом]. Л., 1977.

А.Мыльнікаў. Карыда. Цэнтральная частка «Іспанскага трыпціха». 1979.

т. 11, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРЫ́ЦКІ (Анатоль Галакціёнавіч) (12.2.1895, Кіеў — 6.3.1964),

украінскі тэатр. мастак, жывапісец, графік. Нар. мастак СССР (1944). Вучыўся ў Кіеўскім маст. вучылішчы (1910—18), Вышэйшых маст.-тэхн майстэрнях у Маскве (1922—24). У 1946—50 выкладаў у Кіеўскім маст. ін-це (з 1947 праф.). Ствараў аб’ёмна-прасторавыя дэкарацыі ў жывапісна-дэкар. манеры, заснаванай на глыбокім вывучэнні нар. ўкр. мастацтва, да пастановак у т-рах Кіева, Харкава, Вял. т-ра ў Маскве. Аформіў оперы «Сарочынскі кірмаш» М.​Мусаргскага (1925), «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага (1941), «Багдан Хмяльніцкі» К.​Данькевіча (1953), «Тарас Бульба» М.​Лысенкі (1955), «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева (1956), «Дзекабрысты» Ю.​Шапорына (1953), балеты «Карсар» А.​Адана (1926), «Лілея» Данькевіча (1945), спектакляў «Вій» А.​Вішні (1925), «Багдан Хмяльніцкі» (1939), «Макар Дубрава» (1948) і «Калінавы гай» (1950) А.​Карнейчука. Аўтар станковых карцін («Натуршчыца», 1923; «Барыкады», 1925; «Парк у Харкаве», 1935), манум. размалёвак у Кіеве, Камянцы-Падольскім, паліт. плакатаў, ілюстрацый да кніг і часопісаў. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.

Літ.:

Анатолій Петрицкий: Спогади про художника. Київ, 1981.

Л.​Ф.​Салавей.

А.Пятрыцкі. Эскіз касцюма да оперы М.​Лысенкі «Тарас Бульба».

т. 13, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЦЁМАЎ (Пётр Сяргеевіч) (н. 4.7.1941, в. Воткіна Хвастовіцкага р-на Калужскай вобл.),

бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). Працуе гал. мастаком Барысаўскага хрусталёвага з-да. У галіне маст. шкла распрацаваў асартымент масавых вырабаў з бясколернага хрусталю, каляровага і бясколернага шкла (пітны прыбор «Дзьмухавец», сталовыя сервізы, вазы «Кольцы» і інш.).

Літ.:

Беларускае мастацкае шкло: [Альбом]. Мн., 1978.

М.​М.​Яніцкая.

П.С.Арцёмаў. Вазы. 1973.

т. 1, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЧЫМБО́ЛЬДА ((Arcimboldo) Джузепе) (1527, Мілан — 11.7.1593),

італьянскі мастак. Жыў у Вене, Празе, Мілане. Майстар фрэсак, жывапісец, тэатр. дэкаратар, графік. У маньерыстычным кірунку вынайшаў свой алегарычны стыль адлюстравання, звязаны з парадаксальнай фантазіяй. Выканаў серыі партрэтаў, складзеных з раслін, прадметаў, сімвалаў і г.д. Сярод вядомых работ: «Лета», «Зіма» (1569), «Флора» (1589), «Партрэт Рудольфа II» (1590) і інш. Творчасць мастака — унікальны прыклад позняга маньерызму.

Я.​Ф.​Шунейка.

Дж.Арчымбольда. Зіма. 1569.

т. 1, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДЭ́СКА ((Bogdesko) Ілья Трафімавіч) (20.4.1923, с. Батушаны, Малдова),

малдаўскі графік і жывапісец. Нар. мастак СССР (1963), правадз. чл. АМ СССР (1988). Вучыўся ў АМ у Ленінградзе (1945—51). Стварыў серыі ілюстрацый да твораў М.​В.​Гогаля, А.​С.​Пушкіна, І.​Крангэ, Эразма Ратэрдамскага, да нар. балады «Міярыца», станковую серыю «Мая Радзіма», каліграфічныя кампазіцыі ў розных відах прыкладной графікі.

І.Багдэска. Ілюстрацыя да малдаўскай народнай балады «Міярыца». 1967.

т. 2, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЛАМАЗЯ́Н (Марыям Аршакаўна) (20.10.1907, с. Баш-Шырак, каля г. Кумайры, Арменія — ?),

жывапісец і графік. Нар. мастак Арменіі (1965). Вучылася ў маскоўскім Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1928—30), у Ленінградскім ін-це пралетарскіх выяўл. мастацтваў (1930—32). Прадстаўнік арм. школы дэкар. нацюрморта («Армянскі нацюрморт», 1955; «Горная сімфонія Арменіі», 1976); аўтар пейзажаў, партрэтаў, тэматычных карцін, дэкар. вырабаў з керамікі.

Літ.:

Сарабьянов А. Мариам Асламазян: [Альбом]. М., 1979.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДАР (Павел Пятровіч) (н. 30.3.1952, г.п. Лоеў Гомельскай вобл.),

бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1978). Працуе ў галіне габелена, маст. афармлення інтэр’ераў. Асн. работы: габелены «Кветкі» (1981, гасцініца «Кастрычніцкая» ў Мінску), «Беларусь» (1982, з Н.​Пілюзінай, гандлёвая палата Беларусі), трыптых «Купалле» (1991, Мазырскае муз. вучылішча), серыя габеленаў-ручнікоў «Хмара» (1994), «Маленне аб дажджы» (1995), «Дакрананне» (1996). Іл. гл. да арт. Габелен.

т. 3, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДУЛА́ЕЎ (Мікаіл Гусейн аглы) (н. 19.12.1921, Баку),

азербайджанскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1963). Чл.-кар. АМ СССР (1958). Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя Сурыкава (1949), вучыўся ў С.В.Герасімава і У.А.Фаворскага. У творчасці пераважаюць лірычныя тэмы: «Вечар», «Агні Мінгечаура», «Стогадовы рэзчык А.​Бабаеў», «Індыйская серыя», серыі малюнкаў «За ракой Аракс»; іл. да паэмы М.​Фізулі «Лейлі і Меджнун». Аўтар мазаічнага пано «Нізамі» ў Бакінскім метрапалітэне.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)