ПЛЕАХРАІ́ЗМ (ад грэч. pleōn больш шматлікі + chrōma колер),
уласцівасць аптычна анізатропных цел (напр., крышталёў) мець розную афарбоўку ў белым палярызаваным святле ў розных напрамках. Звязаны з паглынаннем (абсорбцыяй) прамянёў спектра рознай даўжыні хвалі. Аптычна аднавосевыя крышталі характарызуюцца 2 колерамі (дыхраізм), двухвосевыя — 3 колерамі (трыхраізм). Моцны П. мае аднавосевы крышталь турмаліну. Анізатрапіяй паглынання валодаюць і асобныя малекулы; іх пераважная арыентацыя выклікае П. рэчыва, якое змяшчае іх (напр., фарбавальнікі). З’ява П. выкарыстоўваецца ў паляроідах. У мінералогіі ідэнтыфікуюць мінералы па колерных табліцах за кошт асаблівасцей крышталёў плеахраіраваць у палярызаваным святле. Гл.таксамаАнізатрапія, Крышталяоптыка, Палярызацыя святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1633,
выступленне полацкіх гараджан супраць падваяводы Яна Лісоўскага і гар. рады ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. 11.6.1633 на пасяджэнні магістрата Лісоўскі патрабаваў, каб гараджане тэрмінова адрамантавалі вежу Ніжняга замка або далі дрэва на яе рамонт, каб усе жыхары Запалоцця перасяліліся ў Верхні замак, а таксама намерыўся ўвесці войскі ў замак. Гараджане адмовіліся выконваць патрабаванні, перашкаджалі падваяводу і магістрату ўмацоўваць Ніжні замак. У ноч на 13.6.1633 рас. войскі авалодалі Запалоццем і Ніжнім замкам, але Верхняга замка не здолелі ўзяць. Пасля падыходу войск Рэчы Паспалітай разам з рас. войскам горад пакінула шмат жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ГАНДЛЁВА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ Белкаапсаюза. Засн. ў 2000 у г. Полацк Віцебскай вобл. на базе навуч.-вытворчага комплексу «ПТВ-тэхнікум» (існаваў у 1991—2000; створаны аб’яднаннем Полацкага політэхн. тэхнікума (з 1959) і кааператыўнага прафес.-тэхн. вучылішча (з 1966). Рыхтуе спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй. Спецыяльнасці (2000/01 навуч.г.): машыны і апараты харчовых вытв-сцей; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; камерцыйная дзейнасць. Каледж рыхтуе таксама кваліфікаваных рабочых з прафес.-тэхн. адукацыяй (прадаўцоў прадуктовых і непрадуктовых тавараў, кухараў, кандытараў, афіцыянтаў, буфетчыкаў, нарыхтоўшчыкаў прадуктаў і сыравіны). Прымае асоб з сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІСТРАФІ́ЧНАСЦЬ (ад полі... + страфа),
паслядоўнае або адвольнае чаргаванне ў вершаваным творы розных строф, графічна аддзеленых адна ад адной. Да полістрафічных адносяцца разнастрофныя вершы, а таксама раўнастрофныя з сіметрычным чаргаваннем двух ці больш відаў строф. Полістрафічнымі звычайна бываюць буйныя вершаваныя творы, кожная ч. якіх пішацца сваёй страфой. Напр., у 10 раздзелах паэмы Я.Купалы «Безназоўнае» ўжываюцца чатырохрадкоўі 8 разнавіднасцей і шасцірадкоўі 2 разнавіднасцей. У паэме М.Танка «Нарач» сустракаюцца і чатырохрадкоўі самых розных мадыфікацый, і пяцірадкоўе, і астрафічны верш. П. надае вершаванаму твору разнастайнасць формы, памагае лепш выявіць змены лірычнага перажывання паэта і яго герояў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАГА КАРАЛЕ́ЎСТВА КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1815,
канстытуцыя, якая юрыдычна замацавала ўключэнне б.ч. Польшчы ў склад Рас. імперыі. Паводле яе рас. імператар з’яўляўся таксама каралём польскім, быў галавой выканаўчай улады, меў права ўносіць змены ў канстытуцыю, зацвярджаць або адхіляць законы. Ствараўся сейм, які складаўся з Сената і Пасольскай Ізбы. Члены Сената прызначаліся каралём, Пасольскай Ізбы — выбіраліся выбаршчыкамі, якіх з-за высокага маёмаснага і адукац. цэнзаў было не больш за 100 тыс. (з 3,3 млн. насельніцтва). Афіцыйнай мовай была абвешчана польская. Існавала польскае войска (каля 30 тыс.чал.). Пасля задушэння паўстання 1830—31 заменена Арганічным статутам Каралеўства Польскага 1832.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РТА (Пётр Антонавіч) (1780 — пасля 1865),
бел. архітэктар. Па паходжанні швейцарац. Працаваў губ. архітэктарам у г. Разань (Расія; 1821—24). У 1830—35 архітэктар Полацкага кадэцкага корпуса, у 1834—42 полацкі епархіяльны архітэктар. Сярод работ: перабудова б. езуіцкага касцёла ў правасл. сабор св. Мікалая ў Полацку (1831—38), праект мураванай 5-купальнай царквы для г. Лепель (1835), перабудова паводле свайго праекта мураванага будынка б. езуіцкага вучылішча ў Віцебску для мужчынскага духоўнага вучылішча (1841). Праектаваў таксама драўляныя цэрквы (у в. Курылава Себежскага пав. Віцебскай губ., цяпер Пскоўская вобл., Расія; 1840), грамадз.дзярж. пабудовы, прыватныя жылыя дамы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДУ́КТ ПРА́ЦЫ (ад лац. productus зроблены, створаны),
рэчавы або нематэрыяльны вынік працоўнай дзейнасці для задавальнення грамадскіх ці асабістых патрэбнасцей. Ўключае ў сябе навук. і вытв.-тэхн. распрацоўкі, тавары нар. ўжытку, аб’екты буд-ва. Кожны П.п. характарызуецца здольнасцю задавальняць якую-н. патрэбнасць і ўвасабленнем патрачанай на яго грамадскай працы. Сукупнасць карысных уласцівасцей П.п. ператварае яго ў спажывецкую вартасць. Гэта датычыцца натуральна-рэчавага боку П.п. З грамадскага боку П.п. ўвасабляе пэўную колькасць патрачанай працы ў розных сферах і галінах грамадскай вытв-сці і паказвае, у што абыходзіцца атрыманне спажывецкай вартасці, таксама кошт затрат для задавальнення пэўнай патрэбнасці людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЖСКІ МІР 1866,
мірны дагавор паміж Аўстрыяй і Прусіяй, які завяршыў аўстра-прускую вайну 1866. Падпісаны 23 жн. ў занятай прускімі войскамі Празе. П.м. пацвердзіў асн. ўмовы папярэдняга Нікальсбургскага дагавора (26.7.1866). Аўстрыя прызнавала роспуск Герм. саюза, пагаджалася на «новае ўпарадкаванне Германіі» без удзелу Аўстрыі, абяцала прызнаць новы саюз на Пн ад р. Майн на чале з Прусіяй, а таксама будучыя анексіі Прусіі на Пн Германіі; адмаўлялася на карысць Прусіі ад сваіх правоў на Шлезвіг і Гольштэйн, прызнавала перадачу Венецыянскай вобл. Італіі, выплачвала Прусіі кантрыбуцыю ў 20 млн. прускіх талераў. Прусія заняла пануючае становішча сярод герм. дзяржаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКУРАТУ́РА (ад лац. procurare клапаціцца),
спецыяльны дзярж. орган (сістэма органаў), у кампетэнцыю якога ўваходзіць узбуджэнне крымін. спраў, падтрыманне абвінавачвання, прадстаўніцтва інтарэсаў дзяржавы ў суд. працэсе. У шэрагу краін П. належыць таксама функцыя нагляду за дакладным і аднастайным выкананнем законаў усімі грамадзянамі, арг-цыямі і службовымі асобамі (т.зв. «агульны нагляд»), У адных краінах П. з’яўляецца састаўной ч.суда, у другіх арганізацыйна аддзелена ад яго. У некат. краінах П. ўваходзіць у сістэму мін-ва юстыцыі (ЗША, Францыя, Нідэрланды, Аўстрыя, Японія, Польшча). У Рэспубліцы Беларусь П. з’яўляецца адзінай і цэнтралізаванай сістэмай органаў П., якую ўзначальвае Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́НІШНІКАЎ (Іларыён Міхайлавіч) (1.4.1840, с. Цімашова Калужскай вобл., Расія — 24.3.1894),
рускі мастак-жанрыст. Правадз.чл.Пецярб.АМ (1893). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1856—66), у 1873—94 выкладаў у гэтым вучылішчы. Член-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Творчасці ўласцівы выкрывальныя тэндэнцыі, трапнасць сац. характарыстык: «Жартаўнікі. Гасціны двор у Маскве» (1865), «Паражнякі» (1872), «Спасаў дзень на Поўначы» (1887). Аўтар карціны «У 1812 годзе», якая раскрывае нар. характар вайны 1812. Пісаў таксама лірычныя паляўнічыя сцэны. Сярод вучняў В.Бялыніцкі-Біруля, С.Іванаў, С.Каровін.