КАНЦЭ́РН (англ. concern),
форма аб’яднання юрыдычна незалежных прадпрыемстваў, якія вядуць сумесную інвестыцыйную, знешнеэканам. і фін. дзейнасць на аснове добраахвотнай цэнтралізацыі вытв., гасп., кіраўнічых функцый. К. — гэта не просты саюз, заснаваны на дагаворы, а форма рэальнай інтэграцыі. К. могуць быць галіновыя і шматгаліновыя.
Першыя К. ўзніклі ў Германіі і набылі пашырэнне ў пач. 1920-х г. Спачатку яны аб’ядноўвалі прадпрыемствы з аднолькавым вытв. працэсам, пазней — прадпрыемствы рознага профілю, звязаныя паміж сабой нефармальнымі сувязямі, заснаваны гал. чынам на фін. кантролі.
У Беларусі К. лічацца аб’яднанні прадпрыемстваў, якія здзяйсняюць асобныя вытв. і інш. гасп. функцыі, а таксама асобныя функцыі кіравання. Пры ўваходжанні ў К. дзярж. прадпрыемствы страчваюць сваю ведамасную прыналежнасць. Яны могуць уваходзіць толькі ў адзін К. і ў сваёй фірменнай назве абавязаны пазначаць прыналежнасць да яго. К. можа ствараць гасп. разліковыя арг-цыі па аказанні камерцыйных, праектна-канструктарскіх, буд., тэхнал., юрыд. і інш. паслуг. У наш час у Беларусі адбываецца рэарганізацыя асобных галіновых міністэрстваў у дзярж. К., падпарадкаваныя непасрэдна Ураду Рэспублікі Беларусь. Прадпрыемствы і арг-цыі, якія ўваходзяць у К., захоўваюць самастойнасць і правы юрыд. асобы. Сваю дзейнасць яны ажыццяўляюць у адпаведнасці з законам «Аб прадпрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» і інш. заканад. актамі. На 1.1.1998 у Беларусі існуе 15 дзярж. К.
А.Б.Дорына.
т. 8, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ БЮРО́ МІ́РУ (МБМ; International Peace Bureau),
міжнароднае аб’яднанне міралюбівых сіл. Засн. ў снеж. 1891 у Берне (Швейцарыя) па ініцыятыве Ф.Баера. Напачатку мела на мэце «каардынаваць дзейнасць т-ваў міру і адстойваць ідэю мірнага вырашэння міжнар. спрэчак», арганізоўвала штогадовыя мірныя канферэнцыі. Пасля 1-й сусв. вайны каардынавала мірную і гуманітарную дзейнасць няўрадавых арг-цый, азнаямляла іх з ідэямі і прапановамі Лігі Нацый, праводзіла кангрэсы пацыфістаў (гл. Пацыфізм). З 1924 штаб-кватэра ў Жэневе (Швейцарыя). У 2-ю сусв. вайну не функцыянавала. Пасля вайны да 1962 наз. Міжнар. к-т узаемадзеяння арг-цый у барацьбе за мір. Імкнецца «садзейнічаць справе міру ўмацаваннем міжнар. супрацоўніцтва і негвалтоўных метадаў вырашэння канфліктаў», у т. л. праз супрацоўніцтва з ААН (мае кансультатыўны статус у Савеце па эканам. і сац. пытаннях ААН). Садзейнічала скліканню 1-й спец. сесіі Ген. Асамблеі ААН па раззбраенні (1978). Выступае за ўсеагульнае і поўнае раззбраенне, права чалавека на адмову ад ваен. службы (разглядае яго як «права адмовіцца забіваць») і інш., фарміруе адпаведную грамадскую думку. Выдае час. «Geneva Monitor» («Жэнеўскі назіральнік»), кнігі, памфлеты, справаздачы аб канферэнцыях. Нобелеўская прэмія міру 1910. Нобелеўскімі прэміямі міру ўзнаг. арганізатары і кіраўнікі МБМ Баер, Э.Дзюкамен, Ш.А.Габа, Б. фон Зутнер, А.М.Лафантэн, Ш.Макбрайд і інш.
т. 10, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПАГА́НДА (лац. propaganda падлягае распаўсюджванню),
дзейнасць, накіраваная на папулярызацыю і ўкараненне ў грамадскай свядомасці пэўных ідэй, поглядаў, вобразаў. Праводзіцца з дапамогай розных форм і метадаў (вусная, друкаваная, ілюстрацыйная, кіно-, радыё- і тэлепрапаганда). Важнае месца займае П. навук. ідэй і дасягненняў, дзярж. палітыкі (знешняй і ўнутр.), здаровага ладу жыцця. Вядучая роля адводзіцца паліт. П., якая ўключае намаганні паўплываць на стан свядомасці індывідаў, сац. або нац. груп. З’яўляецца адной з перадумоў функцыянавання паліт., дзярж. улады.
Тэорыя П. бярэ пачатак у ідэях Платона і Арыстоцеля, якія распрацоўвалі пытанні ўздзеяння слова на фарміраванне чалавечай душы і сістэму метадаў пераканання людзей. Паняцце «П.» сфармулявана ў 1622 Ватыканам, які стварыў «Кангрэгацыю распаўсюджвання веры» для пашырэння ўплыву каталіцызму праз місіянерскую дзейнасць і барацьбу з ерасямі. Кангрэгацыя выкарыстоўвала абстрактна-гуманістычныя лозунгі «ўдасканальвання чалавека», але надавала слову «П.» канкрэтную ідэалаг. арыентацыю. Для П. характэрна супярэчнасць паміж дэклараваным і сапраўдным зместам, што абумовіла негатыўнае яе ўспрыманне. Пасля 2-й сусв. вайны паліт. П. стала пастаянным кірункам дзярж. дзейнасці, што выявілася ў стварэнні мін-ваў і цэнтраў П., арг-цыі навук. даследаванняў і адпаведных устаноў. Прапагандысцкія службы выкарыстоўваюць увесь набыты вопыт па маніпуліраванні чалавечай свядомасцю. П. ператварылася ў важны інструмент дзярж. палітыкі, распрацоўкі і пошуку варыянтаў вырашэння канкрэтных сац.-эканам., паліт. праблем.
В.І.Боўш.
т. 13, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІВЕРСІТЭ́Т АРГАНІЗА́ЦЫІ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ (УААН),
міжнародная супольнасць вучоных, якія займаюцца даследчай працай, падрыхтоўкай аспірантаў і распаўсюджаннем ведаў дзеля садзейнічання мэтам і прынцыпам Статута ААН. Засн. ў 1973. У цяперашні час дзейнасць УААН сканцэнтравана вакол 4 кірункаў: развіццё; ахова навакольнага асяроддзя; роля ўрадаў ва ўмацаванні міру; навука і тэхніка. Акад. дзейнасць ажыццяўляецца Акадэмічным аддзяленнем пры Цэнтры УААН у Токіо, а таксама Сусв. ін-там УААН па даследаваннях эканомікі развіцця (Хельсінкі; займаецца сац.-эканам. даследаваннямі, арыентаванымі на распрацоўку палітыкі вырашэння глабальных праблем); Ін-там новых тэхналогій УААН (Маастрыхт, Нідэрланды; вывучае сац.-эканам. ўздзеянне новых тэхналогій, асабліва ў краінах, якія развіваюцца); Міжнар. ін-там УААН па праграмных тэхналогіях (Аамынь, Кітай; канцэнтруе ўвагу на сумесных перадавых праектах у галіне даследаванняў і развіцця, на развіцці аспіранцкай адукацыі, пашырэнні бясплатнага спецыялізаванага праграмнага забеспячэння і публікацый); Ін-там УААН па нац. рэсурсах у Афрыцы (Легон, Гана; развівае навук.-тэхн. магчымасці па кіраванні рэсурсамі кантынента); Ін-там перспектыўных даследаванняў УААН (Токіо; даследуе праблемы экарэструктурызацыі пры арыентаванні на ўстойлівае развіццё, а таксама прынцыпы шматбаковых адносін у кіраванні); Праграмай УААН па біятэхналогіі для Лац. Амерыкі і Карыбскага басейна (Каракас); Міжнар. сеткай УААН па водных рэсурсах, ахове навакольнага асяроддзя і здароўя (Гамільтан, Канада); Міжнар. акадэміяй кіравання (Аман).
т. 16, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНЫ І САЦЫЯ́ЛЬНЫ САВЕ́Т ААН (ЭКАСАС),
адзін з галоўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, які каардынуе яе эканам. і сац. дзейнасць, спецыялізаваных устаноў і органаў ААН. З’яўляецца цэнтр. форумам па абмеркаванні міжнар. праблем глабальнага і міжгаліновага характару і па выпрацоўцы рэкамендацый адносна палітыкі па гэтых праблемах. Складаецца з 54 членаў ААН (у т. л. Рэспубліка Беларусь), якія выбіраюцца Ген. Асамблеяй. Савет вядзе даследаванні і складае даклады па міжнар. пытаннях з адпаведнымі рэкамендацыямі; арганізоўвае абмеркаванні міжнар. эканам. і сац. праблем, распрацоўвае рэкамендацыі для дзяржаў-членаў; кантралюе і ацэньвае агульную стратэгію і першачарговыя задачы ў эканам. і сац. галінах; забяспечвае ўзгадненне і практычнае аператыўнае ажыццяўленне дырэктыўных рашэнняў і рэкамендацый; каардынуе агульную дзейнасць арг-цый сістэмы ААН; праводзіць усебаковыя агляды палітыкі ў галіне аператыўнай дзейнасці. У склад Савета ўваходзяць: 6 функцыянальных камісій і падкамісій (сац. развіцця, па кантролі за наркатычнымі сродкамі, па навуцы, тэхніцы, па статыстыцы, транснацыянальных карпарацыях); 5 рэгіянальных камісій (гл. Эканамічныя камісіі ААН); 2 пастаянныя падкамітэты (для праграм і каардынацыі; па непасрэдных арганізацыях); 7 экспертных органаў (камітэт па развіцці планавання; спец. група экспертаў па міжнар. супрацоўніцтве ў галіне падаткаабкладання; камітэты па транспарціроўцы грузаў, па эканам., сац. і культ. правах, па нац. рэсурсах і інш.).
Г.А.Шмарлоўская.
т. 18, кн. 1, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВІНАВА́ЧАННЕ ў праве,
1) працэсуальная дзейнасць упаўнаважаных законам органаў ці службовых асоб, якая заключаецца ў даказванні віны асобы, што прыцягваецца да крымін. адказнасці. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае 3 віды абвінавачвання: дзярж. (падтрымлівае пракурор), грамадскае (падтрымлівае ўпаўнаважаны прадстаўнік грамадскай арг-цыі ці прац. калектыву) і прыватнае (падтрымлівае пацярпелы або яго прадстаўнік — адвакат).
2) Змест абвінаваўчага тэзіса, сфармуляванага ў пастанове аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага, а таксама ў абвінаваўчым заключэнні, выступленні абвінаваўцы ў судзе, у абвінаваўчым прыгаворы суда.
І.І.Пацяружа.
т. 1, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛАС БЕЛАРУ́СА»,
сялянска-работніцкая газета, орган бел. нац. меншасці ў Латвіі, арганізаванай у 1921 у т-ве «Бацькаўшчына». Выдавалася штотыднёва ў 1925—30 у Рызе на бел. мове. Рэдактар-выдавец К.Б.Езавітаў. Мела на мэце абуджаць нац. свядомасць і аб’ядноўваць беларусаў у Латвіі, абараняць іх інтарэсы, развіваць культуру. Пісала пра дзейнасць суполак, т-ваў, інфармавала пра стан асветы, школьнай справы, жыццё беларусаў у БССР, Літве, Чэхаславакіі, Сібіры. Перадрукоўвала матэрыялы з газ. «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска» і інш.
т. 5, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫ ГУБЕРНА́ТАР,
вышэйшая службовая асоба ў губернях Расійскай імперыі ў канцы 18 — пач. 20 ст. ў час ваеннага становішча. Прызначаўся імператарам, з 1846 яго мог прызначаць галоўнакамандуючы арміяй з наступным зацвярджэннем імператарам. Падпарадкоўваўся ген.-губернатару і галоўнакамандуючаму дзеючай арміяй. Нярэдка пасада ваеннага губернатара спалучалася з пасадай ген.-губернатара. Ваенны губернатар абавязаны быў ажыццяўляць нагляд за мясц. адміністрацыяй, падтрымліваць грамадскі парадак і бяспеку, падаўляць антыўрадавыя выступленні і сял. хваляванні, каардынаваць дзейнасць ваен. і цывільнай улад.
А.У.Марыскін.
т. 3, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАНТЭ́ (Volonté) Джан Марыя (н. 9.4.1933, г. Мілан, Італія),
італьянскі акцёр. Скончыў Нац. акадэмію тэатр. мастацтва (1957). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1951. З 1960 у кіно. Здымаецца ў вострасацыяльных («Чалавек, якога трэба знішчыць», «Тэрарыст»), прыгодніцкіх («За некалькі лішніх долараў», «Хто ведае?» — у сав. пракаце «Залатая куля»), палітычных («Кожнаму сваё», «Бандыты ў Мілане», «Следства па справе грамадзяніна па-за ўсякімі падазрэннямі» — у сав. пракаце «Справа грамадзяніна па-за ўсякімі падазрэннямі», «Сака і Ванцэці», «Джардана Бруна») і інш. фільмах.
т. 3, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́НГАЎ (сапр. Ружнікаў) Міхаіл Фёдаравіч
(3.11.1900, Варшава — 20.4.1965),
рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1955). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1920. Працаваў у Маскоўскім т-ры Рэвалюцыі (1925—27 і 1930—41), з 1945 у т-ры імя Я.Вахтангава. Яго выканальніцкай манеры ўласцівыя філас. глыбіня, псіхал. тонкасць, эмацыянальнасць. З лепшых роляў: Гай («Мой сябар» М.Пагодзіна), Маціяс Клаўзен («Перад захадам сонца» Г.Гаўптмана), Гамлет (аднайм. п’еса У.Шэкспіра). З 1933 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1950, 1951.
т. 2, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)