БРОМІНДЫ́ГА (5,5′, 7,7′ — тэтраброміндыга),

кубавы фарбавальнік; вытворнае індыга. Цёмна-сінія крышталі; не раствараецца ў вадзе. Атрымліваецца пры браміраванні індыга ў канцэнтраванай сернай кіслаце. Больш устойлівы і яркі, чым індыга. Выкарыстоўваюць для фарбавання баваўняных і віскозных тканін.

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЛВО́ЗЕРА,

возера на ПдУ Карэліі. Пл. 334 км². Глыб. да 16 м. Берагавая лінія звілістая. На Вадлвозеры каля 200 астравоў. Упадае р. Ілекса. У 1935 ператворана ў вадасховішча для рэгулявання сцёку рэк Вама і Сухая Водла. Рыбалоўства.

т. 3, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЫЗВАЛЕ́ННЕ»,

выдавецкае таварыства. Існавала ў 1921. Выдавецка-друкарская база т-ва пазначана гарадамі Мінск—Вільня—Берлін. Выпусціла манаграфію «Адраджэнне Беларусі і Польшча» А.​Цвікевіча, «Беларускую граматыку для школ» Б.​Тарашкевіча, каталог-клішэ і інш.

А.​С.​Ліс.

т. 4, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАТУРБІ́ННЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,

аўтамабіль з газатурбінным рухавіком. Прызначаны для эксплуатацыі ў мясцовасцях з нізкімі сярэднегадавымі т-рамі, а таксама ў якасці цягачоў велікагрузных аўтапаяздоў, цяжкіх самазвалаў і мнагамесных аўтобусаў. У СССР эксперым. газатурбінны аўтамабіль распрацаваны ў 1958.

т. 4, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНДЛЁВАЯ НАДБА́ЎКА,

надбаўка, якая вызначаецца гандл. прадпрыемствам да адпускных цэн прадпрыемстваў-вытворцаў пры продажы тавараў насельніцтву. Прызначаецца для пакрыцця выдаткаў гандл. прадпрыемстваў і атрымання пэўнага сярэдняга прыбытку. Можа мець абмежаваныя памеры (па рашэнні ўрада або органаў цэнаўтварэння).

т. 5, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЬФІ́Н (лац. Delphinus),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Тры найб. яркія зоркі 3,7, 3,8 і 4 візуальнай зорнай велічыні. Назіраецца паблізу Млечнага Шляху. Найлепшыя ўмовы для назірання на тэр. Беларусі ў чэрвені—жніўні. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Дэльфін.

т. 6, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭПАЗІТА́РЫЙ (франц. dépositaire),

1) фізічная або юрыд. асоба, якой перадаюцца каштоўнасці для захавання без пераходу да яго права ўласнасці.

2) Дзяржава або міжнар. арг-цыя, што захоўвае арыгінальны тэкст міжнар. дагавора, дакументы пра яго ратыфікацыю і інш.

т. 6, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАБА́ЧАННЕ,

міжнародная арганізацыя тэлебачання, заснаваная ў 1954 у рамках Еўрапейскага саюза радыёвяшчання для рэгулярнага абмену перадачамі паміж краінамі-ўдзельніцамі і сумеснай падрыхтоўцы праграм. Аб’ядноўвае 95 тэлекампаній з 80 краін (1997). З 1996 у Е. ўваходзіць Беларусь.

т. 6, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́Г-МАШЫНА, зік-машына (ням. Siekenmaschine),

станок (машына) для ўтварэння на тонкіх лістах, трубах паглыбленняў і выступаў (зігаў) шляхам абкаткі паміж двума прафіляванымі ролікамі, якія верцяцца ў процілеглых напрамках. На З. робяць таксама праўку і каліброўку зігаў.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫКА́ТАР РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦІ,

дазіметрычная прылада для выяўлення радыеактыўнага забруджвання мясцовасці і папярэдняга вызначэння дозы іанізавальнага выпрамянення. Бывае пераносны і стацыянарны. Імі забяспечваюцца падраздзяленні радыяцыйнай і хім. разведкі, разведвальныя дазоры, пасты назірання і сувязі, а таксама фарміраванні грамадз. абароны.

т. 7, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)