ПЁРСЕЛ (Purcell) Генры (каля 1659, Лондан — 21.11.1695),

англійскі кампазітар. Быў прыдворным музыкантам у Лондане. Аўтар першай нац. англ. оперы «Дыдона і Эней» (1689, паводле «Энеіды» Вергілія), у якой спалучэнне традыцый англ. рэаліст. т-ра, жанру масак, нац. паэзіі, англ. і шатл. нар. песні і танца, быт. інстр. музыкі. Сярод інш. твораў: «паўоперы» (драм. п’есы з муз. нумарамі) «Кароль Артур» (1691), «Каралева фей» (1692, паводле камедыі «Сон у летнюю ноч» У.​Шэкспіра), «Бура» (паводле аднайм. трагікамедыі Шэкспіра), «Каралева індзейцаў» (абедзве 1695), адна- і шматгалосыя песні (каля 100), харавыя (у т. л. культавыя) і інстр. творы (струнныя фантазіі, трыо-санаты, п’есы для клавесіна і аргана), музыка да тэатр. пастановак (каля 50).

Літ.:

Конен В. Пёрселл и опера. М., 1978;

Уэстреп Дж. Г.​Пёрселл: Пер. с англ. Л., 1980.

Г.Пёрсел.

т. 12, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОС (Ross) Джэймс Кларк (15.4.1800, Лондан —3.4.1862),

англійскі мараплавец, палярны даследчык. У 1818—33 удзельнічаў у 6 арктычных экспедыцыях па пошуку Паўн.-Зах. праходу, у т. л. ў 3 (1819—24) пад кіраўніцтвам У.​Э.​Пары і ў 2 (1829—33) — свайго дзядзькі Дж.​Роса. У час зімоўкі (1830—31) даследаваў п-аў Бутыя і адкрыў на яго зах. узбярэжжы Паўн. магнітны полюс. У 1840—43 здзейсніў на суднах «Эрэбус» і «Тэрар» 3 плаванні ў Антарктыку. Адкрыў ч. мацерыка Антарктыды — Зямлю Вікторыі, мора і ледзяны бар’ер, вулканы Эрэбус і Тэрар, вызначыў становішча Паўд. магнітнага полюса, але дайшоў толькі да 78°09 паўд. ш. Яго імем названы бухта, праліў і мыс у Канадскім Арктычным архіпелагу, востраў каля берага Антарктычнага п-ва, шэльфавы ледавік у Антарктыдзе і мора каля яе берагоў.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫКА́РДА (Ricardo) Давід (19.4.1772, Лондан — 11.9.1823),

англійскі эканаміст, прадстаўнік класічнай школы палітэканоміі. З 1788 камерсант, з 1812 займаўся навукай, з 1819 чл. парламента. Гал. задачай эканам. навукі лічыў вызначэнне законаў, якія кіруюць размеркаваннем. У асн. працы «Пачатак палітычнай эканоміі і падатковага абкладання» (1817) сцвярджаў, што вартасць прадукцыі вызначаецца колькасцю працы, неабходнай для яе вытв-сці. На аснове сваёй тэорыі працоўнай вартасці стварыў тэорыю размеркавання вартасці паміж класамі грамадства. Стаяў на пазіцыях сац. песімізму, лічыў, што з прычыны абмежаванасці прыродных рэсурсаў эканам. рост з цягам часу спыніцца. Важнай умовай эканам. росту лічыў міжнар. падзел працы, які вядзе да росту прадукцыйнасці працы і эканоміі рабочага часу. Сваёй тэорыяй параўнальных выдаткаў зрабіў вял. ўклад у тэорыю знешняга гандлю.

Тв.:

Рус. пер. — Соч. Т. 1—5. М., 1955—61.

Д.Рыкарда.

т. 13, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЎЦІ (Southey) Роберт (12.8.1774, г. Брысталь, Вялікабрытанія —21.3.1843),

англійскі паэт-рамантык; прадстаўнік «азёрнай школы». Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (1792—94), дзе зблізіўся з С.​Т.​Колрыджам. Паэт. творчасць пачаў з жанру нар. балады. Аўтар вершаванай драмы «Уот Тайлер» (1794, апубл. 1817) і паэмы «Жанна д’Арк» (1796), напісаных пад уплывам франц. рэвалюцыі 1789—93. Вядомасць прынеслі рамант. балады «Бленгеймскі бой» (1798) і «Суд божы над епіскапам» (1799). У паэмах на фантаст. сюжэты «Талаба-разбуральнік» (1801), «Мэдак» (1805), «Родэрык, апошні з готаў» (1814) выявілася эвалюцыя С. ад бунтарскіх настрояў да захаплення фальклорам і містыкай, да рэліг. пакорлівасці. Аўтар наратыўнай паэмы «Пракляцце Кехамы» (1810), біягр. працы «Жыццё Нельсана» (1813), кніг па гісторыі, эсэ.

Тв.:

Рус. пер. — Баллады. Пг., 1922.

Літ.:

Дьяконова Н.Я. Китс и его современники. М., 1973.

М.​С.​Рагачэўская.

т. 14, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́ФІЛД (Scofield) Пол (н. 21.1.1922, г. Херстпірпойнт, Вялікабрытанія),

англійскі акцёр. Вучыўся ў школах пры Рэпертуарным т-ры (1939, г. Кройдан) і пры т-ры «Маск» (1940—41, Лондан). З 1942 выступаў у Вандроўны.м, з 1944 у Бірмінгемскім, з 1946 у Шэкспіраўскім мемарыяльным (г. Стратфард-он-Эйван), з 1949 у інш. т-рах. Лепшая яго роля — Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Лір, Макбет (аднайм. трагедыі Шэкспіра), Томас Мор («Чалавек на ўсе часы» Р.​Болта; прыз 4-га Міжнар. кінафестывалю ў Маскве за лепшую мужчынскую ролю ў аднайм. фільме, 1966), Траплёў, Вайніцкі («Чайка», «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля). З 1954 здымаецца ў кіно. Сярод фільмаў: «Скарпіён», «Ганна Карэніна», «Гамлет» і інш. Гастраліраваў у СССР у 1955, 1964, 1968.

Літ.:

Ковалев Ю.В. Пол Скофилд. Л., 1970.

т. 14, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ДЗІ (Soddy) Фрэдэрык (2.9.1877, г. Істбарн, Вялікабрытанія — 22.9.1956),

англійскі радыяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1910). Замежны чл.-кар. АН СССР (1924). Скончыў Оксфардскі ун-т (1896). У 1900—02 ва ун-це Мак-Гіла (г. Манрэаль). З 1904 ва ун-це г. Глазга, з 1914 праф. Абердзінскага, у 1919—36 Оксфардскага ун-таў. Навук. працы па даследаванні радыеактыўнасці. Распрацаваў разам з Э.​Рэзерфардам асновы тэорыі радыеактыўнага распаду (1903). Даказаў утварэнне гелію пры радыеактыўным распадзе радыю і радону (разам з У.​Рамзаем, 1903). Увёў паняцце аб ізатопах, сфармуляваў правіла зрушэння, якое дазваляе прадказаць месца ў перыяд. сістэме элемента — прадукту радыеактыўнага распаду (1913; адначасова з К.​Фаянсам). Адкрыў пратактыній (1917; разам з Дж.​Кранстанам, незалежна ад О.​Гана і Л.​Майтнер). Нобелеўская прэмія 1921.

Ф.Содзі.

т. 15, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭРН (Sterne) Лорэнс (24.11.1713, г. Кланмел, Ірландыя — 18.3.1768),

англійскі пісьменнік; прадстаўнік сентыменталізму. Скончыў багаслоўскі ф-т Кембрыджскага ун-та (1738); святар. Вядомасць прынеслі раманы «Жыццё і меркаванні Трыстрама Шэндзі, джэнтльмена» (т. 1—9, 1760—67) і «Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі» (1768), напісаныя ў рэчышчы змешанай паэтыкі сентыменталізму і ракако. Гульня рэальнасці і вымыслу, персаніфікацыя вобраза чытача, натуральнасць кампазіцыі, геданізм, ігравыя прыёмы, спалучэнне філас. разважанняў і аўтарскай іроніі, глабальных праблем і кур’ёзных дробязей, высокага і нізкага ставяць гэтыя творы ў лік значных з’яў у гісторыі л-ры, што істотна паўплывалі на пошукі л-ры 20 ст. — мадэрнізму (асабліва плыні свядомасці) і постмадэрнізму.

Тв.:

Рус. пер. — Жизнь и мнения Тристрама Шенди, джентльмена. М., СПб., 2000;

Сентиментальное путешествие. Воспоминания. Письма. Дневник для Элизы. М.; СПб., 2000.

Н.​У.​Дзешкавец.

т. 15, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́БСАН, Гобсан (Hobson) Джон Аткінсан (6.7.1858, г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 1.4.1940), англійскі эканаміст. Скончыў каледж Лінкальна ў Оксфардзе (1878). З 1887 выкладаў у Оксфардзе і Лонданскім ун-це. З 1897 займаўся публіцыстыкай, выступаў з крытыкай капіталізму канца 19 — пач. 20 ст. і афіц. англ. паліт. эканоміі той эпохі (Кембрыджская школа). Прапанаваў праграму сац. рэформ, якая прадугледжвала ўстанаўленне мінімуму заработнай платы і высокіх прагрэс. падаткаў на прадпрымальнікаў, жорсткі дзярж. кантроль над манаполіямі. Эканам. спады тлумачыў недаспажываннем і лічыў, што ад нестабільнасці і крызісаў развітыя краіны можа выратаваць толькі экспарт лішняга капіталу ў менш развітыя рэгіёны. Прапаноўваў вярнуцца да класічнай мадэлі капіталізму, заганы якога, на яго думку, можна выкараніць з дапамогай парламенцкай дэмакратыі. Асн. працы: «Імперыялізм» (1902), «Індустрыяльная сістэма» (1904), «Праца і багацце» (1914).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 17, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЬЮ́РЫНГ (Turing) Алан Матысан (23.6.1912, Лондан — 7.6.1954),

англійскі матэматык і інжынер; адзін са стваральнікаў інфарматыкі і тэорыі праграмавання. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1951). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1935). З 1939 у аддз. камунікацый МЗС Вялікабрытаніі, з 1945 у Нац. фіз. лабараторыі, з 1948 у Манчэстэрскім ун-це. Навук. працы па матэм. логіцы і выліч. матэматыцы. Стварыў тэорыю універсальных аўтаматаў і першую ў Вялікабрытаніі выліч. машыну. Увёў матэм. паняцце абстрактнага эквіваленту алгарытму, ці выліч. функцыі (1936—37), што ў далейшым атрымала назву «машына Ц.» (гл. Алгарытмаў тэорыя). Займаўся праблемамі дастасавання матэматыкі да біялогіі.

Тв.:

Рус. пер. — Может ли машина мыслить? С прил. статьи Дж. фон Неймана «Общая и логическая теория автоматов». М., 1960.

Літ.:

Машины Тьюринга и рекурсивные функции: Пер. с нем. М., 1972.

т. 17, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́ДВІК (Chadwick) Джэймс (20.10.1891, г. Болінгтан, Вялікабрытанія — 24.7.1974),

англійскі фізік-эксперыментатар. Чл.

Лонданскага каралеўскага т-ва (1927). Скончыў Манчэстэрскі і Кембрыджскі ун-ты. З 1923 нам. дырэктара Кавендышскай лабараторыі, з 1935 праф. Ліверпульскага ун-та, з 1948 дырэктар каледжа Кембрыджскага ун-та. Навук. працы па фізіцы атамнага ядра і радыеактыўнасці. Адкрыў нейтрон пры апрамяненні альфа-часціцамі берыліевай мішэні (1932). Разам з інш. выявіў ядз. фотаэфект — дысацыяцыю дэйтрона на пратон і нейтрон пад уздзеяннем гамаквантаў (1934—35), прадказаў бета-распад нейтрона. Адзін з першых вызначыў крытычную масу урану-235. У 1943—45 узначальваў групу англ. вучоных, якія ўдзельнічалі ў стварэнні амер. атамнай бомбы. Нобелеўская прэмія 1935.

Літ.:

Старосельская-Никитина О.А. История радиоактивности и возникновения ядерной физики. М., 1963;

Нейтрон: Предыстория, открытие, последствия. М., 1975.

Дж. Чэдвік.

т. 17, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)