БАРШЧЭ́ЎСКІ (Ян) (1790, паводле інш. крыніц 1794, ці 1796, ці 16.12.1799, в. Мурагі Расонскага р-на Віцебскай вобласці — 12.3.1851),

бел. літаратар, выдавец. Пісаў на польск. і бел. мовах. Вучыўся ў Полацкай езуіцкай калегіі і акадэміі. З 1817 у Пецярбургу. Працаваў у дзярж. установах, выкладаў латынь і грэч. мову ў прыватных дамах. Сустракаўся з А.​Міцкевічам, Т.​Шаўчэнкам. З 1839 рэдактар-выдавец альманаха «Незабудка». У 1847 пераехаў у г. Чуднаў на Валыншчыне (Украіна). Літ. творчасць пачаў у студэнцкія гады (беларускамоўныя творы «Рабункі мужыкоў», «Дзеванька», «Гарэліца»; апубл. 1843—44). Пад уплывам пісьменнікаў-рамантыкаў і, магчыма, Шаўчэнкі пачаў апрацоўваць бел. легенды і паданні (балады «Русалка-зводніца», «Дзявочая крыніца», «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы», «Зарослае возера» і інш.). Баршчэўскі задумаў расказаць пра Беларусь, абудзіць у сэрцах землякоў пачуцці любові да роднага краю. Цыкл апавяданняў-прытчаў склаў зб. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (т. 1—4. Пб., 1844—46), дзе Баршчэўскі ўпершыню сцвярджаў думку пра самабытнасць Беларусі. Праз сістэму вобразных сродкаў пісьменнік выказаў бел. нац. ідэю. Сімвалічны вобраз Плачкі-Беларусі — цэнтральны ў кнізе. Апавяданні-прытчы, не выкарыстаныя ў «Шляхціцы Завальні», склалі аповесць «Драўляны дзядок і кабета Інсекта» (1844—47). Тэма роднага краю, нешчаслівага лёсу таленавітых людзей Беларусі — у драм. паэме «Жыццё сіраты». У аповесці «Душа не ў сваім целе» Баршчэўскі ў алегарычнай форме паказаў шляхі, якімі павінны ісці сумленныя людзі, каб служыць Бацькаўшчыне. Гэтыя творы разам з «Мелодыямі пілігрыма» склалі кн. «Проза і вершы» (ч. 1. Кіеў, 1849).

Тв.:

Бел. пер. — Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Мн., 1990;

Санет: Для В.П. Буйніцкай;

Рыбак: (балада);

Зарослае возера: Балада // Роднае слова. 1994. № 9;

Дзве бярозы: Балада // Беларусь. 1995. № 4;

Душа не ў сваім целе // Полымя. 1996. № 1. Аповесць.

Літ.:

Падбярэскі Р. Беларусь і Ян Баршчэўскі // Баршчэўскі Я. Шляхціц Завальня... Мн., 1990;

Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;

Хаустовіч М. Ля вытокаў беларускае ідэі // Полымя. 1994. № 11.

М.​В.​Хаустовіч.

Я.Баршчэўскі.

т. 2, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛФАВІ́Т [ад назваў першых дзвюх літар грэч. алфавіта alpha і bēta (навагрэч. vita)],

азбука, сукупнасць графічных знакаў (літар) пэўнай сістэмы пісьма, размешчаных у замацаваным парадку. Уяўляе сабой пазнейшую стадыю развіцця графікі, наступную за піктаграфічным, ідэаграфічным пісьмом (гл. адпаведныя арт.). Асн. патрабаванні да кожнага алфавіта: дакладная колькасць адпаведных літар і асн. гукаў мовы (фанем), прастата малюнкаў літар і іх зручнасць для напісання, выразнае адрозненне адной літары ад другой пры захаванні адзінства іх графічнай будовы.

Алфавіт упершыню ўзнік у стараж. літарна-гукавых сістэмах. Яго маюць і некат. складовыя сістэмы, напр. катакана і хірагана (гл. Японскае пісьмо), дэванагары (гл. Індыйскае пісьмо) і інш. Першымі чыста гукавую сістэму пісьма стварылі фінікійцы каля 2000 г. да н. э. Фінікійскае пісьмо стала асновай для ўсіх наступных літарна-гукавых сістэм. Ад яго паходзіць арамейскае пісьмо, якое дало пачатак яўрэйскаму пісьму і арабскаму пісьму, а таксама грэчаскае пісьмо, на якім грунтуецца большасць еўрап. алфавіта. Грэч. алфавіт, найб. верагодна, створаны ў 11 ст. да н.э. Стараж. грэкі пакінулі без істотных змен фінікійскі алфавіт, толькі адкінулі графемы, не прыдатныя для перадачы гукаў сваёй мовы, і ўвялі некалькі новых. Грэч. алфавіт лёг у аснову італійскіх алфавітаў (этрускага, умбрыйскага, оскага, лацінскага, фаліскійскага і інш.). Пазнейшы візантыйскі варыянт грэч. алфавіта даў пачатак арм. і груз. пісьму (гл. адпаведныя арт.).

На грэка-візантыйскай аснове ўзнікла кірыліца, якая перайшла ў спадчыну беларусам і інш. усх.-слав. народам. Кірыліцкі алфавіт выкарыстоўваўся ў старабел. пісьменстве, а з пэўнымі зменамі і ў першых бел. друкаваных выданнях 16—17 ст. У 18 — пач. 20 ст. ў сувязі з яго заняпадам стаў ужывацца пераважна лацінскі алфавіт (гл. Лацінскае пісьмо). З узнікненнем легальнай бел. прэсы для перадачы гукавой сістэмы бел. мовы быў прыстасаваны рус. грамадзянскі шрыфт. Сучасны беларускі алфавіт замацаваўся як асноўны графічны сродак пісьмовай формы бел. літ. мовы пасля ўтварэння БССР.

Літ.:

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963;

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Булыка.

т. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЖЭ́ШКА (Orzeszkowa; дзявочае Паўлоўская) Эліза

(6.6.1841, б. маёнтак Мількаўшчына, Гродзенскі р-н — 18.5.1910),

польская пісьменніца. У фарміраванні яе светапогляду выключную ролю адыгралі паўстанне 1863—64 і сялянскі рух 1860—80-х г. на Беларусі. Была звязана з дзеячамі славянскай культуры: Ф.​Багушэвічам, І.​Франко, М.​Салтыковым-Шчадрыным і інш. Літ. дзейнасць пачала ў 1866 (апавяд. «Малюнак з галодных гадоў»). Творчасць 1870-х г. зведала ўплыў ідэй «варшаўскага» пазітывізму, асветнай працы з народам. Выступала за раўнапраўе жанчын (аповесці «Апошняе каханне», 1868, «Пан Граба», 1869—70, «Марта», 1873), з крытыкай шляхецкай арыстакратыі і саслоўных прымхаў (раман «Пампалінскія», 1876), з гуманіст. пазіцый адстойвала інтарэсы працоўных (зб. апавяд. «З розных сфер», т. 1—3, 1879—82). У рамане «Над Нёманам» (1887) адлюстравала вострыя праблемы тагачаснай польскай рэчаіснасці. У аповесцях «Нізіны» (1884), «Дзюрдзі» (1885), «Хам» (1888), апавяданнях «Рэха», «Тадэвуш», «У зімовы вечар» і інш. паказала жыццё паслярэформеннай бел. вёскі. Пра фальклор і духоўнае багацце беларусаў нарысы «Людзі і кветкі на берагах Нёмана» (1888—91). У 1890-я г. ў яе творах вастрыня сац. праблематыкі саступае месца псіхал. заглыбленасці («Два полюсы», 1893, зб. апавяд. «Меланхолікі», 1896). Апошні зб. навел «Gloria victis» («Слава пераможаным!», 1910) прысвечаны героям паўстання 1863—64. Інсцэніраваныя творы Ажэшкі ставіліся Першай бел. трупай І.​Буйніцкага («Хам», «У зімовы вечар», 1910—12), Бел. муз.-драм. гуртком у Вільні («Хам», 1913), Першым т-вам бел. драмы і камедыі («Хам», «У зімовы вечар», 1917), трупай У.​Галубка («Рысь», 1923), Бел. дзярж. т-рам («У зімовы вечар», «Хам», 1920—21) і інш.; паводле аповесці «Хам» паст. аднайменны шматсерыйны тэлефільм (1990, рэж. Дз.​Зайцаў; кінаварыянт пад назвай «Франка»). На бел. мову перакладзены творы А. «Гэдалі» (1907), «У зімовы вечар» (1927). Асобным выданнем выйшла яе кн. «Выбранае» (1975, пер. Я.​Брыля і Я.​Бяганскай). У Гродне ў 1929 пастаўлены помнік Ажэшцы, яе імем названа адна з гал. вуліц.

Тв.:

Рус. пер.Соч. Т. 1—5. М., 1953—54.

Літ.:

Гапава В.І. Эліза Ажэшка: Жыццё і творчасць. Мн., 1969.

В.​І.​Гапава.

Э.Ажэшка.

т. 1, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛГА́КАЎ (Міхаіл Афанасьевіч) (15.5.1891, Кіеў — 10.3.1940),

рускі пісьменнік. Скончыў мед. ф-т Кіеўскага ун-та (1916). Працаваў земскім доктарам у Смаленскай губ. У 1919 пачаў прафесійна займацца л-рай. Супрацоўнічаў у газ. «Гудок» (1922—26). У 1925—26 апубл. «Запіскі маладога ўрача». Першы зб. сатыр. апавяданняў «Д’ябаліяда» (1925) выклікаў спрэчкі ў друку. У рамане «Белая гвардыя» (1925—27), п’есах «Дні Турбіных» (напісана па матывах гэтага рамана, паст. 1926), «Бег» (1926—28, паст. 1957) настроі старой рус. інтэлігенцыі, еднасць яе з народам, роздум пра шляхі і выбар, думкі пра «белы рух» і лёс Расіі. У камедыях «Зойчына кватэра» (паст. 1926) і «Барвовы востраў» (паст. 1928) высмейвае быт і норавы нэпманскага асяроддзя, парадзіруе звычкі абмежаванага тэатр. свету. Літ. крытыка канца 1920-х г. адмоўна ацэньвала творчасць Булгакава, яго творы не друкаваліся, п’есы былі зняты са сцэны. З пач. 1930-х г. працаваў рэжысёрам-асістэнтам МХАТа, інсцэніраваў «Мёртвыя душы» Гогаля (1932). У сатыр.-фантастычных аповесцях «Фатальныя яйкі» (1925) і «Сабачае сэрца» (1925, апубл. 1987) сцвярджэнне этычнай адказнасці інтэлігенцыі за вынікі сацыяльнага эксперыменту. «Майстар і Маргарыта» (1929—40, апубл. 1966—67) своеасаблівая форма філас. рамана, дзе сумешчаны гісторыка-легендарны, сучасна-бытавы і містыка-фантастычны планы дзеяння. У ім складанасць жыцця, вечная барацьба сіл стварэння і разбурэння. У гіст. драмах «Кабала святош» («Мальер», 1930—36, паст. 1943) і «Апошнія дні» («Пушкін», 1934—35, паст. 1943), у біяграфічнай аповесці «Жыццё спадара Мальера» (1932—33, апубл. 1962) паказвае несумяшчальнасць сапраўднага мастацтва з дэспатызмам манархіі. Незакончаны «Тэатральны раман» («Запіскі нябожчыка», 1936—37, апубл. 1965) — іранічная перыфраза гісторыі МХАТа 1920-х г., ён спалучае ў сабе споведзь і сатыру. Булгакаў — майстар дасканалай тэхнікі, імклівага сюжэта, валодаў жывой, гнуткаю мовай. Раман «Майстар і Маргарыта» на бел. мову пераклаў (1994) А.​Жук.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. Мн., 1989—90;

Записки на манжетах. М., 1988.

Літ.:

Творчество Михаила Булгакова: Исслед. и материалы... Кн. 1—2. СПб., 1991—94;

Мягков Б. Булгаковская Москва. М., 1993.

М.А.Булгакаў.

т. 3, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́НТЭ Аліг’еры

(Dante Alighieri; 15.5 ці 15.6.1265, г. Фларэнцыя, Італія — 13 ці 14.9.1321),

італьянскі паэт. Па некат. звестках, вучыўся ў Балонскім ун-це. У 1300 адзін з прыёраў Фларэнцыі, у 1301 амбасадар горада пры папскім двары ў Рыме. Быў абвінавачаны ў выступленнях супраць папы і гар. улад і прыгавораны да спалення на кастры; усё астатняе жыццё правёў у выгнанні. У ранніх вершах апяваў Беатрычэ Партынары, каханне да якой пранёс праз усё жыццё. Гэтыя вершы і далучаная да іх проза на італьян. мове склалі першы буйны твор — «Новае жыццё» (1291—93, выд. 1576), у якім распрацаваў правілы «новага салодкага стылю» (ускладненыя маральна-філас. ідэі, сімволіка і алегарызм, вытанчанасць маст. формы). Пазней яго творчасць развівалася ў 2 кірунках: на лац. мове ствараў трактаты па пытаннях італьян. мовы («Пра народнае красамоўства», 1303—04), аб дзярж. уладзе («Пра манархію», 1312—13), на італьян. мове — трактат, прысвечаны філас., маральным і літ. пытанням («Баль», 1304—07) і вершы (т.зв. «рыфмы»). У 1311—13 напісаў 13 «Пасланняў» на лац. мове, эклогі, а таксама трактат «Спрэчка аб вадзе і зямлі» (1320). Вяршыня творчасці Д. — «Боская камедыя» [1306—1318(?)—21]. Гэты манум. твор позняга сярэднявечча ўяўляе сабой энцыклапедыю філасофіі, касмагоніі, гісторыі, рэлігіі, маралі, паліт. поглядаў еўрап. чалавека напярэдадні Адраджэння. Твор падзелены на 3 часткі (кантыкі): «Пекла», «Чысцец» і «Рай». У алегарычнай форме Д. гаворыць аб сучаснасці, яскрава звязваючы яе з Антычнасцю. Стройная лагічная схема твора базіруецца на сімволіцы лічбаў (пачынаючы ад лічбы 3 — сімвала Тройцы: 3 кантыкі, тэрцына — асн. вершаваны памер, кожная кантыка складаецца з 33 песняў і г.д.). Творчасць Д. зрабіла вял. ўплыў на развіццё л-ры. Яго творы перакладзены амаль на ўсе мовы свету. На бел. мову «Боскую камедыю» пераклалі Я.​Семяжон, А.​Мінкін, У.​Скарынкін.

Тв.:

Le opere di Dante. Firenze, 1965;

Рус. пер. — Новая жизнь;

Божественная комедия. М., 1967;

Малые произведения. М., 1968.

Літ.:

Enciclopedia Dantesca. Roma, 1970—85;

Голенищев-Кутузов И.Н. Данте. М., 1967.

С.​В.​Логіш.

Дантэ.

т. 6, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРГА́Й (Сяргей Сцяпанавіч) (17.9.1907, Мінск — 25.12.1980),

бел. паэт. Скончыў Мінскую чыг. школу (1924) і агульнаадук. курсы (1927). Удзельнік падполля і партыз. руху на Беларусі ў Айч. вайну. У 1930-я г. працаваў у газ. «Звязда», з 1951 у час. «Полымя», у 1953—67 у час. «Вожык». Друкаваўся з 1938. Першы зб. «Вачыма будучыні» (1953). Гал. тэмы яго паэзіі (зб-кі «Крэмень аб крэмень», 1958, «Чатыры стыхіі», 1962, Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1964, «Свята ў будзень», 1964) — любоў да роднага краю, неаслабная ўвага да чалавека, клопат пра яго самаўдасканаленне, засяроджанасць на складаных праблемах часу, зварот да подзвігу бел. народа ў Вял. Айч. вайну. Дз. горача цікавіўся гіст. мінулым свайго народа (паэмы «Напрадвесні», 1960, «Над спакоем крыніц». 1962), паказваў пераўтварэнне чалавекам зямлі («Песня пра Туркменскі канал», 1951), ствараў гіст. эпас («Пушкін на шашы Энтузіястаў», 1953). Выкарыстанне разнастайных паэт. сродкаў і формаў, умелае валоданне фальклорна-песенным вершам, сучасным верлібрам, філасафічнасць, асацыятыўнасць мыслення, культура творчасці, руплівыя адносіны да роднай мовы зрабілі яго паэзію адметнай у бел. л-ры. Гумарыстычныя творы Дз. ў яго зб-ках «Цешча» (1959), «Салата з дзядоўніку» (1967). На бел. мову перакладаў паэмы «Гражына» А.​Міцкевіча, «Бацька зачумленых» Ю.​Славацкага, «Дванаццаць» А.​Блока, «На ўвесь голас» У.​Маякоўскага, «Сінія гусары» М.​Асеева, «Сын» П.​Антакольскага, «1905 год» Б.​Пастарнака, асобныя творы Э.​Багрыцкага, У.​Бранеўскага, В.​Брусава, У.​Лугаўскога, Я.​Райніса, М.​Рыльскага, П.​Тычыны і інш.

Тв.:

Выбранае. Мн., 1967;

Вершы. Мн., 1974;

На вогненнай сцяжыне. Мн., 1977;

Чатыры стыхіі. Мн., 1988.

Літ.:

Арочка М. Сатырычная паэзія // Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;

Бярозкін Р. Пошук сапраўднага // Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971;

Гілевіч Н. Словы трывалыя, прачулыя, разумныя // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;

Лойка А. Зайдзі ў мой дом // Лойка А. Паэзія і час. Мн.. 1981;

Гніламёдаў У. Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1983. С. 223—227;

Сачанка Б. Круты стол Сяргея Дзяргая // Сачанка Б. Жывое жыццё. Мн., 1985;

Сіпакоў Я Сяргей Сцяпанавіч // Сіпакоў Я. Журба ў стылі рэтра. Мн., 1990.

Я.Сіпакоў.

С.С.Дзяргай.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ ПРЭ́МІІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

дзяржаўныя ўзнагароды за творчыя дасягненні ў галіне навукі і тэхнікі, літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Устаноўлены ЦК КПБ і СМ БССР па л-ры, музыцы і мастацтве ў 1965, па журналістыцы ў 1967, па архітэктуры ў 1968, л-ры і мастацтве для дзяцей і юнацтва, у галіне навукі і тэхнікі ў 1971. Да 1992 называліся Дзярж. прэміі БССР, з 1992 — Дзярж. прэміі Рэспублікі Беларусь. Зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 6.5.1996. Прысуджаюцца раз у 2 гады кожны цотны год. Асобам, якія атрымалі Дзярж. прэмію, прысвойваецца званне «Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь», уручаецца дыплом, ганаровы знак лаўрэата, грашовая прэмія. У галіне навукі і тэхнікі прысуджаецца за выдатныя навук. дасягненні, якія адпавядаюць сусв. ўзроўню і садзейнічаюць развіццю гуманіт., прыродазнаўчых і тэхн. навук. Прысуджаецца 12 Дзярж. прэмій, у т. л. ў галіне гуманіт. і сац. навук — 2, прыродазнаўчых навук — 5, тэхнікі — 3 і за падручнікі — 2. У галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прысуджаюцца за таленавітыя, глыбокія па змесце і адметныя па форме творы л-ры, выяўл. мастацтва, архітэктуры, тэатр. пастаноўкі, кінафільмы, муз. творы, выканаўчае майстэрства, якія робяць значны ўклад у бел. нац. культуру, развіваюць маст. традыцыі і садзейнічаюць устанаўленню агульначалавечых каштоўнасцей і ідэй гуманізму, а таксама за маштабныя публікацыі ў галіне журналістыкі, даследчыя работы ў галіне літ.-знаўства і мастацтвазнаўства, тэорыі і гісторыі мастацтва. За творы паэзіі і драматургіі прысуджаецца 1 прэмія імя Я.​Купалы, за творы прозы, працы ў галіне літ.-знаўства і крытыкі — 1 прэмія імя Я.​Коласа, за творы л-ры і мастацтва для дзяцей і юнацтва — 1 прэмія, за працы ў маст. публіцыстыцы — 1 прэмія імя К.​Каліноўскага, у галіне журналістыкі — 1 прэмія, за муз. творы і канцэртна-выканаўчую дзейнасць — 2 прэміі, за работы рэжысёраў, дырыжораў, балетмайстраў, хормайстраў, артыстаў, кампазітараў і інш. у пастаноўках тэатраў, кінастудый, на тэлебачанні і радыё — 2 прэміі, за творы жывапісу, скульптуры і інш. выяўл. мастацтва — 2 прэміі, у галіне архітэктуры — 1 прэмія, за даследаванні па тэорыі і гісторыі мастацтва і архітэктуры, а таксама падручнікі для спец. навуч. устаноў па архітэктуры і мастацтвазнаўстве — 1 прэмія.

Г.​А.​Маслыка.

т. 6, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХАВА́Я МУ́ЗЫКА,

разнавіднасць інструментальнай музыкі, прызначаная для выканання на духавых інструментах. Ахоплівае творы для асобных інструментаў, для ансамбляў і аркестраў. Вядома са старажытнасці. Яе вытокі звязаны з магічна-рытуальнымі абрадамі, ваен., паляўнічымі, пастухоўскімі і інш. сігналамі (гл. Сігнальная музыка). На працягу стагоддзяў складваліся маст. выразныя сродкі, жанры, формы Д.м. Яе асн. жанры: камерна-інструментальны (санаты, фантазіі, мініяцюры, трыо, квартэты і інш.), марш, папуры. У рэпертуары духавых аркестраў таксама розныя п’есы, уверцюры, часам сімфоніі (М.​Мяскоўскі, І.​Стравінскі), інструментоўкі сімф., балетнай, вак., народнай, а таксама аранжыроўкі і кампіляцыі эстраднай, танц. і джазавай музыкі.

На Беларусі выкарыстанне труб, рагоў, дудак у вайск., паляўнічым, прыдворным побыце і старажоўстве адлюстравана ў летапісных і літ. крыніцах («Песня пра зубра» М.​Гусоўскага, «Александрыя», «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча), муз. антуражы арх. помнікаў стылю ракако, нац. геральдыцы. З 13 ст. музыка на духавых інструментах суправаджала выступленні скамарохаў. Пастухоўскія сігналы, песенныя, танц. імправізацыі і найгрышы на духавых інструментах (фуярка, чаратоўка, жалейка, дудка, дуда, флейта, кларнет) здаўна ўводзілі ў рэпертуар народных інстр. ансамбляў і аркестраў. Пра характар быт. музыкі 16—17 ст. у выкананні духавых інструментаў дае ўяўленне т.зв. «Полацкі сшытак». У канцы 17 — пач. 18 ст. выканальніцтва на духавых інструментах актыўна развівалася на Магілёўшчыне. У жанрах Д.м. працавалі І.Дабравольскі, Вус, Няльгоўскі і інш. У 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Д.м. Беларусі ўключала пераважна п’есы прыкладнога характару (маршы, бальныя танцы і інш.) і камерна-інстр. творы. У 1930—50-я г. асновы арыгінальнага бел. рэпертуару для духавога аркестра залажылі М.​Аладаў, Ю.​Бяльзацкі, Дз.​Лукас, П.​Падкавыраў, С.​Палонскі, М.​Чуркін, Я.​Цікоцкі. У 1960—90-я г. ў розных жанрах Д.м. прадавалі Л.​Абеліёвіч, У.​Алоўнікаў, А.​Багатыроў, У.​Буднік, Г.​Вагнер, В.​Войцік, Г.​Гарэлава, Я.​Глебаў, А.​Гураў, У.​Дамарацкі, Я.​Дзягцярык, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, Э.​Казачкоў, С.​Картэс, А.​Клеванец, І.​Кузняцоў, І.​Лучанок, А.​Мдывані, У.​Палуэктаў, У.​Прохараў, Ю.​Семяняка, Дз.​Смольскі, Р.​Сурус, В.​Сярых, К.​Цесакоў, Л.​Шлег і інш.

Літ.:

Левин С.Я. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Ч. 1—2. Л., 1973—83.

А.​Л.​Карацееў.

т. 6, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛЕ́КТНЫ СЛО́ЎНІК, абласны слоўнік,

жанр рознатыповых лінгвістычных даведнікаў, у якіх падаецца мясц. лексіка абмежаванага тэрытарыяльнага пашырэння. Паводле прынцыпаў адбору рэестравай лексікі Д.с. падзяляюцца на: поўныя (сістэмныя),

якія апісваюць усю без выключэння лексіку пэўнай гаворкі; дыферэнцыяльныя (гл. ў арт. Дыферэнцыяльны слоўнік); зводныя (агульныя), што змяшчаюць дыялектную лексіку розных рэгіёнаў ці розных гаворак пэўнай нац. мовы (напр., «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», т. 1—5, 1979—86; «Беларускае дыялектнае слова» Л.​Ф.​Шаталавай, 1975, і інш.; своеасаблівая разнавіднасць зводнага Д.с. — дыялекталагічны атлас); рэгіянальныя (абласныя, краёвыя), што падаюць мясцовыя словы пэўнай гаворкі, групы гаворак ці пэўнага рэгіёна, якімі гэтыя гаворкі адрозніваюцца ад інш. бел. гаворак [напр., «Віцебскі краёвы слоўнік» М.​І.​Каспяровіча, 1927, «Краёвы слоўнік Лагойшчыны» А.​Варлыгі, 1970, «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87, і інш.]. Паводле характару рэестравых адзінак адрозніваюць Д.с.: мясцовай лексікі (большасць бел. Д.с.); народна-дыялектнай фразеалогіі («Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі», Е.​С.​Мяцельскай і Я.​М.​Камароўскага, 1972; гл. таксама ў арт. Фразеалагічны слоўнік); парэміялагічныя («Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі» Ф.​М.​Янкоўскага, 1957, «Паслухай, што людзі кажуць» В.​І.​Рабкевіча, 1985, і інш.); анамастычныя (напр., «Мікратапанімічныя назвы» Я.​М.​Адамовіча, 1971); словаўтваральныя (напр., «Народная лексіка і словаўтварэнне» П.​У.​Сцяцко, 1972, «Народнае вытворнае слова: 3 гаворкі Мсціслаўшчыны» Г.​Ф.​Юрчанкі, вып. 1—3, 1981—85). У залежнасці ад прынцыпаў семантызацыі выкарыстаных рэестравых слоў вылучаюцца Д.с.: тлумачальныя (большасць бел. Д.с.), перакладныя (напр., «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча, факс. выд., 1983), сінанімічныя (напр., «Народная сінаніміка» Юрчанкі, 1969), тэматычныя (напр., «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», т. 1. Раслінны і жывёльны свет, 1993). Большасць бел. Д.с. складаліся на матэрыяле палявых запісаў дыялектных слоў, але існуюць і такія, лексіка якіх адбіралася з літ. крыніц: «Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў: Кароткі слоўнік-даведнік» М.​В.​Абабуркі (1979), і інш.

Літ.:

Крывіцкі А.А. Сучасная беларуская дыялектная лексікаграфія: Стан і перспектывы // Македонски jазик. 1980. Т. 31.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 6, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НКІ, ihka,

старажытнае індзейскае племя моўнай групы кечуа. У 11—13 ст. жыло на тэр. сучаснага Перу, потым склала пануючы слой у дзяржаве Таўантысую са сталіцай у г. Куска, створанай у 1439 саюзам плямён, больш вядомай пад назвай «Імперыя І.». І. бралі даніну з пакораных плямён, выкарыстоўвалі працу сялян-абшчыннікаў, рамеснікаў і рабоў. Асноўнай сац.-эканам. адзінкай дзяржавы была суседская абшчына. Неабмежаваная, акружаная сакральным арэолам улада належала правіцелю — Вярхоўнаму Інку, ён жа лічыўся ўласнікам ўсёй зямлі. Першы міфічны правіцель І. — Манка Капак шанаваўся як сын сонца. І. выкарыстоўвалі ірыгацыю, будавалі палацы, храмы, умацаваныя гарады і цытадэлі, вынайшлі сістэму перадачы звестак у выглядзе т. зв. вузельчыкавага пісьма — кіпу, а таксама, верагодна, зачаткавую пісьменнасць, наладзілі хуткую сувязь паміж рознымі часткамі імперыі з дапамогаю скараходаў. Як і інш. плямёны дакалумбавай Амерыкі, І. не ўмелі вырабляць жалезныя прылады і не ведалі агнястрэльнай зброі. У 1532—36 ісп. заваёўнікі на чале з Ф.Пісара захапілі і знішчылі дзяржаву І. разам з яе багатай культурай, забілі апошняга Вялікага Інку Атаўальпу. Пакораныя іспанцамі І. увайшлі ў склад народнасці кечуа.

Архітэктура І. вядома па літ. і шматлікіх археал. крыніцах (рэшткі храмаў, палацаў, абсерваторый, амфітэатраў, крэпасцей). Першапачаткова ўзводзілі цыклапічныя пабудовы 3 агромністых камянёў (крэпасць Саксаўаман каля Куска), пазней — пабудовы з абчасаных блокаў граніту (крэпасці Пісак каля Куска, Мачу-Пікчу). Іх дойлідства вылучалася геам. прастатой прысадзістых форм, трываласцю, амаль поўнай адсутнасцю дэкору. Асн. віды мастацтва — размаляваная і фігурная кераміка з бліскучай чорнай паверхняй, у т. л. пасудзіны з рэаліст. партрэтнымі выявамі («тваравыя пасудзіны»), Вял. майстэрствам вылучаліся творы ювелірнага мастацтва («залаты сад» у храме Сонца «Карыканча» ў Куска з раслінамі, птушкамі, матылькамі, фігурамі з золата і серабра), якія амаль не захаваліся.

Літ.: Гарсиласо де ла Вега. История государства инков: Пер. с исп. Л., 1974; Березкин Ю.Е. Инки: Ист. опыт империи. Л., 1991; Галич М. История доколумбовых цивилизаций: Пер. с исп. М., 1990.

Понча інкаў. 1350—1532.
Рытуальны нож інкаў — тумі. Золата, інкрустацыя.
Да арт. Інкі. Сцены (злева) і платформы Мачу-Пікчу.

т. 7, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)