руская нар. спартыўная гульня. Бітамі (палкі даўж. Да 1 м) неабходна выбіць з горада (пляцоўка 2 × 2 м) 5 гарадкоў (цуркі даўж. 20 см, дыяметрам 5 см), складзеных у выглядзе розных фігур (звычайна ў партыі іх 15). Біты кідаюць з пэўнай адлегласці (кон — 13 м, паўкон — 6,5 м). Перамагае спартсмен ці каманда, што затрацілі на выбіванне фігур найменшую колькасць біт. Камандныя спаборніцтвы складаюцца з 3—5 партый, у асабістым першынстве спартсмены на працягу 3 тураў выбіваюць 90 фігур (па 30 у кожным). Фіксуюцца рэкорды на выбіванне 15, 30, 45, 60, 90 фігур.
Зарадзіліся гарадкі ў 1820-я г. ў Расіі і на Украіне. Правілы распрацаваны ў 1923. На Беларусі спарт. гарадкі развіваюцца з 1924, чэмпіянаты рэспублікі з 1949, найб. актыўна з 1960-х г. Каманда Беларусі бронзавы прызёр Кубка Еўропы 1994, А.Ярашэвіч — чэмпіён Еўропы 1996. З 1993 дзейнічае Міжнар. федэрацыя гарадошнага спорту (штаб-кватэра ў Мінску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НІК (ад грэч. harmonikos сугучны, стройны, зладжаны),
ручны, клавішна-пнеўматычны муз. інструмент класа духавых язычковых. Складаецца з гукавытворчай механікі (планкі са стальнымі язычкамі, рэзанатары і клавішны механізм), корпуса (2 драўляныя рамы, злучаныя мехам) і меха (паветр. рэзервуар). Вылучаецца насычанасцю і разнастайнасцю тэмбравых і дынамічных гукавых фарбаў, багаццем выразных і тэхн. магчымасцей. Створаны ў 1822 у Германіі (удасканалены ў 1829 у Вене), хутка пашырыўся ў многіх краінах свету, зазнаўшы ўздзеянне пэўных этнічных традыцый. Існуе ў розных відах і мае розныя сістэмы. Акрамя гармоніка ручнога (у т. л. канцэрціна, баян, акардэон) вядомы таксама нажныя (у т. л. фісгармонія) і губныя гармонікі. На Беларусі з 2-й пал. 19 ст.найб. пашыраны ручныя гармонікі «венка» і «хромка», з пач. 20 ст. — педалёўка (паветра ў мех напампоўваецца з дапамогай нажной педалі). У сістэме нар.муз. інструментарыя гармонік займае вядучае становішча. Выкарыстоўваецца ў самадз. і прафес. практыцы (сольнай, ансамблевай і аркестравай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАФТ (Валянцін Іосіфавіч) (н. 2.9.1935, Масква),
рускі акцёр тэатра і кіно. Нар.арт. Расіі (1984). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1957). Працаваў у маскоўскіх т-рах імя Массавета, на Малой Броннай, імя Ленінскага камсамола, Сатыры, з 1969 у т-ры «Сучаснік». Творчая манера Гафта вызначаецца тонкай псіхалагічнай прапрацоўкай вобразаў, інтэлектуальнай вастрынёй і іроніяй, якая набліжаецца да едкага сарказму, дакладным вонкавым малюнкам: Глумаў («Балалайкін і К°» паводле М.Салтыкова-Шчадрына), Вяршынін («Тры сястры» А.Чэхава), Рахлін («Кот хатні сярэдняй пушыстасці» У.Вайновіча і Р.Горына), Джордж («Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.Олбі) і інш. З 1956 здымаецца ў кіно: «Забойства на вуліцы Дантэ», «Кентаўры», «Гараж», «Зладзеі ў законе», «Нябёсы запаветныя», у тэлевізійных пастаноўках. Аўтар вершаў і эпіграм.
Да арт.Гафт. Фрагмент арната Петрапаўлаўскага касцёла з вёскі Дрысвяты Браслаўскага раёна Віцебскай вобл.Славацкі гафт. Канец 19 ст.Да арт.Гафт. Фрагмент сурвэткі з царквы манастыра базыльян у вёсцы Баруны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЬМУХАВЕ́Ц, адуванчык (Tanaxacum),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ў халодных, умераных і субтрапічных паясах, у высакагор’і тропікаў. На Беларусі больш за 10 відаў, з якіх найб. вядомы Дз. лекавы (T. officinale). Нар. назвы малачай, багатка, коцікі, папок, дмухель, зубнік, жоўтая цыкор’я. Расце каля жылля, уздоўж дарог, на агародах, палях, лугах і інш. У якасці тэхн. (для атрымання натуральнага каўчуку) расліны раней вырошчвалі Дз. кок-сагыз (T. kok-saghyz).
Шматгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і бязлістымі, полымі ўнутры сцябламі (стрэлкамі) выш. 10—30 см. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, ланцэтнае, зубчастае, паступова звужанае ў чаранок. Кветкі двухполыя, звычайна жоўтыя, радзей белыя і ружовыя, сабраны ў адзіночныя верхавінкавыя кошыкі. Плод — сямянка, з носікам і чубком. Лек., кармавыя, меданосныя, харч. і тэхн. расліны. Карані выкарыстоўваюцца для ўзбуджэння апетыту, як сурагат кавы, лісце на салату, кветкавыя кошыкі — для прыгатавання варэння, напіткаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАМІТЭ́Т АБАРО́НЫ,
дзяржаўны орган, створаны 30.6.1941 паводле рашэння Прэзідыума Вярх. Савета СССР, ЦКВКП(б) і СНКСССР у сувязі з надзвычайным становішчам у Вял.Айч. вайну, каб мабілізаваць сілы для адпору фаш. Германіі. Старшыня І.В.Сталін. Камітэт кіраваў дзейнасцю ўсіх дзярж. ведамстваў і ўстаноў, накіроўваў іх намаганні на больш поўнае выкарыстанне матэрыяльных, духоўных і ваен. магчымасцей краіны для дасягнення перамогі над ворагам. Ён вырашаў пытанні пераводу эканомікі краіны на патрэбы вайны, мабілізацыі людскіх рэсурсаў на патрэбы фронту, падрыхтоўкі рэзерваў і кадраў для ўзбр. сіл і прам-сці, эвакуацыі прам-сці з прыфрантавых раёнаў, пераводу прамысл. прадпрыемстваў у вызваленыя раёны і аднаўлення разбуранай вайной нар. гаспадаркі ў зах. абласцях краіны, устанаўліваў аб’ёмы і тэрміны паставак прам-сцю ваен. прадукцыі і інш. Вышэйшым выканаўчым органам камітэта па аператыўна-стратэгічным кіраўніцтве ўзбр. барацьбой з’яўлялася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання. Распараджэнні к-та былі абавязковыя для сав., дзярж., парт., ваен., гасп., прафсаюзных органаў і ўсіх грамадзян. Скасаваны 4.9.1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРКА́Ч (Анатоль) (сапр.Зіміёнка Анатоль Рыгоравіч; 18.4.1887, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 5.9.1937),
бел.паэт. Скончыў Навагрудскае гар. вучылішча (1904). Служыў пісарам у Мінскай гар. і земскай управах. За рэв. дзейнасць быў зняволены ў турму, адбываў ссылку. Працаваў у газ. «Беларуская вёска», «Піянер Беларусі» і інш. 16.10.1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1904. З пач. 1920-х г., выкарыстоўваючы прыёмы дасціпнага апавядання, агітацыйнай прыпеўкі, фельетона, нар. жарту, высмейваў у вершах грамадскую і быт. адсталасць, рэліг. забабоны, выкрываў царк. служкаў. У вершах для дзяцей цёплы гумар, канкрэтнасць паэт. назіранняў; асн. іх тэмы — сяброўства, працавітасць, з’явы прыроды («Нашы прыяцелі», «Працавітая дзяўчынка», «Першы дзень у дзіцячым садзе», усе 1928; «Звяры нашых лясоў», 1929). На бел. мову пераклаў паасобныя творы У.Маякоўскага, А.Барто, С.Маршака, К.Чукоўскага і інш.
Тв.:
Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў. Мн., 1925;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГІЯ КУРГАНЫ́,
валападобныя пахавальныя насыпы 2-й пал. 1-га тысячагоддзя ў Бел. Падзвінні і Верхнім Падняпроўі, у вярхоўях р. Вялікая і каля Пскоўскага возера Расіі. Нар. назва на Пн Беларусі — валатоўкі. Даўжыня курганоў у 2 і больш разоў перавышае шырыню, часам дасягае некалькіх дзесяткаў метраў. На Беларусі выяўлены Д.к. 5—6 і 8—10 ст. Яны адлюстроўваюць перыяд, калі на Пн лясной паласы Беларусі з’явіліся славяне, якія асімілявалі мясц. балцкае і фіна-угорскае насельніцтва, утварылі групоўку ўсх. славян — крывічоў, вылучана археал. культура доўгіх курганоў паўн. Беларусі. Пахавальны абрад — трупаспаленне (у больш ранніх — за межамі пахавання). У кургане звычайна некалькі пахаванняў у ляпных гаршках-урнах ці ямках. Пахавальны інвентар некаторых курганоў — бронзавыя бранзалеты, ланцужкі, падвескі, шкляныя пацеркі сіняга колеру, жал. спражкі, нажы, касцяныя падвескі-птушкі. Большасць пахаванняў амаль без інвентару, што сведчыць пра асаблівасці рытуалу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДО́ЎСКІЯ,
польскія, бел. і рускія акцёры 19 ст., бацька і дачка.
Войцех (?—1850), камедыйны акцёр, рэжысёр і антрэпрэнёр. З 1840 працаваў у Мінску (трупа Я.Хелмікоўскага), у 1842 выступаў у Гродне ў трупе пад кіраўніцтвам Шмідкафа; іграў на польскай і рус. мовах. З 1847 трымаў уласную антрэпрызу (працавала пераважна ў Мінску), дзе ў 1848—50 паставіў больш за 40 п’ес, у т. л. ўпершыню на Беларусі камедыі «Рэвізор» і «Жаніцьба» М.Гогаля, таксама п’есы Р.Квіткі-Аснаўяненкі, П.Каратыгіна, Ф.Коні, П.Грыгор’ева. У рэпертуары яго трупы былі оперы («Аскольдава магіла» А.Вярстоўскага, «Сарока-зладзейка» Дж.Расіні), муз.-драм. творы («Наталха-Палтаўка» І.Катлярэўскага), аперэты і вадэвілі.
Марыя (?—?), драм. актрыса і спявачка (мецца-сапрана). У 1847—63 выступала ў Мінску. Выканаўца вадэвільнага рэпертуару. Для яе кампазітар Ф.Міладоўскі напісаў аперэту «Канкурэнты» (тэкст М.Лапіцкага і У.Сыракомлі). У канцэртным рэпертуары актрысы творы А.Варламава, М.Глінкі, нар. песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРАМІШВІ́ЛІ (Давід) (1705, с. Сагурама каля г. Мцхета, Грузія — 1.8.1792),
грузінскі паэт. Са стараж. княжацкага роду. У 1727 трапіў у палон да лезгінаў, адкуль уцёк у Расію. З 1729 жыў у Маскве, з 1738 на вайск. службе. Удзельнічаў у войнах з туркамі, шведамі, у Сямігадовай вайне. З 1760 жыў у Міргарадзе (Украіна). Спадчына Гурамішвілі — аўтабіягр.зб. «Давітыяні» (датаваны 1787), які складаецца з 2 паэм і лірычных вершаў. У паэме «Беды Грузіі» адлюстраваў трагічны перыяд гісторыі Грузіі 1-й пал. 18 ст., асуджаў міжусобныя войны, маральнае разлажэнне свецкай і духоўнай феад. знаці. Паэма «Пастух Кацвія», адметная навізной тэматыкі, маляўнічасцю ўкр. пейзажаў і пачуццём гумару, перадае ідылічныя карціны жыцця сялян, прасякнута пачуццём спагады да іх лёсу. У паэзіі шырока выкарыстоўваў укр. і рус.нар. песні. Творы вызначаюцца меладычнасцю, лёгкасцю верша. На бел. мову асобныя творы пераклалі М.Аўрамчык, Р.Барадулін.
Тв.:
Рус.пер. — Стихотворения и поэмы. Л., 1980.
Літ.:
Леонидзе Г. Жизнь и творчество Давида Гурамишвили. Тбилиси, 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ТАРКА,
мастацка-публіцыстычны, найчасцей ананімны твор, у якім ставяцца актуальныя пытанні нар. жыцця ці грамадскай маралі; жанр бел. літаратуры 19 ст. Гутаркі найб. пашырыліся ва ўмовах актывізацыі вызв. барацьбы народа, асабліва напярэдадні сял. рэформы 1861 і паўстання 1863—64 («Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Вось цяпер які люд стаў», «Гутарка двух суседаў» і інш.). Пазней гутарку выкарыстоўвалі рэв. народнікі для прапаганды сваіх ідэй. Напісаныя ў белетрызаванай форме або ў форме размовы 2 ці больш асоб, гутаркі тлумачылі простаму народу праблемы грамадскага жыцця, вострай крытыкай існуючага ладу ўздзейнічалі на яго свядомасць. Папулярнасць і сац. дзейснасць жанру гутаркі выкарыстоўвалі і рэакц. аўтары для прапаганды афіц. ідэалогіі і палітыкі самаўладдзя («Прамова Старавойта да сялян аб свабодзе» Ф.Блуса, «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.Кісяля). У канцы 19 ст. гутарка страціла сваю грамадскую пафаснасць і набыла дыдактычны характар, сац. праблематыка саступіла месца маральным павучанням. У пач. 20 ст. як жанр паступова знікла.