КО́НСУЛЬСТВА,
назва перыяду ў гісторыі Францыі ад дзярж. перавароту 9.11.1799 (Васемнаццатага брумера 8-га года рэспублікі) да абвяшчэння Напалеона Банапарта (гл. Напалеон I) 18.5.1804 імператарам; адна з форм ваен. дыктатуры, якая змяніла рэжым Дырэкторыі. Намінальна ўлада належала тром консулам, выбраным на 10 гадоў, фактычна — 1-му консулу Банапарту (у 1802 яны абвешчаны пажыццёвымі консуламі Франц. рэспублікі).
т. 8, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНА́ЛЬНА-ПРАЦЭСУА́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць юрыд. норм, што вызначаюць задачы, прынцыпы, кола ўдзельнікаў крымінальнага судаводства, іх правы і абавязкі; адна з галін права Рэспублікі Беларусь. Рэгламентуе ўсе стадыі крымін. судаводства: узбуджэнне крымін. справы, дазнанне і папярэдняе следства, адданне пад суд і суд. разгляд, перагляд прыгавораў, вызначэнняў і пастаноў, выкананне прыгавору. Асн. крыніца К.-п.п. — Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь.
т. 8, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНІЛІ́НГУС (ад лац. cunnus вонкавыя жаночыя палавыя органы + lingo лізаць),
кумбітмака, выкліканне палавога ўзбуджэння ў жанчыны ўздзеяннем на яе вонкавыя палавыя органы (найчасцей на клітар) губамі і языком. Адна з форм нармальнага палавога жыцця чалавека. У любоўнай гульні К. дазваляе эфектыўна правесці перыяд папярэдніх ласкаў, давесці ўзбуджэнне жанчыны да аргазму, К. іншы раз дасягаецца аргазм пасля коітуса.
т. 9, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́КШМІ-БА́І, Лакшмі-Бай (1835—17.6.1858),
адна з кіраўнікоў Індыйскага народнага паўстання 1857—59. У чэрв. 1857 абвясціла сябе правіцельніцай (рані) княства Джхансі (з 1854 пад прамым брыт. кіраваннем), далучылася да паўстанцаў. У сак. 1858 узначальвала абарону Джхансі супраць брыт. войск на чале з ген. Х.Роўзам, потым кавалерыю паўстанцаў у войску Тантыя Топі. Загінула ў баі пад Гваліярам.
т. 9, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАРО́СІЯ,
назва ўкраінскіх зямель ў складзе Рас. імперыі, якая ўжывалася да 1917 у рас. афіц. актах і гістарыяграфіі. Тэрмін «М.» ўпершыню з’явіўся ў 14 ст. як адна з назваў Галіцка-Валынскай зямлі, у 17 ст. пасля далучэння да Расіі Левабярэжнай Украіны (1654—67) ён набыў ва ўрадавых колах афіц. значэнне (існавалі Маларасійская губ., Маларасійская калегія, Маларасійскі прыказ).
т. 10, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛЬПАМЕ́НА (грэч. Melpomenē якая спявае),
у старажытнагрэчаскай міфалогіі адна з дзевяці муз, апякунка трагедыі. На ант. выявах і ў скульптуры М. — жанчына, упрыгожаная вінаградным лісцем, у вянку з плюшчу, з трагічнай тэатр. маскай у адной руцэ і з па́ліцай або мячом у другой. Ад бога ракі Ахелоя нарадзіла сірэн. У пераносным сэнсе М. — мастацтва трагедыі, трагедыя, увогуле тэатр.
т. 10, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НІ́САН МО́ТАР»
(«Nissan Motor Co. Ltd.»),
адна з вядучых аўтамаб. кампаній Японіі; займае 4-е месца ў свеце і 2-е у Японіі сярод аўтамаб. кампаній. Засн. ў 1933 у Токіо, у 1966 аб’ядналася з «Прынс мотар карпарэйшэн», у 1968 далучыла кампанію «Фудзі хэві індастрыс». У 1992 тавараабарот склаў 53,8 млрд. дол., у вытв-сці занята 143,3 тыс. чалавек.
т. 11, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕРЭ́ЗІС (ад грэч. synairesis сцісканне, памяншэнне),
самаадвольнае вылучэнне вадкасці са студзянёў і геляў; адна з праяў старэння розных відаў дысперсных структур, палімерных і біял. сістэм. С. прыводзіць да памяншэння аб’ёму студзеню або гелю за кошт ушчыльнення структурнай сеткі. Выкарыстоўваюць пры фармаванні хім. валокнаў з прадзільных раствораў, у тэхналогіі палімерных матэрыялаў, вытв-сці харч. прадуктаў (напр., сыру, тварагу).
т. 14, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЕРО́ЦЫЙ (ад грэч. sklerotēs цвёрдасць),
шматклетачны вегетатыўны орган грыба, што знаходзіцца ў спакоі. Утвораны шчыльным спляценнем гіфаў, мае шарападобную ці няправільную форму, часта з цёмным верхам і белым асяродкам, памерам ад долей міліметра да 2 см і больш. Прызначаны для захоўвання грыба, утвараецца пры неспрыяльных умовах. У некат. грыбоў (напр., склератынія, батрыціс, спарыння) — адна са стадый жыццёвага цыкла.
т. 14, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІКА́РП (ад архі... + грэч. karpos плод),
жаночы палавы орган у многіх сумчатых грыбоў (аскаміцэтаў). Складаецца з 2 частак: ніжняй, акругла-ўспушанай (аскагон), у якой адна ці некалькі буйных, часта мнагаядзерных клетак, і верхняй больш-менш выцягнутай цыліндрычнай (трыхагіна), праз якую мужчынскія палавыя клеткі пранікаюць у аскагон. Пасля гэтага з архікарпа вырастаюць гіфы, на канцах якіх утвараюцца сумкі (аскі) са спорамі.
т. 1, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)