ВІЛЬГЕ́ЛЬМ I АРА́НСКІ (Willem van Oranje) Маўклівы

(24.4.1533, г. Дыленбург, Германія — 10.7.1584),

прынц аранскі (з 1544), граф насаўскі, дзеяч Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. У 1559 прызначаны статхаўдэрам (правіцелем) Галандыі, Зеландыі і Утрэхта. Разам з Л.Эгмантам і Ф.Горнам узначаліў апазіцыю супраць ісп. панавання ў краіне. Пасля ўвядзення ў краіну ісп. войска пад кіраўніцтвам Ф.Альбы і ўстанаўлення дыктатуры (1567) эмігрыраваў у Германію. Адтуль на чале войска ў 1572 уступіў у Нідэрланды; быў прызначаны статхаўдэрам правінцый Штаты Галандыі і Зеландыя. Садзейнічаў заключэнню Генцкага прымірэння паміж католікамі і пратэстантамі (1576). Пасля заключэння Утрэхцкай уніі 1579 страціў уплыў у паўд. Нідэрландах, што прывяло да стварэння Рэспублікі Аб’яднаных правінцый (1581). Вызначаўся верацярпімасцю. Забіты ў Дэлфце каталіцкім фанатыкам Б.​Жэрарам. Пасля смерці абвешчаны нац. героем Нідэрландаў.

Н.​К.​Мазоўка.

Вільгельм I Аранскі.

т. 4, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЦЕБСКІ РАБО́ЧЫ»,

абласная незалежная масавая газета. Выходзіць з 29.10(11.11).1917 у Віцебску на бел. (да 29.9.1929 на рус.) мове 4 разы на тыдзень.

У розныя часы выходзіла пад рознымі назвамі: «Известия Витебского губернского и городского Советов крестьянских, рабочих, солдатских н батрацкіх депутатов» (1918, № 15—81), «Известия Витебского угоркома КП(б) Белоруссии и угорисполкома» (1924, № 106—182), «Заря Запада» (1924, № 219 — 1929, № 225) і інш. З крас. 1937 — «Віцебскі рабочы». У Вял. Айч. вайну выдавалася з 7.6.1942 спачатку на акупіраванай тэр. Беларусі, потым у прыфрантавой паласе. У пасляваен. час орган Віцебскага бел. і гар. к-таў КПБ. Са жн. 1991 незалежная. Інфармуе аб падзеях грамадска-паліт., эканам. і духоўнага жыцця Віцебшчыны. У рэгулярным дадатку «Сябрына» змяшчае матэрыялы па гісторыі Беларусі, краязнаўстве, культуры, этнаграфіі, тапаніміцы і г.д.

т. 4, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЯВЕ́ЦКІ (Дзмітрый Іванавіч) (? — 1563),

князь, чаркаскі староста (з 1551), адзін з кіраўнікоў барацьбы запарожскіх казакоў супраць крымскіх татар, туркаў і малдаўскіх гаспадароў. Бараніў граніцы ВКЛ на Пд, на дняпроўскім в-ве М. Хорціца пабудаваў крэпасць. У знак пратэсту супраць загаду вял. князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста спыніць напады на Крым і Турцыю ў 1557 перайшоў на службу да рус. цара Івана IV Грознага. Двойчы ўдзельнічаў у паходах рус. войска ў Крым. У час Лівонскай вайны 1558—83 уцёк з Масквы (1563), заручыўшыся дазволам вял. князя ВКЛ на вяртанне. У 1563 малд. баяры, незадаволеныя сваім гаспадаром Стафанам IX, запрасілі Вішнявецкага на малд. трон, але яго атрад быў разбіты войскамі Стафана IX. Вішнявецкі трапіў у палон да туркаў, пакараны смерцю ў Стамбуле. Пад імем Байда стаў прататыпам героя нар. песень.

т. 4, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАСА ПАЎНО́ЧНЫ, Волас Паўночны,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 6,5 км на ПнУ ад г. Браслаў. На тэр. нац. парку Браслаўскія азёры, уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 4,21 км², даўж. 3,56 км, найб. шыр. 2,5 км, найб. глыб. 29,2 м, даўж. берагавой лініі 13,7 км. Пл. вадазбору каля 12 км². Схілы катлавіны пад лесам, на Пд, У і ПнУ высокія, на З і Пн нізкія, спадзістыя, часткова разараныя. Дно са шматлікімі ўпадзінамі і мелкаводдзямі. Мелкаводная зона вузкая, пясчаная, глыбей — сапрапелі і глеі. Зарастае падводнай расліннасцю да глыб. 6—7 м. Вада вызначаецца высокай празрыстасцю і чысцінёй. Мае багаты жывёльны свет. Сярод беспазваночных трапляюцца рэлікты ледавіковага перыяду — лімнакалянус, бакаплаў Паласа. Злучана пратокай з воз. Воласа Паўднёвы, канавай з воз. Снуды.

т. 4, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУНЕПАДО́БНЫЯ (Perciformes),

самы шматлікі атр. касцістых рыб. Уключае 21 падатр., 150 сям., каля 1200 родаў, 6,5 тыс. марскіх і прэснаводных відаў (каля 40% ад агульнай колькасці ўсіх відаў рыб). У вадаёмах Беларусі 4 віды сям. акунёвых (акунь звычайны, судак, джгір звычайны, джгір-насар), па аднаму віду бычковых (бычок-пясчанік) і падкаменшчыкавых (падкаменшчыкі).

Даўж. 1 см—5 м, маса ад доляў грама да 900 кг. Маюць звычайна 2 спінныя плаўнікі з калючкамі; брушныя плаўнікі складаюцца з прамянёў (не болей як 6) і знаходзяцца пад груднымі або наперадзе іх. Плавальны пузыр не злучаны з кішэчнікам. Луска найчасцей ктэноідная. Ёсць шыпы на галаве, верхнія і ніжнія рэбры. Акунепадобныя з’явіліся ў верхнім меле, большасць сямействаў вядома з эацэну. Многія акунепадобныя — каштоўныя прамысл. рыбы, шэраг відаў разводзіцца ў акварыумах.

т. 1, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́НЫ,

вялікі племянны саюз сармацкага паходжання. Жылі на Паўд. Урале, напаўкачэўнікі. У 1 ст. да н.э. прасунуліся ў паўд. стэпы. У 370-я г. разгромлены гунамі і адцеснены да Паўн. Каўказа. Частка аланаў рушыла на З, у 406 перайшла р. Рэйн, разам з вандаламі і свевамі ўварвалася ў рым. прав. Галію. У 411 заваявалі Іспанію, адкуль у 429 іх выцеснілі вестготы. Рэшткі разбітых аланаў і вандалаў заваявалі Паўн. Афрыку і ўтрымлівалі яе да 534. Удзельнічалі ў бітве на Каталаунскіх палях. Каўказскія аланы ў 7 ст. трапілі пад уладу хазараў. У пач. 10 ст. заснавалі самаст. дзяржаву Аланію. Да сярэдзіны 10 ст. склалі народнасць. Пасля манг.-тат. нашэсця ў канцы 1230-х г. мігрыравалі ў Грузію, Візантыю і Венгрыю; астатнія перайшлі далей у горы. Нашчадкі гэтых аланаў — сучасныя асеціны.

т. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМДЖА́Н ХАМІ́Д (сапр. Азімаў Хамід Алімджанавіч; 12.12.1909, г. Джызак, Узбекістан — 3.7.1944),

узбекскі пісьменнік. Чл.-кар. АН Узбекістана (1943). У 1928—31 вучыўся ў Узб. пед. акадэміі ў Самаркандзе. Пад уплывам У.​Маякоўскага распрацоўваў ва узб. паэзіі новыя паэт. формы (зб-кі вершаў «Вясна», 1929; «Ранішні ветрык», 1930; «Ноч на рацэ», 1936; «Край», 1939; паэмы «Айгуль і Бахціяр», «Зайнаб і Аман», абедзве 1938; «Шчасце», 1940). Патрыятычнасцю, актуальнасцю адметныя творы перыяду Вял. Айч. вайны (зб. «Вазьмі зброю ў рукі!» і «Маці і сын», 1942; «Вера», 1943; гіст. драма «Мукана», 1943; паэма «Слёзы Раксаны», 1944). Аўтар прац па праблемах узб. класічнай і сучаснай л-ры, яе ўзаемасувязях з фальклорам і інш. л-рамі.

Тв.:

Бел. пер. — у зб.: Спявае Узбекістан. Мн., 1962;

Сонца ў арыках. Мн., 1966;

Рус. пер. — Избранное. М., 1979.

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБО́ЛЬЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл., на р. Абалянка. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Дзяржынскага. За 36 км на Пн ад г. Талачын, 116 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. ст. Лемніца. 450 ж., 156 двароў (1994).

У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1385 як маёмасць вял. кн. ВКЛ Ягайлы. Пад назвай «Оболчи» згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (14 ст.). У 15 — пач. 16 ст. цэнтр Аболецкага намесніцтва (павета) Віцебскай зямлі. Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 уключаны ў Аршанскі пав. На 1885 у Абольцах 265 ж., 60 дамоў. У 1924—31, 1946—56 Абольцы — цэнтр сельсавета Коханаўскага, у 1931—46 і з 1956 — Талачынскага р-наў.

Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аптэка, дзіцячы сад, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЧУ́ГА,

вёска ў Беларусі, у Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Бобр. Цэнтр сельсавета і калгаса «Абчуга». За 30 км на ПнУ ад Крупак, 150 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Бобр, 347 ж., 157 двароў (1994).

Упамінаецца ў інвентарах 17 ст. як вёска каля мяст. Красны Стаў у складзе маёнтка Чарэя, які належаў Сапегам. З 1793 у складзе Рас. імперыі, уласнасць памешчыка Нітаслаўскага, злілася з мястэчкам пад агульнай назвай Абчуга. У 2-й пал. 19 ст. ў Абчузе 678 ж., 77 двароў. У пач. 20 ст. цэнтр воласці ў Сенненскім пав., 353 ж, 125 двароў, уласнасць памешчыцы Э.​А.​Ястрамбіцкай. З 1924 цэнтр сельсавета ў Чарэйскім, з 1931 — у Крупскім р-не.

Сярэдняя школа, б-ка, клуб, бальніца, аддз. сувязі.

т. 1, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛЯ́К (Pteridium),

род папарацяў сям. гіпалепісавых. 8 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных абласцях, з іх арляк звычайны (P. aquilinum) расце амаль па ўсім свеце, арляк крымскі (P. tauricum) — у горным поясе Крыма і Каўказа. На Беларусі ўсюды ў хвойных і мяшаных лясах, на ўзлесках, высечках і гарах расце арляк звычайны.

Шматгадовая споравая расліна выш. да 2 м з доўгім паўзучым разгалінаваным карэнішчам. Лісце адзіночнае, двойчы-, тройчы непарнаперыстае, скурыстае, размешчана на доўгім моцным чаранку ў адной плоскасці. Сорусы ўкрыты індузіем, пад загорнутым краем ліста. Споры тэтраэдрычныя, шарападобныя. Маладое лісце ядомае. Багатыя крухмалам (да 45%) карэнішчы маюць у сабе арлякадубільную і сінільную к-ты, выкарыстоўваюцца на корм свінням (для буйн. раг. жывёлы і коней атрутныя); лек сродак ад глістоў, кашлю, залатухі, рахіту ў дзяцей і інш.

Арляк звычайны.

т. 1, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)