БЕЛІ́НІ ((Bellini) Вінчэнца) (3.11.1801, г. Катанія, Італія — 23.9.1835),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў неапалітанскай кансерваторыі «Сан-Себасцьяна» (1819—25 ці 27) у Н.А.Цынгарэлі. Музыцы Беліні ўласцівы рамант. ўзнёсласць, мяккі лірызм. У яе аснове экспрэсіўная вак. мелодыка шырокага дыхання, неперарыўнасць развіцця, віртуозны бляск. Зрабіў вял. ўклад у развіццё опернага жанру, стылю бельканта, імкнуўся да натуральнага ўвасаблення ў музыцы моўных інтанацый, надаў драм. выразнасць опернаму рэчытатыву. Аўтар 11 опер, у т. л. «Пірат» (1827), «Чужаземка» (1829), «Капулеці і Мантэкі» (1830), «Самнамбула», «Норма» (1831), «Беатрычэ ды Тэнда» (1833), «Пурытане» (1835), кантаты «Ісмена», 7 сімфоній (1818—24), духоўнай музыкі, рамансаў, канцанет і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛІЦКАЯ АБАРО́НА 1943—44,
баі партыз. брыгад Сенненскай (камандзір В.С.Лявонаў) і 1-й імя К.Заслонава (камандзір Л.І.Сяліцкі) па абароне аэрадрома ў саўгасе Беліца Сенненскага р-на Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Праз аэрадром ішло забеспячэнне з сав. тылу партызанаў, што дзейнічалі ў Сенненскім і суседніх раёнах. Для яго ліквідацыі акупанты накіроўвалі ў снеж. 1943 карны батальён (каля 300 салдат), у лютым карны батальён (каля 600 салдат), артыл. батарэю і ў сак. 1944 мотастралк. дывізію, зводны полк з паліцэйскіх гарнізонаў Сенненскага, Багушэўскага і Бешанковіцкага р-наў. Пасля апошняга бою партызаны, якіх фашысты адцяснілі на З ад аэрадрома, стварылі новую паласу абароны на зах. беразе р. Усвейка і ўтрымлівалі яе да мая 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫ́Л (грэч. bēryllos),
мінерал падкласа кальцавых сілікатаў, алюмасілікат берылію Be3Al2[Si6O18]. Мае ў сабе 14,1% аксіду берылію BeO, прымесі шчолачаў 7%, часам вокіслу рубідыю Rb2O, цэзію Cs2O (да 3% у вараб’явіце). Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя, таблітчастыя, нярэдка значных памераў. Самы вял. з вядомых у свеце крышталь берылу з в-ва Мадагаскар (даўж. 18 м, дыям. 3,5 м, маса 380 т). Колер блакітнавата-зялёны або светлажоўты; разнавіднасці: блакітны (аквамарын), густа-зялёны (ізумруд), залаціста-жоўты (геліядор), ружовы (вараб’явіт) і інш. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 7,5—8. Шчыльн. 2,75—2,8 г/см³. Трапляецца ў гранітных пегматытах, крышт. сланцах, цёмных вапняках. Руда для вытв-сці берылію. Празрыстыя, прыгожа афарбаваныя крышталі — каштоўныя камяні. Радовішчы берылу ў Бразіліі, Аргенціне, ЗША, Канадзе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІНА́РНАЯ НАМЕНКЛАТУ́РА (ад лац. binarius двайны),
бінамінальная наменклатура, у сістэматыцы жывых арганізмаў назва відаў двайным імем паводле роду і віду. Упершыню ўведзена К.Лінеем (1758). Садзейнічала уніфікацыі назваў жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Ліней прапанаваў абазначаць віды лац. назвамі: 1-е слова (назва роду — назоўнік) пішацца з вял. літары, 2-е, што абазначае сам від, — з малой. Да двайной назвы віду дадаецца поўнае або скарочанае імя вучонага, які ўпершыню апісаў дадзены від. Напр., вінаград скальны — Vitis rupestris Scheele, пчала меданосная — Apis mellifera L., воўк — Canis lupus L., дзе L. — імя Лінея. Бінарная наменклатура замацавана міжнар. кодэксамі наменклатуры і прынята Міжнар. саюзам біял.навук.
Літ.:
Международный кодекс зоологической номенклатуры: Пер. с англ. и фр. 3 изд. Л., 1988.
абмен рэчывам і энергіяй паміж рознымі кампанентамі біясферы. Абумоўлены жыццядзейнасцю арганізмаў і мае цыклічны характар. Тэрмін увёў у 1910-я г.рус. вучоны У.І.Вярнадскі, які распрацаваў тэарэт. асновы біягеахім. цыклічнасці. Біягеахімічны кругаварот рэчываў у прыродзе ўзаемазвязаны, складае дынамічную аснову існавання жыцця, а ў некаторых выпадках (кругаварот вугляроду, кіслароду, вадароду, фосфару, крэмнію і інш.біягенаў) з’яўляецца ключавым для разумення эвалюцыі і сучаснага стану біясферы. Рухаючыя сілы біягеахімічнага кругавароту рэчываў — энергія Сонца і дзейнасць жывога рэчыва (сукупнасці ўсіх жывых арганізмаў), што прыводзіць да перамяшчэння вял. масаў хім. элементаў, канцэнтравання і пераразмеркавання энергіі, акумуляванай у працэсе фотасінтэзу. Гасп. дзейнасць чалавека выклікае флуктуацыі біягеахімічнага кругавароту рэчываў праз парушэнне стану біягеацэнозаў і працэсаў біял. самарэгуляцыі прыродных сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЫ́ЧНАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ,
сукупнасць жывых арганізмаў розных відаў, якія жывуць сумесна ў межах прыроднай прасторы або тэрыторыі (біятопу) і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой (напр., фітапланктон вадаёма, глебавыя жывёлы ўчастка лесу і інш.); частка экасістэмы. Часам біятычнае згуртаванне — сукупнасць усіх арганізмаў (раслін, жывёл, мікраарганізмаў; сінонім біяцэнозу). Адрозніваюць біятычнае згуртаванне раслін (фітацэноз) і жывёл (зоацэноз). Сістэма арганізацыі жывой матэрыі з некаторымі асаблівымі ўласцівасцямі, якіх не маюць яе кампаненты (асобіны і папуляцыі), функцыянуе як адзінае цэлае дзякуючы ўзаемазвязаным метабалічным пераўтварэнням. У залежнасці ад змены фактараў навакольнага асяроддзя біятычныя згуртаванні паступова пераходзяць адно ў адно. Ад біятычнага згуртавання залежыць функцыянаванне арганізма. Мае розныя памеры (напр., біёты дрэвавага ствала і вял. лесу або акіяна). Біятычныя згуртаванні першы вывучаў амер. вучоны В.Шэлфард (1913). Гл. таксама Біём.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́НЬЕЎ (Анатоль Андрэевіч) (н. 18.7.1925, г. Джамбул, Казахстан),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Казахскі ун-т (1957). Гал. рэдактар час. «Октябрь» (з 1973). У 1958 апубл. кніга гіст.-рэв. прозы «Верненскія апавяданні». У аповесці «Малы заслон» (1959; аб ваеннай аперацыі ў раёне Мазыр—Калінкавічы ў 1944) і рамане «Танкі ідуць ромбам» (1963; пра бітву на Курскай дузе, удзельнікам якой быў Ананьеў) раскрыта сіла духу сав. воінаў у Вял.Айч. вайну. Філас., маральныя і сац. пытанні сучаснага грамадства ўзнімае ў раманах «Мяжа» (1970), «Вёрсты кахання» (1972), «Гады без вайны» (кн. 1—4, 1975—85), «Скрыжалі і званы» (кн. 1, 1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАРКТЫ́ЧНЫ КЛІ́МАТ,
клімат Антарктыды і прылеглых да яе акіянскіх прастораў (Антарктыкі). Над мацерыком надзвычай суровы. Т-ра паветра на працягу года адмоўная: летам у студз. да -13,6 °C, зімой у ліп. -60...-70 °C, на полюсе холаду (ст. Усход) самая нізкая на Зямлі — каля -90 °C. Ападкаў за год менш за 100 мм. Надвор’е вызначаецца Антарктычным антыцыклонам. Большая частка сонечнай радыяцыі адбіваецца снегавым покрывам (альбеда каля 85%), вял. страты цяпла даўгахвалевым выпрамяненнем з-за высокага становішча паверхні над узр. мора. На ўзбярэжжы т-ра паветра летам павышаецца да 0, +5 °C, гадавая сума ападкаў да 700—1000 мм, моцныя сцёкавыя і ўраганныя (40—60 м/с) вятры. Клімат акіянскіх прастораў Антарктыкі характарызуецца рэзкімі ваганнямі ціску, частымі цыклонамі, параўнальна аднароднымі т-рамі паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАЎ (Аляксей Інакенцьевіч) (27.9.1896, г. Гродна — 18.6.1962),
ваенны дзеяч. Ген. арміі (1943). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1931) і Генштаба (1937). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1938 на выкладчыцкай рабоце. У Вял.Айч. вайну са жн. 1941 нач. штаба Паўд., Паўн.-Каўказскага і Закаўказскага франтоў, Чарнаморскай групы войскаў. З 1942 1-ы нам.нач. Генштаба і нач. Аператыўнага ўпраўлення, удзельнік распрацоўкі плана Беларускай аперацыі 1944, інш. важных аперацый. З лют. 1945 нач. Генштаба, удзельнік Крымскай і Берлінскай (Патсдамскай) канферэнцый. У 1946—48 і з 1954 1-ы нам.нач. Генштаба, з 1955 адначасова нач. Штаба Аб’яднаных узбр. сіл дзяржаў — удзельніц Варшаўскага Дагавора. Дэп. ВС СССР з 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНУ́ФРЫЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у канцы 14—19 ст. каля в. Сялец Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. Заснаваны як праваслаўны мсціслаўскім князем Лугвенам-Сімяонам, сынам вял.кн.ВКЛ Альгерда (паводле некат. звестак Юрыем, сынам Лугвена). У 1635 кароль Уладзіслаў IV перадаў манастыр грэка-каталіцкай царкве, яго настаяцелем быў архіепіскап смаленскі і северскі. Да 1809 манастыру належаў і фальварак. Усе манастырскія будынкі былі драўляныя, у апошняй трэці 18 ст. пабудаваны мураваныя царква св. Ануфрыя і жылы корпус. Б-ка Ануфрыеўскага манастыра мела 302 кнігі, у т. л. рукапісныя. Манастыр зачынены пасля скасавання Брэсцкай уніі (1839). Захавалася царква — помнік архітэктуры барока. Мураваны 1-нефавы храм з паўцыркульнай апсідай і высокай 5-яруснай чацверыковай вежай-званіцай. Цяпер прыходскі праваслаўны храм.