ПЯТКЕ́ВІЧ (Pietkiewicz) Часлаў (20.7.1856, в. Бабчын Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 10.10.1936),

бел. і польскі этнограф, фалькларыст. Атрымаў дамашнюю адукацыю. Працаваў на Палессі, Кіеўшчыне, Смаленшчыне, у Лодзі. З 1923 у Варшаве, супрацоўнічаў у аддзеле этналогіі Ін-та антрапалагічных і этналагічных навук Варшаўскага навук. т-ва. З 1928 у этнагр. камісіі АН у Кракаве. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру насельніцтва Палесся, пераважна беларусаў, іх заняткі і павер’і. Аўтар артыкулаў і нарысаў «Дарогі на Рэчыцкім Палессі ў другой палове XIX ст.» (1926), «Душа і смерць у вераваннях беларусаў» (1930), «Мёртвыя ў вераваннях беларусаў» (1931), «Вялікдзень на Беларусі» (1932), «Земляробчыя боствы ў вераваннях беларусаў» (1933). Першая грунтоўная манаграфія П. — «Рэчыцкае Палессе: Этнаграфічныя матэрыялы. Ч. 1. Матэрыяльная культура» (Кракаў, 1928); яе працяг — «Духоўная культура Рэчыцкага Палесся: Этнаграфічныя матэрыялы» (Варшава, 1938). Рукапіс 3-й ч. збораў П. пра Рэчыцкае Палессе, у якой асвятляліся пытанні грамадскай культуры, страчаны ў 2-ю сусв. вайну. Падрыхтаваў да друку і дапоўніў уласнымі матэрыяламі і каментарыямі т. 4 «Люду беларускага» М.​Федароўскага (Варшава, 1935). Для прац П. характэрна вычарпальная інфарматыўнасць у галіне нар. побыту і культуры Палесся, дасканалае адчуванне нар. мовы. Свае публікацыі ілюстраваў уласнымі малюнкамі. Скіраваў на вывучэнне Палесся К.​Машынскага, дапамагаў у выданні яго кнігі «Усходняе Палессе: Этнаграфічныя матэрыялы...» (1928), узбагаціў яе сваімі этнагр. і фальклорнымі матэрыяламі.

Літ.:

Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991.

У.​А.​Васілевіч.

т. 13, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ХІ́МІЯ,

навука, якая вывучае хім. ператварэнні рэчываў пад уздзеяннем іанізавальных выпрамяненняў.

Асн. задачы Р.х. — вывучэнне заканамернасцей утварэння, фіз.-хім. уласцівасцей і ператварэнняў высокарэакцыйных прамежкавых прадуктаў радыяцыйна-хім. працэсаў; вызначэнне ўстойлівасці розных рэчываў да ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў і стварэнне радыяцыйна-ўстойлівых матэрыялаў; выяўленне аптымальных умоў ажыццяўлення радыяцыйна-хім. сінтэзу і мадыфікацыі матэрыялаў; распрацоўка апаратаў і метадаў правядзення радыяцыйна-хім. працэсаў. Станаўленне Р.х. звязана з адкрыццём рэнтгенаўскага выпрамянення (1895) і радыеактыўнасці (1896). Інтэнсіўнае яе развіццё пачалося ў 1940-я г. ў сувязі з работамі па комплексным выкарыстанні атамнай энергіі. Выключную ролю ў развіцці Р.х. адыграла стварэнне ў 1960-я г. і ўкараненне ў эксперым. практыку метаду імпульснага радыёлізу.

На Беларусі даследаванні па Р.х. праводзяцца з 1962 пасля пуску ў АН Беларусі доследнага ядз. рэактара. У 1968 у БДУ арганізавана кафедра Р.х. і радыяхіміі па падрыхтоўцы спецыялістаў. Даследаванні па Р.х. вядуцца ў БДУ, Ін-це радыяцыйных фізіка-хім. праблем, Ін-це механікі металапалімерных сістэм, Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі. У навукова-фармацэўтычным цэнтры адкрытага акц. т-ва «Белмедпрэпараты» распрацаваны і ўкаранёны ў вытв-сць радыяцыйна-хім. тэхналогіі атрымання гемакарэктараў на аснове поліцукрыдаў. На Мазырскім кабельным з-дзе арганізавана вытв-сць радыяцыйна-мадыфікаваных кабельных вырабаў.

Літ.:

Своллоу А. Радиационная химия: Пер. с англ. М., 1976;

Пикаев А.К. Современная радиационная химия: Основные положения. Экспериментальная техника и методы. М., 1985.

А.​І.​Шадыра.

т. 13, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНІ́СТЫКА,

комплекс філалагічных дысцыплін, якія вывучаюць матэрыяльную і духоўную культуру раманамоўных народаў; раздзел мовазнаўства, які вывучае гісторыю ўзнікнення і развіцця раманскіх моў і дыялектаў, іх сучасны стан і функцыянаванне. Ўзнікла ў сярэднявеччы, развіваецца з эпохі Адраджэння. Адзін з першых філолагаў-раманістаў — Дантэ (трактат «Пра народнае красамоўства», 1305—08). Навук. этап Р. пачаўся ў 1830-я г. з прац Ф.​Дзіца, які апіраўся на параўнальна-гіст. метад вывучэння раманскіх моў у іх эвалюцыі ад класічнай латыні. Новы імпульс Р. набыла ў выніку пераносу ўвагі на праблему рэканструкцыі нар. латыні як рэальнай асновы раманскіх моў (працы Г.​Шухарта, Г.​Гробера). У канцы 19 ст. на Р. паўплывалі ідэі младаграматызму (працы В.​Маер-Любке). Вял. значэнне для Р. мела пашырэнне лінгвагеагр. (картаграфічнага) метаду даследавання дыялектаў, асновы якога закладзены Ж.​Жыльеронам. У пач. 20 ст. пад уплывам ідэй Ф. дэ Сасюра павялічылася цікавасць да апісання сучаснага стану раманскіх моў. З 2-й пал. 20 ст. параўнальна-гіст. вывучэнне гэтых моў характарызуецца большай увагай да праблем нар. латыні. З 1925 дзейнасць раманістаў каардынуе Т-ва раманскага мовазнаўства. На Беларусі праблемамі Р. займаліся і займаюцца Л.​Ф.​Кістанава, М.​І.​Лешчанка, З.​Н.​Лявіт, У.​В.​Макараў, А.​М.​Сцяпанава, М.​В.​Шарамета і інш.

Літ.:

Йордан Й. Романское языкознание: Пер. с рум. М., 1971;

Алисова Т.Б., Репина Т.А., Таривердиева М.А.

Введение в романскую филологию 2 изд. М., 1987.

У.​В.​Макараў.

т. 13, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАДЫНА́МІКА класічная,

раздзел тэарэтычнай фізікі, які вывучае электрамагнітныя з’явы без уліку квантавых эфектаў. Можа разглядацца як класічная тэорыя электрамагнітных узаемадзеянняў. Грунтуецца на Максвела ўраўненнях і электроннай тэорыі Лорэнца, у якой раскрыта мікраскапічная структура крыніц эл.-магн. поля (эл. зарадаў і токаў), уведзены класічныя ўраўненні руху электрона.

Асн. суадносіны Э. падпарадкоўваюцца патрабаванням спец. адноснасці тэорыі. Асн. раздзелы Э.: электрастатыка, магнітастатыка, эл. токі і іх узаемадзеянні, электрадынаміка рухомых асяроддзяў, электрамагнітная індукцыя, электрамагнітныя хвалі, у т. л. іх распаўсюджванне ў розных асяроддзях, магнітная гідрадынаміка, палі мультыполяў, сутыкненні эл. зараджаных часціц, эл.-магн. выпрамяненне рухомых зарадаў, паскаральнікі зараджаных часціц, фізіка плазмы і інш. Асн. задачы: вызначэнне эл.-магн. поля на аснове ўраўненняў Максвела па зададзеных размеркаваннях зарадаў і эл. токаў у пэўным асяроддзі; вывучэнне руху сістэмы зараджаных часціц (цел) у знешнім эл.-магн. полі; вызначэнне сувязі паміж электронна-іоннай будовай рэчыва і яго эл.-магн. і аптычнымі ўласцівасцямі, што дае магчымасць растлумачыць многія макраскапічныя ўласцівасці рэчыва (палярызацыю дыэлектрыкаў, дыя-, пара- і часткова ферамагнетызм, электраправоднасць, заканамернасці распаўсюджання эл.-магн. хваль у рэчыве і інш.).

На Беларусі праблемы класічнай Э. даследуюцца ў Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ, Гомельскім ун-це, Бел. ін-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теория поля. М., 1962;

Власов А.А. Микроскопическая электродинамика. М., 1955;

Джексон Дж. Классическая электродинамика: Пер. с англ. М., 1965.

А.​А.​Богуш.

т. 18, кн. 1, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛОГІЯ

Археал. раскопкі на Беларусі пачаліся ў 1-й чвэрці 19 ст. Курганы паміж Магілёвам і Рагачовам, пазней каля Навагрудка і Ліды даследаваў Т.​Нарбут. З.​Даленга-Хадакоўскі склаў «Слоўнік назваў гарадзішчаў і ўрочышчаў», у якім сярод некалькіх тысяч археал. помнікаў каля 200 зафіксаваны на Беларусі (гарадзішчы ён лічыў свяцілішчамі). У сярэдзіне 19 ст. Я.​П.​Тышкевіч вывучаў курганы на Міншчыне, у 1855 на аснове сабраных матэрыялаў ён стварыў Віленскі музей старажытнасцей і пры ім Віленскую археалагічную камісію. Яго брат К.​П.​Тышкевіч даследаваў каля 200 курганоў, гарадзішчы і замчышчы Мінскай губ., склаў тапаграфічныя планы, першы сфармуляваў канкрэтныя задачы раскопак. Археал. раскопкі праводзілі А.​Г.​Кіркор, Е.​Р.​Раманаў, У.​З.​Завітневіч, Ф.​В.​Пакроўскі, В.​А.​Шукевіч, К.​А.​Гаворскі, І.​І.​Далгоў, М.​Ф.​Кусцінскі, М.​М.​Турбін, Р.​Г.​Ігнацьеў, Г.​Х.​Татур, М.​П.​Авенарыус, Ф.​Л.​Вярэнька, З.​Глогер, М.​В.​Фурсаў, С.​Ю.​Чалоўскі і інш. На развіццё археал. даследаванняў на Беларусі істотна паўплываў 9-ы археал. з’езд, які праходзіў у Вільні ў 1893. Нягледзячы на пэўныя поспехі, тагачасныя археал. даследаванні на Беларусі мелі аднабаковы характар: вывучаўся амаль выключна адзін від помнікаў — курганы, характэрнай рысай археалогіі быў яе краязнаўчы характар.

Інтэнсіўныя археал. даследаванні пачаліся ў 1920-я г. У 1921 пры Наркамаце асветы БССР створана навукова-тэрміналагічная камісія, якая займалася выяўленнем і ўлікам археал. помнікаў. Іх планамернае вывучэнне ў 1925 пачала гісторыка-археал. камісія Інстытута беларускай культуры, дзе ў 1927 адкрыта кафедра археалогіі. У 1929 яна пад назвай археал. камісіі ўвайшла ў склад Ін-та гісторыі АН Беларусі, у 1932 перайменавана ў секцыю археалогіі. Археал. даследаваннямі на Беларусі ў 1920—30-я г. кіраваў А.​М.​Ляўданскі. К.​М.​Палікарповіч выявіў і даследаваў стаянкі эпохі палеаліту (у Бердыжы. Падлужжы і Юравічах), мезаліту, неаліту і бронзавага веку. Значны ўклад у развіццё археалогіі Беларусі зрабілі С.​А.​Дубінскі, А.​Дз.​Каваленя, А.​І.​Сербаў, М.​М.​Улашчык, С.​С.​Шутаў і інш. Асобныя археал. даследаванні праводзіліся і на тэр. Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 знаходзілася ў складзе Польшчы. Тут найб. значныя вынікі пры раскопках атрымалі У.​Антаневіч, У.​Галубовіч, Г.​Цэгак-Галубовіч, Я.​Савіцкі, С.​Крукоўскі, Ю.​Ядкоўскі, З.​Шміт, З.​Дурчэўскі, М.​Федароўскі, Р.​Якімовіч і інш. Вял. страты панесла навука ў 1930-я г., калі былі рэпрэсіраваны і загінулі вядучыя бел. археолагі, у т. л. Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя.

У пасляваенны час археал. вывучэнне Беларусі праводзілі супрацоўнікі сектара археалогіі, створанага ў 1944 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Бел. вучоныя ўстанавілі, што засяленне тэр. Беларусі пачалося з сярэдняга палеаліту, г.зн. 100—40 тыс. г. назад, выявілі каля 640 помнікаў каменнага і 670 бронзавага вякоў гал. чынам на Палессі, Пасожжы і Панямонні, дэталёва даследавалі 30 мезалітычных, 78 неалітычных помнікаў, 18 могільнікаў бронзавага веку ў Верхнім Падняпроўі; вылучылі археал. культуры: свідэрскую, грэнскую, сожскую, нёманскую, днепра-данецкую, верхнедняпроўскую, дзяснінскую, нарвенскую, грабеньчата-ямкавай керамікі; шнуравой керамікі і інш. (У.​Дз.​Будзько, Э.​М.​Зайкоўскі, У.​Ф.​Ісаенка, А.​Г.​Калечыц, В.​Ф.​Капыцін, М.​М.​Крывальцэвіч, У.​П.​Ксяндзоў, В.​Я.​Кудрашоў, В.​Л.​Ліпніцкая, М.​М.​Чарняўскі, І.​М.​Язэпенка і інш.).

У 1950—2000-я г. мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў ранняга жалезнага веку праводзілі В.​Г.​Белявец, Г.​М.​Бяліцкая, В.​С.​Вяргей, М.​Ф.​Гурын, А.​І.​Драбушэўскі, Н.​М.​Дубіцкая, А.​А.​Егарэйчанка, А.​У.​Ільюцік, Ю.​У.​Каласоўскі, В.​Б.​Караткевіч, М.​І.​Лашанкоў, А.​Р.​Мітрафанаў, А.​М.​Мядзведзеў, П.​М.​Падгурскі, Л.​Д.​Побаль, В.​І.​Шадыра, К.​П.​Шут і інш. Выказваюцца розныя меркаванні пра засяленне тэр. Беларусі ў жалезным веку: на думку адных вучоных, на мяжы нашай эры тут фарміраваліся славяне, на думку другіх, да 6—8 ст. н.э. тут жылі балцкія плямёны.

Даследаванні бел. археолагаў у 1960—80-я г. далі магчымасць прасачыць працэс фарміравання ўсх.-слав. племянных аб’яднанняў — дрыгавічоў, полацкіх крывічоў, радзімічаў, якія сталі этнічнай асновай бел. народнасці. Бел. даследчыкі вывучалі гарады эпохі Кіеўскай Русі — Полацк, Віцебск, Мінск, Пінск, Тураў, Друцк, Брэст, Ваўкавыск, Лукомль, Слуцк, Клецк, Заслаўе, Гродна, Гомель, Крычаў і інш. (Т.​С.​Бубенька, Ю.​І.​Драгун, Э.​М.​Загарульскі, Я.​Г.​Звяруга, Л.​У.​Калядзінскі, П.​Ф.​Лысенка, А.​А.​Макушнікаў, А.​А.​Мяцельскі, В.​С.​Пазднякоў, В.​Р.​Тарасенка, Г.​В.​Штыхаў і інш.); сельскія пасяленні і курганы (У.​У.​Багамольнікаў, А.​А.​Башкоў, А.​В.​Вайцяховіч, С.​Дз.​Дзярновіч, Л.​У.​Дучыц, А.​В.​Іоў, Т.​М.​Каробушкіна, А.​В.​Квяткоўская, В.​І.​Кошман, Г.​В.​Ласкавы, С.​А.​Піваварчык, А.​М.​Плавінскі, Я.​Р.​Рыер, Г.​М.​Семянчук). З сярэдзіны 1970-х г. пачалося спец. археал. вывучэнне матэрыяльнай культуры бел. гарадоў 14—18 ст. (Д.​У.​Дук, Ю.​А.​Заяц, В.​М.​Ляўко, В.​Е.​Собаль, С.​В.​Тарасаў, М.​А.​Ткачоў, З.​С.​Пазняк). Даследаваны археал. помнікі 14—18 ст., замкі, гарады і мястэчкі Езярышча, Ашмяны, Свіслач, Сураж, Смаляны, Стрэшын, Магілёў, Ліда, Лоск, Маладзечна, Дзісна, Глуск, Мір, Горы і інш. (Р.​В.​Баравы, Ш.​І.​Бекцінееў, Ю.​М.​Бохан, І.​У.​Ганецкая, В.​Я.​Зайцава, Н.​І.​Здановіч, М.​В.​Клімаў, А.​К.​Краўцэвіч, А.​М.​Кушнярэвіч, І.​А.​Марзалюк, П.​А.​Русаў, Г.​А.​Сагановіч, І.​І.​Сінчук, А.​А.​Трусаў, І.​М.​Чарняўскі, В.​У.​Шаблюк).

У 1980 на базе сектара археалогіі ў складзе Ін-та гісторыі АН Беларусі створаны аддзел археалогіі з сектарамі, у 1986 3 сектары пераўтвораны ў аддзелы: першабытнай археалогіі, сярэдневяковай археалогіі і археалогіі даследаванняў зон новабудоўляў; у 1991 створаны аддзел археалогіі жалезнага веку. Археал. помнікі Беларусі даследавалі таксама супрацоўнікі аддзела археал. даследаванняў НДІ «Белспецпраектрэстаўрацыя», БДУ, Гомельскага, Гродзенскага і Магілёўскага ун-таў, Нац музея гісторыі і культуры Беларусі, Гродзенскага гісторыка-археал. музея, Ваўкавыскага ваенна-гіст. музея, Віцебскага, Брэсцкага, Гомельскага, Магілёўскага абл. краязнаўчых музеяў і інш. Археал. помнікі Беларусі розных перыядаў вывучалі супрацоўнікі Ін-та археалогіі Рас. АН (А.​М.​Абломскі, Л.​В.​Аляксееў, І.​І.​Арцёменка, М.​М.​Варонін, Ф.​Д.​Гурэвіч, Н.​М.​Гурына, М.​К.​Каргер, У.​Ю.​Кухарэнка, М.​А.​Лапацін, М.​У.​Малеўская, В.​М.​Мельнікоўская, П.​А.​Рапапорт, Г.​Ф.​Салаўёва, Э.​А.​Сымановіч, З.​М.​Сяргеева, К.​В.​Паўлава, В.​Б.​Перхаўка, У.​Я.​Яроменка і інш.), кафедры археалогіі С.-Пецярбургскага ун-та (В.​А.​Булкін і інш.). В.​В.​Сядоў стварыў тэорыю субстратнага паходжання беларусаў у працэсе асіміляцыі балтаў славянамі, які пачаўся ў 7—8 ст. н.э. Дасягненні археолагаў у вывучэнні мінулага Беларусі абагульнены ў шматлікіх манаграфіях, а таксама ў калектыўных працах «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 1—2, 1970—72), «Беларуская археалогія: Дасягненні археолагаў за гады Савецкай улады» (1987), «Археалогія Беларусі» (т. 1—4, 1997—2001).

Літ.:

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;

Вяргей В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг. Мн., 1992;

Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси, XVI в. — 30-е годы XX в. Мн., 1996;

Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 18, кн. 2, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛОТАЗНАЎСТВА

Пачатак развіццю балотазнаўства на Беларусі дала экспедыцыя І.​І.​Жылінскага па асушэнні балот Палесся (1873—98). Яе ўдзельнік Г.​І.​Танфільеў апісаў расліннасць палескіх балот і распрацаваў іх першую класіфікацыю. У 1875 В.​В.​Дакучаеў апублікаваў працу «Па пытанню асушэння балот увогуле і ў прыватнасці аб асушэнні Палесся». У 1911 арганізавана Мінская балотная станцыя (з 1930 — Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі, з 1957 — Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1993 — Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства). У 1912—15 у Мінску выдаваўся часопіс «Болотоведение». Супрацоўнікі БСГА А.​Д.​Дубах і Х.​А.​Пісаркоў даследавалі ў 1926—29 прырост сфагнавых імхоў і торфу. Балотную расліннасць вывучалі В.​С.​Палянская, З.​М.​Дзянісаў, В.​А.​Міхайлоўская, гісторыю развіцця і геагр. пашырэнне асобных тыпаў балот даследаваў У.​С.​Дактуроўскі, стратыграфію тарфяных пакладаў — С.​М.​Цюрэмнаў. У 1925—30 закладзены асновы акультурвання балот (А.​Т.​Кірсанаў, М.​Ф.​Лебадзевіч, А.​Ф.​Флёраў). У 1934 арганізаваны Ін-т торфу (з 1990 — Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі). У 1934 складзена першая карта балот Беларусі, распрацавана класіфікацыя тарфяных радовішчаў (Л.​Я.​Лепін). У 1940 выдадзены «Кадастр тарфяных радовішчаў БССР».

Пасля Вял. Айч. вайны пачалося інтэнсіўнае вывучэнне і буйнамаштабнае выкарыстанне торфу на энергетычныя і с.-г. мэты. У 1953 выдадзена праца «Тарфяны фонд Беларускай ССР» з картай. Вывучаліся заканамернасці фарміравання радовішчаў торфу, праводзілася ацэнка іх рэсурсаў, ствараліся спец. рэсурсныя заказнікі тарфяной сыравіны. Праведзена паглыбленае вывучэнне стратыграфіі тарфяных радовішчаў (С.​Г.​Беленькі), узросту балот Беларусі (С.​М.​Цюрэмнаў, М.​І.​Нейштат, А.​П.​Підоплічка і інш.), механізму забалочвання азёр (А.​П.​Підоплічка, М.​А.​Канойка). Складзена карта расліннага покрыва Беларусі, дзе адзначаны балотныя супольніцтвы рознага генезісу (Дз.​С.​Голад). Прапанавана новая класіфікацыя тарфяных пакладаў на аснове іх прыродна-гіст. эвалюцыі (А.​Г.​Дубавец).

З 1990-х г. развіваецца новы кірунак балотазнаўства — балотаводства, мэта якога — выкарыстанне прыродных рэсурсаў балот без парушэння балотаўтваральнага працэсу. Вылучаны 4 кірункі балотаводства: экалагічны (выкарыстанне балот у экалагічных мэтах, аднаўленне парушаных балот), агранамічны (вырошчванне балотных ягадных, лек. і меданосных культур), энергатэхналагічны (вырошчванне хуткарослых раслін на балотах для атрымання біямасы ў тэхн. і энергетычных мэтах), культурна-рэкрэацыйны (выкарыстанне балот як аб’ектаў турызму, навукі і інш.). Распрацаваны «Схема рацыянальнага выкарыстання і аховы тарфяных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2010 г.» і аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма «Тарфяны фонд Рэспублікі Беларусь» (І.​Г.​Танавіцкі з супрацоўнікамі). Абгрунтавана неабходнасць дзярж. аховы балот і тарфяных радовішчаў; надання ім статусу ўгоддзяў міжнар. значэння з уключэннем у склад аб’ектаў Сусветнай прыроднай спадчыны; складзены Чырвоны спіс балот Беларусі, які ўключае 230 балот.

Літ.:

Смоляк Л.П., Рубан Н.Н. Сравнительная продуктивность болот Полесья. Мн., 1983;

Смеловский В.Е. Выработанные торфяные месторождения и их использование. Мн., 1988;

Тановицкий И.Г., Обуховский Ю.М. Антропогенные изменения торфяно-болотных комплексов. Мн., 1988;

Развитие исследований в области генезиса, использования и охраны торфяных месторождений // Твердые горючие отложения Беларуси и проблемы охраны окружающей среды. Мн., 1992;

Кухарчик Т.И. Верховые болота Беларуси. Мн., 1996;

Лиштван И.И. Развитие химических наук и наук о земле в Республике Беларусь // 70 лет Национальной академии наук Беларуси. Мн., 2000;

Основные итоги исследований в области генезиса, использования и охраны болот и торфяных месторождений Республики Беларусь // Природопользование. Мн., 2002. Вып. 8;

Биосферно совместимое использование лесных и болотных экосистем. Мн., 2003.

М.​М.​Бамбалаў.

т. 18, кн. 2, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,

адна з першых бел. сярэдніх навуч. устаноў у Зах. Беларусі. Існавала ў 1919—44 у Вільні. Засн. па ініцыятыве І.Луцкевіча. У розны час дырэктарамі гімназіі былі М.​Анцукевіч, Р.​Астроўскі, Ф.​Грышкевіч, В.​Кавалевіч, Кахановіч (1-ы дырэктар), А.​Міхалевіч, А.​Нэканда-Трэпка, С.​Паўловіч, Станкевіч, Б.​Тарашкевіч. Мела на мэце захаванне бел. нац. самабытнасці, выхаванне патрыят. пачуццяў, развіццё роднай мовы, пашырэнне дэмакр. і гуманіст. поглядаў. Акрамя беларусаў вучыліся рускія і яўрэі. Гімназія імкнулася захаваць нац. характар, усе прадметы ва ўсіх класах выкладаліся на бел. мове. Але з 2-га года навучання ўведзена вывучэнне і польскай мовы, на ёй выкладаліся геаграфія і гісторыя Польшчы. У 1932/33 навуч. г. стала дзяржаўнай, што, з аднаго боку, забяспечвала трывалую матэрыяльную базу, з другога — пазбавіла незалежнасці (стала філіялам польскай гімназіі імя Ю.​Славацкага). У ліст. 1939 Вільня перададзена сав. урадам Літве, гімназія была рэарганізавана ў прагімназію, а ў 1940/41 навуч. г., калі Літва ўвайшла ў склад СССР, стала няпоўнай сярэдняй школай. Дзейнічала і ў перыяд ням.-фаш. акупацыі. У крас. 1944 спыніла існаванне.

Л.​А.​Луцкевіч.

Першы выпуск Віленскай беларускай гімназіі: 1-ы рад (злева направа) — Г.​Бонч-Асмалоўская, Л.​Макоўская, М.​Васільева; 2-і рад — Ф.​Аляхновіч, А.​Станкевіч, М.​Кахановіч, Ф.​Мікуліна, А.​Луцкевіч, М.​Гарэцкі; 3-і рад — Г.​Бонч-Асмалоўскі, А.​Лабуць, В.​Акушка, Нядзвецкая, А.​Уладзімірская, Н.​Арсеннева; 4-ы рад — М.​Пяткевіч, А.​Клімовіч, В.​Аляксюк, Л.​Пусько, А.​Сасноўскі. 15.6.1921.

т. 4, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНАЛО́ГІЯ,

навуковая дысцыпліна, якая вывучае муз. інструменты — іх канструкцыю, форму, матэрыял, спосабы вырабу і рэканструкцыі, акустычна-тэмбравыя якасці, выканальніцкія магчымасці, грамадскае і маст. выкарыстанне, адлюстраванне ў літ. і выяўл. помніках. Тэрмін «арганалогія» прапанаваны Н. Бесарабавым у 1941 для вылучэння навук. і тэхн. аспектаў даследавання муз. інструментаў з больш шырокага вывучэння музыкі. Сучасная арганалогія (паводле славацкага даследчыка О.​Эльшака) уключае субдысцыпліны: сістэматычную (тэарэтычную) арганалогію, тэхнічную арганалогію (эргалогію і тэхналогію), арганаакустыку, арганасацыялогію і гісторыю інструментаў, палеаарганалогію (ацэнка археал. адкрыццяў і інш. доказаў існавання старадаўніх інструментаў), арганаіканаграфію (выяўл. крыніцы) і этнаарганалогію (вывучэнне традыц. муз. інструментаў розных народаў). З пач. 20 ст. ў арганалогіі выяўляецца тэндэнцыя да інтэграцыі і адзінства сістэматычнага, гіст. і антрапалагічнага аспектаў, пераважна ў працах К.​Закса (Германія; 1910—30-я г.) і Э.М. фон Хорнбастэля (Аўстрыя), якія распрацавалі сучасную класіфікацыю муз. інструментаў. Развіццю арганалогіі садзейнічаюць міжнар. інструментазнаўчыя арганізацыі, спецыялізаваныя музеі (Брусель, Стакгольм, Парыж), арганалагічныя школы (у Германіі, Швецыі), даследаванні і публікацыі арганолагаў (Эльшак, Ю.​Страйнар, І.​Мачак, Я.​Станшэўскі, І.​Мацыеўскі). На Беларусі распрацоўкай праблем этнаарганалогіі ў кантэксце нар. культуры і сувязі муз. інструмента і музыкі займаецца І.​Назіна.

Літ.:

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979;

Яе ж. Белорусские народные музыкальные ннструменты: Струнные. Мн., 1982;

Bessaraboff N. Ancient European musical instruments. Boston. 1941;

Nettl B. Theory and method in ethnomusicology. New York, 1964;

Elschek O. Instrumenty muzyczne jako przedmiot badań historycznych i antropologicznych (przyczynek do koncepcji instrumentologii) // Muzyka. 1974. № 1.

І.​Дз.​Назіна.

т. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫШНО́ВЫЯ ЗО́РКІ,

зоркі, якія характарызуюцца гіганцкімі ўспышкамі — скачкападобным павелічэннем бляску ў сотні мільёнаў разоў; крыніцы касм. прамянёў.

Успышкі зорак назіраліся з глыбокай старажытнасці. Вывучэнне іх пачата Ц.Браге, які апісаў успышку зоркі ў сузор’і Касіяпеі ў 1572. Зараз фатаграфічна зарэгістравана больш за 300 успышак З.з. у інш. галактыках. З.з. ўспыхваюць у розных галактыках прыблізна 1 раз у 360 гадоў. Пры ўспышцы З.з. яркасць яе за 10—20 сутак робіцца параўнальнай з сумарнай яркасцю ўсёй зорнай сістэмы — галактыкі, унутры якой знаходзіцца гэтая зорка. Агульная энергія, што выпрамяняецца за час успышкі, перавышае 10​48 эрг. Успышка адбываецца, калі зорка зыходзіць з галоўнай паслядоўнасці Герцшпрунга—Рэсела дыяграмы і ўступае ў заключны этап эвалюцыі. Да выбуху З.з. прыводзіць гравітацыйны калапс. Пасля выбуху цэнтр. частка зоркі становіцца нейтроннай зоркай, а рэчыва знешніх слаёў выкідваецца са скорасцю ў некалькі тысяч кіламетраў за секунду і ўтварае газавую туманнасць (гл., напр., Крабападобная туманнасць). Па характары змены бляску і спектра З.з. падзяляюць на 2 тыпы. Да 1-га тыпу адносяцца вельмі старыя зоркі (да выбуху), маса якіх параўнальная з сонечнай. Паніжэнне бляску пасля максімуму праходзіць раўнамерна, спектры складаюцца з вельмі шырокіх палос. 2-і тып; маладыя зоркі з масай у 10 разоў большай за сонечную, вял. разнастайнасць у характары зніжэння бляску пасля максімуму, палосы ў спектрах ствараюцца выпрамяненнем атамаў H, He, N і інш.

Літ.:

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗО́ННАЯ ХІ́МІЯ,

раздзел хіміі, які вывучае атамныя сістэмы, дзе ядро атама заменена інш. дадатнай часціцай (напр., μ​+-мюонам, пазітронам) або электрон заменены інш. адмоўнай часціцай (напр., μ​− мюонам, π​−- ці K​−-мезонам). Узнікла ў 1960-я г. ў сувязі з даследаваннямі хім. рэакцый, якія адбываюцца пры ўзаемадзеянні мюонаў з рэчывам. З дапамогай М.х. атрымліваюць даныя аб размеркаванні электроннай шчыльнасці, крышталічнай і магн. структуры рэчыва, механізме і скорасці хім. рэакцый.

Асн. кірункі даследаванняў у М.х.: π​−- і μ​− М.х., вывучэнне паводзін μ​+-мюона ў рэчыве і рэакцый мюонія. У π​−- М.х. асн. з’яўляецца рэакцыя перазарадкі π​−-мезона на пратонах π​− + p → n + π​0, імавернасць якой залежыць ад зараду ядра атама, з якім злучаны вадарод, тыпу сувязі паміж атамамі вадароду і інш., што дае магчымасць адрозніць хімічна звязаны вадарод ад свабоднага вадароду. У аснове μ​−- М.х. ляжыць вымярэнне энергій і інтэнсіўнасцей асобных ліній у рэнтгенаўскіх спектрах мезаатамаў. Асаблівасці рэнтгенаўскага выпрамянення μ​−-атамаў дазваляюць вызначыць элементны састаў узору, а таксама від хім. злучэння гэтых элементаў. μ​+-мюон і мюоній па сутнасці з’яўляюцца мечанымі атамамі, за рухам якіх можна сачыць ад моманту нараджэння да моманту распаду. Напр., лакальныя магн. палі ў крышталях узаемадзейнічаюць са спінам мюона і змяняюць карціну яго прэцэсіі, што дазваляе вывучаць характарыстыкі ўнутраных магн. палёў. На аснове вывучэння рэакцый мюонію робяць высновы аб рэакцыях атамарнага вадароду.

Літ.:

Кириллов-Угрюмов В.Г., Никитин Ю.П., Сергеев Ф.М. Атомы и мезоны. М., 1980;

Евсеев В.С., Мамедов Т.Н., Роганов В.С. Отрицательные мюоны в веществе. М., 1985.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)