ГІДРАФІЛІ́Я (ад гідра... + ...філія),

1) прыстасаванасць вышэйшых раслін да пераносу пылку вадой і апыленні кветак на паверхні вады або ў вадзе (гідрагамія). Уласціва відам узморніку, наяды, рагалісніку і інш. На Беларусі з гідрафільных раслін пашыраны рагаліснік апушчаны, наяда гнуткая, валіснерыя спіральная і інш. 2) У фізіялогіі — здольнасць тканак арганізма звязваць і ўтрымліваць ваду, перашкаджаючы яе выдаленню.

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШНЕ́ВІЧ (Міхал) (1797, Мінск — 1862),

бел. астраном. Магістр філасофіі. Скончыў Віленскі ун-т. У 1819—48 працаваў у Віленскай астранамічнай абсерваторыі. Вёў назіранні планет, Месяца, зацьменняў зорак Месяцам. У 1824 з геадэзістам І.І.Ходзькам праводзіў градусныя вымярэнні на тэр. Беларусі. Вынікі яго даследаванняў ў 1838—46 публікаваліся ў выданнях абсерваторыі, а некат. працы — у час. «Astronomische Nachrichten» («Веснік астраноміі»).

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАГРАНКО́Ў (Іван Міхайлавіч) (10.11.1923, в. Паловы Асташкаўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 3.7.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, Герой Сав. Саюза (1945). Камандзір стралк. аддзялення сяржант Ж. у складзе войск 1-га Прыбалтыйскага фронту вызначыўся ў баі за в. Траецкае Ветрынскага р-на Віцебскай вобл.: са звязкай гранат кінуўся пад варожы танк, падарваў яго і загінуў сам.

т. 6, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАДО́РА»,

прыватнаўладальніцкі герб, якім у Польшчы, Беларусі, Літве і на Украіне карысталіся больш за 60 родаў, у т. л. Борхі, Даўгялы, Кезгайлы, Лянцкаронскія. У блакітным полі сярэбраная галава льва, з пашчы шугае полымя; клейнод — над прылбіцай з каронай такая ж галава. Вядомы з канца 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

В.​С.​Пазднякоў.

Герб «Задора».

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙЦАЎ (Веньямін Леанідавіч) (24.4.1923, в. Дабрышчава Камсамольскага р-на Іванаўскай вобл., Расія — 20.7.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1942. Разведчык асобнай разведроты сяржант З. 20.7.1944 у баі каля воз. Дрысвяты, прыкрываючы адыход разведчыкаў, быў цяжка паранены. Калі гітлераўцы акружылі яго, гранатай падарваў сябе і ворагаў.

В.Л.Зайцаў.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗВАЖА́Й»,

бел. эмігранцкі часопіс. Выдаецца з 1974 у Канадзе штоквартальна на бел. мове. Мае падзагаловак «Часопіс беларускіх ветэранаў». Змяшчае хроніку эмігранцкага жыцця, матэрыялы пра сустрэчы і з’езды эмігрантаў у Таронта, Кліўлендзе, Нью-Брансуіку, Манчэстры, Лондане. Асвятляе дзейнасць эмігранцкіх арг-цый, падзеі паліт. жыцця на Беларусі. Публікуе маст. творы, рэцэнзіі і інш.

С.​У.​Жумар.

т. 7, с. 33

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕРНЯЦЁРКА,

старажытнае прыстасаванне для расцірання зерня на муку або атрымання круп. Складалася з масіўнага ніжняга плоскага каменя-валуна, на рабочай паверхні якога рабілася паглыбленне, куды насыпалі зерне для апрацоўкі, і меншага верхняга каменя-цёрачніка. На тэр. Беларусі З. з’явілася ў эпоху неаліту. Найб. пашырэнне мелі ў жал. веку (7—6 ст. да н.э. — 8 ст. н.э.).

т. 7, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́ЛЬБЕРБЕРГ-СКУ́ПНІК (Яўгенія Уладзіміраўна) (1873 ? — ліп. 1942),

бел. піяністка і педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1940). Скончыла Пецярбургскую (клас Г.Есіпавай) і Венскую (клас Т.​Лешаціцкага) кансерваторыі. У 1933—41 праф. Бел. кансерваторыі. Выступала ў канцэртах пераважна як ансамблістка, удзельнічала ў выкананні трыо П.​Чайкоўскага і С.​Рахманінава, квінтэта Ф.​Шуберта і інш. Загінула ў мінскім гета.

т. 7, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў Андрэй, разьбяр па дрэве 2-й пал, 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Майстар беларускай рэзі. Працаваў у Аружэйнай палаце ў Маскве (з 1667 «разьбяной справы жалаваны майстар»). Пад кіраўніцтвам старца Арсенія разам з інш. майстрамі ўдзельнічаў у аздабленні сабора Васкрасенскага Нова-Іерусалімскага манастыра (да 1667), драўлянага царскага палаца ў с. Каломенскае (1667—68), палацавай мэблі.

т. 7, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЗБІЦА,

1) верхні ярус вежаў абарончых збудаванняў у драўляным дойлідстве Беларусі, Польшчы, Украіны 16—17 ст. Звычайна выступала за аб’ёмы вежы, завяршалася шатровым дахам. Выступы знізу былі адкрытыя і выконвалі ролю машыкуляў.

2) Зрубная апора мастоў.

3) Зруб у складзе канструкцый, што закладваліся для большай трываласці ўнутр земляных абарончых валоў сярэдневяковага горада.

С.​А.​Сергачоў.

Ізбіца.

т. 7, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)