Дзейнічаў у 1912—15 у Мінску. Створаны Мінскім таварыствам аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Размяшчаўся ў доме Е.С.Федаровіч (цяпер на яго месцы будынак Галоўпаштамта). Меў аддзелы: гіст., археал., этнагр., прыродазнаўчы, маст.-прамысловы. Экспанаваліся ўзоры глебы, мінералаў, чучалы звяроў і птушак, шкілеты дагіст. жывёл, стараж. прылады працы і манеты, узоры нар. ткацтва і інш. У спец. сховішчы зберагаліся старадрукі, карты, рукапісы, гравюры і інш. каштоўнасці. Музей наладжваў тэматычныя выстаўкі, складаў школьныя калекцыі, розныя дапаможнікі і інш. У сувязі з 1-й сусв. вайной спыніў публічную дзейнасць. У 1920 частка экспанатаў перададзена Мінскаму абл. музею.
Літ.:
Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус.Мн., 1994. С. 275.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЖЫЛЫ́ ДОМ СПЕЦЫЯЛІ́СТАЎ.
Існаваў у 1934—41 у Мінску (арх. Н.Макляцова). Сіметрычны са складанай канфігурацыяй плана секцыйны будынак заснаваны на спалучэнні розных па вышыні аб’ёмаў: цэнтр. 6-павярховага, адсунутага ў глыбіню за чырвоную лінію забудовы, і 4-павярховых бакавых крылаў, якія ўтваралі курданёр. Па восі будынка на выш. 1—2-га паверхаў знаходзіўся скразны парадны праём у двор. Выразнасць фасадаў дасягалася верт. зашкленнем лесвічных клетак на вышыню будынка, рытмічнай групоўкай квадратных аконных праёмаў, балконаў. Дом складаўся з вуглавых і радавых секцый, створаных паводле індывід. праекта: на лесвічную пляцоўку выходзілі 2 кватэры, у якіх пакоі звязаны паміж сабой шырокім калідорам і мелі ўбудаванае абсталяванне. На 1-м паверсе размяшчаліся магазін, дзіцячы садок.
А.А.Воінаў.
Мінскі жылы дом спецыялістаў. Галоўны фасад. Чарцёж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́МАЎ (Мікалай Сцяпанавіч) (н. 28.11.1938, г. Красны Ліман Данецкай вобл., Украіна),
бел. архітэктар. Скончыў Кіеўскі інж.-буд. ін-т (1962). Працаваў у г. Алматы, Кішынёве. З 1973 у Мінску — гал. архітэктар праектаў у ін-тах «Белдзяржпраект», «Мінскпраект» (з 1980). Асн. работы: у Мінску — навуч. камбінат Міндарбуда Беларусі (1979), 12-павярховы інж.-лабараторны корпус трэстаў Белсельгастэхнікі (1980), рэсп. Дом тэхн. творчасці (1982, у сааўт.), Мінскі аўтавакзал «Маскоўскі» (Гран-пры рэсп. фестывалю архітэктуры «Брэст—99»). Сярод інш. работ: будынакпед. ін-та імя І.Крангэ (1975), бальнічны гарадок (1976) у Кішынёве і інш. Аўтар распрацовак наменклатуры прадпрыемстваў абслугоўвання насельніцтва для іх масавага буд-ва ў мікрараёнах (універсамы, крамы, кавярні і інш. ў мікрараёнах Захад, Паўд. Захад, Малінаўка, Уручча ў Мінску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЧЭ́НІ, падсені,
адкрытая галерэя ў драўляных збудаваннях. Вырашалася як стрэшка (з вынасам 1,5—2 м) на слупах (круглага ці квадратнага сячэння), якія маглі мацавацца ўкосінамі з гарыз. бэлькамі. П. размяшчаліся з аднаго тарцовага ці падоўжнага боку будынка на даўжыню фасада, часам апяразвалі ўвесь будынак (кружганкі). На Беларусі рабіліся ў культавых і грамадскіх збудаваннях (гандл. рады, корчмы, аўстэрыі, паштовыя станцыі 17—19 ст.), у крамах і дамах гандл.-рамесніцкага насельніцтва для выстаўкі тавараў і аховы іх ад непагадзі (г.п. Мір Карэліцкага, в. Трабы Іўеўскага р-наў Гродзенскай вобл., г. Лунінец Брэсцкай вобл. і інш.) і ў сельскіх жылых і гасп. пабудовах (да канца 19 ст.).
С.А.Сергачоў.
Падчэні дома ў г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ КА́РЛА БАРАМЕ́ЎША помнік архітэктуры барока 18 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1770—82 з цэглы ў б. прадмесці Пінска Каралін на месцы драўлянага касцёла 1695. Асвячоны ў 1784. Адначасова з касцёлам існавалі драўляныя кляштарны корпус і гасп. пабудовы (не захаваліся). Будынак касцёла 1-нефавы, з невял. трансептам. Алтарная частка не вылучана, сакрысціі размешчаны за гал. алтаром нефа. Да касцёла прылягае 2-ярусная званіца з шатровым дахам і купалам. Асаблівасць збудавання — моцныя канструкцыі сцен (таўшчыня больш за 2 м). Бакавыя сцены прарэзаны невял. арачнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны лапаткамі. Нешматлікія элементы барочнай аздобы (пілястры, нішы, паяскі і інш.) выкарыстаны пераважна ў званіцы. У 1992 касцёл прыстасаваны пад канцэртную залу арганнай музыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ ФАНЕ́РНЫ ЗАВО́Д.
Засн. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1880. У Вял.Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1944 як фанерна-запалкавы камбінат. У гэтым жа годзе да яго далучана запалкавая ф-ка. У 1963 далучаны Гарадзішчанскі фанерны цэх, у 1964 пабудаваны новы будынак фанернага цэха, у 1965 уведзены ў дзеянне цэх драўнінна-стружкавых пліт. З 1971 — галаўное прадпрыемства Пінскага вытв.дрэваапр. аб’яднання «Пінскдрэў». З 1992 запалкавая вытв-сць набыла самастойнасць, стала наз.Пінская запалкавая фабрыка і ўвайшла ў «Пінскдрэў» як філіял. У 1998 вытв-сці галаўнога прадпрыемства падзяліліся на самастойныя з-ды, фанерны завод стаў самастойным і пад сучаснай назвай увайшоў у «Пінскдрэў» як філіял. Асн. прадукцыя (2001): фанера клееная, гнутаклееныя дэталі для мэблі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЙКАЎСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Савейкі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Закладзены ў 1850 на пл. каля 10 га як сядзіба ў маёнтку Т.Навіцкага. Пейзажнага тыпу. Цэнтр паркавай кампазіцыі — палац (зруйнаваны ў Вял.Айч. вайну, адноўлены ў 1950-я г. ў стылі неакласіцызму, цяпер — будынак санаторыя «Савейкі»), перад ім — партэр, абсаджаны масівамі з мясц. лісцевых парод. На ПнЗ ад палаца вял. паляна з ахоўнымі масівамі па перыметры. З паўн. боку — вял. штучны вадаём, пратокай звязаны з сістэмай вадаёмаў уздоўж узлеску. Дэндрасклад уключае больш за 25 відаў дрэў і кустоў, у т. л. елка, таполя белая, вольха, ліпа галандская, бэз венгерскі, ірга каласацветная, каліна канадская і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЙ ДУХО́ЎНАЙ СЕМІНА́РЫІ БУДЫ́НКІ,
архітэктурны комплекс канца 18 — сярэдзіны 19 ст. ў Магілёве. Духоўная семінарыя засн. архіепіскапам Г.Каніскім, пры ім распачата буд-ваасн. вучэбнага корпуса (узведзены ў 1780—85, праект арх. М.Львова; не захаваўся) і дома-інтэрната (пабудаваны да 1795). Уваходзіў у ансамбль Магілёўскага Спаскага манастыра. Вучэбны корпус — мураваны 2-павярховы будынак у стылі класіцызму. На 1-м паверсе знаходзілася б-ка, на 2-м — зала для сходаў («круглая зала»), дэкарыраваная пілястрамі іанічнага ордэра. Гал. фасад вылучаў порцік дарычнага ордэра, завершаны франтонам, з трыма прамавугольнымі нішамі. Насупраць вучэбнага корпуса стаяў 2-павярховы дом-інтэрнат для настаўнікаў і казённых выхаванцаў. Уяўляў сабой тып багатага гар. дома: асіметрычнае аб’ёмна-прасторавае вырашэнне, спалучэнне мураванага масіўнага каркаса з сістэмай драўляных галерэй, высокі дах. З 1797 буд-ва семінарыі працягваў архіепіскап А.Братаноўскі. Да канца 1820-х г. будынкі семінарыі аб’яднаны ў асобны комплекс. Паводле архіўных чарцяжоў губ.арх. Заржэўскага, комплекс быў аддзелены ад Спаскага манастыра і архірэйскага двара садам і службовымі пабудовамі. На чарцяжы нанесены 2 невял. карпусы новага тыпу гар. забудовы. Адзін з іх драўляны П-падобны ў стылі ранняга ампіру, у ім знаходзіліся бальніца з лазняй і свіран. Да пач. 1860-х г. склалася новая забудова комплексу семінарыі. Ён уключаў 2 новыя 2-павярховыя мураваныя жылыя флігелі для настаўнікаў і выхаванцаў, б. дом купца Кітаева (набыты для семінарыі) — невял. кампактны 2-павярховы будынак з высокім цокальным паверхам, дзе размяшчаўся семінарскі архіў; з боку гал. фасада знаходзілася галерэя — уваход у пакоі 2-га паверха, дзе былі кватэра аканома і кладоўка. Паводле плана 1853 праведзена рэканструкцыя ансамбля семінарыі, які набыў замкнёную кампазіцыю. Цэнтрам яго па-ранейшаму заставаўся вучэбны корпус, перад ім сфарміравалася трапецападобная плошча. Фарміраванне фронту забудовы завяршылася пабудовай уязной брамы.
В.Ф.Марозаў, І.М.Слюнькова.
Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкі. Дом для рэктара і прэфекта. Чарцёж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЙТ ((Wright) Франк Лойд) (8.6.1869, г. Рычленд-Сентэр, ЗША — 9.4.1959),
амерыканскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры; заснавальнік арганічнай архітэктуры. У 1886 наведваў ун-т Вісконсіна. У 1887—93 Працаваў у Чыкага ў Л.Г.Салівена, у 1916—20 у Японіі. Пабудаваў серыю загарадных дамоў-асабнякоў — т.зв. дамоў прэрый (дамы Уілітса ў Хайленд-Парку, штат Ілінойс, 1902, Робі ў Чыкага, 1909), у якіх пад уплывам яп. архітэктуры здзейсніў ідэю адзінай сістэмы «перацякаючых» унутр. прастор. Гэта ідэя ўвасобілася і ў буйных пабудовах Р. (будынак фірмы «Ларкін» у г. Буфала, 1904—05; атэль «Імперыял» у Токіо, 1916—22; не захаваліся). У 1930-я г. тэарэтычна абгрунтаваў ролю архітэктуры як звяна, што знаходзіцца паміж прыродай і чалавекам. Праграмным творам стаў дом Э.Каўфмана («Дом над вадаспадам» у Бер-Ране,1936), дзе смела вынесеныя кансолі працягваюць уступы скал над ручаём. У шэрагу збудаванняў імкнуўся адысці ад прынцыпу прамавугольнасці і арганізаваць арх. прастору на аснове вуглоў у 60 і 120 градусаў, круга і спіралі («дом-соты» — дом П.Р.Ханы ў г. Пала-Альта, 1937). Абапіраючыся на аналогіі з прыроднымі формамі, стварыў «дрэвападобныя» структуры вышынных будынкаў з бетоннымі «стваламі» і адыходзячымі ад іх «галінамі» — кансольнымі перакрыццямі: адм.будынак (1937—39) і вежа лабараторыі кампаніі «Джонсан» у г. Расін (1949—50), «Вежа Прайса» ў г. Бартлсвіл (1956). У будынку Музея Саламона Р.Гугенгайма ў Нью-Йорку (1956—59) гал. аб’ём утвораны спіральным пандусам, які ахоплівае светлавы дворык, перакрыты празрыстым купалам. Творчасць Р. ўтварае прамую сувязь паміж арх. ідэямі канца 19 ст. і дасягненнямі архітэктуры 20 ст. Як тэарэтык дэзурбанізму і заснавальнік сучаснага рацыяналізму Р. імкнуўся выкарыстаць прынцыпы арган. архітэктуры для гуманізацыі чалавечага існавання. Іл.гл. таксама да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі.
Тв.:
Рус.пер. — Будущее архитектуры. М., 1960.
Літ.:
Гольдштейн А.Ф. Ф.Л.Райт. М., 1973.
С.А.Сергачоў.
Ф.Л.Райт.Ф.Л.Райт. Вежа лабараторыі кампаніі «Джонсан» у г. Расін. 1949—50.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
помнік архітэктуры, горадабудаўнічы ансамбль 18—19 ст. у г. Полацк Віцебскай вобл.Засн. ў 1580 П.Скаргам як сярэдняя навуч. ўстанова ордэна езуітаў. На в-ве Зах. Дзвіны былі пастаўлены драўляныя будынкі калегіума. Пасля пажару ў 1-й пал. 17 ст. на новым месцы паміж Верхнім замкам і горадам пабудаваны драўляныя касцёл св. Стафана, будынкі келляў і вучылішча. Пасля пажару ў 1738 на месцы драўлянага ўзведзены мураваны касцёл Звеставання Прасвятой Дзевы Марыі ў стылі барока.
3-нефавая крыжова-купальная базіліка з 2-вежавым (выш. да 60 м) фасадам. Афармленне інтэр’ера завершана ў 1765 (алтар, маст. С.Чаховіч; арганы, майстар Д.А.Каспарыні; карціны італьян. мастака Разаці, пасля 1800). Агульны выгляд касцёла адлюстраваны на малюнку Н.Орды 19 ст.
У 1830 касцёл перададзены праваслаўным, перабудаваны і перайменаваны ў Мікалаеўскі сабор. Перад касцёлам сфарміравалася гал. плошча горада — Полацкая Парадная плошча. У 1749 побач з касцёлам узведзены мураваны 3-павярховы гал.будынак калегіума, які злучыўся з ім.
Е-падобны ў плане будынакгал. падоўжным фасадам быў арыентаваны на Пд, на Зах. Дзвіну. У ім размяшчаліся 105 вучэбных памяшканняў, трапезная, б-ка, музей. Будынак абаграваўся «цёплай» (з хадамі для цяпла) падлогай. У сценах меліся вентыляцыйныя хады, у падвалах — развітая сістэма падземных вадасцёкаў. Захавалася паўд.ч. корпуса і зах. крыло.
У 1778 паралельна будынку касцёла ўзведзены 3-павярховы корпус, у якім размясціліся кнігарня, вучылішча, потым Полацкая друкарня, Полацкі школьны тэатр. З паўн. боку ад касцёла прыбудаваны 2-павярховы Г-падобны ў плане флігель для ксяндзоў, які аб’яднаў касцёл з гал. корпусам. У 1780 пабудаваны 1- і 2-павярховыя карпусы гасп. прызначэння (бровар, медаварня, піваварня, пякарня, кузня, майстэрні і інш.; не захаваліся); яны абмяжоўвалі тэр. калегіума з Пн і З і замыкаліся 2-павярховым будынкам з брамай. Побач размяшчалася аптэка з лабараторыяй і сушыльняй для траў. У 1785 пасля прыезду ў Полацк у якасці генерала ордэна арх. Г.Грубера пабудаваны корпус, які злучыў 3-павярховы і гал. карпусы. У новым корпусе размяшчаліся карцінная галерэя, музей, абсерваторыя, хім. лабараторыя, вучэбныя кабінеты (не захаваліся). На Пд ад аптэкі пабудаваны 2 флігелі — памяшканні для семінарыстаў і багадзельні. Паўд. схіл узгорка, на якім стаяў гал. корпус калегіума, быў умацаваны падпорнай сцяной (захавалася), на створанай тэрасе разбіты пладовы сад. У 1812 калегіум пераўтвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію. З 1822 калегіум займалі манахі ордэна піяраў. З 1835 у будынках калегіума размяшчаўся Полацкі кадэцкі корпус. У 1830—35 рэканструяваны старыя і пабудаваны новыя карпусы: кадэцкі (прыбудаваны да зах. крыла гал. корпуса б. калегіума), дом дырэктара і 5 будынкаў службовага прызначэння (арх. А.Порта, захаваліся часткова). У 1964 сабор разбураны, на яго месцы ўзведзены жылы дом. Рэшткі калегіума ўваходзяць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Т.І.Чарняўская.
Полацкі езуіцкі калегіум. Агульны выгляд касцёла. З малюнка Н.Орды 19 ст.