АКРУЖЭ́ННЕ (ваен.),

ізаляцыя групоўкі праціўніка ад астатніх яго войскаў з мэтай знішчэння ці ўзяцця ў палон. Паспяховае акружэнне часцей бывае, калі прарыў абароны праціўніка ажыццяўляецца на двух або некалькіх участках фронту з развіццём наступлення па напрамках, якія сыходзяцца; калі створана перавага над праціўнікам у сілах і сродках (пры спрыяльных умовах акружэнне магчыма і пры роўных сілах). Акружаная групоўка адначасова блакіруецца з паветра, а на прыморскіх напрамках і з боку мора.

Класічны прыклад акружэння — бітва пры Канах у 216 да н.э. паміж рым. і карфагенскай арміямі. Шырока практыкавалася ў час Вял. Айч. вайны, калі сав. войскі правялі шэраг значных аперацый па акружэнні войскаў праціўніка (гл. Сталінградская бітва 1942—43, Корсунь-Шаўчэнкаўская аперацыя 1944, Яса-Кішынёўская аперацыя 1944). На тэр. Беларусі ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, Бабруйскай аперацыі 1944, Мінскай аперацыі 1944 трапілі ў акружэнне вял. групоўкі ням. войскаў (гл. Віцебскі «кацёл», Бабруйскі «кацёл», Мінскі «кацёл»).

т. 1, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТУ́РНЫЯ ЧАСО́ПІСЫ.

Змяшчаюць матэрыялы па архітэктуры, будаўніцтве, абсталяванні будынкаў, добраўпарадкаванні населенай тэрыторыі. На Беларусі з 1970 выдаецца час. «Архитектура и строительство Беларуси» (4 нумары ў год). Матэрыялы па архітэктуры публікуюцца ў час. «Весці АН Беларусі» (серыя гуманітарных навук), «Мастацтва» і інш. У Расіі першы архітэктурны часопіс «Архитектурный вестник» выдаваўся ў 1859—61 у Пецярбургу, у 1872—1917 — час. «Зодчий» Пецярб. т-ва архітэктараў з дадаткам «Неделя строителя». У СССР выдавалася больш як 20 архітэктурных часопісаў, у т. л. «Современная архитектура» (1926—30), «Архитектура СССР» (1933—91), «Архитектура и строительство Москвы» і інш.

Найб. вядомыя замежныя архітэктурныя часопісы, якія шырока асвятляюць пытанні сучаснай архітэктуры, «Joournal of the Royal institute of British architects» («Часопіс Каралеўскага ін-та Брыт. архітэктараў», Лондан, з 1893); «Baumeister» («Будаўнік», Мюнхен, з 1902); «Werk» («Праца», Цюрых, Швейцарыя, з 1914); «L’architecture d’aujourd’hui» («Сучасная архітэктура», Парыж, з 1930), «L’architecture francaise» («Французская архітэктура», Парыж, з 1940) і інш.

т. 1, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАХВО́СЦІК (Валянцін Сяргеевіч) (н. 6.9.1934, в. Багушэвічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1994). Скончыў студыю Бел. т-ра імя Я.​Купалы (1958), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1965). З 1958 у Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Яго мастацтва адметнае напоўненасцю і каларытнасцю вобразаў пры лаканізме вонкавых выразных сродкаў. Сярод роляў: Сымон («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Зуеў («Апошні шанц» В.​Быкава), Каравай («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Дугін («Радавыя» А.​Дударава), Бялугін («Жаніцьба Бялугіна» А.​Астроўскага), Урыя Шэлі («Што той салдат, што гэты» Б.​Брэхта). Здымаецца ў кіно: «Рудабельская рэспубліка», «На ростанях», «Воўчая зграя», «Чорная бяроза», «Трэцяга не дадзена» і інш. Удзельнічае ў тэлевізійных («Па шчасце, па сонца» паводле твораў Я.​Купалы і інш.) і радыёпастаноўках (за ролі ў спектаклях «Хамуціус» паводле А.​Куляшова і «Рыбакова хата» паводле Я.​Коласа Дзярж. прэмія Беларусі 1989).

Ю.​М.​Сохар.

В.С.Белахвосцік.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́РМІНГЕМ (Birmingham),

горад у цэнтр. ч. Вялікабрытаніі. Адм. ц. метрапалітэнскага графства і гал. горад канурбацыі Уэст-Мідлендс. 1009 тыс. ж. (1992), другі па колькасці насельніцтва (пасля Лондана) горад краіны. Аэрапорт. Адзін з гал. цэнтраў цяжкай прам-сці (у асн. машынабудавання і металаапрацоўкі). Аўта- і авіябудаванне і сумежныя прадпрыемствы, эл.-тэхн., станкабуд., гумавая (у т. л. вытв-сць шынаў); хім., шкляная прам-сць; чорная (пераважна перапрацоўчая) і каляровая металургія. Вытв-сць чыг. абсталявання і вагонаў. Ваен. прам-сць. Бірмінгема здаўна вядомы ювелірнымі вырабамі. 2 ун-ты. Музеі. Маст. галерэя. Помнікі архітэктуры: царква св. Марціна (13 ст.), сабор св. Філіпа (18 ст.), ратуша (19 ст.).

Узнік на месцы паселішча англасаксаў (упамінаецца з 11 ст.). З 12 ст. вядомы сваімі кірмашамі. З канца 16 ст. цэнтр па вытв-сці вырабаў з металу. У 1775 пачала дзейнічаць першая ф-ка паравых машын. У 2-ю сусв. вайну разбураны герм. авіяцыяй.

т. 3, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́РЫЧ (Таццяна Васілеўна) (10.1.1905, в. Лошніца Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 26.2.1993),

бел. афтальмолаг. Чл.-кар. АН Беларусі (1972), д-р мед. н., праф. (1948). Герой Сац. Працы (1974). Засл. ўрач Беларусі (1948), засл. дз. нав. Беларусі (1964). Скончыла БДУ (1928). З 1932 у Мінскім мед. ін-це, з 1945 заг. кафедры. У 1941—45 у Саратаўскім мед. ін-це. Адначасова ў 1945—85 заг. кафедры Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па выкарыстанні аксігенатэрапіі пры лячэнні хвароб вачэй, туберкулёзу і апёкаў вачэй, глаўкомы, трахомы. Прапанавала кератапластыку, меры па прафілактыцы блізарукасці, пасляродавых зменаў органа зроку ў немаўлят, новаўтварэнняў вачэй, траўматызму органаў зроку.

Тв.:

Оксигенотерапия в офтальмологии. Мн., 1972;

Изменение глазного дна у новорожденных при нормальных и патологических родах. Мн., 1975 (разам з В.​М.​Ператыцкай);

Ожоги глаз. Мн., 1979;

Применение низких температур в офтальмологии. Мн., 1984.

Т.​А.​Бірыч.

Т.В.Бірыч.

т. 3, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЧУ́РЫН (Мікіта Якаўлевіч) (у манастве Іакінф; 9.9.1777, с. Акулёва Цывільскага пав. Казанскай губ. ? — 23.5.1853),

расійскі гісторык, кітаязнавец, перакладчык. Скончыў Казанскую духоўную акадэмію (1799). У 1800 прыняў манаства. Займаў шэраг царк. пасад, у т. л. кіраўніка духоўнай місіі ў Пекіне (1808—20). З 1828 чл.-кар. Пецярбургскай АН, з 1831 чл. Азіяцкага т-ва ў Парыжы. Працы па пытаннях мовы, гісторыі, культуры, этнаграфіі і філасофіі Кітая, па гісторыі і культуры народаў Сярэдняй Азіі, Манголіі. Аўтар «Запісак аб Манголіі» (т. 1—2, 1828), «Апісання Тыбета ў цяперашнім яго стане» (пер. з кіт., ч. 1—2, 1828), «Гістарычнага агляду айратаў ці калмыкаў з XV стагоддзя да гэтага часу» (1834), «Статыстычнага апісання Кітайскай імперыі» (ч. 1—2, 1842), «Збору звестак аб народах, якія жылі ў Сярэдняй Азіі ў старажытныя часы» (ч. 1—3, 1851; перавыд. т. 1—3, 1950—53) і інш. твораў.

М.Я.Бічурын.

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ САБО́Р,

помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны па ініцыятыве і на сродкі графа М.​П.​Румянцава. Пастаўлены ў 1809—24 (арх. Дж.​Кларк) непадалёку ад Гомельскага палаца (гл. Гомельскі палацава-паркавы ансамбль). Закладзены 18.10.1809 протаіерэем Іаанам Грыгаровічам. Дзейнічаў да 1935 і ў 1941—60. У 1988—89 перададзены вернікам. Будынак мае цэнтрычную кампазіцыю. У плане — выцягнуты крыж з развітым трансептам, кароткім сярэднім нефам і невял. рызніцамі абапал алтарнай часткі. Сяродкрыжжа завершана купалам на высокім светлавым барабане. На тарцах 4 дарычныя 6-калонныя порцікі, па баках нефа рады паўкалон. У афармленні фасадаў выкарыстаны асн. класіцыстычныя элементы дэкору. У левай частцы трансепта магіла Румянцава, на якой устаноўлена копія скульптуры італьян. майстра А.​Кановы «Багіня міру» (выканана скульпт. В.​І.​Дэмут-Маліноўскім), сцены над магілай у абразах, сярод якіх і копія з карціны італьян. мастака Карэджа.

С.​Дз.​Грэкаў, У.​А.​Чантурыя.

Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор.

т. 5, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОФ ((Hoff) Якаб Хендрык вант) (30.8.1852, г. Ротэрдам, Нідэрланды — 1.3.1911),

нідэрландскі хімік, адзін з заснавальнікаў фіз. хіміі і стэрэахіміі. Скончыў Політэхн. школу ў Дэлфце (1871). З 1878 праф. Амстэрдамскага, з 1896 — Берлінскага ун-таў. Навук. працы па стэрэахіміі, хім. кінетыцы і тэрмадынаміцы. Сфармуляваў асн. палажэнні тэорыі прасторавага размяшчэння атамаў у малекулах арган. злучэнняў (1874), правіла Вант-Гофа (пры павышэнні т-ры на 10 °C скорасць рэакцыі павялічваецца ў 2—4 разы), асн. пастулаты хім. кінетыкі ў працы «Нарысы па хімічнай дынаміцы» (1884). Вывеў ураўненне ізахоры (адно з асн. у хім. тэрмадынаміцы), закон асматычнага ціску (закон Вант-Гофа). Заклаў асновы тэорыі разбаўленых раствораў (1886 — 89) і тэорыі цвёрдых раствораў (1890). Нобелеўская прэмія 1901.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. труды по химии: Физич. химия. Стереохимия и органич. химия;

Выступления и статьи. М., 1984.

Літ.:

Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981.

Я.Х. вант Гоф.

т. 5, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯ, Гродзенская медыцынская школа,

першая ў Беларусі вышэйшая навуч. ўстанова па падрыхтоўцы мед. персаналу. Існавала ў 1775—81 у Гродне. Засн. па ініцыятыве Адукацыйнай камісіі і гродзенскага старосты А.Тызенгаўза. Арганізатар і кіраўнік — Ж.Э.Жылібер. Мела 3 аддзяленні: вышэйшае лекарскае (на 10 юнакоў са шляхты) для працы ў гарадах; падрыхтоўкі правінцыяльных лекараў і хірургаў (20 чал.); аддзяленне павітух (на 5, потым 17 чал.). Навучэнцы 2-га і 3-га аддзяленняў утрымліваліся за кошт казны і набіраліся з прыгонных сялян Брэсцкага, Гродзенскага, Оліцкага, Шавельскага каралеўскіх уладанняў, дзе яны павінны былі працаваць пасля заканчэння вучобы. Пры акадэміі дзейнічалі шпіталь (60 ложкаў), прыродазнаўчы кабінет, анатамічны т-р, аптэка (з 1687), б-ка, бат. сад (першы ў Беларусі і Рэчы Паспалітай, налічваў каля 2 тыс раслін). У 1781 пераведзена ў Вільню, дзе стала базай для стварэння мед. ф-та Віленскага універсітэта.

А.​Ф.​Самусік.

т. 5, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДА́Р (Ягор Цімуравіч) (н. 19.3.1956, Масква),

расійскі дзярж. і грамадскі дзеяч, эканаміст. Унук пісьменніка А.Гайдара. Скончыў Маскоўскі ун-т, д-р эканам. навук. З 1980 працаваў ва Усесаюзным НДІ сістэмных даследаванняў, у 1985—87 вядучы навук. супрацоўнік Ін-та эканомікі і прагназавання навук.-тэхн. прагрэсу АН СССР, у 1987—90 на журналісцкай рабоце. У 1990 — 91 дырэктар Ін-та эканам. палітыкі Акадэміі нар. гаспадаркі СССР, у 1991 — 92 нам. Старшыні ўрада РСФСР па пытаннях эканам. палітыкі, міністр эканомікі і фінансаў, з лют. 1992 — міністр фінансаў, 1-ы нам. Старшыні ўрада па эканам. рэформе, выконваючы абавязкі Старшыні ўрада Рас. Федэрацыі. У 1992 і з 1994 дырэктар Ін-та эканам. праблем пераходнага перыяду. У 1993—94 1-ы нам. Старшыні ўрада Расіі, міністр эканомікі. Старшыня партыі «Дэмакратычны выбар Расіі» (з 1994). У 1993—95 дэпутат Дзярж. думы. Гайдар пачаў практычнае ажыццяўленне курсу на рэфармаванне рас. эканомікі.

т. 4, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)