род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 3 віды (па інш. звестках 7). Радзіма — Паўд. Амерыка. Культывуюць усюды П. звычайны (L. esculentum) і каля 2000 яго сартоў і форм. Вядомы інкам як лек. і дэкар. расліна. З сярэдзіны 16 ст. — у Паўд. Еўропе, дзе яго пачалі ўжываць у ежу. На Беларусі вырошчваюць з 1830-х г.
Адна- і шматгадовыя (у тропіках) травяністыя і паўхмызняковыя расліны. Сцябло прамастойнае або палеглае, голае ці слабаапушанае. Лісце непарнаперыста-рассечанае. Кветкі дробныя, жоўтыя, суквецце — завіток. Плод — сакавітая ягада масай 20—900 г і болей. Адрозніваюць 3 разнавіднасці П. звычайнага: буйналісты, звычайны і штамбавы. Расліны буйналістага П. сярэдняй выш., лісце буйное. Плады круглыя або пласкакруглыя, чырв. або ружовыя. Расліны звычайнага П. карлікавыя, сярэдня- або высакарослыя, слаба- ці моцна-аблісцелыя. Лісце сярэдняй велічыні або буйное. Плады шарападобныя, круглыя, плоскія або рабрыстыя, чырв., малінавыя, ружовыя, аранжавыя, жоўтыя. Расліны штамбавага П. карлікавыя ці сярэднярослыя, моцнааблісцелыя. Лісце сярэдняй велічыні, гафрыраванае. Плады шарападобныя, круглыя, плоскія, гладкія або рабрыстыя, ружовыя, чырв., жоўтыя. На Беларусі раянаваны сарты Перамога 165, Талаліхін 186, Белы наліў 241, Даходны, Ружа, Віліна, Калінка, Раніца, Нёман і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́ДЫ ВІ́ТАЎТА НА СМАЛЕ́НСК 1395—1404,
ваенныя паходы супраць Смаленскага княства з мэтай далучэння яго да ВКЛ. Спробы падпарадкаваць смаленскія землі рабіў Альгерд (1356, 1375). У 1386 пасля разгрому смалян войскамі ВКЛ каля Мсціслава (гл.Мсціслаўская бітва 1386) Ягайла пасадзіў у Смаленску сына загінуўшага ў бітве кн. Святаслава — Юрыя і прымусіў яго ў 1387 прынесці васальную прысягу. Пасля прыходу да ўлады ў ВКЛВітаўта Юрый, абапіраючыся на падтрымку Разанскага княства, вырашыў кіраваць самастойна. У 1395 Вітаўт заняў Смаленск і пасадзіў там сваіх намеснікаў — Якава Ямантавіча і Васіля Барэйкавіча. Пасля паражэння Вітаўта ў бітве на Ворскле 1399, Юрый з дапамогай разанскага кн. Алега і паўстаўшых гараджан вярнуў Смаленск. У 1401, 1402, 1403 Вітаўт рабіў няўдалыя спробы вярнуць горад. Пасля смерці разанскага кн. Алега (1402) прыхільнікі Вітаўта спрабавалі ўзняць у княстве мяцеж, але поспеху не мелі. У 1404 пры падтрымцы Ягайлы і нейтралітэце Маск. дзяржавы Вітаўт уключыў Смаленскае княства ў склад ВКЛ. Паводле сведчання «Хронікі літоўскай і жамойцкай», «Вітаўт... вінных усіх... пазабіваў да трох тысяч, і, абы ў Смаленску не было больш ужо бунтаў, з княства абярнуў ужо ў ваяводства». Уваходжанне смаленскіх зямель у склад ВКЛ не прынесла значных змен у іх грамадскае і эканам. жыццё, яны захавалі сваю аўтаномію, прывілеі і культ. традыцыі.
Літ.:
Ластовский Г. Смоленск и Великое княжество Литовское в XIII—XVI вв. // Край Смоленский. 1993. № 7/8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЦЁФІ ((Petöfi) Шандар) (1.1.1823, г. Кішкёрэш, Венгрыя — 31.7.1849),
венгерскі паэт; прадстаўнік рэв. рамантызму. Быў статыстам у т-ры, салдатам, вандроўным акцёрам. Друкаваўся з 1842. У ранняй паэзіі (зб. «Вершы», 1844; паэма-казка «Віцязь Янаш», 1845), прасякнутай фалькл. матывамі, гал. тэмы — прыгажосць роднага краю, багаты духоўны свет людзей. Песімістычна-рамант. настроі ў лірычным цыкле «Хмары» (1845—46), драме «Тыгрыца і гіена» (1845), паэмах «Пішта Сілай», «Шалга», рамане «Катава вяроўка» (усе 1846). Пад уплывам паўстання 1846 у Галіцыі і рэв. падзей у Пешце 1848—49 яго паэзія набыла яскрава рэв.-дэмакр. характар (вершы «Мае песні», «Венгерац я...», «Нацыянальная песня», «На шыбеніцу каралёў!» і інш.). У вершах «Еўропа змоўкла», «Эрдэйская армія», «Мадзьяр пераможа» выказваў упэўненасць у перамозе рэв. ідэалаў. Паэма «Апостал» (1848, поўнасцю апубл. 1874) пра трагічны лёс рэвалюцыянера. На бел. мову яго вершы пераклалі А.Зарыцкі, Я.Семяжон, М.Хведаровіч, апавяданні — Г.Сапрыка, М.Татур.
Тв.:
Бел.пер. — Ліра і меч: Выбр.Мн., 1971;
У кн.: Венгерскія апавяданні. Мн., 1957;
У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1977;
У кн.: Зарыцкі А. У свет па песні: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1978;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—3. Будапешт, 1973.
Літ.:
Петефи в мировой культуре. М., 1975;
Парнов Е.И. Витязь чести: Повесть о Шандоре Петефи. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕКТАВА́ННЕ,
распрацоўка праекта (прататыпа, правобраза) аб’екта (прамысл. прадпрыемства, збудавання, машыны, абсталявання, аснасткі, дарогі, газа- ці нафтаправода, цеплатрасы, адзення, абутку і інш.) або сукупнасці дакументацыі для яго вытв-сці ці рэканструкцыі. Віды П.: арх.-буд., дарожнае, маш.-буд., тэхнал., с.-г. і інш. Уключае эскізны, тэхнічны і рабочы этапы. Бывае тыпавое і індывідуальнае. Робіцца спецыялізаванымі ўстановамі або падраздзяленнямі прадпрыемстваў.
П. — частка жыццёвага цыкла аб’екта ці тэхн. сістэмы, які ўключае стадыі: фармуляванне патрабаванняў да аб’екта, уласна П., вытв-сць, выпрабаванне доследных узораў вырабаў, серыйную вытв-сць, эксплуатацыю, мадэрнізацыю, утылізацыю. Пры неабходнасці перад П. выконваюцца н.-д. і доследна-канструктарскія работы. Уваходнымі данымі для П. з’яўляюцца патрабаванні, што выпрацоўваюцца ў тэхн. заданні. Традыцыйнае П. арыентуецца на эмпірычныя ітэрацыйныя метады, сучаснае грунтуецца на метадах аўтаматызаванага П. (гл.Аўтаматызацыя праектавання), машыннай графікі, матэматычнага мадэліравання. Выкарыстанне камп’ютэраў і спец. праграмнага забеспячэння дазваляе на стадыі П. прадугледзець магчымыя праектныя сітуацыі і выбраць варыянт рашэння, найб. адпаведны патрабаванням да аб’екта без вырабу яго прататыпа. У працэсе П. робяцца інж., тэхніка-эканам. і інш. разлікі, чарцяжы, схемы, макеты, складаюцца спецыфікацыі, тлумачальныя запіскі, каштарысы, калькуляцыі, апісанні. Пры тыпавым П. распрацоўваюцца праекты для шматразовага выкарыстання, пры індывідуальным выкарыстоўваюцца тыпавыя праектныя рашэнні. Пры П. кіруюцца дзярж. і ведамаснымі стандартамі, нормамі і правіламі
Літ.:
Джонс Дж.К. Методы проектирования: Пер. с англ. 2 изд. М., 1986;
Борисов В.И. Общая методология конструирования машин. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЯЛЕ́ННЕ РАСЛІ́Н І ЖЫВЁЛ,
распаўсюджванне арганізмаў за межы відавога арэала і натуралізацыя на новых месцах; сродак захопу новых тэрыторый або тых, што вызваліліся ад інш. арганізмаў, і ўстанаўлення збалансаванай разнастайнасці пэўнага біягеацэнозу, адзін з фактараў, які садзейнічае патоку генаў і відаўтварэнню. Існуе таксама штучнае рассяленне віду, якое ўключае акліматызацыю і рэакліматызацыю; з’яўляецца эфектыўным прыёмам барацьбы з непажаданай інтрадукцыяй раслін або жывёл; карыснае мерапрыемства для дзічынаразвядзення.
Адрозніваюць рассяленне актыўнае (аўтахарыя) і пасіўнае (алахарыя). Вылучаюць 3 яго тыпы: эміграцыя (высяленне з займаемай займанай тэр.), іміграцыя (усяленне на ўжо занятую папуляцыяй тэр. новых асобін) і міграцыя (перыядычнае пакіданне і вяртанне на пэўную тэр.). Спалучэнне дзеяння сродкаў рассялення і перашкод вызначае тэмп рассялення арганізмаў. У раслін рассяленне залежыць ад колькасці жыццяздольных зачаткаў, сродкаў рассялення, магчымасцей натуралізацыі. Бывае паступовым (у прыродных умовах пераважае) і скачкападобным (адразу на вял. адлегласць). Асн. фактары рассялення: паветраныя плыні — ветры, узыходныя токі паветра (анемахарыя), воды сушы (гідрахарыя), марскія цячэнні; жывёлы (зоахарыя); дзейнасць чалавека (антрапахарыя). Абмяжоўваецца геагр. (моры, пралівы, горы і інш.), экалагічнымі (неадпаведнасць кліматычных і інш. абіятычных і біятычных умоў прыродзе віду) і біял. (канкурэнцыя інш. відаў) фактарамі. У. жывёл рассяленне звычайна звязана са змяненнем абіятычных і біятычных умоў навакольнага асяроддзя і колькасці жывёл. Залежыць ад стану папуляцыі пэўнага віду, павелічэння яго колькасці (павелічэнне шчыльнасці папуляцыі).
Літ.:
Лопатин И.К. Основы зоогеографии. Мн., 1980;
Воронов АГ, Дроздов Н.Н., Мяло Е.Г. Биогеография мира. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХ ((Bach) Іаган Себасцьян) (21.3.1685, г. Айзенах, Германія — 28.7.1750),
нямецкі кампазітар, арганіст, клавесініст. Адзін з найб. вядомых прадстаўнікоў сусв.гуманіст. культуры. З сям’і патомных музыкантаў. Служыў арганістам і капельмайстрам у невял. правінцыяльных гарадах, потым у Веймары, Кётэне і Лейпцыгу. Творчасць Баха, музыканта-універсала, вылучаецца ўсёабдымнасцю муз. жанраў (акрамя оперы). Яна абагульніла дасягненні муз. мастацтва некалькіх стагоддзяў на мяжы барока і класіцызму. У сваёй творчасці Бах спалучыў традыцыі пратэстанцкага харала з традыцыямі аўстр., італьян. і франц.муз. школ. Музыка Баха адметная адзінствам поліфанічнага і гамафоннага, вак. і інструментальнага мыслення, глыбокім узаемапранікненнем розных жанраў і стыляў. Вядучы жанр яговак.-інстр. творчасці — духоўная кантата (5 гадавых цыклаў; усяго каля 300). Свецкія кантаты (усяго 24) падрыхтавалі зінгшпіль — ням. разнавіднасць камічнай оперы. Выпрацаваныя ў кантатах драматургічныя прынцыпы ўвасоблены ў месах, магніфікатах, «Страсцях» («Пакутах»), іх кульмінацыя — «Высокая» меса сі-мінор, «Страсці па Іаану» і «Страсці па Матфею». У ягоінстр. творчасці цэнтр. месца належыць арганнай музыцы. Спалучыўшы вопыт арганнай імправізацыі, разнастайныя варыяцыйныя і поліфанічныя прыёмы папярэднікаў (Дз.Букстэхудэ, І.Пахельбеля і інш.), Бах пераасэнсаваў і абнавіў жанры такаты, фантазіі, пасакаллі, харальнай прэлюдыі. Сярод яго клавірных твораў найб. значэнне мае «Добра тэмпераваны клавір» у 2 тамах (1722, 1744; у кожным — 24 прэлюдыі і фугі ва ўсіх мажорных і мінорных танальнасцях) — першая ў гісторыі музыкі спроба маст. выкарыстання тэмпераванага строю (гл.Тэмперацыя). Створаныя ў фугах клавіра ўзоры кантрапунктычнага майстэрства прадоўжаны і закончаны ў «Мастацтве фугі» (1740—50). Музыка Баха для клавіра, скрыпкі, віяланчэлі, флейты, габоя, інстр. ансамбля, аркестра (санаты, сюіты, партыты, канцэрты) значна пашырыла выразныя і тэхн. магчымасці інструментаў, выявіла глыбокае веданне інструментаў і універсалізм у іх трактоўцы. Шэсць Брандэнбургскіх канцэртаў для розных інстр. складаў, якія ўвасобілі жанравыя і кампазіц. прынцыпы concerto grosso, — важны этап на шляху да класічнай сімфоніі. Творчасць Баха паўплывала на ўсё наступнае развіццё еўрап.муз. культуры.
Літ.:
Форкель И.Н. О жизни, искусстве и о произведениях И.С.Баха: Пер. с нем. 2 изд. М., 1987;
Русская книга о Бахе: [Сб. ст.]. 2 изд. М., 1986;
Schulze H.J. Studien zur Bach-Überlieferung im 18. Jahrhundert. Leipzig;
Dresden, 1984;
Schwendowius B., W.J.S.Bach: Life, time, influence. New Haven;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́ДАВЫЯ СТРА́ВЫ,
адзін з элементаў сямейных і каляндарных святаў і абрадаў многіх народаў свету. Традыц. абрадавыя стравы беларусаў — каша, бліны, аладкі, хлеб і інш. — выконвалі знакавую функцыю і звычайна суправаджалі магічныя абрадавыя дзеянні. Каша з цэлага зерня (ячменнага, прасянога і інш.) — неад’емная частка радзіннага, вясельнага, памінальнага, каляднага, жніўнага абрадаў. Цэнтр. месца ў святкаванні радзін адводзілася бабінай кашы. На другі дзень вяселля кашу падносілі маладой. На памінкі варылі салодкую ячную кашу, а таксама рытуальную памінальную страву — канун. Ва ўсх. Беларусі сярод памінальных страў былі клёцкі. Гал. абрадавай стравай каляднага святкавання была куцця; яе абносілі вакол хаты, ставілі на покуць, каб паспрыяць будучаму ўраджаю, верх з яе аддавалі курам, каб добра несліся. На бедную куццю гаспадар або старэйшая жанчына клікалі мароз, прыгаворваючы, каб ён не марозіў «ні кійкоў, ні гуркоў, ні аратаяў старых, ні пагонічаў маладых» (Гродзеншчына). Куцця, як і бліны, была атрыбутам варажбы. На Палессі жытнюю кашу бралі з сабой, ідучы першы раз жаць: нажаўшы першы сноп, тры разы бралі ў рот кашы, астатнюю выкладвалі ў сноп і завязвалі яго. З рытуальнай сімволікай ураджаю звязаны і велікодныя стравы: рэшткі асвячоных у царкве яек, пірагоў, кумпяка (косці) закопвалі на загонах. Адно велікоднае яйка захоўвалі да пачатку сяўбы (яго бралі з сабой, едучы першы раз сеяць). Асаблівая магічная сіла надавалася блінам і аладкам, якія сімвалізавалі сонца і яго гадавы круг (бліны абавязковая страва на масленіцу і Каляды). Да абрадавых страў адносяцца і паўсядзённыя стравы, якія традыцыйна гатуюць у пэўныя святочныя або памінальныя дні. На бедную куццю варылі посны бурачны боршч (квас), падкалочаны мукой або рошчынай, з грыбамі ці алеем, крупнік, аўсяны кісель, узвар з сушаных яблыкаў, груш, сліў, пяклі бліны ці аладкі, ламанцы з цёртым макам (гл.Лазанкі); на багатую куццю — бліны з салам і каўбасой, боршч з мясам, крупнік, куццю з салам і інш. На масленіцу акрамя бліноў абавязковыя былі сыр і масла, на Вялікдзень — яйкі, сыр, масла, сала, мяса, па магчымасці — кумпяк, парася, на Купалле варылі кулагу. На памінальным стале (на дзяды, радаўніцу) абавязкова былі боршч з мясам або капуста, сытая каша, каўбаса, бліны. Гл. таксама Абрадавае печыва.
Літ.:
Листова Н.М. Пища в обрядах и обычаях // Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ТРЭ́ЦІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР (БДТ-3). Існаваў у 1920—37. У розны час меў назвы: Трупа бел. артыстаў пад загадам У.Галубка
(Трупа Галубка),
Другая бел.дзярж. трупа (з 1924), Бел.дзярж. вандроўны тэатр (з 1926), з 1932 БДТ-3. Арганізатар і маст. кіраўнік Галубок. Адкрыўся 10.8.1920 у Мінску спектаклем «Суд» Галубка. Выступаў у Мінску і па ўсёй Беларусі. Нёс у масы бел.нац. культуру, праводзіў вял.культ.-асв. работу. Пастаноўшчыкам усіх спектакляў быў Галубок, ён жа ствараў маст. і муз. афармленне. Калектыў наследаваў і прадаўжаў традыцыі бел.нар.т-ра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага і Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, укр. труп. Спектаклі былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі, нац. каларытам. Ставіліся п’есы Галубка, Ф.Аляхновіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Чарота, Л.Родзевіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Каганца і інш. Першымі акцёрамі былі сам Галубок і члены яго сям’і, бел. пісьменнікі (І.Барашка, А.Дудар, В.Сташэўскі, М.Чарот). У сярэдзіне 1920-х г. трупа папоўнілася маладымі акцёрамі (К.Быліч, У.Дзядзюшка, С.Бірыла, А.Згіроўскі і інш.). Асобныя спектаклі ставілі Е.Міровіч, У.Крыловіч, Ф.Ждановіч, М.Міцкевіч. У 1928 Галубку першаму ў рэспубліцы прысвоена званне нар.арт.БССР. З канца 1920-х г. з наступам ідэалогіі на мастацтва тэатр трапіў пад вострую афіц.парт. крытыку, яго кіраўніцтва абвінавацілі ў нацыяналіст. ухіле, у нізкім маст. узроўні пастановак. На пач. 1930-х г. адбылася рэарганізацыя тэатра. У 1931 ягомаст. кіраўніком прызначаны К.Саннікаў (Галубок застаўся дырэктарам і акцёрам), у 1932 т-р атрымаў сталую базу ў Гомелі. У 1934 для павышэння кваліфікацыі калектыў быў накіраваны на 3-месячныя курсы ў Маскву. У рэпертуары быў узяты курс на сучаснасць. Ставіліся пераважна тагачасныя сав. п’есы, якія ішлі ў інш. т-рах краіны, а таксама асобныя класічныя творы (А.Астроўскага, А.Пушкіна, Ф.Шылера). У выніку такой перабудовы павысіліся агульны прафес. ўзровень калектыву, пастановачная культура спектакляў, але т-р страціў нац. самабытнасць і непаўторнасць. У 1937 Галубок і вядучы акцёр Згіроўскі былі рэпрэсіраваны, а т-р расфарміраваны.
А.В.Сабалеўскі.
Да арт.Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Сцэна са спектакля «Сяржант Дроб» Э.Самуйлёнка.Да арт.Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Сцэна са спектакля «Суд» У.Галубка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РТНЫ (Цішка) (сапр.Жылуновіч Зміцер Хведаравіч; 4.11.1887, г. Капыль Мінскай вобл. — 11.4.1937),
бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Акад.АН Беларусі (1928). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, на з-дзе ў Пецярбургу. Пасля 1917 сакратар Бел.нац. камісарыята, рэдактар газ.«Дзянніца», з 1.1 да 3.2.1919 старшыня Часовага рэвалюцыйнага ўрада Савецкай Беларусі, потым палітработнік 14-й арміі і штаба Зах. фронту. Пазней узначальваў Дзярж.выд-ва Беларусі, працаваў у Наркамаце асветы БССР, у Ін-це гісторыі АН Беларусі. У 1923 пленум ЦККП(б)Б прыняў пастанову аб прысваенні яму звання нар. паэта Беларусі, аднак пастанова не была выканана. Чл.ЦБКП(б)Б (1918—19), кандыдат у чл.ЦККП(б)Б (1927—29), чл.ЦВКБССР у 1920, 1931. 16.1.1931 выключаны з партыі, 15.11.1936 арыштаваны. 7.4.1937 пераведзены ў Магілёўскую псіхіятр. лячэбніцу, дзе, паводле афіц. версіі, памёр ад гангрэны лёгкіх. У 1988 рэабілітаваны.
Друкавацца пачаў у 1908 у газ. «Наша ніва». Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, даследчык гісторыі бел. л-ры, крытык. Першы зб. «Песні» (1913). Гартны — пачынальнік рабочай тэматыкі ў бел. паэзіі і прозе. У рамане «Сокі цаліны» (нап. 1914—29) паказаў шляхі фарміравання характару рэв. змагара, узняў некранутыя пласты нар. жыцця, разгарнуў шырокія малюнкі заводскіх будняў, стварыў яскравыя вобразы сялян-местачкоўцаў. У зб-ках апавяданняў «Трэскі на хвалях» (1924) і «Прысады» (1927) адлюстравана разбуджаная рэвалюцыяй бел. вёска. У творах Гартнага заўважаўся паварот ад аднабаковай рамантызацыі і лірыка-эмацыянальнага ўспрыняцця грамадз. вайны да рэаліст. паказу канкрэтнага чалавека і яго псіхалогіі. У рамане «Перагуды» (1935) паказаў вёску ў перыяд калектывізацыі. У зб. «Узгоркі і нізіны» (1928) — даследаванні творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, М.Чарота, А.Гурло. На месцы пахавання Гартнага пастаўлены помнік. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Капылі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙНЭ ((Heine) Генрых) (13.12.1797, г. Дзюсельдорф, Германія — 17.2.1856),
нямецкі паэт, публіцыст, крытык. Сінтэзаваў дасягненні ням. рамантызму, вызначыў тэндэнцыі развіцця рэалізму. У 1819—25 вучыўся ў Бонскім, Гётынгенскім і Берлінскім ун-тах; слухаў лекцыі Г.Гегеля. У 1825 прыняў лютэранства, што дазволіла яму атрымаць ступень доктара права. З 1831 у эміграцыі ў Парыжы. З 1848 прыкаваны да ложка, паступова страчваючы зрок і слых. Друкаваўся з 1817. Найб. значныя творы ранняга перыяду (1816—31) — зб. лірычных вершаў «Кніга песень» (1827) і кн. нарысаў «Дарожныя малюнкі» (т. 1—4, 1826—31). «Кніга песень» (цыклы «Юнацкія пакуты», «Лірычнае інтэрмецца», «Вяртанне на радзіму», «Паўночнае мора») перадае асабістую драму паэта, малюе карціну духоўнага сталення маладога чалавека, праз лірычнае «я» дае шырокую панараму эпохі. Асэнсаванне трагічнага разрыву паміж ідэалам і рэальнасцю, рамантычна-ўзнёслы настрой і іронія вызначаюць змест і асаблівасці гэтага зб-ка. У «Дарожных малюнках» стварыў рэзка сатырычны вобраз феад.-манархічнай Германіі. З пач. 1830-х г. у яго творчасці пераважаюць паліт., грамадскія, філас.-эстэт. праблемы (кн. «Французскія справы», 1832; «Людвіг Бёрне», 1840; «Лютэцыя», 1840—47; «Рамантычная школа», 1833; «Да гісторыі рэлігіі і філасофіі ў Германіі», 1834). У творах паліт. і сатыр. тэматыкі (зб. «Сучасныя вершы», 1844; паэмы «Ата Троль. Сон у летнюю ноч», 1841—47; «Германія. Зімовая казка», 1844) Гейнэ выкрываў дух шавінізму і пангерманізму, з болем і любоўю разважаў пра мінулае і будучае радзімы. Трагічнаму лёсу яўр. народа, яго духоўнай спадчыне прысвяціў цыкл «Яўрэйскія мелодыі» (1849), уключаны ў зб. «Рамансера» (1851), у якім шырока выкарыстаў фальклор, апрацаваў гіст., міфалагічныя, біблейскія сюжэты. Яго паэзіі ўласцівыя эмацыянальнасць, узнёсласць і скептыцызм, песеннасць ладу, вольныя рытмы і яркая вобразнасць, паліт. надзённасць і глыбіня філас. абагульненняў. На бел. мову творы Гейнэ перакладалі М.Багдановіч, М.Васілеўская, А.Вяржбоўскі, Ю.Гаўрук, А.Дудар, А.Зарыцкі, С.Ліхадзіеўскі, А.Мардвілка, Я.Семяжон, І.Сіманоўскі, Ю Таўбін.
Тв.:
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1959;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—6. М., 1980—83.
Літ.:
Вольфсон С.Я. В матрацной могиле. Мн., 1940;
Дейч А.И. Поэтический мир Генриха Гейне. М., 1963;
Гиждеу С.П. Лирика Г.Гейне. М., 1983;
Пронин В.А. «Стихи достойные запрета...»: Судьба поэмы Генриха Гейне «Германия. Зимняя сказка». М., 1986.