МЫШ’ЯКО́ВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца ў прам-сці для здабычы мыш’яку. У прыродзе вядома больш за 120 мінералаў мыш’яку, гал. з іх арсенапірыт (да 46% As, часта з прымессю золата), лёлінгіт (да 72,8% As), рэальгар (да 70,1% As) і аўрыпігмент (да 61% As). Пераважна мыш’як здабываюць спадарожна з поліметал. руд у комплексе з золатам, серабром, свінцом, меддзю, кобальтам, волавам і інш. Паходжанне эндагеннае (гідратэрмальнае, метасаматычнае). Радовішчы ў Расіі, ЗША, Швецыі, Мексіцы, Японіі, Балівіі і інш.

т. 11, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГА́ЙСКІ ШЛЯХ,

адзін з асн. шляхоў набегаў качэўнікаў на рас. землі. Назва вядома з пач. 16 ст., калі феадалы Нагайскай Арды карысталіся ім для перагону жывёлы на рас. рынкі. Пачынаўся ад нізоўяў Волгі і меў 2 напрамкі (зах. — уздоўж Дона да месца каля сучаснага г. Варонеж, усх. — праз міжрэчча Хапра і Суры), якія зыходзіліся каля Разані. Для прадухілення нападаў праз Н.ш. рас. ўрад рабіў засечныя лініі, засноўваў крэпасці: у 1586 Варонеж, у 1630-я г. Тамбоў, Казлоў і Ломаў.

т. 11, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМІ́РАВАННЕ ПРА́ЦЫ,

вызначэнне нормы часу і выпрацоўкі; адзін з асн. элементаў навуковай арганізацыі працы. Разлік Н.п. ажыццяўляецца аналіт. і доследна-стат. метадамі. Пры аналіт. метадзе аперацыю (работу) падзяляюць на элементы, якія аналізуюць, праектуюць рацыянальную структуру аперацыі, вызначаюць час на кожны элемент аперацыі і на ўсю аперацыю. Доследна-статыстычны метад — вызначэнне норм на аснове вопыту нарміроўшчыка альбо на аснове ранейшых стат. звестак. Пры дапамозе Н.п. вызначаецца неабходная колькасць работнікаў, фонд заработнай платы, прадукцыйнасць працы і інш. паказчыкі.

т. 11, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРЭ́ЧАНЬКА»,

гарадскі бытавы парна-масавы танец. Выконваецца пад мелодыю вядомай рус. песні «Выйду я на рэчаньку». Муз. памер ​4/4, ​2/4. Тэмп умераны. На Беларусі вядомы з канца 19 ст. напачатку ў гар., потым і ў вясковым асяроддзі. Складаецца з блокаў рухаў, якія паўтараюцца некалькі разоў запар. Асн. блок рухаў уключае простыя і прыстаўныя, акцэнтаваныя крокі, вярчэнне дзяўчыны пад рукой хлопца або пар у польцы-вальсе, до-за-до і інш. Пашыраны па ўсёй Беларусі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 11, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСІ́ЛАВА,

вёска ў Цюрлёўскім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., каля аўтадарогі Маладзечна—Смаргонь. Цэнтр калгаса. За 3 км на З ад горада і чыг. ст. Маладзечна, 76 км ад Мінска. 1899 ж., 702 двары (2000). Меліярац. ўпраўленне арашальных сістэм, адкрытае акц. т-ва «Маладзечанская аграхімія». Базавая школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік сав. воінам, партызанам, землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У вёсцы гарадзішча штрыхаванай керамікі і банцараўскай культуры (1—8 ст. н.э.).

т. 11, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРА́ЛЬНАЯ ГАСПАДА́РКА,

тып гаспадаркі, пры якім вытворчасць накіравана на забеспячэнне ўласных патрэб вытворцы. Пры Н.г. грамадства складалася з патрыярхальных сял. сем’яў, сельскіх абшчын, феад. памесцяў, якія выконвалі ўсе віды гасп. работ. Узнікла ў глыбокай старажытнасці, існавала пры рабаўладальніцтве і феадалізме, калі грамадскі падзел працы быў слаба развіты. У сял. гаспадарцы Беларусі панавала да сярэдзіны 19 ст. З развіццём прадукцыйных сіл, грамадскага падзелу працы, таварна-грашовых адносін Н.г. распадалася, пашыралася таварная вытв-сць, якая стала пануючай пры капіталізме.

т. 11, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЧАСВЕ́ТКІ (Noctiluca),

род прасцейшых атр. панцырных жгуціканосцаў кл. жгуцікавых. Пашыраны пераважна ў цёплых (трапічных) марскіх водах, трапляюцца ў Чорным і далёкаўсходніх морах. Утвараюць вял. скопішчы ў паверхневых слаях вады. Адны з асн. арганізмаў, што выклікаюць свячэнне мора.

Цела шарападобнае, дыяметрам 2—3 мм, з рухомым скарачальным жгуцікам-шчупальцам. Цытаплазма мае тлушчавыя ўключэнні, якія пры мех. або хім. раздражненнях (у доследах таксама пры ўздзеянні эл. току) акісляюцца і свецяцца (гл. Біялюмінесцэнцыя). Кормяцца дробнымі водарасцямі, інш. прасцейшымі. Размнажаюцца дзяленнем і пачкаваннем.

т. 11, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАА́НТРАПЫ (ад неа... + грэч. anthrōpos чалавек),

абагульненая назва людзей сучаснага віду (Homo sapiens). Асн. антрапал. асаблівасці Н., якія адрозніваюць іх ад палеаантрапаў і архантрапаў — аб’ёмісты мазгавы чэрап з высокім скляпеннем, лоб, які вертыкальна падымаецца, адсутнасць надвочнага валіка, добра развіты падбародачны выступ. Выкапнёвыя Н. мелі больш масіўны шкілет, чым сучасныя людзі. Самыя стараж. з вядомых касцявых рэшткаў Н. (на в-ве Каліманган) датуюцца радыевугляродным метадам у 39 тыс. г., але больш верагодна, што Н. ўзніклі 70—60 тыс. г. назад.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ФАР III Ватаніят

(каля 1010 — пасля 1081),

візантыйскі імператар [1078—81]. Паходзіў з малаазійскай знаці. З сярэдзіны 11 ст. палкаводзец і намеснік шэрагу ваен.-адм. акруг. Узначаліў мяцеж малаазійскай знаці супраць імператара Міхаіла VII Дукі. У студз. 1078 абвешчаны імператарам, у сакавіку ўступіў у Канстанцінопаль. Беспаспяхова ваяваў з туркамі-сельджукамі, якія заснавалі на б. візант. землях Канійскі султанат (1080). Пры Н. III рэзка абвастрылася саперніцтва паміж малаазійскай і еўрап. ваен. знаццю. Скінуты Аляксеем I Камнінам, пастрыжаны ў манахі.

т. 11, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВА-ВІЛЕ́ЙСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ.

Засн. 1.7.1914 у г. Нова-Вілейск Віленскага пав. Дзейнічала да канца 1915. Прымаліся асобы з 16 гадоў усіх саслоўяў правасл. веравызнання, якія вытрымалі ўступны экзамен у аб’ёме праграмы 2-класных пач. вучылішчаў. Выкладаліся гісторыя, рус. і царк.-слав. мовы, матэматыка, фізіка, геаграфія, прыродазнаўства, чыстапісанне. У канцы 1914 вучылася 36 юнакоў. Пры семінарыі было пач. вучылішча з падрыхтоўчым класам. Сярод настаўнікаў выхаванцы ун-таў і духоўных акадэмій Масквы, С.-Пецярбурга, Кіева і інш.

А.​Ф.​Самусік.

т. 11, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)