ЛАСКО́ВІЧ (Васіль Пятровіч) (н. 18.2. 1914, в. Франопаль Брэсцкага р-на),
удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Усесаюзны юрыд. завочны ін-т (1949). Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў узбр. выступлення сялян в. Навасёлкі Брэсцкага пав. (1933). У ліст. 1934 арыштаваны, асуджаны на 10 гадоў зняволення. У вер. 1939 вызвалены Чырв. Арміяй, дэп.Нар. сходу Беларусі ў Беластоку (1939). З чэрв. 1941 на фронце. У вер. 1941 рэпрэсіраваны, сасланы ў г. Омск, у крас. 1942 вызвалены. У вер. 1942 — ліп. 1944 нам.нач. асобага аддзела атрада імя Калініна партыз. брыгады «Народныя мсціўцы», нач. спецгрупы. У 1945—70 на сав. і парт. рабоце і ў органах юстыцыі ў Брэсце. У 1970—89 навук. супрацоўнік мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Адзін з аўтараў зб-каў «У працы і баі» (1970), «Гады выпрабаванняў і мужнасці» (1973). Ганаровы грамадзянін г. Брэст (1978).
славацкі паэт, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1964). Скончыў настаўніцкі ін-т у г. Модра (1923), Браціслаўскі ун-т (1925). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення, адзін з арганізатараў Славацкага нац. паўстання 1944. Ў 1945—50 міністр адукацыі і культуры Славакіі. Пачынаў у рэчышчы пралет. паэзіі (зб. «Нядзеля», 1927). Аўтар зб-каў лірыкі сац.-псіхал. («Адчыненыя вокны», 1935; «Адтуль» і «Добры дзень, вам», абодва 1964), антыфаш. («Святы за ваколіцай», 1939; «Забароненым алоўкам», 1946), паэм «Да горада 30 хвілін» і «Віла Тэрэза» (абедзве 1963), літ.-знаўчых і публіцыстычных артыкулаў. Перакладаў з чэш., венг. і рус. моў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.Вялюгін, Н.Гілевіч, У.Караткевіч, П.Макаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОЎТС ((Oates) Джойс Кэрал) (н. 16.6.1938, г. Локпарт, штат Нью-Йорк, ЗША),
амерыканская пісьменніца. Чл.Амер. акадэміі мастацтваў і л-ры. Скончыла Сіракузскі і Вісконсінскі ун-ты. З 1978 праф. Прынстанскага ун-та. Друкуецца з 1963. Першы значны раман «Сад радасцей зямных» (1967) створаны ў традыцыях рэаліст.сац. рамана 1930-х г. Далейшая яе творчасць адметная распрацоўкай актуальнай праблематыкі ў рамках сац.-аналіт.псіхал. апавяданняў (раманы «Іх жыцці», 1969; «Анёл свету», 1981; «Ты павінен памятаць пра гэта», 1987; «Амерыканскія апетыты», 1989, і інш.) і цікавасцю да дэфармаванай чалавечай псіхікі, праяў псіхапаталогіі (раманы «Забойцы», 1975; «Чайлдуорлд», 1976; «Бельфлёр», 1980; «Сонцастаянне», 1985; «Таму што гэта балюча, таму што гэта маё сэрца», 1990, і інш.). Аўтар зб-каў навел, вершаў, эсэ, крытычных артыкулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯНКРА́Т (Міхась) (Міхаіл Міхайлавіч; н. 28.8.1918, в. Карпілаўка Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Смілавіцкі паляводчы тэхнікум (1939). Працаваў у рэдакцыях рэсп. газет, у 1959—79 у час. «Вожык». Друкуецца з 1937. Першы зб. вершаў «Салаўіны бераг» (1956). Аўтар сатыр. і гумарыст. зб-каў «Палын і кветкі» (1958), «Не з таго канца» (1959), «Аўтарытэт на колах» (1968), «Любоў у квадраце» (1969) і інш., кніг нарысаў «Простыя людзі» (1957), «Шчасце маё» (1962). Аповесць «Буян» (1975) напісана з любоўю да людзей і прыроды. Аповесць «Ведрыцкія напевы» (1965) пра партыз. барацьбу супраць ням. фашыстаў. Праблемы сям’і, выхавання, узаемаадносін бацькоў і дзяцей у аповесці «Не астудзі сваё сэрца» (1989). Выдаў кніжкі для дзяцей «Два Ваські» (1974), «Двое ў лодцы» (1983).
Тв.:
Чэрвень: Гіст.-экан. нарыс. Мн., 1977;
Прынцыповы пасаг. Мн., 1978;
Спатканні і ростані. Мн., 1978;
Не астудзі сваё сэрца: Аповесць, апавяданні. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ЎСКІ ((Bobrowski) Іаганес) (9.4.1917, г. Тыльзіт, цяпер Савецк Калінінградскай вобл., Расія — 2.9.1965),
нямецкі пісьменнік. Вучыўся ў Кёнігсбергскай класічнай гімназіі. У 1941 мабілізаваны на Усх. фронт. У 1945—49 у палоне ў СССР. Аўтар зб-каў вершаў «Сармацкі час» (1961), «Зямля ценяў і рэк» (1962), «Прыкметы надвор’я» (1966), «У зарасніках ветру» (1970), раманаў «Млын Левіна» (1964), «Літоўскія клавіры» (1966), кн. навел «Бёлендорф і мышынае свята» (1965), «Прарок» (1967). Асн. тэма творчасці — асэнсаванне гіст. віны немцаў перад інш. народамі. З яго твораў паўстае вобраз Сарматыі — краю паміж Віслай і Нёманам, паэт уваскрашае абліччы і галасы ахвяр — ад знішчаных тэўтонцамі ў 12 ст. прусаў (праграмная «Элегія памяці прусаў», 1952) да яўрэяў, цыганоў і славян, што загінулі ад рук фашыстаў. Вершы «Радзіма мастака Шагала», «Заходняя Дзвіна», «Вільня», «Мемель» і інш. перадаюць непаўторную прыгажосць бел.-літоўскага краю, насычаны матывамі бел. і літоўскага фальклору. Асобныя яго творы на бел. мову перакладалі Ю.Гаўрук, М.Навіцкі, Я.Семяжон, В.Сёмуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОР (Bor) Матэй [сапр.Паўшыч
(Pavšič) Уладзімір; н. 14.4.1913, Гргар каля Горыцы, Славенія], славенскі пісьменнік. Правадз.чл. Славенскай акадэміі навук і мастацтваў (1965),
чл.-кар. Югаслаўскай акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Люблянскі ун-т (1937). Удзельнік антыфаш. барацьбы, тэма якой займае важнае месца ў яго творчасці. Аўтар паэт. зб-каў «Бурай адолеем буру» (1942), «Плюшч над прорваю» (1952), «Сляды нашых ценяў» (1958), «Брыдзём, брыдзём», «У летняй траве» (абодва 1963), «Баладныя матывы» (1971), раманаў «Далячыні» (1961), «Адкінутыя» (1980), п’ес «Пан Лісяк», «Турма адкрылася», «Абдзіртусы» (усе 1944), «Цяжкі час» (1946), «Сусвет у акварыуме» (1955), «Школа ночы», «Зоркі вечныя» (абедзве 1971), зб. артыкулаў «Крытыка» (1961) і інш. На бел. мову асобныя вершы Бора перакладалі Н.Гілевіч, К.Севярынец, І.Чарота. У Бел. т-ры імя Я.Купалы ў 1984 ставілася яго п’еса «Зоркі вечныя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЙНІК (Барыс Ільіч) (н. 22.10.1935, с. Зачапілаўка Новасанжарскага р-на Палтаўскай вобл.),
украінскі паэт.Акад.АН Украіны (з 1990). Скончыў Кіеўскі ун-т (1958). Паэтызуе стваральную працу, прыгажосць прыроды, героіку сучаснасці і гіст. мінулага Украіны. Аўтар зб-каў паэзіі «Сталь загартоўваюць кавалі» (1962), «Кола» (1968), «На лініі цішыні» (1972), «Ісціна» (1976), «Мера» (1984), кн.літ.-крытычных артыкулаў «Планета паэзіі» (1983), публіцыст. кн. «Князь цемры: Два гады ў Крамлі» (1993) і інш. За зб. «Стаю на зямлі» (1973) Дзярж. прэмія СССР 1975, за зб-кі «Сівая ластаўка» (1979), «У люстры слова» (1981), «Дума аб горадзе» (1982). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1983, за публіцыст. творы і цыкл вершаў «Скаварада і свет» (1994) Міжнар. прэмія імя Г.Скаварады 1994. Перакладаў на ўкр. мову творы Г.Бураўкіна, Н.Гілевіча, А.Куляшова. Кнігу выбр. вершаў і паэм Алейніка на бел. мову пераклаў Бураўкін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРС ((Bierce) Амброз Гвінет) (24.6.1842, Хорс-Кейв-Крык, штат Агайо, ЗША — 11.1.1914),
амерыканскі пісьменнік. Удзельнік Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. У 1870—90-я г. журналіст. Аўтар зб-каў аповесцяў і апавяданняў «Танец смерці» (1877), «Пра вайскоўцаў і цывільных» (1891), «Хіба можа быць такое?» (1893), «Фантастычныя байкі» (1899), у якіх, пад відавочным уплывам Э.По, напружаныя і займальныя сюжэты спалучаў з вытанчаным гумарам, сатыр. з’едлівасцю, песімістычным стаўленнем да жыцця. У багатай эсэістыцы (кн. «Д’яблава зачараванасць», 1872; «Павуцінне ў чэрапе», 1873; «Цень на цыферблаце», 1909; «Слоўнік д’ябла», 1911; «Батальныя накіды», выд. 1930, і інш.) з іроніяй, часам з пэўнай доляй цынізму апавядаў пра сучасныя яму грамадскія з’явы. Некаторыя творы Бірса пераклаў на бел. мову А.Кудраўцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РА ((Hora) Іосеф?) (8.7.1891, м. Добржыні каля г. Роўдніцы, Чэхія — 21.6.1945),
чэшскі паэт, празаік. Нар. мастак Чэхаславакіі (1945). На яго раннія паэт. творы (зб. «Вершы», 1915) паўплывалі падзеі 1-й сусв. вайны. У 1018 — 20 адзін з тэарэтыкаў пралетарскага мастацтва і рэв. паэзіі. Аўтар зб-каў «Працоўны дзень» (1920), «Сэрца і хаос свету» (1922), «Бурлівая вясна» (1923), кнігі прозы «Сацыялістычная надзея» (1922), рамана «Галодны год» (1926) і інш.Зб-кі вершаў «Махоўскія варыяцыі», «Ціхія пасланні» (абодва 1936), «Родны дом» (1938), «Запіскі з немачы» (1945), паэма «Ян-скрыпач» (1939) прасякнуты філас. роздумам пра сэнс чалавечага існавання, лёс айчыны і чэш. народа. Перакладаў на чэш. мову вершы Я.Купалы, А.Пушкіна, М.Лермантава, С.Ясеніна. Напісаў арт. «Беларускія пісьменнікі ў Празе» (1927; пра Я.Купалу, М.Чарота, М.Зарэцкага). Удзельнічаў у акцыях пратэсту супраць нац. і сац. ўціску ў Зах. Беларусі: На бел. мову яго творы перакладалі Х.Жычка, С.Панізнік і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ЛЧАЎ (Найдан Станеў) (н. 30.8.1927, в. Брэстніца Ловецкай акругі, Балгарыя),
балгарскі паэт, перакладчык, грамадскі дзеяч. Скончыў Сафійскі ун-т (1951). З 1996 саветнік па культ. пытаннях пасольства Рэспублікі Балгарыя ў Мінску. Друкуецца з 1946. Аўтар зб-каў «На паўднёвай граніцы» (1953), «Стракатая палітра» (1960), «Паўночнае святло» (1965), «Луна-парк» (1970), «Сняжынкі» (1975), «Гіганцкі слалам» (1986), «Далёкі дзень» (т. 1—2) і «Пяшчотная жонка» (абодва 1987), «Фракійская фрэска» (1995) і інш., кн. нарысаў «Беларуская бяроза» (1978). Яго лірыка адметная шчырасцю пачуцця, лірызмам, маляўнічасцю дэталей, уменнем тонка перадаць перажыванні сучасніка. Пісаў артыкулы пра сучасную бел. л-ру і балгара-бел. сувязі. Перакладаў на балг. мову творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Куляшова, М.Танка, П.Панчанкі, У.Караткевіча, В.Быкава («Знак бяды», «Кар’ер», «Аблава» і інш.), А.Дударава і інш. На бел. мову творы Вылчава перакладалі А.Астрэйка, М.Танк, Р.Барадулін, Г.Бураўкін, Н.Гілевіч і інш.