Існаваў у 1908—15 пры Мінскім царкоўным гісторыка-археалагічным камітэце. З 1909 музеем кіраваў А.К.Снітка. Экспазіцыя мела 1363 экспанаты (1910), сярод іх рэчы царк. даўніны, рэліг. культу, тэксты нар. песень, казак, паданняў, матэрыялы этнагр. экспедыцый, па гісторыі гербаў і пячатак, каля 500 стараж. манет, археал. знаходкі з раскопак пад Пінскам, Радашковічамі, Слуцкам, Туравам. Сярод збораў кніжнага фонду (каля 1900 тамоў, 1910) Апостал і Тыпікон (16 ст.), Мінея агульная (канец 17 ст.), Сінопсіс (18 ст.), архіў Слуцкага Троіцкага (Трайчанскага) манастыра. У музеі зберагалася частка калекцыі бел. археолага Г.Х.Татура. У пач. 1-й сусв. вайны экспанаты музея эвакуіраваны ў Разань (Расія). У 1922 вернутая частка фонду і 250 кніг трапілі ў царк. аддзел Бел.дзярж. музея, астатнія выданні кніжнага фонду перададзены дзярж. б-цы, архівы — цэнтр. архіву. Некаторыя рэчы, у т. л. рукапісы, зберагаюцца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі.
Будынак музея пастаўлены на тэр. архірэйскага падвор’я ў 1913 у азнаменаванне 300-годдзя дома Раманавых (арх. В.Струеў). Быў задуманы як частка арх.-маст. комплексу духоўнай рэзідэнцыі Мінскай епархіі, якая ўключала пабудовы архірэйскага падвор’я і праектуемыя будынак музея і агароджу з цэнтр. парадным уваходам. Выкананы ў неарускім стылі. 2-павярховы прамавугольны ў плане цагляны будынак пастаўлены на высокі цокаль і накрыты вальмавым дахам. Гал. фасад асіметрычнай кампазіцыі. З усх. боку да яго прыбудавана круглая ў плане вежа, завершаная шлемападобным купалам. Сцены вежы, стылізаванай пад стараж. абарончую, былі прарэзаны байніцамі, верхняя ч. аформлена машыкулямі і геам. арнаментам. З зах. боку фасад фланкіраваны невял. квадратнай у плане вежачкай, прарэзанай неглыбокімі нішамі і завершанай высокім 4-гранным шатром. Гал. ўваход падкрэслены кілепадобным франтонам, упрыгожаным арнаментам. Фасады падзелены карнізным паяском, прарэзаны высокімі лучковымі аконнымі праёмамі, упрыгожанымі дэкар. паўкалонамі, 2- і 3-лопасцевымі аркамі, філёнгамі і інш. элементамі. Агароджа з цэнтр. парадным уваходам аддзяляла архірэйскае падвор’е ад Аляксандраўскага сквера. Цэнтр. парадны ўваход меў тыя ж арх. формы, што і будынак музея: высокія фланкіруючыя квадратныя ў плане слупы-вежачкі завяршаліся вастраверхімі шатровымі дахамі, карнізныя паяскі, што апяразвалі вежачкі, з простым. геам. арнаментам. Лучковая металічная арка была вырашана ў духу венскага мадэрна. Кованыя рашоткі, агароджа, вароты, брамы былі зроблены высокакваліфікаванымі мясц. кавалямі. У 1930-я г. агароджа знішчана. У 1915—20 у будынку размяшчаўся Народны дом, з 1963 — Дом работнікаў мастацтваў.
Літ.:
Записки Северо-Западного отдела имп. Русского географического общества. Кн. 1. Вильна, 1910;
Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус.Мн., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІЯ ЗА́МКІ.
Існавалі ў 11—пач. 18 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Вядомы т. зв. Замак на дзядзінцы і Малы замак.
Замак на дзядзінцы (быў стараж. цэнтрам г.Навагрудак і рэзідэнцыяй зах.-рус. і літ. князёў) заложаны на месцы гарадзішча на высокім (20 м) часткова насыпаным узгорку, т. зв. Замкавай гары, абкружанай ровам. Першыя ўмацаванні ў выглядзе кругавога абарончага вала з драўлянымі сценамі-гароднямі і астрогам узніклі ў 11 ст. У сярэдзіне 13 ст. пабудавана квадратная ў плане (12 × 12 м) 5-ярусная вежа-брама з падмуркам выш. 3,5 м, цокалем і сценамі таўшчынёй 2,75 м. У час аднаго з крыжацкіх нападаў (верагодна, 1394) гэтая вежа моцна пашкоджана, у канцы 14 ст. адноўлена; вядома пад назвамі Шчытоўка, Шчытовая ці Цэнтральная. У канцы 14 — пач. 15 ст. на тэр. замка ўзведзены яшчэ тры 3-ярусныя цагляныя вежы з байніцамі на кожным паверсе: Касцельная (9x9 м), Малая вежа-брама (8 × 10 м), Пасадская (7,7 × 7,7 м). Для забеспячэння замка вадой на ўсх. схіле над крыніцай была пастаўлена вынасная Калодзежная вежа (8 × 8 м). Будаўніцтва вежаў завершана да 1410. Вежы злучаліся мураванымі сценамі. Замак паспяхова процістаяў крыжацкім нападам. Далейшае ўмацаванне замка адбылося ў канцы 15 — пач. 16 ст. у сувязі з набегамі крымскіх татар. У паўн.-зах. частцы замка пабудавана вежа Дазорца (14 × 14 м), на паўд.-ўсх. схіле гары дадаткова ўзведзена Меская вежа-брама, злучаная прасламі сцен з Калодзежнай вежай і Малой брамай. Утварыліся 2 шматвугольныя прылеглыя мураваныя паясы абароны, адзін з якіх быў на дзядзінцы, другі — на схіле ўзгорка, перад уваходам у замак з боку горада. На замкавым двары стаялі жылыя і гасп. пабудовы. У канцы 16 — пач. 17 ст. узведзены палац, да якога прылягала капэла (канец 17 ст.). У 14—19 ст. на тэр. замка была царква, у якой да 1775 адбываліся сесіі Трыбунала — вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ. У 1505 і 1506 татары двойчы асаджвалі замак, але ўзяць не змаглі. У 1706 замак узарваны шведамі.
Малы замак у 11 ст. — комплекс умацаванняў, які складаўся з землянога вала і драўляных абарончых канструкцый. У канцы 13 — пач. 14 ст. з захаду над уездам была надбудавана мураваная вежа, якая ў канцы 15 — пач. 16 ст. перабудавана ў 8-гранную. Абодва замкі ў 13 ст. былі дадаткова ўмацаваны земляным валам і ровам, якія праходзілі каля падножжа гары з паўн. і паўн.-зах. бакоў. Да 1828 ад Замка на дзядзінцы часткова ўцалелі 2 вежы: Шчытоўка і Касцельная.
М.А.Ткачоў.
Да арт.Навагрудскія замкі: 1 — рэшткі замка на дзядзінцы. Фота пач. 1990-х г.; 2 — рэканструкцыя В.Сгашчанюка. 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОВАЗНА́ЎСТВА, лінгвістыка,
навука пра сутнасць, будову, функцыянаванне і эвалюцыю моў. Універсальныя ўласцівасці мовы, як найважнейшага сродку зносін паміж людзьмі, як увасабленне свядомасці, спосаб фіксацыі пазнання, як знакавую сістэму асаблівага роду, а таксама агульныя рысы ўсіх моў або іх груп у плане будовы (структуры), функцыянавання і развіцця, вывучае агульнае мовазнаўства. Асобныя мовы (напр., беларускую мову, старажытнагрэчаскую мову і інш.) даследуе прыватнае М., а групы моў (напр., славянскія мовы, індаеўрапейскія мовы, угра-фінскія мовы і інш.), іх структуру, развіццё вывучае супастаўляльнае і тыпалагічнае М. Паводле характару вынікаў даследавання мовы адрозніваюць тэарэт. і прыкладное М. Вывучэнне моў грунтуецца на 2 падыходах: сінхранічным (гл.Сінхранія), які шырока выкарыстоўваецца для адэкватных апісанняў канкрэтных моў у пэўны перыяд іх функцыянавання, і дыяхранічным (гл.Дыяхранія), які ўжываецца для апісання змен і развіцця мовы, яе адзінак, катэгорый. Функцыянаванне і эвалюцыю мовы ў грамадстве, сувязі мовы з інш.сац. з’явамі, утварэннямі (напр., нацыяй, дзяржавай, культурай, адукацыяй, л-рай, музыкай і г.д.), суадносіны мовы з псіхічным жыццём чалавека даследуе знешняя лінгвістыка. Структуру мовы, яе адзінак, катэгорый, а таксама іх функцыі ў сінхраніі і дыяхраніі вывучае ўнутр. лінгвістыка. Структурная лінгвістыка асаблівую ўвагу надае аналізу мовы як сістэмы, што ўяўляе сабой сукупнасць узаемазвязаных элементаў, адзінак, узроўняў мовы. У межах камп’ютэрнай лінгвістыкі ажыццяўляецца аўтам. апрацоўка тэкстаў каб атрымаць дакладныя звесткі аб іх структуры, адзінках і выкарыстаць атрыманыя дадзеныя для тэарэт. і практычных патрэб (машынны пераклад, аўтам. рэферыраванне тэкстаў, складанне канкардансаў, слоўнікаў і інш.). Матэматычная лінгвістыка распрацоўвае фармальны апарат для апісання будовы натуральных і штучных моў, іх мадэлявання. Стат. лінгвістыка выкарыстоўвае матэм. апарат для вывучэння імавернасных і градуальных з’яў у мове для іх разнастайных падлікаў, вымярэнняў, каб атрымаць больш глыбокія веды пра якасныя ўласцівасці мовы. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства шляхам супастаўлення моў у розныя перыяды іх функцыянавання ўстанаўлівае ступень роднаснасці моў, іх мінулы стан, узнаўляе прамову і яе адзінкі. Тыпалагічнае М. (гл.Тыпалогія лінгвістычная) вывучае еднасныя структурныя рысы розных моў паводле фанетычнага складу, граматычнай будовы, асаблівасцей слоўнікаў, грамадскіх функцый і інш.Супастаўляльнае мовазнаўства даследуе адметнасці канкрэтнай мовы ў параўнанні з інш. мовамі, што дазваляе выявіць некаторыя яе спецыфічныя рысы, важныя пры перакладах, а таксама пры вывучэнні і выкладанні моў і інш.Псіхалінгвістыка аналізуе працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення, звязаныя з унутр. станам, псіхікай чалавека, на аснове спец. эксперыментаў з носьбітамі мовы. Сацыялінгвістыка вывучае адносіны паміж грамадствам і мовай, асаблівасці маўлення пэўных груп насельніцтва, двухмоўе як грамадскую з’яву, магчымасці свядомага ўплыву грамадства на мову, праблемы міжнац. зносін, моўных кантактаў і інш.Этналінгвістыка вывучае адлюстраванне ў мовах адметных уласцівасцей розных этн. груп, рытуальнае выкарыстанне мовы і інш.Дыялекталогія і лінгвістычная геаграфія даследуюць асобныя рэгіянальныя гаворкі. варыянтнасць мовы ў прасторы, распрацоўваюць прынцыпы картаграфавання моўных з’яў у лінгвістычных атласах і інш. Адпаведна з вывучэннем асобных адзінак мовы вылучаюцца дысцыпліны ўнутр. лінгвістыкі: фанетыка (гукі маўлення), фаналогія (гукі мовы, што выконваюць сэнсаадрознівальную функцыю), акцэнталогія (націск), арфаэпія (правілы вымаўлення ў літ. мове), арфаграфія (правілы правапісу), марфаналогія (чаргаванне гукаў і асаблівасці іх ужывання на межах марфем), марфалогія (словазмяненне і часціны мовы), сінтаксіс (словазлучэнні, сказы), лексікалогія (словы і іх групоўкі), дэрываталогія (утварэнне слоў), лексікаграфія (тыпы і структура слоўнікаў), семасіялогія (семантыка значымых адзінак мовы), фразеалогія (устойлівыя словазлучэнні), этымалогія (паходжанне і гісторыя асобных слоў), анамастыка (уласныя назвы), стылістыка (функцыян. дыферэнцыяцыя мовы і яе адзінак паводле сферы ўжывання) і інш. М. цесна звязана з літаратуразнаўствам, гісторыяй, логікай, філасофіяй, сацыялогіяй, этнаграфіяй, псіхалогіяй, семіётыкай, геаграфіяй, кібернетыкай, матэматыкай і інш. навукамі.
М. ўзнікае ў сувязі з вынаходніцтвам, станаўленнем і развіццём пісьма і з патрэб вывучэння няродных моў. Ужо ў 3-м тыс. да н.э. ў стараж. Эбле (Паўн. Сірыя) ствараліся спісы слоў з мэтай навучання грамаце. У 5 ст. да н.э. ў Індыі Паніні распрацаваў першую ў свеце падрабязную граматыку стараж.-інд. сакральнай мовы санскрыту. У стараж. Грэцыі ў 6—4 ст. да н.э. Геракліт, Платон, Сакрат і інш. абмяркоўвалі філас. праблемы паходжання і сутнасці мовы. У сваіх творах «Паэтыка» і «Рыторыка» Арыстоцель вызначыў найперш лагічныя падыходы да аналізу мовы, якія пазней былі выкарыстаны пры апісанні мовы ў вучэнні стоікаў, Ф.Бэкана, а таксама ў сучасных працах Н.Хомскага і інш. У 2 ст. да н.э.т.зв. Александрыйскай школай распрацаваны многія паняцці фанетыкі і граматыкі стараж.-грэч. мовы. У 1 ст. да н.э.грэч. лінгвістычныя традыцыі пераняты рымскім М., у нетрах якога створаны граматыкі Варона, Даната і Прысцыяна. Вызначаныя ў гэтых працах адзінкі і катэгорыі мовы паслужылі асновай для стварэння граматык многіх еўрап. моў. У Кітаі ў 3—2 ст. да н.э. былі падрыхтаваны слоўнікі састарэлых і дыялектных слоў, завершаны слоўнік «Шо вэнь» («Тлумачэнне пісьменаў»). У 2-й пал. 1-га тыс.н.э. распрацоўваліся граматычныя апісанні на матэрыяле семіцкіх моў у араб. і яўр. лінгвістычных працах. У 1072—83 Махмуд Кашгарскі ў сваім «Слоўніку цюркскіх моў» апісаў фанетыку, граматыку цюркскіх моў, даў звесткі пра гісторыю, этнаграфію, геаграфію, паэзію, фальклор цюркаў і зрабіў класіфікацыю гэтых моў. І.Ю.Скалігер у 1599 вызначыў 4 асн. групы еўрап. моў (лац., грэч., слав. і герм.). У сярэднія вякі ў Еўропе паступова ўдасканальваліся граматыкі, рыторыкі, паляпшаліся слоўнікі. У 14—16 ст. ва ўсх. славян з’явіліся пераклады і кампіляцыі грэч. і лац. граматык. У 1664 франц. тэолагі А.Арно і К.Лансло выдалі «Агульную і рацыянальную граматыку», якая працягвала лагічныя традыцыі Арыстоцеля і паўплывала на далейшае развіццё граматычнай навукі. У 18 ст.ням. філосаф Г.Лейбіц на аснове прыродазнаўчых навук распрацоўваў аб’ектыўныя падыходы да вывучэння і развіцця моў, звярнуў увагу на супастаўленне розных моў і інш. знакавых сістэм. У сярэдзіне 18 ст. М.В.Ламаносаў напісаў першую навук. граматыку рус. мовы, хоць яго працы папярэднічала стварэнне больш за 10 граматычных трактатаў па рус. мове, напісаных пераважна на замежных мовах. У сувязі са станаўленнем гіст. лінгвістыкі ў 19 ст. М. вылучылася ў самаст.навук. дысцыпліну. З’явілася ідэя пра заканамерны характар гукавых адпаведнасцей у роднасных мовах як аснова параўнальна-гіст. метаду ў М. (Ф.Боп, А.Х.Вастокаў, Я.Грым, І.Добраўскі, Р.К.Раск і інш.). Ствараліся працы па тэарэт. асэнсаванні сутнасці, функцыянавання, развіцця моў, іх класіфікацыі на падмурку граматычных прыкмет (В.Гумбальт), выдадзены вял. слоўнікі еўрап. моў, у т. л.бел. (Вастокаў, Н.Уэбстэр, браты Я. і В.Грым, У.І.Даль, С.Б.Ліндэ, І.І.Насовіч і інш), параўнальна-гіст. граматыкі моў (К.Бругман, Ф.Міклашыч, А.Шляйхер і інш.). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся псіхал. кірунак у М. (А.А.Патабня, Г.Штайнталь і інш), дзе адзінства моў тлумачылася адзінствам чалавечага мыслення і падкрэслівалася роля псіхічных працэсаў у развіцці мовы; узніклі лінгвістычныя школы: натуралізм (Шляйхер і інш.), эстэтызм (К.Фослер і інш.), «Словы і рэчы» (Р.Мерынгер, Г.Шухарт і інш.), лінгвагеаграфія (Г.Венкер, Ж.Жыльерон і інш), младаграматызм (Бругман, Б.Дэльбрук, А.Лескін, Г.Остгаф, Г.Пауль і інш.). У 20 ст. пашырыліся ідэі пра сац. абумоўленасць моўных з’яў (Ш.Балі, Ж.Вандрыес, Я.Дз.Паліванаў, А.Сешэ і інш.), вядзецца пошук больш аб’ектыўных спосабаў вывучэння моўных з’яў праз іх фармальнае апісанне (П.Ф.Фартунатаў і інш.). У міжваенны перыяд у Еўропе і ЗША сфарміравалася магутная лінгвістычная школа — структуралізм (Л.Ельмслеў, В.Матэзіус, Э.Сепір, Ф. дэ Сасюр, М.С.Трубяцкой, Р.В.Якабсон і інш.), які ў пасляваен. час пашырыўся і спрыяў станаўленню кібернетычнай, а таксама прыкладной і матэм. лінгвістыкі (Ю.Д.Алрэсян, В.У.Мартынаў, І.А.Мяльчук, Р.Г.Піятроўскі і інш.) і лінгвасеміётыкі (Р.Барт, К.Леві-Строс, Ч.Морыс, дэ Сасюр, Ю.С.Сцяпанаў і інш.). У сувязі з вывучэннем новых моў, што не мелі сваёй пісьменнасці, усталявалася школа структуралізму — дэскрыптыўная лінгвістыка (Ф.Боас, Л.Блумфілд, З.Харыс і інш.). У параўнальна-гіст. і апісальным М. пашырыліся ідэі падыходу да моўных з’яў з пазіцый іх сістэмнай арганізацыі, што вядзе сваю традыцыю ад вучэння І.А.Бадуэна дэ Куртэнэ аб мове (В.У.Іванаў, В.М.Сонцаў, У.М.Тапароў і інш.). У 1980—90-я г. ўсталёўваюцца функцыянальная лінгвістыка, лінгвістыка тэксту, кагнітыўная лінгвістыка і інш., дзе асаблівая ўвага аддаецца зместу моўнай інфармацыі, спосабам яго перадачы і ўспрымання.
У стараж. Беларусі перапісваліся старажытнаслав. лінгвістычныя трактаты (напр., «О письменах» Чарнарызца Храбра, 9—10 ст., бел. копіі 16—17 ст.). У 16—17 ст. створаны рукапісны «Лексис съ толкованіем словенских мов просто» (канец 16 ст.), друкаваныя працы «Лексис, сирчь речен і ...» Л.Зізанія (1596, Вільня), «Лексиконъ славеноросскій...» П.Бярынды (1627, Кіеў; 2-е выд. 1653, Куцейна, пад рэд. І.Труцэвіча), дзе тлумачыліся лексіка і выразы царк.слав. помнікаў. Выдаваліся таксама азбукі, буквары, граматыкі: «Буквар» І.Фёдарава (1574, Львоў), ананімная «Кграматыка словеньска языка...» (1586, Вільня), «Грамматіка Словенска...» Л.Зізанія і яго ж «Лексис», дзе тлумачыцца 1061 стараслав. слова з дапамогай больш як 2 тыс. старабел. слоў (абедзве кнігі 1596, Вільня), «Грамматики Словенския правилная синтагма» М.Сматрыцкага (1619, Еўе), «Буквар» (1631, Куцейна) і «Буквар языка славенска» (1636, Буйнічы) С.Собаля і інш. У гэтых працах апісвалася царк.слав. мова, якая ўжывалася ў сферах культу і навукі; бел. («простая») мова выкарыстоўвалася толькі як матэрыял для «вырозуменья» царк.-слав. мовы. Першая граматыка «простой» мовы («Граматыка словенская») напісана на лац. мове ў 1643 студэнтам Сарбоны І.Ужэвічам (захоўвалася ў рукапісах, выд. ў 1970 у Кіеве, у 1996 у Мінску). У 1-й чвэрці 19 ст. пачалося навук. вывучэнне бел. мовы, што было звязана з павышанай цікавасцю грамадскасці да этнаграфіі, вусна-паэт. творчасці бел. народа. Найб. раннія пісьмовыя звесткі пра сучасную бел. мову (у працах А.К.Кіркора, Я.Чачота, П.М.Шпілеўскага і інш.) падаваліся ў плане агульнага азнаямлення з бел. этнаграфіяй і фальклорам. Бел. мове прысвячаліся і спец. працы (напр., артыкул К.Ф.Калайдовіча «Пра беларускую гаворку», 1822). Грунтоўнае вывучэнне бел. мовы пачалося з сярэдзіны 19 ст. Этнографы і фалькларысты П.А.Бяссонаў, У.М.Дабравольскі, М.В.Доўнар-Запольскі, Я.Карловіч, М.Я.Нікіфароўскі, Е.Р.Раманаў, А.К.Сержпутоўскі, М.Федароўскі, П.В.Шэйн, М.А.Янчук і інш. сабралі і апублікавалі багаты матэрыял пра асаблівасці бел. гаворак. У гэты ж час створаны слоўнікі нар. лексікі і фразеалогіі, найб. буйныя з іх «Збор слоў літоўска-рускай (беларускай мовы)» Ф.С.Шымкевіча (1840, выд. 1995), «Слоўнік беларускай мовы» І.Насовіча (1870). Факты бел. мовы выкарыстоўвалі ў сваіх працах рус. і польскія лінгвісты (К.Ю.Апель, Ф.І.Буслаеў, М.М.Дурнаво, М.А.Коласаў, Ліндэ, Патабня, А.І.Сабалеўскі, І.І.Сразнеўскі, Шахматаў і інш.). Пасля выдання помнікаў бел. пісьменнасці разгарнулася даследаванне іх мовы (летапісаў — Шахматавым, твораў Ф.Скарыны — П.У.Уладзіміравым, перакладных рыцарскіх аповесцей — А.Брукнерам, інтэрмедый — У.М.Перацам). Надрукаваны працы па гіст. граматыцы бел. мовы («Гістарычны агляд важнейшых гукавых і марфалагічных асаблівасцей беларускіх гаворак» І.А.Нядзёшава, 1884, і інш.). Але многія рус і польск. вучоныя трактавалі бел. мову як дыялект велікарус. або польск. мовы, адмаўлялі яе права на ўжыванне ў грамадска-культ. сферах жыцця беларусаў, вызначалі месца яе выкарыстання толькі ў быт. сферы. Выключных поспехаў у вывучэнні бел. мовы, яе гісторыі, помнікаў бел. пісьменнасці дасягнуў заснавальнік бел. філалогіі Я.Ф.Карскі — аўтар шматлікіх прац па беларусістыцы, у т. л. манаграфіі «Беларусы» (кн. 1—7, 1903—22). Тры яе кнігі ён прысвяціў характарыстыцы фанетычнай сістэмы, словаўтварэння, граматычнага ладу бел. мовы ў яе гіст. развіцці. У пач. 20 ст. з пашырэннем літ. творчасці і кнігавыдання на бел. мове ўзнікла неабходнасць вызначыць характэрныя рысы бел. мовы і замацаваць іх у якасці літ. норм, што ўпершыню зроблена ў «Беларускай граматыцы для школ» Б.А.Тарашкевіча (1918). У 1920-я г. створаны Інбелкульт, які паслужыў базай для арганізацыі АН Беларусі, што ўключала ў свой склад Ін-т мовы, л-ры і мастацтва. У гэты ж час адкрыты БДУ і шэраг пед. ін-таў, дзе рыхтаваліся лінгвістычныя кадры і вяліся даследаванні ў галіне бел. М. Гэтаму спрыяла і правядзенне ў БССРбеларусізацыі. У 1926 адбылася акад. канферэнцыя па рэформе бел. правапісу і азбукі, скіраваная на збліжэнне з правіламі рус. мовы. У выніку збору і сістэматызацыі бел. лексікі створаны 24 тэрміналагічныя зборнікі, апублікаваны «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.Ластоўскага (1924), «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925) і «Расійска-беларускі слоўнік» (1928) М.Я.Байкова і С.М.Некрашэвіча. Выдаваліся і дыялектныя («краёвыя») слоўнікі: «Віцебскі краёвы слоўнік» М.І.Каспяровіча (1927), «Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны» М.В.Шатэрніка (1929). Абагульняльную працу пра гаворкі цэнтр. і ўсх. Беларусі «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» ў 1928 апублікаваў П.А.Бузук. Дыялектны матэрыял, назапашаны Ін-там мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі, загінуў у Вял.Айч. вайну. Некаторыя даваен. запісы пазней выкарыстаны ў выданнях «Гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны» (1960), «Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны» І.К.Бялькевіча (1970), «Слоўнік народных гаворак Заходняй Браншчыны» П.А.Растаргуева (1973). Гісторыю бел. мовы вывучалі Бузук, І.В.Воўк-Левановіч, М.І.Карнеева- Петрулан, Карскі, Растаргуеў і інш., фанетыку — Я.Лёсік, Воўк-Левановіч і інш. Выйшлі працы па гіст. сінтаксісе «Выражэнне галоўных членаў сказа ў беларускай мове» (1940) і «Даследаванні ў галіне гісторыі беларускага сінтаксісу» (1941) Ц.П.Ломцева, аўтара і рэдактара выдадзенай раней акад. працы «Беларуская граматыка. Фанетыка і правапіс» (1935). Ін-т мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі выдаў даследаванні «Беларуская граматыка. Марфалогія» (1936), «Сінтаксіс беларускай мовы» (1939) і «Курс сучаснай беларускай мовы. Фанетыка, марфалогія, лексіка» (1940), у якіх падагульнены дасягненні бел. М. У пасляваен. час усталяваліся новыя кірункі даследаванняў, створаны новыя падручнікі па бел. мове для школ, тэхнікумаў, ВНУ. Выдадзены «Руска-беларускі слоўнік» пад рэд. Я.Коласа, К.Крапівы, П.Глебкі (1953), «Беларуска-рускі слоўнік» пад рэд. К.Крапівы, «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэд. А.Абрэмбскай-Яблонскай і М.В.Бірылы (абодва 1962), «Украінска-беларускі слоўнік» В.П.Лемцюговай (1980), «Беларуска-расійскі слоўнік» Я.Станкевіча (1990, Нью-Йорк) і інш. Выйшла з друку фундаментальная акад. «Граматыка беларускай мовы» пад рэд. К.Крапівы, М.Г.Булахава, П.П.Шубы (т. 1—2, 1962—66), распрацоўваліся гісторыя бел. мовы і гіст. граматыка (А.Я.Баханькоў, А.М.Булыка, А.І.Жураўскі, І.І.Крамко, Л.М.Шакун, Ф.М.Янкоўскі, А.Л.Яновіч, А.А.Яскевіч і інш.). Апублікавана некалькі агульных курсаў сучаснай бел. мовы, манаграфіі, прысвечаныя актуальным пытанням бел. граматыкі (Л.А.Антанюк, М.А.Аўласевіч, Булахаў, Л.І.Бурак, М.С.Васілеўскі, А.П.Груца, М.І.Гурскі, М.А.Жыдовіч, Ю.Ф.Мацкевіч, А.Я.Міхневіч, А.І.Наркевіч, Л.П.Падгайскі, П.У.Сцяцко, Шуба, П.Я.Юргелевіч, М.С.Яўневіч і інш.) і фанетыкі (Н.Т.Вайтовіч, Л.Ц.Выгонная, А.А.Крывіцкі, А.І.Падлужны, Э.Смулкова, В.М.Чэкман і інш.), стылістыкі бел. мовы (А.А.Каўрус, Г.М.Малажай, Лепешаў, Т.І.Тамашэвіч, М.Я.Цікоцкі, А.К.Юрэвіч і інш.), дыялекталогіі (Э.Д.Блінава, Я.М.Камароўскі, Ф.Д.Клімчук, Е.С.Мяцельская, А.А.Станкевіч, І.Я.Я́шкін і інш.), методыкі выкладання бел. мовы (З.Б.Варановіч, В.У.Протчанка, В.І.Рагаўцоў, М.Г.Яленскі і інш.). Вывучаліся бел. лексіка і словаўтварэнне (Антанюк, А.Я.Баханькоў, Бірыла, Булыка, М.Ф.Гуліцкі, В.П.Красней, У.М.Лазоўскі, Лемцюгова, А.А.Лукашанец, Г.М.Мезенка, М.А.Паўленка, М.Р.Прыгодзіч, А.Ф.Рогалеў, В.Д.Старычонак, М.Р.Суднік, Сцяцко, Шакун, В.К.Шчэрбін, Г.Ф.Юрчанка і інш.), фразеалогія (А.С.Аксамітаў, М.А.Даніловіч, У.І.Коваль, І.Я.Лепешаў, Янкоўскі і інш.). Выдадзены акад. «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (1996), «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.М.Бардовіча, Шакуна (1975), «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.К.Клышкі (1976), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» Лепешава (т. 1—2, 1993), «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» С.М.Грабчыкава (1994), «Слоўнік іншамоўных слоў» Булыкі (т. 1—2, 1999). Працягваецца праца над шматтомнымі «Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93), «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы» (вып. 1—18, 1982—99). Выдадзены «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Янкі Купалы» (т. 1, 1997), слоўнікі эпітэтаў бел. мовы М.П.Пазнякова (1988), Н.В.Гаўрош (1998), «Слоўнік мовы Скарыны» У.В.Анічэнкі (т. 1—3, 1977—94), частотны слоўнік бел. мовы Н.С.Мажэйкі, Супруна (т. 1—5, 1976—92). Апублікавана шмат слоўнікаў асобных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—87), першы сярод слав. моў «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963; Дзярж. прэмія СССР 1968). Да найбуйнейшых прац належаць акад. «Беларуская граматыка» пад рэд. Бірылы і Шубы (ч. 1—2, 1985—86), «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» пад рэд. Падлужнага (1989), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» пад рэд. Бірылы і Мацкевіч (т. 1—5, 1993—98), энцыклапедыя «Беларуская мова» (1994; Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1998).
З 1960-х г. на Беларусі даследуюцца і інш.слав. мовы, часам у плане іх супастаўлення з бел. мовай. Выйшлі працы апісальнага і супастаўляльнага характару па праблемах рус. мовы (Булахаў, Т.М.Валынец, А.А.Гіруцкі, Гурскі, М.І.Канюшкевіч, І.І.Козыраў, А.Ф.Манаенкава, В.А.Маслава, Мезенка, Міхневіч, В.М.Нікіцевіч, С.М.Прохарава, І.С.Роўда, Л.М.Чумак, Шуба і інш.). Вядуцца параўнальна-гіст. і супастаўляльна-тыпалагічныя даследаванні слав. моў (Р.М.Казлова, А.А.Кожынава, Мартынаў, Супрун, Г.А.Цыхун, Чэкман і інш.), вывучэнне старасл. мовы, паўд. і зах.-слав. моў, укр. мовы, часта ў параўнанні з бел. (Анічэнка, В.Л.Вярэніч, У.А.Карпаў, В.Ф.Крыўчык, Лемцюгова, Мажэйка, Мячкоўская, Б.Ю.Норман, Б.А.Плотнікаў, Супрун, Г.У.Ярмоленка і інш.). З германскіх моў вывучаецца нямецкая (С.М.Гайдучык, Т.С.Глушак, П.І.Копанеў, Г.Я.Панкрац, Ю.У.Папоў, А.М.Шаранда і інш.) і англійская (Дз.Г.Багушэвіч, Ю.Б.Барысаў, Я.М.Воўшын, Г.П.Кліменка, Л.М.Ляшчова, Я.А.Маслыка, В.А.Няхай, Ю.Г.Панкрац, Т.В.Паплаўская, Т.М.Суша, І.Ф.Ухванава, Л.У.Хвядчэня, З.А.Харытончык і інш.) мовы. З раманскіх моў найб. даследуецца французская (Л.Ф.Кістанава, З.Н.Лявіт, М.І.Лешчанка, У.В.Макараў, Л.М.Скрэліна, А.М.Сцяпанава, С.А.Шашкова і інш). Распачалося вывучэнне класічных моў, пераважна лацінскай (Н.А.Ганчарова, А.В.Гарнік, Г.І.Шаўчэнка і інш.), моў Усходу (А.М.Гардзей, М.У.Тарэлка і інш.). У галіне агульнага М. даследаваліся праблемы сутнасці і функцыянавання мовы (Гіруцкі, Б.І.Касоўскі, Кіклевіч, Мартынаў, Міхневіч, Мячкоўская, Норман, Плотнікаў, Супрун і інш.), псіхалінгвістыкі (Кліменка, Супрун і інш.), праблемы рыторыкі і кампрэсіі моўнай інфармацыі (А.А.Вейзэ, Міхневіч, Л.А.Мурына і інш.), аспекты сацыялінгвістыкі (Міхневіч, Мячкоўская, Падлужны, Токарава і інш.), праблемы эксперыментальнай фанетыкі (К.К.Барышнікава, Выгонная, Гайдучык, А.Б.Карнеўская, Г.А.Мятлюк, Падлужны, Паплаўская і інш.), культуралагічных сувязей мовы (Маслава, Прохарава і інш.), тэорыі перакладу (Копанеў, В.П.Рагойша і інш.). У галіне матэм. і прыкладной лінгвістыкі вывучаюцца пытанні лінгвастатыстыкі (М.М.Лесохін, К.Ф.Лук’яненкаў, В.В.Нешытой, Плотнікаў і інш.), семіялагічных аспектаў моў (В.В.Грыб, Мартынаў, Плотнікаў і інш.), камп’ютэрнага прадстаўлення моўных фактаў (А.В.Зубаў, Карпаў, Мартынаў і інш.). Лінгвістычныя даследаванні праводзяцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нац.АН Беларусі, БДУ, Гомельскім, Гродзенскім, Мінскім лінгвістычным ун-тах, іншых навук. і навуч. установах. Дзейнічае Беларуская асацыяцыя камунікатыўнай лінгвістыкі, якая выдае штогоднік «Палілог». Выходзіць навук. штогоднік Ін-та мовазнаўства імя Я.Коласа «Беларуская лінгвістыка» і інш.
Літ.:
Амирова Т.А., Ольховиков Б.А., Рожденственский Ю.В. Очерки по истории лингвистики. М., 1975;
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 1—3. Мн., 1976—78;
Жураўскі А.І., Крывіцкі А.А. Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979;
История лингвистических учений. [Вып. 1—4]. Л., 1980—1991;
Плотнікаў Б.А. Агульнае мовазнаўства. Мн., 1994;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускага мовазнаўства. Мн., 1995;
Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. паказ. [Вып. 1—3]. Мн., 1967—1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСК,
горад, цэнтр Віцебскай вобл. і Віцебскага р-на, на Зах. Дзвіне, у сутоках рэк Віцьба і Лучоса. За 300 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Маскву, С.-Пецярбург, Оршу, Полацк і аўтадарог. Порт на Зах. Дзвіне. Аэрапорт. 356,4 тыс.ж. (1996).
Гісторыя. Археал. даследаванні сведчаць, што першыя пасяленні чалавека на тэр. горада адносяцца да каменнага веку. Паводле падання, зафіксаванага ў Віцебскім летапісе 18 ст., Віцебск (летапісны Видбеск, Видебск, Витьбеск, Витепеск) заснаваны кіеўскай княгіняй Вольгай у 974. Назву атрымаў ад р. Віцьба. Займаў важнае месца на шляху «з варагаў у грэкі» У 1021 вял. кіеўскі кн. Яраслаў Мудры перадаў Віцебск полацкаму кн. Брачыславу Ізяславічу. Пасля смерці полацкага кн. Усяслава Брачыславіча (1101) — цэнтр удзельнага Віцебскага княства. З 1320 у складзе ВКЛ. Да 1351 у Віцебску закончана буд-ва мураваных Верхняга і Ніжняга замкаў (гл.Віцебскія замкі), княжацкага палаца. З 14 ст. Віцебск — цэнтр Віцебскага павета. У 15—16 ст. буйны гандлёвы і рамесны цэнтр. У 1441 названы ў ліку 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Адным са сведчанняў яго гандл. сувязей з замежжам з’яўляецца Віцебскі скарб. З 1506 цэнтр Віцебскага ваяводства. У 1597 гораду дадзена магдэбургскае права, ён атрымаў уласны герб — у блакітным полі пагрудная мужчынская выява, пад якой чырвоны меч. Паводле магдэбургскага прывілея Віцебску дазвалялася мець сваю пячатку, ратушу (гл.Віцебская ратуша), гасціны двор. Органам гар. самакіравання стаў магістрат, што складаўся з радцаў і лаўнікаў на чале з войтам. У выніку ваен. падзей пач. 16—18 ст. горад неаднаразова быў разбураны і спалены. 12.11.1623 у Віцебску ўспыхнуў бунт супраць полацкага уніяцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча (гл.Віцебскае паўстанне 1623). Бунт быў задушаны каралеўскім войскам, а горад пазбаўлены магдэбургскага права (вернута ў 1654). У 17 ст. Віцебск — значны гандл. і рамесніцкі цэнтр (больш за 1 тыс. дамоў, дрэва- і металаапрацоўчая, гарбарная, ганчарная, васкабойная, мылаварная вытв-сці, апрацоўка футра, піва- і мёдаварэнне). У 2-й пал. 18 ст. стаў 2-м па велічыні горадам Беларусі (пасля Магілёва). З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1772—77 цэнтр Віцебскай правінцыі. Як павятовы горад уваходзіў у Пскоўскую, з 1776 у Полацкую губ., з 1796 цэнтр Беларускай, з 1802 — Віцебскай губерні. З 1777 пачало дзейнічаць першае прамысл. прадпрыемства — гарбарнае. У 1781 зацверджаны новы герб Віцебска з выявай «Пагоні». У 1785 у Віцебску 10,5 тыс.ж. У 1826 створана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, у 1834 — Віцебскае таварыства ўрачоў, з 1838 выдавалася газ.«Витебские губернские ведомости», у 1845 пачаў працаваць гар.тэатр. Паводле перапісу 1887 у Віцебску 65 871 ж., каля 2800 дамоў, 31 навуч. ўстанова, 3 друкарні, 2 бальніцы. Развіццё рэв. руху ў Віцебску звязана з дзейнасцю разначынцаў-народнікаў. У 1892 узнік марксісцкі гурток, у 1896—97 — рабочая арг-цыя, з 1897 — сац.-дэмакр.к-т Бунда, з 1903 — арг-цыяРСДРП. У рэвалюцыю 1905—07 адбыліся масавыя выступленні гараджан, існаваў Віцебскі кааліцыйны камітэт, які выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. У 1-ю сусв. вайну з восені Віцебск стаў прыфрантавым горадам, куды перамясціліся штаб Дзвінскай ваеннай акругі, ваен. ўстановы, шпіталі; гарнізон горада ў 1916 налічваў 40 тыс. ваеннаслужачых. Лют. рэвалюцыя 1917 актывізавала паліт. жыццё. У Віцебску сфарміраваны мясц. органы Часовага ўрада, арганізаваны Віцебскі грамадскі к-т, 20.3(2.4). 1917 створаны Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Каля 20 розных партый і рухаў уключыліся ў барацьбу за ўладу і ўплыў на насельніцтва горада і губерні. 27.10(9.11).1917 Віцебскі ВРК узяў уладу ў горадзе ў свае рукі. З 2.2.1919 Віцебск у складзе РСФСР. 3.3.1924 вернуты БССР, стаў цэнтрам Віцебскага раёна і Віцебскай акругі. У 1933 — 125,3 тыс.ж. У 1930-я г. горад ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр рэспублікі. З 15.1.1938 цэнтр Віцебскай вобласці, з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання.
У 1940 — 180 тыс.ж. 11.7.1941 Віцебск акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Для абароны горада было сфарміравана Віцебскае народнае апалчэнне 1941. З першых дзён акупацыі ў горадзе дзейнічала Віцебскае патрыятычнае падполле. За час акупацыі гітлераўцы загубілі ў Віцебску і наваколлі 76 тыс. ваеннапалонных і каля 62 тыс. мірных грамадзян. 26.6.1944 горад вызвалены ў выніку Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. За пасляваен. гады нанава адбудаваны.
Гаспадарка. У 1825 у Віцебску было 10 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст.сац.-эканам. стан горада адметны развіццём капіталіст. адносін. У 1866 праз Віцебск пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка, пазней чыг. лініі звязалі горад з Пецярбургам, Масквой, Брэстам і Кіевам. У 1882 заснаваны Віцебскі чыгуналіцейна-машынабудаўнічы завод, у 1883 — Віцебская тытунёва-махорачная фабрыка, у 1889 — Віцебская папярова-кардонная фабрыка, у 1892 — Віцебская акулярная фабрыка, развіваліся шчацінная, шкляная, васкабойная, гарбарная, па вырабе карабельных канатаў і інш. галіны вытворчасці. У 1897 на 102 фабрычна-заводскіх прадпрыемствах было занята каля 1,5 тыс. рабочых, на 1795 саматужных прадпрыемствах — каля 5 тыс. рамеснікаў. Бельгійскае акц.т-ва пабудавала ў Віцебску ў 1897 электрастанцыю (гл.Віцебская электрастанцыя), у 1898 — трамвайную лінію (першую на Беларусі) з эл. цягай; у цэнтры горада — водаправод. Да буйных акц. прадпрыемстваў належалі Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна» і Віцебскі піваварны заводакц.т-ва «Левенбрэй». У 1913 Віцебск меў высокі ўзровень канцэнтрацыі прам-сці: дзейнічала 45 ф-к і з-даў; працавала каля 8 тыс.чал., з іх 40% у тэкстыльнай і каля 20% у металаапр. галінах. У 1920-я г. Віцебск ператварыўся ў буйны прамысл. цэнтр рэспублікі. У 1923 пачала працаваць абутковая ф-ка (гл.Віцебская абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік»). Да канца 1925 у Віцебску ўведзены ў дзеянне з-ды машынабудаўнічы «Чырвоны металіст», гарбарны і інш. У 1927 у горадзе працавала 36 прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці (7036 рабочых). У 1928—33 пабудаваны швейная ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі», фанерны з-д (гл.«Віцебскдрэў»), арцель «8 Сакавіка» (гл.Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава»), ф-кі панчошна-трыкатажная (гл.Віцебскае панчошна-трыкатажнае аб’яднанне «КІМ»), кардонная, шчацінна-шчотачны камбінат, элеватар, заводы маслабойны, цагельныя, кафляны, вапнавы. У 1933—37 рэканструяваны інсуючыя, створаны новыя прадпрыемствы. У 1938 у Віцебску дзейнічала 209 прадпрыемстваў (разам з арцелямі). Выпускалася 28% прамысл. прадукцыі, працавала 81 тыс. рабочых. У 1940 заснаваны Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна. Пасля вызвалення Віцебска ад ням.-фаш. захопнікаў першымі былі адноўлены станкабудаўнічыя з-ды; заснаваны Віцебскі завод заточных станкоў. У 1948—50 створаны мэблевая ф-ка (гл.«Віцебскмэбля»), дывановы камбінат (гл.«Віцебскія дываны»). З 1951 працуе з-д Металмаш (гл.Віцебскі прыладабудаўнічы завод), з 1955 — Віцебская шаўкаткацкая ф-ка (гл.Віцебскі камбінат шаўковых тканін), з-д зборнага жалезабетону, буйнапанэльнага домабудавання, з 1960 — Віцебскі завод трактарных запасных частак. Індустрыяльнае развіццё актывізавалася ў 1960—70-я г. Зараз Віцебск — буйны прамысл. і культ. цэнтр, дае каля 1/3 валавой прадукцыі вобласці. Развіта машынабудаванне і металаапрацоўка (Віцебскі станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава, Віцебскі завод тэхналагічнага абсталявання «Эвістар», «Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Маналіт» і інш.), лёгкая (Віцебская прамыслова-гандлёвая фірма «Футра», Віцебскае тэкстыльнае вытворчае аб’яднанне, «Белвест» і інш.), харчовая (мясакамбінат, кандытарскі камбінат «Віцьба», з-ды алейнаэкстракцыйны, кансервавы, макаронная ф-ка, піваварны завод і інш.); дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў (з-ды буйнапанэльнага жалезабетону, дрэнажных труб, керамзітавага жвіру) прам-сць.
Асвета. У 10—11 ст. у Віцебску пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах ствараліся школы, у якіх па царк. кнігах вучылі дзяцей маёмных класаў. Паводле знойдзенай пры раскопках берасцяной граматы, у 13—14 ст. у школах Віцебска вучыліся дзеці купцоў і рамеснікаў. У 14—18 ст. пры праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах і манастырах існавалі школы, езуіцкі (гл.Віцебскі езуіцкі калегіум) і піярскі (1775) калегіумы, дзейнічалі правасл. брацтвы і базыльянскія школы і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. рымска-каталіцкія ордэны адкрывалі жаночыя школы і пансіянаты. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ў Віцебску былі адкрыты рус. школы, вучылішчы, гімназіі. Першая рус. школа адкрыта ў канцы 1770-х г. (у 1784 у ёй навучалася 76 дзяцей). Першая мужчынская гімназія (гл.Віцебская мужчынская гімназія) адкрыта ў 1808, у 1834 — Віцебская настаўніцкая семінарыя, у 1870 — Віцебская Марыінская жаночая гімназія. Мед. работнікаў сярэдняй кваліфікацыі рыхтавала з 1872 Віцебская фельчарская школа. У 1906—13 існавала прыватная Віцебская фельчарска-акушэрская школа. У 1890 адкрыта духоўная семінарыя, а ў 1902 — епархіяльнае жаночае вучылішча. У 1891 у Віцебску 22 навуч. ўстановы, у якіх займалася каля 3500 навучэнцаў, у т. л. павятовыя вучылішчы: двухкласнае (145 навучэнцаў) і аднакласнае (148 навучэнцаў), прыходскае (60 навучэнцаў); 5 б-к, чытальня. У 1910 адкрыты першы на Беларусі настаўніцкі ін-т (гл.Віцебскі настаўніцкі інстытут), пераўтвораны ў 1918 у пед.ін-т, Віцебскае рэальнае вучылішча. У 1911 створана Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1920 засн. механіка-буд. тэхнікум, у 1921 — вышэйшы с.-г. тэхнікум (з 1924 ветэрынарны ін-т), маст. вучылішча. У 1940 у Віцебску 29 ясляў, 53 дзіцячыя сады, 43 агульнаадук. школы, 15 сярэдніх спец.навуч. устаноў, 4 ВНУ, 2 н.-д. ўстановы, 19 дамоў культуры і клубаў. У 1996/97 навуч.г. ў Віцебску 110 дашкольных устаноў, у т. л. дашкольная гімназія, 2 цэнтры развіцця дзіцяці, 7 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, бел. мова, эстэтыка і інш.) і 2 санаторнага тыпу, 4 кампенсуючыя дашкольныя ўстановы, дзіцячы дашкольны дом. Дзейнічаюць 44 агульнаадук. школы (48 317 вучняў, у т. л. 1 ліцэй, 2 гімназіі), школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху і школа-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіх. развіцця; 14 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 9 сярэдніх спец.навуч. устаноў, у т. л.Віцебскі станкаінструментальны тэхнікум, Віцебскі політэхнічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-тэхналагічны тэхнікум, Віцебскі філіял Вышэйшага каледжа сувязі. У Віцебску 4 дзярж.ВНУ: Віцебскі універсітэт, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Віцебскі медыцынскі інстытут, Віцебскі тэхналагічны універсітэт, а таксама Віцебскі філіял Міжнароднага недзяржаўнага інстытута працоўных і сацыяльных адносін.
Архітэктура. Старажытны цэнтр горада — гарадзішча (Замкавая гара) на левым беразе Віцьбы на высокім узгорку, вакол якога ў 9 — пач. 10 ст. ўзніклі 3 паселішчы. У 10—13 ст. Віцебск — умацаваны замак (дзядзінец), да якога далучаўся вакольны горад (пасад). Са збудаванняў таго часу вядома Віцебская Благавешчанская царква. У 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. сфарміраваліся Верхні (б. дзядзінец) і Ніжні (б. пасад), у 16 ст. — Узгорскі замкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой. Уяўленне пра планіроўку і забудову горада дае унікальны графічны дакумент — «Чарцёж» Віцебска 1664. Сярод будынкаў 17 ст.Віцебскі гасціны двор, Віцебская Святадухаўская царква, Віцебская Сімяонаўская царква, Віцебская Спаса-Праабражэнская царква, Віцебская Увядзенская царква, Віцебскі палац Агінскага і інш. У драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве сфарміравалася Віцебская школа дойлідства. Рэгулярныя планы забудовы Віцебска распрацоўваліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. Планіровачна горад падзяляўся на 3 часткі: Узгорскую (паміж Зах. Дзвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзвінскую (на правым беразе Зах. Дзвіны). Сфарміраваўся развіты грамадскі цэнтр горада, які складаўся з Саборнай і Рыначнай плошчаў. У ансамбль Саборнай пл. ўваходзілі касцёл і калегіум езуітаў, Віцебскага акруговага суда будынак. Рыначную пл. фарміравалі ратуша, Васкрасенская царква, касцёл і Віцебскі кляштар бернардзінцаў. На высокім беразе Зах. Дзвіны пабудаваны Віцебскі палац губернатара, у розных частках горада — Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян, Віцебскі Варварынскі касцёл, Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра, Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку, Мікалаеўская, Казанская цэрквы. Сярод грамадскіх будынкаў канца 19 — пач. 20 ст. вылучаліся: мужчынская гімназія, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, Віцебскага духоўнага вучылішча будынак. З пач. 1930-х г. вялося комплекснае буд-ва — ствараліся жылыя пасёлкі каля буйных прамысл. прадпрыемстваў, на гал. магістралях горада будаваліся 4-павярховыя жылыя дамы камунальнага тыпу, Віцебскі жылы дом спецыялістаў, Віцебскі дом-камуна, Віцебскі клуб металістаў. У першыя пасляваен. дзесяцігоддзі праводзілася рэканструкцыя гар. цэнтра, пабудаваны чыг. вакзал, гасцініца «Дзвіна» (арх. В.Ладыгіна, Я.Заслаўскі), будынак Бел.драм. т-ра імя Я.Коласа (арх. А.Максімаў, Т.Рыскіна) і інш. У 1970—90-я г. развіццё горада ажыццяўляецца па генпланах 1975 і 1982. Завершаны ансамбль Перамогі плошчы, аформлена пл. Тысячагоддзя Віцебска (б. Тэатральная). Сярод грамадскіх будынкаў: новыя карпусы мед. (арх. В.Данілаў), пед. (арх. У.Зубкоў, З.Конаш), вет. (арх. А.Грачышнікаў) ін-таў, 12-павярховая гасцініца «Віцебск» (арх. Данілаў, З.Даўгяла), Палац культуры прафсаюзаў (арх. В.Кірылаў, А.Бельскі), кінатэатр «Брыганціна» і летні амфітэатр (арх. В.Бабашкін) і інш. У цэнтр. частцы горада захавалася гіст. планіроўка 16—17 ст., мураваная забудова і асобныя помнікі гісторыі і архітэктуры 18 — пач. 20 ст. У Віцебску дзейнічае абл.арг-цыяБел. саюза архітэктараў (з 1974). Помнікі героям Айч. вайны 1812, П.М.Машэраву, В.З.Харужай. Брацкія магілы і вайск. могілкі сав. воінаў. Батанічны сад.
Мастацкае жыццё Віцебска канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася актыўнасцю. У крас. 1871 тут працавала маст.-археал. выстаўка, дзе экспанаваліся жывапісныя і графічныя творы, фотаздымкі бел. гарадоў, этнагр. прадметы, археал. знаходкі з прыватных збораў. У 1893 адкрыты Віцебскі царкоўнаархеал. музей. У 1898 пачала працаваць Віцебская школа-майстэрня Ю.Пэна. З Віцебшчынай звязана творчасць мастакоў Н.Орды, І.Трутнева, Дз.Струкава, К.Стаброўскага, І.Аскназія, М.Дабужынскага, Я.Мініна і інш., якія зрабілі шматлікія замалёўкі помнікаў стараж. архітэктуры, пейзажаў Віцебска і краю. У 1892—98 у маёнтку Здраўнева пад Віцебскам жыў і працаваў І.Я.Рэпін. У 1919—23 працавала створаная па ініцыятыве М.Шагаланар.маст. школа «новага рэвалюцыйнага ўзору», у якой выкладалі Дабужынскі, Пэн, К.Малевіч, Р.Фальк, А.Бразер, С.Юдовін і інш. У 1919—21 пры школе існаваў музей сучаснага мастацтва, створаны па ініцыятыве Шагала. Фонд складаўся з 120 твораў авангардысцкага характару. У 1925 частка работ перададзена ў Віцебскі абл. краязнаўчы музей. У хуткім часе школа ператварылася ў вышэйшыя маст.-практычныя майстэрні, пазней — у маст. практычны ін-т (існаваў да 1922). У 1919 адбываліся выстаўкі твораў мастакоў-авангардыстаў, дзе акрамя работ віцебскіх жывапісцаў і графікаў экспанаваліся карціны з музеяў Масквы і Петраграда. У 1920—23 дзейнічала арг-цыя«Сцвярджальнікі новага мастацтва», якая мела на мэце замяніць выяўл. мастацтва абстрактнымі формамі вытв.-маст. канструявання. У 1920 выйшлі кнігі Малевіча «Бог не скінуты», «Мастацтва, царква, фабрыка», «Супрэматызм» (у апошняй аўтар выклаў тэорыю новага авангардысцкага кірунку). Выдаваліся часопісы «Искусство» (1921—22) і «Журнал ВИТРОСТА» (Віцебскага аддзялення РОСТА, 1921), плакаты Віцебскія «Окна РОСТА» (1919—22) і інш. На іх старонках публікаваліся матэрыялы пра маст. жыццё горада. У 1923 адкрылася Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, пры якім у 1927 створана аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі (кіраўнік П.Гаўрыленка). Аб’яднанне ў 1928—30 наладжвала ў горадзе маст. выстаўкі. У 1920-я г. пачало дзейнічаць Віцебскае акр.т-ва краязнаўства (кіраўнік М.Каспяровіч), куды ўваходзілі А.Шлюбскі, І.Фурман, З.Гарбавец, І.Гаўрыс, Мінін, М.Эндэ. Члены маст. секцыі т-ва пры маст. вучылішчы збіралі ўзоры нар. мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і г.д. Т-вам выдадзены брашуры «Крашаніна» (1925) і «Віцебск у гравюрах С.Юдовіна» (1926) Фурмана, «Беларуская архітэктура» Каспяровіча (1925). Артыкулы Каспяровіча, М.Шчакаціхіна, Гаўрыса, Мініна, Я.Васілевіча па праблемах мастацтва змяшчаліся ў зборніку «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28). У цэлым 1920-я г. вызначаліся вострай барацьбой паміж прыхільнікамі авангардызму і рэаліст. мастацтва. 12.7.1939 у Віцебску адкрыта маст. галерэя Пэна (экспанавалася каля 100 яго работ). Усяго ў фондах галерэі было каля 800 твораў (асн. частка перададзена ў Нац.маст. музей Беларусі, асобныя творы — у Віцебскі абл. краязнаўчы музей). У 1941 адбыліся 1-я выстаўка выяўл. мастацтва Віцебска і перасоўная выстаўка графікі. Другая абл. выстаўка твораў мастакоў Віцебска і вобласці наладжана ў 1949. Пасля стварэння ў 1952 Віцебскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі маст. жыццё горада актывізавалася. Выстаўкі мастакоў адбыліся ў 1953, 1955, 1957; з 1960 штогод наладжваюцца справаздачныя абл. выстаўкі, а таксама маладзёжныя, групавыя, тэматычныя, персанальныя і інш. У 1970—80-я г. адбыліся тэматычныя маст. выстаўкі: прысвечаныя 1000-годдзю Віцебска, 35-годдзю Перамогі ў Вял. Айч. вайне, 800-годдзю стварэння «Слова пра паход Ігаравы», «Зямля і людзі», «Подзвігу народа жыць у вяках», «У краі блакітных азёр», «Пейзаж нашай Радзімы», «Маладосць Віцебшчыны», «Мастак і экалогія», акварэлі; персанальныя Ф.Гумена, Я.Красоўская, І.Сталярова, У.Вітко, В.Лук’янава, М.Міхайлава, А.Ільінова, В.Ральцэвіча, Л.Анцімонава, В.Някрасава, В.Ціханенкі, П.Явіча, А.Салаўёва, А.Скавародка, А.Толкача, А.Кузьмічова. Творы мастакоў Віцебска экспанаваліся ў Маскве, Мінску, Пскове, Каўнасе, Ленінградзе, Смаленску, Зялёнай Гуры, у Віцебску — мастакоў з Мінска, Латвіі, Зялёнай Гуры, Франкфурта-на-Одэры, «Сучаснае мастацтва Ноўгарада» і інш.
Сярод экспазіцый 1990-х г. выстаўкі, прысвечаныя 75-годдзю Віцебскай маст. школы, «Пленэр-90», групы УБІКУС, «Віцебскі габелен», «Віцебская акварэль: гісторыя і сучаснасць», творы польскіх графікаў, «Барока на Беларусі», «І.Рэпін. Малюнкі», твораў М.Шагала, фінскага мастака А.Ахола-Вало, «Лепшы твор года», серыя выставак «Інфармэйшэн», «Новыя імёны»; групавыя і персанальныя выстаўкі Г.Шутава, Толкача, А.Мемуса, А.Каржанеўскага, У.Кухарава, А.Кавалёва, Гумена, У.Вольнава, Т.Беразоўскай, А.Някрасава, А.Кастагрыза, А.Ізаіткі, І.Сталярова, У.Напрэенкі, М.Дудзіна, М.Ляўковіча, Л.Мядзведскага, А.Карпана, А.Слепава, І.Шкуратава, В.Ляховіч, А.Ільінова, М.Драненкі і інш. Выстаўкі віцебскіх майстроў выяўл. мастацтва адбыліся ў Маскве, Пецярбургу, Мінску, Гданьску, Жэневе, Брэмене, Нінбургу, Варшаве, Шчэціне, Катавіцах, Берліне, Таронта, Іерусаліме, і адпаведныя выстаўкі гэтых гарадоў у Віцебску. Праведзены 1-ы міжнар. пленэр памяці М.Шагала (1994), 1-ы і 2-і міжнар. пленэры «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» (1994, 1996). Перыядычна адбываюцца выстаўкі твораў самадзейных мастакоў і майстроў нар. мастацтва. Створаны незалежныя творчыя аб’яднанні «Квадрат» (1987), «УБІКУС» (1992), «Віцебская акварэль» (1995). Дзейнічаюць маст. музей, Артцэнтр імя М.Шагала, прыватная галерэя А.Пушкіна.
Літаратурнае жыццё. З Віцебскам звязана дзейнасць многіх бел., рус. і польскіх дзеячаў культуры і мастацтва. У паэзіі Сімяона Полацкага з Віцебскам асацыіруецца паняцце радзімы. У 17 ст. віцебскі ваявода Я.Храпавіцкі склаў «Дыярыуш», «дыялогам» з якога пачаў сваю дзейнасць віцебскі школьны тэатр. У 1768 С.Аверка склаў Віцебскі летапіс, дзе шмат арыгінальных звестак па гісторыі горада. У Віцебску нарадзіліся бел. і польск. паэты Ф.Д.Князьнін, А.Рыпінскі, рус. гісторык і філолаг-славіст А.Л.Пагодзін, вучыўся паэт-рамантык Т.Лада-Заблоцкі, творчасць якога прасякнута любоўю да Беларусі (паэма «Ваколіцы Віцебска» і інш.), жыў А.Дэльвіг. Віцэ-губернатарам Віцебска ў 1853—54 быў рус. пісьменнік І.Лажэчнікаў. У сярэдзіне 19 ст. літаратары Віцебска групаваліся вакол «наддзвінскага дудара» А.Вярыгі-Дарэўскага. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Віцебску і на Віцебшчыне жылі і працавалі бел. этнографы і фалькларысты Е.Раманаў, М.Нікіфароўскі, В.Астаповіч, краязнаўцы А.Сапуноў, У.Стукаліч, пісьменнік А.Пшчолка. У літ. жыцці Віцебска ўдзельнічалі рус. пісьменнікі. У горадзе бывалі Г.Дзяржавін (1799, 1800), які ў сваіх «Запісках» (1859) адзначаў нац. самабытнасць бел. народа, А.Пушкін (1820, 1824), М.Гогаль (1828), Т.Шаўчэнка (1843, 1847), І.Бунін (1889), збіраў матэрыялы для нарысаў Г.Успенскі (1890).
У 1924—28 у Віцебску дзейнічала акруговае аддзяленне літ. аб’яднання «Маладняк». Частымі гасцямі Віцебска былі Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, іх п’есы ставіліся на сцэне Віцебскага т-ра. У 1958 выйшаў літ.-маст. Альманах «Дзвіна». Дзейнічаюць абласныя аддзяленні Бел. саюза журналістаў (з 1970), Саюза бел. пісьменнікаў (з 1980). Пры Віцебскім пед. ін-це (з 1993 ун-т) створаны літ. музей; экспануюцца рукапісы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі пісьменнікаў-землякоў. У горадзе жывуць і працуюць пісьменнікі В.Беляжэнка, П.Ламан, У.Папковіч, А.Салтук, Д.Сімановіч.
У 1797—1917 працавала Віцебская губернская друкарня, якая надрукавала больш за 250 назваў кніг і больш за 400 друкаваных выданняў, у т. л. «Памятную кніжку Віцебскай губерні» (з 1860), «Агляд Віцебскай губерні» (з 1885) і інш. У 1883—88 А.Сапуновым апублікаваны зб. дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст.«Віцебская даўніна». Грамадска-палітычны перыяд. друк канца 19 — пач. 20 ст. прадстаўлялі газ.«Витебский листок» (1898—99) і «Витебская жизнь» (1906). Правасл. царква выдавала «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874—1916). Афіц. органам Віцебскага губ. праўлення былі «Витебские губернские ведомости» (1838—1918), якія складаліся з афіц. і неафіц. аддзелаў. Неафіц. аддзел меў значэнне самаст. выдання і з 1901 выдаваўся асобна (у 1906—07 замест яго выходзіла прыватная газета «Витебский голос», у 1912—17 — газ.«Витебский вестник»). У 1916—17 выдаваўся штотыднёвы грамадска-паліт. і літ.час. ліберальнага кірунку «Витебский край», у 1916—19 прыватная газ. «Витебский листок». Кніжныя выданні гэтага перыяду — у асн. адбіткі з «Витебских губернских ведомостей». У 1917 выходзіла газ. «Известия военно-революционного комитета города Витебска», якая ў далейшым шмат разоў мяняла назву (у 1924—29 называлася «Заря Запада», у 1929—38 — «Віцебскі пралетарый»), з крас. 1937 «Віцебскі рабочы» (цяпер абл., незалежная). У грамадз. вайну ў Віцебску створана новая газ. «Голос бедняка» (1918). У 1919—1920-я г. выдаваліся час. «Коммунистический труд» [1919—23, выд. губкома РКП(б) і губпрафсаюза], «Голос труда» (1920—21, прафсаюзны), «Віцебская сялянская газета» (1924—27). У гады Вял. Айч. вайны на акупіраванай тэрыторыі з 1942 і ў прыфрантавой паласе распаўсюджвалася газ. «Віцебскі рабочы».
Выходзяць газеты: «Народнае слова» (абл., з 1990), «Жыццё Прыдзвіння» (раённая, з 1938, да 1991 «Ленінская праўда»), «Витебский курьер М>» (гар., з 1990), «Віцьбічы» (гар., з 1991), «Выбар» (гар., з 1991) і інш. Віцебскае абл. радыё працуе з 1927, абл. студыя тэлебачання з 1960.
Тэатральнае жыццё. У сярэднявеччы на Каляды ў Віцебску наладжваліся тэатралізаваныя гульні-паказы. З канца 17 ст. і да 1870-х г. адбываліся нар. лялечныя паказы жлоба, паказы нар. драмы «Цар Максімілян»; дзейнічаў Віцебскі школьны тэатр. У 1805, 1806 горад наведвалі польск. трупы М.Кажынскага, паміж 1808 і 1812 — А.Руткоўскага. У 1840-я г. ў Віцебску існаваў хатні т-р ген.-губернатара А.М.Галіцына, у якім выступаў і балетны ансамбль пад кіраўніцтвам М.Піёна. 23.12.1845 тут адкрыўся гар. т-р. У ім працавалі Віцебскі балет Піёна, драм. трупа Я.Чаховіча (1847—49); гастраліравалі рус., укр., польск. трупы, акцёры М.Іваноў-Казельскі, У.Давыдаў, М.Дальскі, К.Гарын, В.Далматаў, П.Арленеў і інш. У 1850—60-я г. наладжваліся аматарскія спектаклі і канцэрты. У 1900-я г. дзейнічалі мясц. трупы пад кіраўніцтвам П.Папова-Волхаўскага, Е.Кавалеўскага, К.Вітарскага, А.Вяхірава. Іх рэпертуар быў вельмі разнастайны: побач з т.зв. касавымі спектаклямі, развесяляльнымі п’есамі, вадэвілямі, камедыямі, меладрамамі ставіліся і класічныя творы. Прыкметную ролю ў культ. жыцці Віцебска адыгрывалі аматары: з пач. 1900-х г. арганізоўваліся беларускія вечарынкі, у 1906—14 існаваў Віцебскі музычна-драматычны гурток. З пач. 1920-х г. сталі пашыранымі агітац. віды мастацтва: для рабочых і чырвонаармейцаў наладжваліся канцэрты-мітынгі, ствараліся тэатр. гурткі, працавалі Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры, Віцебскі губернскі паказальны тэатр, агітацыйна-маст. калектыў «Сіняй блузы», Піянерскі т-р, на базе якога створаны т-р рабочай моладзі (1931—34). З ліст. 1926 у Віцебску дзейнічае прафес.драм. т-р, які і цяпер з’яўляецца цэнтрам тэатр. жыцця горада (гл.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Працуе Беларускі тэатр «Лялька», дзейнічаюць шматлікія самадзейныя калектывы, прыязджаюць з гастролямі т-ры Беларусі і б. рэспублік СССР. Віцебск — месца правядзення тэатр. фестываляў: Першага бел.тэатр. (1986), Тэатр. марафона (1993), прысвечанага дню т-ра, і інш.
Музычнае жыццё Віцебска да пач. 19 ст. развівалася пераважна ў формах хатняга музіцыравання, канцэртаў мясц. аматараў і гастралёраў. У 1-й пал. 19 ст. яно канцэнтравалася вакол навуч. устаноў, пераважна жаночых пансіёнаў, дзе выхаванкі навучаліся ігры на фп. і спевам, выступалі з канцэртамі. У 1845—47 працаваў Віцебскі балет Піёна. З канца 19 ст. пры т-ры дзейнічаў прафес.сімф. аркестр. Пры муз. т-рах існавалі класы спеваў, ігры на фп. і скрыпцы; выкладалася тэорыя музыкі. Віцебскі музычна-драматычны гурток і Т-ва прыгожых мастацтваў (пач. 20 ст.) штотыднёва наладжвалі канцэрты аматараў і прафесіяналаў. У 1915 у Віцебску арганізавана аддзяленне Рус.муз.т-ва і муз. класы пры ім. У горадзе гастралявалі Л.Аўэр, І.Гофман, С.Кусявіцкі, С.Рахманінаў і Т.Туа, Р.Піньё, П.Сарасатэ, Л.Собінаў, Я.Хейфец. У 1919 праведзены 1-ы з’езд настаўнікаў спеваў і муз. дзеячаў Віцебскай губ. Асяродкам развіцця муз. культуры стаў сімф. аркестр (120 музыкантаў; дырыжор Б.Сухадрэў). У 1918 адкрылася нар. кансерваторыя, яе і сімф. аркестр узначаліў дырыжор М.Малько. Працаваў хор нар. кансерваторыі на чале з М.Анцавым. У 1922 кансерваторыя рэарганізавана ў муз. тэхнікум (з 1935 муз. вучылішча). Сіламі яго навучэнцаў у 1920-я г. пастаўлены оперы «Фауст» Ш.Гуно і «Русалка» А.Даргамыжскага. У наш час муз. цэнтр Віцебска — Віцебская абласная філармонія і муз. вучылішча. Працуюць 5 муз. школ, школа і вучылішча мастацтваў, абл. аддзяленне Бел. саюза муз. дзеячаў, шматлікія самадз.муз. і харэаграфічныя калектывы (каля 30 маюць званне народных і ўзорных). Праводзяцца шматлікія фестывалі і конкурсы, у т. л.міжнар. фестывалі «Славянскі кірмаш», імя І.І.Салярцінскага, сучаснай харэаграфіі, бальных і спарт. танцаў «Веснавыя россыпы», «Парад надзей», «Віцебская сняжынка», конкурсы гітарнай музыкі «Віцебскі лістапад», «Менестрэль» і інш.
Літ.:
Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980;
Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЫРГЫЗСТА́Н, Кыргызская Рэспубліка (Кыргыз Рэспублікасынын),
дзяржава на ПнУ Сярэдняй Азіі. Мяжуе на Пн з Казахстанам, на З з Узбекістанам, на Пд з Таджыкістанам, на ПдУ і У з Кітаем. Падзяляецца на 6 абласцей. Пл. 198,5 тыс.км². Нас. 4,6 млн.чал. (1997). Сталіца — г.Бішкек. Дзярж. мова — кіргізская, мова міжнац. зносін — руская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 жніўня).
Дзяржаўны лад. К. — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1993, мадыфікаваная ў 1994. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — аднапалатны парламент, 105 дэпутатаў якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прэм’ер-міністра якога назначае прэзідэнт. Судовую сістэму краіны ўзначальвае Вярх.суд. Ніжэйшыя суд. звёны — абл. і раённыя суды. Суддзі выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў.
Прырода. К. — адна з высакагорных краін свету. Размешчана ў межах Паміра-Алая на ПдЗ і Цянь-Шаня на ПнУ. Характарызуецца вышынямі больш за 500 м, каля 72 яе плошчы ляжыць на выш. ад 1000 да 3000 м, 73 — ад 3000 да 4000 м. Хрыбты распасціраюцца ад горнага вузла з пікамі Перамогі (найвыш. пункт краіны, 7439 м) і Хан-Тэнгры (6995 м) трыма буйнымі дугамі. Паўн. дугу складаюць хрыбты Кюнгёй-Ала-Тоо, Кіргізскі, Таласкі Алатау, Чаткальскі; сярэднюю — хрыбты Тэрскей-Ала-Тоо, Молда-Тоо, Суусамыр-’Гоо, якія на З прылягаюць да Ферганскага хр.; паўд. — хрыбты Ат-Башы, Какшаал-Тоо. На ПдЗ — хрыбты Алайскі, Туркестанскі, Заалайскі. Горныя хрыбты чаргуюцца з далінамі і катлавінамі, найб. з іх Чуйская, Ісык-Кульская, Талаская, Нарынская, Алайская, частка Ферганскай. Тэр. К. характарызуецца высокай сейсмічнасцю. Карысныя выкапні: ртуць (Хайдарканскае, Чаўвайскае радовішчы), сурма (Кадамджайскае, Тэрэк-Сайскае), свінцова-цынкавыя і жал. руды, нефелінавыя сіяніты, малібдэн, вальфрам, кобальт, волава, мыш’як, золата, медзь. Ёсць радовішчы каменнага і бурага вугалю, нафты і газу, солі, серы, барытаў. Вял. запасы буд. матэрыялаў (гліны, вапнякі, мармур, граніт). Каштоўныя і вырабныя камяні. Крыніцы мінер. вод. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ў Ферганскай даліне (Джалал-Абад) -1,5 °C, у паўн. далінах -5,3 °C, у высакагорных далінах -17,5 °C, ліп. адпаведна 25,7 °C, 22,9 °C, 9,2 °C. Ападкаў за год 100—200 мм на ўнутр. схілах гор, 400—500 мм у ніжніх зонах зах. і паўн. схілаў, 800—1000 мм на сярэдніх вышынях. На выш. больш за 5000 м клімат арктычны, летнія т-ры ніжэй 0 °C. Снегавая лінія на выш. 3500—4600 м. Пашыраны ледавікі, найб. з іх Паўд. Іныльчэк (даўж. 59,5 км), Паўн. Іныльчэк (38,2 км), Каінды (29 км). Агульная пл. зледзянення 6578 км². Гал. рэкі: Нарын, Чу, Талас, Кызыл-Суу, Сары-Джаз, Чаткал, іх жыўленне пераважна ледавіковае і снегавое. Каля 3 тыс. азёр; буйныя — Ісык-Куль (салёнае), Сонг-Кёль (прэснае), Чатыр-Кёль (саленаватае). Глебы пераважна горныя, у перадгор’ях да выш. 1200 м шэразёмы, у міжгорных упадзінах і на горных схілах да выш. 3000 м светла- і цёмна-каштанавыя, вышэй — горналугавыя; у Ісык-Кульскай катлавіне горныя чарназёмы, высока ў гарах высакагорна-пустынныя глебы. У перадгор’ях палыновыя, злакавыя і палынова-злакавыя стэпы, вышэй у гарах разнатраўна-злакавыя лугі. Вышэй зоны лугоў пачынаецца зона лясоў з грэцкага арэху, клёну, елкі, піхты, потым — высакагорныя лугі. У далінах і катлавінах Унутр. Цянь-Шаня камяністыя пустыні, сухія стэпы і паўпустыні. Жывёльны свет багаты і разнастайны: каля 80 відаў млекакормячых, 336 відаў птушак, каля 35 відаў паўзуноў і земнаводных, больш за 30 відаў рыб. Запаведнікі: Ісык-Кульскі, Сары-Чэлекскі, Беш-Аральскі, Сонг-Кёльскі, Нарынскі. Нац. парк Ала-Арча.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кіргізы (60,8%). Жывуць рускія (15,3%), узбекі (14,3%), украінцы (1,5%), немцы, татары, казахі, карэйцы, уйгуры, таджыкі, дунгане і інш. Пануючая рэлігія — іслам суніцкага толку, ёсць хрысціяне (праваслаўныя). Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены даліны і міжгорныя катлавіны. У гарадах жыве 34% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Бішкек — 595,3, Ош — 239, Джалал-Абад — 80, Такмак — 72, Балыкчы — 65, Кара-Балта — 55. У эканоміцы краіны занята (1996) 1650 тыс.чал., у т. л. ў сельскай і лясной гаспадарцы 49%, у прам-сці і буд-ве 16%.
Гісторыя. Людзі на тэр. К. пасяліліся больш за 300 тыс. гадоў назад. У далінах рэк Он-Арча (Цэнтр. Цянь-Шань) і Хаджа-Бакіргансай (бас.р. Сырдар’я) знойдзены прылады працы эпохі ніжняга палеаліту, у далінах рэк Ісфара, Капчыгай і Ахна — сярэдняга палеаліту (мусцьерская культура). У Чуйскай даліне, на берагах воз. Ісык-Куль і ў Цэнтр. Цянь-Шані выяўлены рэшткі неалітычных стаянак, з іх найб. вядомая пячора Ак-Чункур у даліне р. Сары-Джаз. Акрамя прылад працы і гліняных пасудзін тут захаваліся наскальныя выявы людзей і жывёл (3—4-е тыс. да н.э.). Да 5—3-га тыс. да н.э. адносіцца ўзнікненне жывёлагадоўлі і земляробства. У канцы 3 — пач. 2-га тыс. да н.э. тут пашырыліся медныя, потым бронзавыя прылады працы. У сярэдзіне 2 — пач. 1-га тыс. на Пд К. жылі земляробчыя (чусцкая культура), а на Пн пастухоўска-земляробчыя (адронаўская культура) плямёны. З пашырэннем жал. прылад працы (6—7 ст. да н.э.) склаліся 2 формы гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля і земляробства. Паўн. раёны К. ўваходзілі ў саюзы качавых плямён: сакскі (7—3 ст. да н.э.) і усуньскі (2 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.), паўднёвыя — у дзяржаву Паркан (2—1 ст. да н.э.) і Кушанскую дзяржаву (1—4 ст.н.э.). У 6—7 ст.тэр. К. ўваходзіла у склад Зах-Цюркскага каганата (гл.Цюркскі каганат), сталіца якога (г. Суяб) знаходзілася ў Чуйскай даліне. У пач. 8 ст. тут усталявалася ўлада плямён цюргешаў. У сярэдзіне 8 ст. з зах. Алтая на Цянь-Шань перасяліліся карлукі, якія стварылі Карлукскі каганат. Яго насельніцтва трымалася шаманізму, зараастрызму і хрысціянства, з 8 ст. пачалося пашырэнне ісламу. З сярэдзіны 10 да сярэдзіны 12 ст. К. з’яўляўся асн. удзелам Караханідаў дзяржавы. Толькі ў Чуйскай даліне было больш за 10 гарадоў — цэнтраў рамяства і гандлю, значнага развіцця дасягнула архітэктура (маўзалей ва Узгене, мінарэт Буран і інш.). У сярэдзіне 12 ст. большая частка К. заваявана кіданямі. У пач. 13 ст. сюды ўварваліся манголы, большая частка тэр. К. ўвайшла ў Джагатайскі (Чагатайскі) улус. У выніку манг. нашэсця былі зруйнаваны і разбураны гарады, спустошаны земляробчыя аазісы. Пануючай галіной гаспадаркі стала экстэнсіўная качавая і паўкачавая жывёлагадоўля. У 13—15 ст. з вярхоўяў р. Об на тэр. К. перасяліліся кімакска-кірг. плямёны, што сталі ядром аб’яднання разнастайных цюркскіх этнасаў у адзіную кірг. народнасць. Да канца 15 ст. склалася самаст.кірг. ханства. У 16—17 ст. яно вяло барацьбу за незалежнасць з Айрацкім ханствам, у канцы 17 ст. было ім заваявана. Пасля разгрому Айрацкага ханства маньчжурамі ў 1758—59 К. увайшоў у склад Цынскай імперыі, але яе ўлада была намінальнай. У 1830—40-я г. К. заваяваны Какандскім ханствам. Какандцы пабудавалі шэраг крэпасцей, на месцы іх выраслі гарады Пішпек (Бішкек), Такмак і інш. Грамадска-эканам. лад кіргізаў меў патрыярхальна-феад. характар, плямёнамі кіравала феад. знаць — манапы і баі. У 1860-я г. паўночны, а пасля ліквідацыі ў 1876 Какандскага ханства і паўд. К. увайшоў у склад Расійскай імперыі. У 1867—1917 у Туркестанскім ген.-губернатарстве, тэр. К. была падзелена паміж Сямірэчанскай, Сырдар’інскай, Ферганскай і Самаркандскай абласцямі. Спрыяльныя кліматычныя ўмовы прыцягвалі сюды і рус. сялян-перасяленцаў, колькасць якіх асабліва павялічылася ў час Сталыпінскай аграрнай рэформы. У выніку ў К. склаўся значны асяродак рускамоўнага насельніцтва. Пад яго ўплывам пачаўся пераход кіргізаў да аселасці. З’явіліся першыя прамысл. прадпрыемствы, у т. л. па здабычы вугалю ў Кызыл-Кіі і Сулюкце, нафты ў Майлі-Саі. Летам 1916 большая частка тэр. К. была ахоплена Сярэднеазіяцкім паўстаннем 1916.
Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 ў Расіі ў К. створаны Саветы рабочых і сял. дэпутатаў, узніклі першыя нац. аб’яднанні. 1.1.1918 сав. ўлада ўсталявана ў Пішпеку, а ў маі—чэрв. 1918 — на ўсёй тэр. К. З крас. 1918 К. у складзе Туркестанскай аўт.сав.сацыяліст. рэспублікі. У 1921 праведзена зямельна-водная рэформа на Пн, а ў 1927 і на Пд К. 2.10.1920 адбылася Джэтысайская мусульм.парт. канферэнцыя, з якой пачаўся ўдзел кірг. насельніцтва ў сацыяліст. будаўніцтве. 14.10.1924 створана Кара-Кірг. (з 25.5.1925 Кірг.) аўт. вобласць, якая 1.2.1926 ператворана ў Кірг.аўт.сав.сацыяліст. рэспубліку. 5.12.1936 абвешчана Кірг.Сав.Сацыяліст. Рэспубліка (КССР), 23.3.1937 прынята канстытуцыя К., а 23.4.1937 створана камуніст. партыя (бальшавікоў) К., пазней — Камуніст. партыя К. (КПК). У час існавання КССР (1936—91) адбыўся пераход кіргізаў да аселасці, была ліквідавана непісьменнасць, сфарміравана нац. інтэлігенцыя. У пач.перабудовы 1-м сакратаром ЦККПК выбраны А.Масаліеў (у крас.—снеж. 1990 Старшыня Вярх. Савета КССР) і прыняты закон аб дзярж. статусе кірг. мовы. Да 1990 узніклі апазіц. арг-цыі, найбуйнейшая з іх «Ашар». Яе дзеянні ў Ошскай вобл. прывялі да міжнац. сутыкненняў з узбекамі, у выніку якіх загінулі сотні людзей. Было ўведзена надзвычайнае становішча (скасавана ў вер. 1995). У 1990 Вярх. Савет выбраў першым прэзідэнтам А.Акаева. У снеж. 1990 КССР перайменавана ў Рэспубліку К. (з 1993 Кыргызская Рэспубліка). У жн. 1991 забаронена КПК (адноўлена ў сярэдзіне 1992). 31.8.1991 абвешчана незалежнасць К., 12.10.1991 на першых усенар. выбарах прэзідэнтам выбраны Акаеў (перавыбраны ў 1995). 13.12.1991 К. далучыўся да СНД. 5.5.1993 прынята канстытуцыя, якой К. абвешчаны парламенцкай рэспублікай. Паводле вынікаў рэферэндуму (кастр. 1994) створаны двухпалатны парламент (Жагорку кенеш), выбары ў які адбыліся ў лют. 1995. На рэферэндуме ў лют. 1996 большасць насельніцтва выказалася за пашырэнне паўнамоцтваў прэзідэнта, наданне рус. мове роўнага статуса з кірг., што зменшыла міграцыю рускамоўнага насельніцтва з К. (са 100 тыс. у 1994 да 20 тыс. у 1996). У сак. 1996 сумесна з Беларуссю, Расіяй і Казахстанам К. заключыў дагавор аб мытным саюзе. К. — член ААН (з 1992), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя», Сусв.гандл. арг-цыі (з 1998). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 21.1.1993.
Палітычныя партыі і рухі. Грамадз. рух «Адзілет», Агр. партыя К., Партыя нац. адраджэння «Асаба», Сац.-паліт. рух «Ашар», Партыя «Ата-Мекен», Дэмакр. партыя К., Кірг.камуніст. партыя, Аб’яднаная партыя К., Сацыял-дэмакр. партыя К. і інш.
Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 склаў 5,4 млрд.дол. ЗША (1140 дол. на душу насельніцтва). На долю дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый прыпадала 24%, на долю прыватнага сектара — 72% занятых. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны, яе доля ў ВУП складае 43%. С.-г. ўгоддзі займаюць 6,8 млн.га, у т. л. ворныя землі 1,3 млн.га, сенажаці і пашы 5,5 млн.га. Пл. арашальных угоддзяў 1 млн.га. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля, якая дае 65% таварнай с.-г. прадукцыі. Вылучаецца танкарунная авечкагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): авечак і коз — 3716, буйн. раг. жывёлы — 848, коней — 314, свіней — 88, птушкі — 2122. Вытв-сць мяса (у забойнай вазе) 180,2 тыс.т, малака 882 тыс.т, яец 159,3 млн. штук. Настрыг воўны 12,2 тыс. т. Развіта шаўкаводства (на Пд), пчалярства, рыбалоўства (на воз. Ісык-Куль). Земляробства пераважна ў далінах. Пасяўная пл. (тыс.га, 1996) 1193,6, у т. л. пад збожжавымі культурамі 616,2, тэхн. — 126, кармавымі — 363,9, бульбай і агароднінна-бахчавымі — 87,5. Збор (тыс.т) пшаніцы —964. ячменю — 166, кукурузы — 182, рысу — 9, цукр. буракоў — 189,8, бавоўны — 73,1, тытуню — 17,9, бульбы — 662,4 агародніны і бахчавых — 368,5. Сеюць эфіраалейныя культуры, лек. мак. Садоўніцтва, вінаградарства і субтрапічнае пладаводства (персікі, гранаты, хурма). Насенняводства (цукр. буракі, люцэрна). На долю прамысловасці прыпадае каля 13% ВУП. Вядучая галіна — машынабудаванне (27% прамысл. прадукцыі). Вытв-сцьс.-г. машын, металарэзных станкоў, электрарухавікоў, фіз. прылад, ЭВМ (Бішкек), электралямпаў (Майлуу-Суу), аўтаагрэгатаў (Джалал-Абад), электратэхнікі (Каракол), помпаў (Ош). Суднабудаванне і суднарамонт у г. Балыкчы. Здабыча і абагачэнне ртутных, сурмяных і свінцова-цынкавых руд, вытв-сць сурмы (Карамджай) і ртуці (Хайдаркан). Паліўнаэнергет. комплекс уключае здабычу каменнага і бурага вугалю (Кызыл-Кія, Таш-Кумыр, Сулюкта, Кок-Янгак), нафты і прыроднага газу (Майлуу-Суу). У 1996 здабыта 432 тыс.т вугалю, 84 тыс.т нафты, 25,6 млн.м³ прыроднага газу. Нафтаперапрацоўчы з-д у г. Джалал-Абад. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ГЭС (Курпсайская, Тактагульская, Учкурганская, Таш-Кумырская) і буйных ЦЭС (Бішкек, Ош). У 1996 выпрацавана 13,7 млрд.кВтгадз электраэнергіі. З галін лёгкай прам-сці вылучаецца першасная апрацоўка бавоўны і воўны (Ош, Такмак, Джалал-Абад, Кара-Суу). Развіты баваўняная, шаўковая (Ош), камвольна-суконная (Бішкек), гарбарна-абугковая (Бішкек, Ош, Каракол, Джалал-Абад), валюшна лямцавая (Такмак), трыкат. і швейная прам-сць. Вытв-сць дываноў (Кара-Балта, Узген). З галін харч. прам-сці развіты мяса-малочная (Бішкек, Ош, Балыкчы), цукр. (6 з-даў у Чуйскай даліне), кансервавая, алейнаэкстракцыйная, тытунёвая, кандытарская. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, шкло, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, вырабы з мармуру і граніту). Хім. і хіміка-фармацэўтычная прам-сць у Бішкеку. Дрэваапр.прам-сць, у т. л. мэблевая, у гарадах Бішкек, Ош, Джалал-Абад. Нар.маст. промыслы (Ош). Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 19,3 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 17,3 тыс.км. Гал. аўтадарогі: Бішкек—Нарын—Кёк-Айгыр, Бішкек—Алматы, Бішкек—Ош, кальцавая дарога вакол воз. Ісык-Куль. Даўж. чыгункі 371 км. Суднаходства па воз. Ісык-Куль. 2 аэрапорты. Праз тэр. К. праходзіць газаправод Бухара—Ташкент—Бішкек—Алматы, дзейнічае газаправод Майлуу-Суу—Джалал-Абад—Ош. Ісык-Кульская курортная зона (Чалпон-Ата, Джэргалан, Ак-Суу, Джэты-Агуз, Тамга), курорты Джалал-Абад, Ісык-Ата, Кызыл-Булак. Экспарт (580 млн.дол. ЗША, 1996) канцэнтратаў каляровых металаў, ртуці, сурмы, прадукцыі сельскай гаспадаркі, машынабудавання і лёгкай прам-сці. Імпарт (680 млн.дол. ЗША, 1996) машын і абсталявання, харч. прадуктаў. На краіны СНД прыпадае каля 60% гандл. сувязей. Асн.гандл. партнёры: Расія, Узбекістан, Казахстан, Кітай, ЗША, Афганістан. Знешнегандлёвы абарот К. з Рэспублікай Беларусь у 1997 склаў 17,5 млн.дол. ЗША. Грашовая адзінка — сом.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл, унутр. войск і нац. гвардыі. Агульная колькасць (1996) каля 14 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне — па прызыве. У рэгулярных узбр. сілах 1 дывізія, 9 тыс.чал. асабовага складу. Ва ўнутр. войсках 3,5 тыс.чал. У нац. гвардыі 1 тыс.чал. На ўзбраенні розная баявая тэхніка і стралк. зброя.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,3, жанчын 68,9 года. Смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 95 чал., урачамі — 1 на 319 чал. Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,7%. Дзіцячая смяротнасць — 77 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Друк, радыё, тэлебачанне. Перыядычныя выданні К. выходзяць на кірг., рус., дунганскай і англ. мовах. У 1990-я г. выдаецца каля 140 газет і часопісаў, з іх каля 80 на кірг. мове. Найб. тыраж і папулярнасць маюць: штодзённыя грамадска-паліт. газеты «Эркін Тоо» («Вольныя горы», з 1924), «Асаба» («Сцяг»), «Кыргыз Туусу» («Сцяг Кіргізіі», з 1924), літ.-маст.газ. «Кыргыз маданіяты» («Кіргізская культура»), на кірг. і рус. мовах — «Республика», на рус. мове — «Слово Кыргызстана», «Вечерний Бишкек», «Утро Бишкека», грамадска-паліт. незалежная — «Дело — номер», на англ. мове — «The Chronicle of Kyrgyzstan» («Хроніка Кыргызстана») і інш. Працуе Кіргізскае тэлегр. агенцтва (Кыргызкабар, з 1936). Радыёвяшчанне з 1931 (2 праграмы, на кірг., рус., ням., дунганскай мовах). Рэтрансліруюцца таксама перадачы з Масквы, Алматы, Ташкента. Тэлебачанне з 1956 (на кірг. і рус. мовах).
Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школу, прафес.-тэхн., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Агульнаадук. школа ўключае асн. (1—9 кл.) і сярэднюю (10—11 кл.) школы. Прафес.-тэхн. адукацыю даюць прафес. вучылішчы, сярэднюю спецыяльную — тэхнікумы. У сістэме вышэйшай адукацыі тэрмін навучання 4—6 гадоў (1996). Пасля 4 гадоў навучання выпускнікі атрымліваюць дыплом бакалаўра без права паступлення ў аспірантуру, пасля 5 гадоў навучання — дыплом з правам паступлення, пасля 6 — дыплом магістра. Буйнейшыя ВНУ: Кыргызскі дзярж.нац.ун-т (з 1951, больш за 13 тыс. студэнтаў) і Кыргызскі тэхн.ун-т (каля 14 тыс. студэнтаў) у Бішкеку. Вядучы навук. цэнтр, які ажыццяўляе і каардынуе асн. аб’ём навук. даследаванняў — Нац.АН Кыргызскай Рэспублікі (з 1954). Н.-д. работу вядуць таксама ВНУ і галіновыя н.-д. ўстановы. У Бішкеку буйнейшая Нац.б-ка Кыргызскай Рэспублікі, Дзярж.гіст. музей і Нац. музей выяўл. мастацтваў імя Г.Айтыева.
Літаратура К. ўзнікла на аснове традыцый вуснай нар. творчасці. Жанры кірг. фальклору разнастайныя: пастухоўскія, працоўныя, абрадавыя, лірычныя песні, галашэнні-кашокі, казкі, сказы, легенды, паданні і інш.Найб. значны фальклорны твор — гераічны эпас «Манас». Вядомы таксама і т.зв. малыя эпасы. Папулярызацыі фальклору садзейнічалі акыны Тактагул Сатылганаў, Тагалок Малдо, казачнік-манасчы С.Каралаеў. Запісы фалькл. твораў упершыню зрабіў у 1856 каз. вучоны Ч.Валіханаў. Пісьмовая л-ра К. зарадзілася ў 1920-я г. (паэт А.Такамбаеў, празаік К.Баялінаў). Найб. плённа ў гады станаўлення нац. л-ры развівалася паэзія (Такамбаеў, К.Малікаў, Т.Сыдыкбекаў, Дж.Баканбаеў, Дж.Турусбекаў, М.Элебаеў і інш.). У 1930—40-я г. ўзніклі літ. жанры: паэма (Малікаў, У.Абдукаімаў), драма (Турусбекаў, К.Джантошаў, Баканбаеў), раман (Джантошаў, Сыдыкбекаў) і інш. Паэзія вызначалася навізной вобразаў, грамадз. пафасам, публіцыстычнасцю, проза — маштабнасцю, пераканаўчасцю характараў. Патрыятычным гучаннем прасякнута паэзія Вял.Айч. вайны (Элебаеў, Т.Уметаліеў, Такамбаеў). Вядучае месца ў л-ры К. займае проза: раманы «Кен-Су» (кн. 1—2, 1937—38), «Тэмір» (1939—40), «Людзі нашых дзён» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), трылогія «Жанчыны» (кн. 1—2, 1962—66) Сыдыкбекава, «Каныбек» (кн. 1—3, 1939—48), «Чабан нябесных гор» (1963) Джантошава, «Шлях да шчасця» (кн. 1—2, 1957—62), «Голас нашчадкаў» (1969), «Стальное пяро» (1981) Ш.Бейшэналіева, «Майдан» (ч. 1—2, 1961—66) Абдукаімава і інш. У пасляваен. час развіваецца проза т.зв. малых жанраў, якой уласцівы вастрыня маральна-псіхал. калізій, сучасная інтэрпрэтацыя фалькл. матываў: аповесці Ч.Айтматава, творчасць якога паўплывала на развіццё кірг. прозы ў цэлым, апавяданні (Абдукаімаў, Т.Абдумамунаў, М.Байджыеў), нарысы (Абдумамунаў). Надзённасцю тэматыкі і праблематыкі, складанасцю канфліктаў вылучаецца драматургія (п’есы Малікава, Байджыева, Абдумамунава і інш.). Сучасная л-ра К. тэматычна і жанрава разнастайная, адметная ўвядзеннем новых форм і вобразаў, прадстаўлена пісьменнікамі розных пакаленняў (М.Абылкасымава, Айтматаў, Байджыеў, Бейшэналіеў, М.Джангазіеў, С.Джусуеў, С.Эраліеў і інш). У 1934 засн. Саюз пісьменнікаў К.
Творы бел. пісьменнікаў на кірг. мове з’явіліся ў 1950-я г. Асобнымі выданнямі выйшлі «Вершы» Я.Купалы (1954, 2-е выд. 1982), «Апавяданні» З.Бядулі (1958), аповесць «Міколка-паравоз» М.Лынькова (1960), зб. вершаў і паэм «А дні ідуць» П.Броўкі (1966). Актывізацыя дзейнасці бел. перакладчыкаў прыпадае на 1970—80-я г. Творы Айтматава, Б.Абакірава, Джусуева, Н.Джундубаевай, А.Кыдырава, Уметаліева, Такамбаева і інш. перакладалі Р.Барадулін, В.Вольскі, В.Іпатава, С. Законнікаў, С.Міхальчук, М.Стральцоў, У.Шахавец, Я.Янішчыц і інш. Асобнымі выданнямі выйшлі аповесці і раман «Буранны паўстанак: I вякуе дзень даўжэй за век» Айтматава (1987), «Кіргізскія народныя казкі» (1988).
Архітэктура. Найб. раннія ўмацаваныя паселішчы з глінабітнымі і сырцовымі пабудовамі выяўлены на Пд К. (Шурабашат, 4—1 ст. да н.э.). У 5—10 ст. будавалі крэпасці, замкі феадалаў, гарады (Ош, Узген), гарадзішчы (Ак-Бешым, Бурана, Баласагун) з цытадэллю і гар. ядром — шахрыстанам і ўмацаваным прыгарадам рамеснікаў — рабадам. На Цянь-Шані захаваліся рэшткі гарадоў-ставак цюркскіх ханаў (гарадзішчы Кашой-Курган, Шырдакбек), якія былі абнесены пахсавымі сценамі (выш. да 12 м) з вежамі, а таксама руіны ўмацаванага караван-сарая Чалдывар на р. Манакельды з т.зв. гафрыраванымі сценамі. У 10—12 ст. (дзяржава Караханідаў) узводзілі манум. культавыя пабудовы — мячэці, мінарэты, маўзалеі (цэнтрычны маўзалей Шах-Фазіль у Ошскай вобл., 11—2-я пал. 12 ст.; група з 3 маўзалеяў ва Узгене, 11—12 ст.). На гарадзішчы Бурана захаваўся мінарэт — «вежа Бурана» (пач. 11 ст.; выш. 21,5 м). У выніку манг.-тат. заваявання (1-я чвэрць 13 ст.) гарады заняпалі. Насельніцтва стала качавым, асн. тыпам іх жылля была разборная круглая юрта, накрытая лямцам. З манум. будынкаў узводзілі пераважна маўзалеі (партальна-купальны маўзалей Манаса, 1334) і караван-сараі (Таш-Рабат на р. Каракаюм, 1-я пал. 15 ст.). З сярэдзіны 19 ст. развіваюцца гарады Бішкек, Каракол (Пржавальск), Такмак і інш. з прамавугольнай планіроўкай, дробнымі кварталамі, забудаванымі 1-павярховымі глінабітнымі або сырцовымі дамамі. Пабудовы 1920—30-х г. у духу канструктывізму, з рысамі класіцызму (будынак мед. ін-та ў Бішкеку). У арх. дэкоры выкарыстоўваецца нац. арнамент (Летні т-р у Бішкеку, 1940, арх. Г.А.Градаў). У пабудовах 2-й пал. 20 ст. выкарыстоўваюцца зборны жалезабетон і шкло (будынкі АН у Бішкеку, 1960-я г., арх. Ю.Бялінскі, А.Бачароў). Вядзецца курортнае буд-ва на воз. Ісык-Куль. У 1960—80-я г. створаны новыя генпланы гарадоў. Архітэктура адметная выразнасцю сучасных форм і канструкцый: Кырг. т-р оперы і балета (1955, арх. А.Лабурэнка, з удзелам П.П.Іванова), будынкі музея выяўл. мастацтва (1974, арх. Ш.Джэкшанбаеў), цырка (1976, арх. Л.Сегал). У Бішкеку пастаўлены помнік Тактагулу Сатылганаву (1974). У 1941 засн. Саюз архітэктараў К.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. К. захаваліся наскальныя размалёўкі, ляпная кераміка з геам. ўзорамі эпох неаліту і бронзы. Да 4—1 ст. да н.э. адносяцца ўпрыгожанні з золата і бронзы, размаляваная кераміка, літыя з бронзы фігуркі жывёл, посуд. Да манг.-тат. нашэсця паралельна развівалася мастацтва аселага (кераміка з ляпным ці ўціснутым геам. узорам, гліняныя і тэракотавыя стылізаваныя фігуркі людзей і жывёл, асуарыі — урны для захавання касцей, фрагменты жывапісу, скульптуры) і качавога (накладкі на конскую збрую з металу, спражкі, падвескі-медальёны з арнаментам, выявамі жывёл) насельніцтва. У будыйскіх храмах 5—10 ст. статуі багоў аздаблялі барэльефамі і размалёўкамі (гарадзішча Ак-Бешым у Чуйскай даліне). Мячэці, маўзалеі 10—12 ст. дэкарыраваны ўзорыстай муроўкай з цэглы, разьбой па ганчы і тэракоце (геам. і расл. ўзоры, надпісы). У дэкар.-прыкладным мастацтве пераважала ткацтва дываноў (лямцавыя дываны «шырдакі» з мазаічнымі, аплікацыйнымі ўваленымі ўзорамі; ворсавыя дываны; падвесныя паліцы для юртаў). Вышыўкай аздаблялі насценныя пано з аксаміту ці сукна (туш-«кійізы»), сумкі для посуду, адзенне, плялі ўзорыстыя цыноўкі з травы чый. З серабра рабілі ювелірныя ўпрыгожанні, якія аздаблялі гравіраваным узорам, насечкамі, чарненнем і інш. Для нар. мастацтва характэрны кантрастнасць колеру (найб. пашыранае спалучэнне чырвонага з сінім), ураўнаважанасць кампазіцыі, рытмічнасць. Ва ўзорах пераважалі круглаватыя формы і матыў «барановы рог». У 20 ст. зараджаюцца жывапіс, графіка, скульптура. У станаўленні прафес.выяўл. мастацтва значная роля належыць С.Чуйкову, а таксама жывапісцам В.Абразцову, Г.Айтыеву, С.Акылбекаву, І.Гальчанку, А.Ігнацьеву, скульпт. В.Мануілавай, графікам Л.Ільіной, А.Міхалёву, А.Згібневу. У Вял.Айч. вайну створаны работы ў гонар герояў вайны (помнік І.Панфілаву ў Бішкеку, 1942, скульпт. А. і В.Мануілавы). З 1950-х г. развіваюцца партрэт (Айтыеў, А.Усубаліеў), пейзаж, павялічылася цікавасць да тэматычнай карціны (Л.Дэймант). Сярод мастакоў 1950—60-х г. жывапісцы Усубаліеў, Дж.Кажахметаў, К.Керымбекаў, Дж.Джумабаеў, А.Асмонаў, графік М.Амаркулаў. Развіваюцца скульптура (Т.Садыкаў, А.Мухугдзінаў, манум.-дэкар. мастацтва (рэльефы на мемар. музеі М.В.Фрунзе ў Бішкеку, 1967, мастакі А.Варонін, А.Каменскі, С.Бакашоў). Сярод тэатр. мастакоў А.Арэф’еў, А.Малдахматаў і інш. У 1970—80-я г. створаны работы высокага грамадз. гучання (ансамбль «Манас» у Бішкеку, 1981, скульпт. Садыкаў, арх. А.Пячонкін). Багатыя традыцыі нар. мастацтва працягваюцца ў дыванаткацтве, вышыўцы, вырабах са скуры, у тэкст. і керамічнай вытв-сці. Развіваецца прафес.дэкар.-прыкладное мастацтва (Дж.Уметаў). Мастацтва 1980—90-х г. адметнае пашырэннем тэматычнага кругагляду, імкненнем абнавіць маст.-пластычныя вырашэнні, пошукамі новых сродкаў выразнасці (М.Акынбекаў, Бакашоў, М.Бекджанаў, Т.Касымаў). У 1958 створаны Саюз мастакоў К.
Музыка К. імправізацыйная, у ёй важная роля належыць варыянтна-варыяцыйным прынцыпам развіцця. Фарміравалася ў рэчышчах нар. і нар.-прафес. вусных традыцый. Ладавая аснова — дыятанічныя шасці-, сямі- і больш ступенныя гукарады; характэрна ладавая пераменнасць. Традыц.нар. песні (абрадавыя, працоўныя, лірычныя, дзявочыя, жаночыя, дзіцячыя і інш.) аднагалосыя; інстр. музыка 2- і 3-галосая, асн. жанр — кю (вял. п’еса праграмнага зместу). Сярод нар.муз. інструментаў: камуз (шчыпковы), кыяк (смычковы), чоар (духавы), доал (ударны). Сярод пар. музыкантаў (акынаў, манасчы, ырчы, куудулаў, камузчы, кыякчы, чоарчу, сурнайчы) Тактагул Сатылганаў, Калык Акіеў, Алымкул Усенбаеў, Сагымбай Аразбакаў, Саякбай Каралаеў, Атай Агамбаеў, Муса Баетаў, Куйручук, Ш.Цермечыкаў, Ніязалы, Жалбун, Мураталы Курэнкееў і інш. У 1920—30-я г. створаны драм. п’есы, насычаныя нар. песнямі, муз. драмы. Першыя кірг. оперы — «Месяцавая прыгажуня» У.Уласава, А.Малдыбаева і У.Ферэ (1939) і «Тактагул» А.Вепрыка (1940), балеты — «Анар» (1940), «Арэлі» Уласава і Ферэ, «Чалпон» М.Раўхвергера (абодва 1944). Пазней створаны балет-араторыя «Мацярынскае поле» К.Малдабасанава (паст. 1975), дзіцячыя балеты, муз. камедыі, творы сімф. і кантатна-аратарыяльнага жанраў і інш. У стварэнні нац. опернага і балетнага рэпертуару ўдзельнічалі Уласаў, Ферэ, Малдыбаеў, Раўхвергер, М.Абдраеў, Малдабасанаў, Г.Окунеў, М.Ракаў, С.Раўзаў, у галінах сімф. і кантатна-аратарыяльнай музыкі працавалі Абдраеў, А.Аманбаеў, Н.Даўлесаў, А.Джаныбекаў, Ч.Джумаканаў, Ж.Малдыбаева, С.Медзетаў, А.Мурзабаеў, А.Тулееў, Т.Эрматаў і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Даўлесаў, А.Джумахматаў, Малдабасанаў; спевакі С.Кіізбаева, Малдыбаеў, Б.Мінжылкіеў, Х.Мухтараў, А.Мырзабаеў, К.Сартбаева, Т.Сейталіеў, балетмайстар М.Холфін; артысты балета Б.Бейшэналіева, К.Мадземілава, У.Сарбагішаў, А.Такамбаева, Р.Чакоева. У К. працуюць: Кырг. т-р оперы і балета (з 1942, Бішкек), муз.-драм.т-р (з 1946, Нарын), філармонія (з 1936), дзіцячая філармонія (з 1986), сімф. аркестр Кырг. радыё і тэлебачання (з 1970), аркестр нар. інструментаў (з 1936), Дзярж. ансамбль танца К., Кырг. ін-т мастацтваў, муз. вучылішчы (Бішкек, Ош), больш за 130 муз. школ. У 1939 створаны Саюз кампазітараў К.
Тэатр. Тэатр. элементы былі ў абрадах і нар. гульнях, спаборніцтвах акынаў (айтыш), выступленнях казачнікаў, манасчы, куудулаў (нар. комікаў). Першыя тэатр. паказы на кірг. мове адбыліся ў пач. 20 ст. У 1926 у Бішкеку арганізавана тэатр. студыя, у 1930 ператвораная ў прафес.драм.т-р (з 1936 муз.-драм., з 1942 т-р оперы і балета). Драм. спектаклі на кірг. мове ставіў Т-р юнага гледача (1936—41). У 1941 адкрыты Кырг. драм. т-р. Ставяцца п’есы нац. драматургаў: Т.Абдумамунава, Б.Амураліева, М.Байджыева, Ш.Бейшэналіева, Б.Джакіева, К.Джантошава, А.Кутубаева, К.Малікава, А.Такамбаева, Р.Шукурбекава, рус. і замежная класіка; асобнае месца ў рэпертуары займаюць інсцэніроўкі твораў Ч.Айтматава. Працуюць т-ры: Кырг. драматычны, лялек (з 1938), рус. драмы (з 1935; усе ў Бішкеку), т-ры драм. ў Ошы, муз.-драм. ў Нарыне і інш. Сярод артыстаў: Д.Куюкава, Б.Кыдыкеева, М.Рыскулаў, А.Баталіеў, С.Джаманаў, А.Джанкарозава, Н.Кітаеў, А.Кабегенаў, С.Кумушаліева, А.Кутубаева, Л.Маідава, Р.Мумінава, Т.Хасанава і інш. У кірг. т-рах ставіліся п’есы А.Макаёнка, А.Маўзона і інш.бел. драматургаў.
Кіно. У 1942 у Бішкеку на базе карэспандэнцкага пункта кінахронікі (з 1939) створана студыя кінахронікі (з 1956 кінастудыя дакумент. і маст. фільмаў, з 1961 «Кіргізфільм»). У 1947 зняты першы дакумент. фільм «Савецкая Кіргізія» (рэж. М.Слуцкі). У галіне дакумент. кіно працавалі рэж. Ш.Апылаў, А.Відугірыс («Замкі на пяску», 1967, гал. прыз міжнар. кінафестывалю ў Кракаве), Ю.Герштэйн, Б.Абдылдаеў, Б.Шамшыеў («Манасчы», 1956, гал. прыз міжнар. кінафестывалю ў Оберхаўзене) і інш. Першы маст. фільм — «Салтанат» (1955, рэж.В. Пронін, з кінастудыяй «Масфільм»). Першы самаст.маст. фільм — «Мая памылка» паводле А.Такамбаева (1958, рэж. І.Кобызеў). У 1960—70-я г. ствараліся фільмы паводле твораў пісьменнікаў: «Стрэл на перавале Караш» (паводле аповесці М.Аўэзава «Стрэл на перавале»; 1970, рэж. Шамшыеў), «Пакланіся агню» (паводле Н.Байтэмірава; 1972), «Люты» (паводле аповесці М.Аўэзава «Шэры люты»; 1974, рэж. абодвух Т.Акееў) і інш. Шмат фільмаў пастаўлена паводле твораў Айтматава: «Першы настаўнік» (1965, рэж. А.Міхалкоў-Канчалоўскі), «Мацярынскае поле» (1968, рэж. Г.Базараў), «Джаміля» (1969, рэж. І.Паплаўская), «Белы параход» (1976, рэж. Шамшыеў; Дзярж. прэмія СССР 1977), «Улан» (1977, рэж. Акееў) і інш. У 1980-я г. створаны фільмы «Залатая восень» (1980), «Нашчадак Белага Барса» (1985; рэж. абодвух Акееў), «Воўчая яма» (1984), «Снайперы» (1985; рэж. абодвух Шамшыеў) і інш. З 1977 ствараюцца анімацыйныя фільмы (рэж. С.Ішэнаў, В.Бялоў і інш.). У развіццё кінамастацтва К. вял. ўклад зрабілі: рэж. М.Убукееў, Л.Турусбекава, Ш.Апылаў, К.Акматаліеў; сцэнарысты К.Амуркулаў, Б.Джакіеў, Э.Барбіеў, М.Байджыеў; аператары М.Мусаеў, К.Абдыкулаў, С.Давыдаў; мастакі Дж.Джумабаеў, Б.Джумаліеў; акцёры Б.Кадыкеева, М.Раскулаў, Д.Куюкава, Т.Турсунбаева, Ч.Думанаеў. У 1962 створаны Саюз кінематаграфістаў К.
Літ.:
Петров К.И.К истории движения киргизов на Тянь-Шань и их взаимоотношений с ойратами в XIII—XV вв. Фрунзе, 1961;
Я г о ж. Очерки феодальных отношений у киргизов в XV—XVIII вв. Фрунзе, 1961;
Джамгерчинов Б.Д. Очерки политической истории Киргизии XIX в. Фрунзе, 1966;
Плоских В.М. Киргизы и Кокандское ханство. Фрунзе, 1977;
История Киргизской ССР с древнейших времен до наших дней: В 5 т. Т. 1—4. Фрунзе, 1984—90;
Озмитель Е. Наследие классики и киргизская литература. Фрунэе, 1980;
История киргизской советской литературы. М., 1970;
Нусов В.Е. Архитектура Киргизии с древнейших времен до наших дней. Фрунзе, 1971;
Горячева В.Д. Средневековые городские центры и архитектурные ансамбли Киргизии (Бурана, Узген, Сафид-Булан). Фрунзе, 1983;
Уметаллиева Д.Т. Изобразительное искусство Киргизии. Фрунзе, 1978;
История киргизского искусства. Фрунзе, 1971;
Дюшалиев К. Киргизская народная песня. М., 1982;
Кино Киргизии. М., 1981;
Артюхов О.Б. Кинематографисты Советской Киргизии: Справ. Фрунзе, 1981.
П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), А.Дз.Шапашнікава (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Г.В.Ратнікаў (кіно).
Герб і сцяг Кыргызстана.Да арт.Кыргызстан. Чумышскі гідравузел.Да арт.Кыргызстан. На горнай пашы.Да арт.Кыргызстан. На схілах Цянь-Шаня.Да арт.Кыргызстан. Горная рэчка.Да арт.Кыргызстан. Мінарэт «вежа Бурана» на гарадзішчы Бурана. Пач. 11 ст.Да арт.Кыргызстан. Маўзалей Шах-Фазіль у Ошскай вобл. Канец 11—2-я пал. 12 ст.Да арт.Кыргызстан. Помнік Тактагулу Сатылганаву ў Бішкеку. 1974.Да арт.Кыргызстан. М.Акынбекаў. Мае мамы. 1970.Да арт.Кыргызстан. С.Чуйкоў. Дачка чабана. 1956.Да арт.Кыргызстан. Жаночы халат. 2-я пал. 19 — пач. 20 ст.Да арт.Кыргызстан. Вясельны жаночы касцюм. 1970-я г.Да арт.Кыргызстан. Скульптурна-архітэктурны ансамбль «Манас» у Бішкеку. 1981.Да арт.Кыргызстан. Л.Ільіна. Мацярынскае поле. 1971.Да арт.Кыргызстан. Т.Касымаў. Дыван «Паляўнічы». 1975. Лямец, звальванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЙРАН ((Byron) Джордж Ноэл Гордан) (22.1.1788, Лондан — 19.4.1824),
англійскі паэт-рамантык. Атрымаў па спадчыне тытул лорда; з 1809 чл. Палаты лордаў Брыт. парламента. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1808). У 1816 назаўсёды пакінуў Англію. Удзельнік руху карбанарыяў (1817—23) і нац.-вызв. вайны ў Грэцыі (1823—24). Памёр ад ліхаманкі ў ваен. лагеры (г. Місалунгі). Першы зб. «Вольныя часіны» (1807) пазначаны рысамі рамант. светаадчування. У сатыр. паэме «Англійскія барды і шатландскія аглядальнікі» (1809) выступіў як прыхільнік асветніцкага класіцызму. У ліра-эпічнай паэме «Паломніцтва Чайльд Гарольда» (песні 1—4, 1812—18) расчараванне і горыч суайчыннікаў Байрана, ашуканых вынікамі франц.бурж. рэвалюцыі канца 18 ст., захапленне нац.-вызв. барацьбой народаў супраць захопніцкіх намераў Напалеона І, прыгнёту тур. султана, разважанні пра ход гісторыі і лёс чалавецтва. Пратэст і выклік кіруючым колам Англіі прагучалі ў «Одзе аўтарам біля супраць разбуральнікаў станкоў» (1812), «Песні для лудзітаў» (1816) і інш. У паэмах т.зв. «ўсходняга» цыкла «Гяур» і «Абідоская нявеста» (абедзве 1813), «Карсар» і «Лара» (абедзве 1814), «Асада Карынфа» і «Парызіна» (абедзве 1816) адлюстраваў канфлікт «байранічнага» героя з варожым светам, трагічны зыход бунту. Жанрава разнастайная лірыка Байрана сінтэзавала філасофскія, грамадз. і любоўныя матывы (цыкл любоўна-медытатыўных вершаў па матывах Бібліі «Яўрэйскія мелодыі», 1815; вершы «Бывай!», «Стансы да Аўгусты» і інш.). Душэўны стан паэта-выгнанніка, безвыходная туга і песімізм у вершах «Сон»; «Цемра», напісаных у Швейцарыі (вясна—восень 1816). У філас. драмах «Манфрэд» (1817), «Каін» (1821) бунтарскія матывы «ўсходніх» паэм пераходзяць у багаборніцкія. Свабодалюбствам прасякнуты паэмы «Шыльёнскі вязень» (1816), «Скарга Таса» (1817), «Прароцтва Дантэ» (1819). Рух карбанарыяў і прычыны яго разгрому атрымалі і філас. асэнсаванне ў драмах на гіст. і біблейскія сюжэты «Марына Фальера, дож Венецыі», «Сарданапал», «Два Фаскары» (усе 1821), якія спалучаюць элементы паэтыкі рамантызму і класіцызму. Сатыры «Ірландская аватара» (1821), «Прывід суда» (1822), «Бронзавы век» (1823) — выдатны ўзор паліт. лірыкі 19 ст. У рамане ў вершах «Дон Жуан» (1818—23, не скончаны на 17-й песні), энцыклапедыі еўрап. жыцця на мяжы 18—19 ст., спалучаюцца эпічны размах з лірычнымі адступленнямі, літ. і паліт. палемікай, з’едлівай пародыяй, рамант. тэндэнцыі з рэалістычнымі. Гераічнаму супраціўленню грэч. народа прысвечаны яго апошнія вершы «Песня пра суліётаў», «Апошнія словы пра Грэцыю». Творчасць Байрана моцна паўплывала на развіццё сусв. паэзіі 19—20 ст. На бел. мову творы Байрана перакладалі Э.Агняцвет, Р.Барадулін, П.Броўка, Ю.Гаўрук, П.Глебка, У.Дубоўка, Г.Дубянецкая, Е.Лось, М.Лужанін, Я.Семяжон, М.Танк і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Выбранае. Мн., 1963;
Лірыка. Мн., 1989;
Рус.пер. — Собр. соч. Т. 1—4. М., 1981;
Избр. произв. Т. 1—2. М., 1987;
На перепутьях бытия...: Худож. публицистика. М., 1989.
Літ.:
Елистратова А.А. Байрон. М., 1956;
Кургинян М. Джордж Байрон. М., 1958;
Дьяконова Н.Я. Лирическая поэзия Байрона. М., 1975;
Зверев А. Звезды падучей пламень: Жизнь и поэзия Байрона. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯГРАФІ́ЧНЫЯ ЧАСО́ПІСЫ,
перыядычныя выданні, у якіх вядзецца ўлік і рэферыраванне твораў друку і аўдыёвізуальных матэрыялаў, асвятляюцца пытанні гісторыі, тэорыі, методыкі і арганізацыі бібліягр. дзейнасці. Падзяляюцца на міжнар. і нац., універсальныя і галіновыя.
Бібліяграфічныя часопісы, якія адлюстроўваюць нац. друк, выдаюцца ў большасці краін свету: у Францыі («Bibliographie de la France», «Бібліяграфія Францыі», з 1811), Італіі («Bibliografia nationale Italiana», «Нац. бібліяграфія Італіі», з 1886), ЗША («Cumulative Book Index», «Кумулятыўны паказальнік кніг», з 1898), Расіі («Книжная летопись», з 1907), на Украіне («Літопис книг», «Летапіс кніг», з 1924), у Польшчы («Przegodnik bibliograficzny», «Бібліяграфічны даведнік», з 1946), Кітаі («Цюаньго сінь шуму», «Усекітайскі паказальнік новых кніг», з 1951) і інш. сярод міжнародных бібліяграфічных часопісаў выданні ЮНЕСКА «Index translatonum» («Паказальнік перакладаў», з 1949), «Библиография, документация, терминология» (з 1961). Акрамя універсальных выходзяць галіновыя бібліяграфічныя часопісы: «World list of social science periodical» («Міжнародны паказальнік грамадска-палітычных перыядычных выданняў», ЮНЕСКА з 1980), «Humanities index» («Паказальнік па гуманітарных навуках», ЗША з 1975), «British technology index» («Паказальнік брытанскай тэхналогіі», Вялікабрытанія, з 1962) і інш.
У СССР выходзілі бібліяграфічныя часопісы, у якіх адлюстроўваліся друкаваныя творы на ўсіх мовах народаў СССР: «Нотная летопись» (з 1931), «Летопись периодических и продолжающихся изданий» (з 1933), «Летопись изоизданий» (з 1934) і інш., а таксама бібліяграфічныя часопісы з інфармацыяй (у т. л. і бел.) аб матэрыялах з часопісаў і газет на рус. мове: «Летопись газетных статей» (з 1936), «Летопись рецензий» (з 1935) і інш. Цяпер гэтыя выданні, у т. л. і тэарэтыка-метадычны час. «Библиография», працягваюць выдавацца ў Расіі з расійскімі матэрыяламі. На Беларусі з 1924 Нац. кніжнай палатай Беларусі выдаецца «Летапіс друку Беларусі», які складаецца з 7 тыпаў летапісаў па відах выданняў: «Кніжны летапіс» (з 1924), «Летапіс нотаў» (з 1924), «Летапіс рэцэнзій» (з 1932), «Беларусь у сусветным друку» (з 1946), «Летапіс выяўленчага мастацтва» (з 1955), «Летапіс нарматыўна-тэхнічнай, тэхнічнай дакументацыі і выданняў вузкага прызначэння» (з 1985), «Летапіс картаграфічных выданняў» (з 1994). З 1995 з «Летапісу друку Беларусі» ў самастойныя выданні вылучаны «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца» (з 1925), «Летапіс часопісных артыкулаў» (з 1934) і «Летапіс газетных артыкулаў» (з 1937). У 1932 у БССР выходзіў штомесячны час. «Кніга масам». Нац.б-ка Беларусі (да 1992 Дзярж.б-каБССР) у 1934 выдала 10 нумароў «Крытыка-бібліяграфічнага бюлетэня», у 1954—55 і 1958—59 — бюлетэнь «Новыя кнігі». Выдае штомесячны бюлетэнь «Новыя кнігі. Па старонках беларускага друку» (з 1960), шматгаліновыя бібліяграфічныя часопісы: «Зводны паказальнік замежных перыядычных выданняў, выпісаных бібліятэкамі Рэспублікі Беларусь на... год» (з 1945), «Зводны каталог новых замежных кніг, якія паступілі ў бібліятэкі Рэспублікі Беларусь у ... годзе» (з 1969), «Грамадскія навукі» (з 1969), «Беларуская мова, літаратура, мастацтва» (з 1970), «Новая літаратура па гісторыі і гістарычных навуках Беларусі» (з 1972), «Новая літаратура па культуры і мастацтву Беларусі» (з 1972), «Сістэматычны паказальнік неапублікаваных дакументаў па культуры і мастацтву Беларусі» (з 1978), «Штотыднёвы агляд літаратуры па культуры і мастацтву» (з 1986), «Чарнобыль» (з 1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯХІ́МІЯ (ад бія... + хімія),
біялагічная хімія, навука, якая вывучае хім. састаў арганізмаў і хім. працэсы, звязаныя з іх жыццядзейнасцю. Адрозніваюць статычную біяхімію, якая займаецца пераважна аналізам хім. саставу арганізмаў і цесна ўзаемазвязана з біяарганічнай хіміяй і малекулярнай біялогіяй, дынамічную біяхімію, што даследуе працэсы ператварэння рэчываў у арганізме, і функцыянальную біяхімію, якая высвятляе сувязь паміж хім. ператварэннямі малекул і функцыяй клеткі ці органа (механізмы сакрэцыі, мышачнае скарачэнне, перадача спадчынных уласцівасцяў і інш.), а таксама механізмы рэгуляцыі працэсаў жыццядзейнасці. Паводле аб’ектаў даследавання адрозніваюць біяхімію мікраарганізмаў, раслін, жывёл і чалавека. Шэраг раздзелаў біяхіміі вылучаюць у асобныя навук. дысцыпліны: біяхімія вітамінаў, гармонаў, клінічная біяхімія і інш. Асобна ідуць параўнальная і эвалюцыйная біяхімія, якія займаюцца вывучэннем узаемасувязі паміж рознымі жывымі арганізмамі на малекулярным узроўні.
Як асобная навука біяхімія сфарміравалася ў 19 ст. Гісторыя развіцця біяхіміі бярэ пачатак ад аграхімікаў (ням. ўрач і прыродазнавец Парацэльс, 16 ст., і інш.), якія разглядалі жыццядзейнасць чалавека з пазіцый хіміі, увялі ў практыку лячэння шэраг хім. прэпаратаў. У пач. 19 ст. праведзены даследаванні па вывучэнні хім. саставу раслінных і жывёльных клетак, у 1828 сінтэзавана мачавіна (ням. хімік Ф.Вёлер), у 1842 у Германіі выдадзены першы падручнік па біяхіміі (І.Зіман). Ва ун-тах Еўропы, Расіі (Казань, А.Я.Данілеўскі, 1863) адкрыты кафедры біяхіміі. У 2-й пал. 19 ст. назапашаны некаторыя звесткі пра састаў і хім. пераўтварэнні бялкоў, тлушчу і вугляводаў, працэс браджэння (ням. вучоныя Ю.Лібіх, Э.Бухнер, франц. Л.Пастэр), фотасінтэз (К.А.Ціміразеў). Вял. ўклад у развіццё біяхіміі ў Расіі зрабілі М.В.Ненцкі, адзін з заснавальнікаў тэорыі біясінтэзу мачавіны ў арганізме млекакормячых, Я.С.Лондан (распрацаваў метады ангіястаміі і арганастаміі для прыжыццёвага даследавання абменных працэсаў на цэлым арганізме), У.І.Паладзін і Дз.М.Пранішнікаў (вывучалі абмен азоту ў раслінах), А.М.Бах (заснавальнік школы рус. біяхімікаў; даследаваў хімізм фотасінтэзу і акісляльныя працэсы ў клетцы) і інш.
На Беларусі біяхім. даследаванні праводзяцца з канца 19 ст. Цяпер вядуцца ў біял. ін-тах АН Беларусі, НДІмед. і с.-г. профілю, на адпаведных кафедрах і ў навук. цэнтрах ВНУ. Найб. вядомы працы па біяхіміі фотасінтэзу (Ц.М.Годнеў, А.А.Шлык, А.С.Вечар), глебавых ферментаў (В.Ф.Купрэвіч), біяхіміі мікраэлементаў (В.А.Лявонаў, Ф.Я.Беранштэйн), вітамінаў (Ю.М.Астроўскі), біяхіміі біял. мембранаў (С.В.Конеў), па патахіміі (М.Ф.Меражынскі), біяхіміі апрамененага арганізма (Л.С.Чаркасава). Даследуюцца біяхім. працэсы ў тканках, асобныя праблемы тэхн. біяхіміі, малекулярнай біяхіміі, біяэнергетыкі; вывучаюцца лакалізацыя і ператварэнне рэчываў у клетках і тканках, сувязь паміж будовай біяпалімераў і інш. біялагічна актыўных прыродных злучэнняў з іх функцыямі. Патрабуюць вырашэння праблемы: вывучэнне малекулярных асноў злаякаснага росту, імунітэту, малекулярных механізмаў памяці, асноў рацыянальнага харчавання чалавека і жывёл, малекулярных асноў спадчынных і саматычных захворванняў чалавека, арганізацыі і механізмаў дзейнасці генома, прынцыпаў біял. пазнавання, структуры і функцыі біял. мембранаў, праблемы ўзаемаадносін чалавека і навакольнага асяроддзя.
Літ.:
Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1981;
Кретович В.Л. Очерки по истории биохимии в СССР. М., 1984;
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РДЗІ ((Verdi) Джузепе Фартуніна Франчэска) (10.10.1813, Ле-Ранколе, цяпер у межах г. Бусета, Італія — 27.1.1901),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў дырыжора т-ра «Ла Скала» В.Лавіньі і інш. З 1835 наладжваў канцэрты ў г. Бусета, выступаў як дырыжор, піяніст, арганіст. З 1838 у Мілане, дзе ў 1839 пастаўлена яго першая опера «Аберта, граф Сан-Баніфача». Оперы Вердзі 1840-х г. «Набука» («Навухаданосар»), «Ламбардцы ў першым крыжовым паходзе», «Жанна д’Арк», «Атыла», «Бітва пры Леньяна» прасякнуты нац.-вызв. ідэямі. Цікавасць Вердзі да сюжэтаў вял. ідэйнага зместу, насычаных драматызмам, яркай кантрастнасцю, моцнымі пачуццямі, выявілася ў операх паводле твораў В.Гюго («Эрнані», 1844), У.Шэкспіра («Макбет», 1847), Ф.Шылера («Луіза Мілер» паводле трагедыі «Каварства і каханне», 1849). У операх «Рыгалета» (паводле драмы «Кароль забаўляецца» Гюго, 1851), «Трубадур» (паводле А.Гарсіі Гуцьерэса) і «Травіята» (паводле «Дамы з камеліямі» А.Дзюма-сына; абедзве 1853) выявіліся лепшыя рысы муз.-драм. даравання Вердзі: глыбокае спасціжэнне ўнутр. свету герояў, прастата і выразнасць муз. мовы, песеннасць, высокі гуманізм. Оперы 1850-х г. «Сіцылійская вячэрня», «Сімон Баканегра», «Баль-маскарад», «Сіла лёсу» адметныя спалучэннем дынамізму і значнасці масавых сцэн з паглыбленым псіхалагізмам. Да найб. значных яго твораў належаць оперы «Дон Карлас» (паводле Шылера, 1867) і «Аіда» (1870), дзе элементы жанру вял. оперы — развітыя ансамблі, разгорнутыя масавыя сцэны, урачыстыя шэсці, балет — поўнасцю падпарадкаваны раскрыццю глыбокага гуманіст. зместу. Блізкі да лепшых позніх опер Вердзі «Рэквіем» (1874, памяці пісьменніка-патрыёта А.Мандзоні). Вяршыня творчасці Вердзі — муз. драма «Атэла» (1886) і камічная опера «Фальстаф» (1892), у якіх традыц. арыі і дуэты заменены маналогамі і дыялагічнымі сцэнамі, засн. на скразным муз. развіцці, дасягнута поўнае зліццё музыкі з драм. дзеяннем. Вердзі рэфармаваў камічную оперу на аснове дасягненняў рэаліст.муз. драмы 19 ст. Творчасць Вердзі — адна з вяршынь опернага рэалізму ў сусв.муз. мастацтве. На аснове традыцый папярэднікаў і сучаснікаў, выкарыстання песеннасці італьян.нар. музыкі Вердзі стварыў уласны муз. стыль, для якога характэрны яскравая тэатральнасць, вастрыня і выразнасць у абмалёўцы дзейных асоб і сітуацый, неперарыўнасць сцэн. развіцця, гібкасць вак. дэкламацыі, майстэрства ансамбля, узмацненне драматургічнай ролі аркестра. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены «Рыгалета», «Травіята», «Трубадур», «Аіда», «Баль-маскарад», «Атэла», «Дон Карлас», фантазія «Шэкспір і Вердзі» (у трох частках), у рэпертуары хору — «Рэквіем».
Тв.:
26 опер (з іх 6 у 2 рэдакцыях);
«Рэквіем» для 4 салістаў, хору і арк., Staban mater для хору і арк. (1898), Те Deum для падвойнага хору і арк. (1898) і інш.;
вак.-сімф. «Гучы, труба» (рэв. гімн, 1848), Гімн нацый (1862);
струнны квартэт (1873), вак.-інстр. ансамблі;
песні, рамансы і інш.
Літ. тв.: Рус.пер. — Избр. письма. М., 1959.
Літ.:
Соллертинский И. Джузеппе Верди // Соллертинский И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963;
Тароцци Дж. Верди: Пер. с итал. М., 1984;
Соловцова Л.А. Джузеппе Верди. 4 изд. М., 1986;
Галь Г. Брамс. Вагнер. Верди: Три мастера, три мира: Пер. с нем. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМАНІ́ЗМ (ад лац. humanus чалавечы, чалавечны),
сістэма светапогляду, кірунак філас. і грамадска-паліт. думкі, паводле якіх чалавечая асоба ёсць найвышэйшая каштоўнасць сац. быцця і культуры. Ідэі гуманных адносін да чалавека выяўляліся ўжо ў глыбокай старажытнасці. Мысліцелі, мастакі і ідэолагі эпохі Адраджэння (Леанарда да Вінчы, Дж.Бруна, Г.Галілей, Ф.Бэкан, Эразм Ратэрдамскі) паказалі ідэал свабоднага, гарманічна развітога чалавека. Рэнесансавы гуманізм як тып культуры і светапогляду сфарміраваўся ў Італіі (творчасць Ф.Петраркі, Дж.Бакачыо, Ларэнца Вала, Піка дэла Мірандала, Рафаэля, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла) і пашырыўся на інш. рэгіёны разам з рухам Рэфармацыі (М.Мантэнь, Ф.Рабле ў Францыі, Ф.Бэкан, У.Шэкспір у Англіі, А.Дзюрэр у Германіі, М.Сервантэс у Іспаніі і інш.). Прадстаўнікі утапічнага камунізму (Т.Мор, Т.Кампанела, Т.Мюнцэр, А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е, Р.Оўэн і інш.) выкрывалі антычалавечую, на іх погляд, сутнасць прыватнай уласнасці, эксплуатацыі, марылі пра справядлівае грамадства. Самабытныя ідэі рэв.-дэмакр. і народніцкага гуманізму развівалі А.Радзішчаў, В.Бялінскі, М.Дабралюбаў, М.Чарнышэўскі, Л.Талстой і інш. мысліцелі і дзеячы рус. культуры. Ідэя свабоднага, усебаковага развіцця асобы як абсалютнай каштоўнасці і самамэты грамадскага прагрэсу ўтварае краевугольны камень марксісцкага гуманізму (К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін, Г.В.Пляханаў і інш.).
У сучасную эпоху ідэі і прынцыпы гуманізму набылі асаблівую актуальнасць, сталі жыццёвай неабходнасцю для кожнага народа і чалавецтва ў цэлым.
У Беларусі гуманіст. канцэпцыя грамадства і чалавечай асобы выяўлялася на ўсіх этапах развіцця культуры, філас. і грамадска-паліт. думкі. Хрысц. гуманізм пашыраўся праз рукапісную новазапаветную л-ру (евангеллі) і царк. вучэнне, хрысц. і свецкую л-ру, разнастайныя жанры нар. творчасці, царк. архітэктуру, жывапіс, музыку. Тыповым дзеячам культуры гуманіст. кірунку быў Ф.Скарына. Ідэі грамадскай справядлівасці і гуманізму развівалі С.Будны, В.Цяпінскі, Ю.Даманеўскі, А.Волан, М.Гусоўскі, Я.Вісліцкі, Сімяон Полацкі, Л.Зізаній, М.Сматрыцкі, М.К.Сарбеўскі, І.Капіевіч, Б.Дабшэвіч, К.Нарбуг, А.Доўгірд і інш. дзеячы бел., літ., польск. культур. У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. на Беларусі ўзніклі дэмакр. і сац.-утапічныя плыні гуманіст. думкі, накіраванай на пабудову грамадства без эксплуатацыі, на аснове хрысц. згоды і гармоніі. Нац.-бел.дэмакр. плынь гуманіст. думкі выявілася ў фалькларыстыцы і этнаграфіі, у маст.прафес. культуры і л-ры (творчасць Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Абуховіча), духоўна-гуманіст. лідэрстве бел. пісьменнікаў, іх удзеле ў паўстанні 1863—64 на чале з К.Каліноўскім і барацьбе за нац. самавызначэнне бел. народа (Цётка, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч). Прадстаўнікі марксісцкай філасофіі ў БССР звязвалі гуманізм з рэв.-класавай барацьбой за пабудову камуніст. грамадства, якое стварае перадумовы для ўсебаковага развіцця асобы. З 2-й пал. 1950 — 1-й пал. 1960-х г. пачалося сістэматычнае вывучэнне і вяртанне народу гуманіст. традыцый бел. культуры. Гэты працэс паскорыўся пасля абвяшчэння незалежнай Рэспублікі Беларусь (1990).
Літ.:
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;
Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;
Холличер В. Личность и гуманизм: Пер. с нем. М., 1981;
Конан У.М. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989;