Адкрыты ў 1965 у г.п. Обаль Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. як музей камсам. славы; да 1989 філіял Бел.дзярж. музея гісторыі Вял.Айч. вайны, з 1985 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 150 м², 1019 адзінак асн. фонду, 4 залы (2000). Сярод экспанатаў асабістыя рэчы, дакументы, фотаздымкі з даваен. жыцця членаў Обальскага камсамольскага падполля, матэрыялы пра яго стварэнне і дзейнасць, карта-схема развіцця партыз. руху, схема дыверсій, інтэр’ер кватэры кіраўніка падполля Е.С.Зяньковай, карціна А.Каржанеўскага «Обальскія падпольшчыкі», літаграфіі Ю.Пучынскага «Мініраванне шашы», «Узрыў вадакачкі», матэрыялы пра ўвекавечанне памяці обальскіх падпольшчыкаў, бюсты Герояў Сав. Саюза Зяньковай і З.М.Партновай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЮКЕ́ВІЧ (Вадзім Іосіфавіч) (н. 23.3.1932, в. Зялёная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
геолаг, адзін з адкрывальнікаў жалезарудных і інш. радовішчаў на Беларусі. Скончыў БДУ (1956). У 1956—98 у Бел. геолага-гідрагеал. экспедыцыі (гал. геолаг, з 1976 начальнік). Навук. працы па геал. будове і карысных выкапнях Беларусі, методыцы іх вывучэння. Пад яго кіраўніцтвам адкрыты Аколаўскае, Навасёлкаўскае радовішчы жал. руд, шэраг крыніц мінер., вод, радовішчы буд. матэрыялаў. Удзельнічаў у складанні геал., геамарфалагічных карт і карт карысных выкапняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Геология СССР. Т. 3 (БССР). М., 1971 (у сааўт.);
Геология антропогена Белоруссии. Мн., 1973 (у сааўт.);
Железорудные формации докембрия Белоруссии. Мн., 1974 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЕЗАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад грэч. piezō цісну + магнетызм),
п’езамагнітны эфект, узнікненне ў рэчыве намагнічанасці пад уздзеяннем знешняга ціску. Адкрыты ў 1959 В.-А.С.Баравік-Раманавым. Магчымы толькі ў антыферамагнетыках і прынцыпова немагчымы ў парамагнетыках і дыямагнетыках. Узнікае з прычыны скосу антыферамагн. падрашотак ці адноснай змены значэння іх намагнічанасці. Выяўлены ў фтарыдзе кобальту CoF2, фтарыдзе марганцу MnF2, аксідзе жалеза α-Fe2O3. Намагнічанасць Ji у іх прапарцыянальная прыкладзенаму мех. напружанню σkl : Ji = Λikl∙σkl. П’езамагнітны эфект невялікі — макс. значэнне каэфіцыента Λikl (у CoF2) ~2∙10−12Тл∙м²/H. Адваротным адносна П. эфектам з’яўляецца лінейная магнітастрыкцыя — лінейнае змяненне памераў крышталя, прапарцыянальнае прыкладзенаму магн. полю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕР-ЛАШЭ́З (Pére-Lachaise),
могілкі ў Парыжы [б. маёнтак духоўніка караля Людовіка XIV патэра (франц. père) Лашэза; адсюль назва], дзе пахаваны многія найбуйнейшыя дзеячы культуры (Ж. дэ Лафантэн, Мальер, А.Дадэ, А.Бальзак, П.Ж. дэ Беранжэ, Ф.Шапэн, Дж.Расіні, Э.Дэлакруа, Ф.Ж.Тальма і інш.), ваен. дзеячы (маршалы М.Ней, А.Масена і інш.). 27.5.1871 каля паўн.-ўсх. сцяны могілак расстраляны карнікамі захопленыя ў баі за П.-Л. абаронцы Парыжскай камуны 1871. На гэтым месцы пастаўлены помнік («Сцяна камунараў»), каля якога пахаваны П.Лафарг, М.Тарэз і інш. дзеячы рабочага руху, удзельнікі руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. У 1964 на П.-Л. адкрыты помнік ахвярам фаш. лагера смерці Бухенвальд (скульптар Л.Бансель).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫКАСПІ́ЙСКАЯ НАФТАГАЗАНО́СНАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ Размешчана ў Прыкаспійскай нізіне, у Зах.-Казахстанскай, Атыраўскай Мангістаўскай і Акцюбінскай абласцях Казахстана, Калмыкіі, Валгаградскай, Саратаўскай і Астраханскай абласцях Расіі. Пл. 500 тыс.км². Першае радовішча адкрыта ў канцы 19 ст. Да 1985 адкрыты 104 радовішчы, у т. л. Кенкіякскае, Жанажольскае, Тэнгізскае, Астраханскае. Прымеркавана да аднайменнай сінеклізы. Прамысл. нафтагазаноснасць звязана з адкладамі падсалявой тоўшчы, дзе вылучаны 4 прадуктыўныя комплексы дэвонска-пермскага ўзросту (агульнай магутнасцю 3—13 км) і 38 пакладаў з метананафтэнавай нафтай, шчыльн. 823—833 кг/м³; і надсалявой тоўшчай — 2 прадуктыўныя комплексы верхняпермска-ніжнемелавога ўзросту (агульнай магутнасцю 2—8 км), больш за 470 пакладаў з метананафтэнавай нафтай, шчыльн. 880 кг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ННЕНСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1995, адкрыты ў 1996 у г. Сянно Віцебскай вобл.Пл. экспазіцыі 247 м², 1 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). Сярод экспанатаў зуб маманта, крамянёвыя і каменныя прылады працы (2-е тыс. да Н.Э.), фрагменты паліванай керамікі 16—17 ст., калекцыі манет ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі, прадметы сял. побыту, ганчарны посуд, вырабы ткацтва, вышыванкі канца 19 — пач. 20 ст., матэрыялы пра дзейнасць падполля і партыз. рух на Сенненшчыне ў Вял.Айч. вайну. У экспазіцыі творы землякоў мастака У.Гоманава і скульптара З.Азгура. Музей праводзіць выстаўкі твораў мясц. мастакоў і майстроў дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й «БЯРЭ́СЦЕ».
Заснаваны ў 1972, адкрыты 2.3.1982 на тэр. Валынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці як філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея ў спецыяльна пабудаваным будынку. 14 экспазіцыйных залаў, пл. экспазіцыі 2400 м², больш за 40 тыс. экспанатаў (1995). Знаёміць з паліт., эканам. і культ. развіццём Бярэсця ў 11—14 ст. Аснову экспазіцыі складаюць больш за 30 драўляных жылых і гасп. пабудоў, рэшткі маставых, частаколы і інш. збудаванні, выяўленыя ў выніку археал. раскопак Берасцейскага гарадзішча, якія дзякуючы кансервавальным якасцям магутнага культ. пласта добра захаваліся на выш. да 12 вянкоў. Сярод экспанатаў прылады працы, прадметы побыту, упрыгожанні, а таксама рэдкія знаходкі — самшытавы грэбень з выразанымі кірылічнымі літарамі, касцяныя мастыхін, пісала, шахматная фігурка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕБАКТЭ́РЫІ,
мікраарганізмы пракарыётнага тыпу. Адкрыты ў 1970-я г. Ад іншых пракарыётаў адрозніваюцца хім. будовай макрамалекул, напр. нуклеатыднымі паслядоўнасцямі 16S рыбасамальнай РНК, саставам мембранных ліпідаў, клетачных сценак і інш., і здольнасцю ажыццяўляць унікальныя біяхім. працэсы. Поруч з эўкарыётамі і эўбактэрыямі (сапраўдныя бактэрыі) складаюць адзін з кірункаў клетачнай эвалюцыі. Уключаюць бактэрыі, якія існуюць у экстрэмальных умовах: метанаўтваральныя архебактэрыі, экстрэмальныя галафілы (існуюць пры высокіх канцэнтрацыях хларыду натрыю), архебактэрыі без клетачнай сценкі, архебактэрыі, што аднаўляюць сульфаты, і экстрэмальныя тэрмафілы, якія метабалізуюць малекулярную серу. Хемалітатрофныя віды архебактэрый перспектыўныя для выкарыстання ў біягідраметалургіі, а таксама для абяссервання некандыцыйнага каменнага вугалю; метанаўтваральныя архебактэрыі могуць быць карысныя як прадуцэнты вітаміну B12 і метану.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХО́НА-ЕНІСЕ́ЙСКІЯ НА́ДПІСЫ,
пісьмовыя помнікі цюркамоўных народаў 7—11 ст.Адкрыты ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў вярхоўях Енісея і на р. Архон (Манголія). Дэшыфраваны і прачытаны ў канцы 19 ст. Зроблены т.зв. рунічным пісьмом на скалах, камянях, збудаваннях, асобных рэчах (эпітафіі, гіст.-біягр. тэксты, памятныя надпісы), захаваліся тэксты на паперы (юрыд. дакументы, рэліг. тэксты). Вядомы 7 груп архона-енісейскіх надпісаў: ленска-прыбайкальская (плямёны курыкан), енісейская (Кыргызскі каганат), мангольская (Усх.-цюркскі каганат), алтайская (Зах.-цюркскі каганат), усх.-туркестанская (Уйгурскі каганат у Манголіі), сярэднеазіяцкая (Уйгурская дзяржава ва Усх. Туркестане) і ўсх.-еўрап. (хазары і печанегі).
Да арт.Архона-енісейскія надпісы. Мужчынская надмагільная статуя з рунічным надпісам 10 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КЛУБу Маскве.
Існаваў з лют. 1922 да восені 1938 (?). Напачатку насіў імя С.Булата. Адкрыты па ініцыятыве студэнтаў-беларусаў, пераважна членаў Беларускай культ.-навук. асацыяцыі пры Пятроўскай с.-г. акадэміі, Галоўпалітасветы Наркамата асветы БССР і паўнамоцнага прадстаўніка БССР у РСФСР М.Марозава. З восені 1923 работай клуба кіравала Цэнтр. бюро Бел. пралетарскага студэнцкага зямляцтва. Меў бел. б-ку (1200 кніг). Пры клубе дзейнічалі маскоўскі філіял літ. аб’яднання «Маладняк», гурткі беларусазнаўства. Працаваў таксама літ. гурток (кіраўнік паэт М.Дуброўскі). У 1920-я г. клуб наведвалі Г.Гарэцкі, Ю.Гаўрук, У.Дубоўка, М.Міцкевіч; на пач. 1930-х г. — літаратары З.Астапенка, А.Звонак, М.Лужанін і інш.