прастора ядзернага рэактара, дзе ў выніку ланцуговай ядзернай рэакцыі выдзяляецца энергія (пераважна ў выглядзе цяпла). Актыўная зона мае: рэчыва, якое дзеліцца (часцей за ўсё ў выглядзе блокаў ці стрыжняў); запавольнік, калі рэакцыя ідзе на павольных нейтронах; цепланосьбіт для адводу цяпла; прылады і прыстасаванні сістэм кіравання, кантролю і аховы рэактара. Як запавольнік выкарыстоўваюцца вада, цяжкая вада, графіт, берылій і інш., як цепланосьбіт — вада, вадзяная пара, цяжкая вада, арган. вадкасці, гелій, вуглякіслы газ, вадкія металы (пераважна натрый). Для памяншэння ўцечкі нейтронаў актыўная зона акружаецца адбівальнікам нейтронаў (з тых жа рэчываў, што і запавольнік). Форма актыўнай зоны цыліндрычная.
Літ.:
Петросьянц А.М. Ядерная энергетика. 2 изд. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫ́ЎНАЯ РЭА́ЛЬНАСЦЬ,
сукупнасць незалежных ад чалавечай свядомасці аб’ектаў, сувязяў, адносін, узаемадзеянняў, працэсаў, аб’яднаных у нежывыя, жывыя і сац.-арганізаваныя сістэмы. Жывыя сістэмы ўключаюць усю сукупнасць арганізмаў, здольных да самаўзнаўлення на аснове генетычнай інфармацыі. Сац.-арганізаваныя сістэмы — гэта сукупнасць індывідуумаў і іх згуртаванняў, якія падтрымліваюць сваё існаванне праз пераўтварэнне навакольнай рэчаіснасці. У структуру такіх сістэм уваходзяць таксама створаныя чалавекам тэхн. сістэмы, з дапамогай якіх ён больш паспяхова асвойвае рэчаіснасць. Унутраная падпарадкаванасць і сістэмная арганізацыя, якімі валодае аб’ектыўная рэальнасць, законы яе эвалюцыі складаюць найважнейшы элемент даследаванняў. З улікам характару аспектаў аб’ектыўнай рэальнасці, якія даследуе тая ці інш. дысцыпліна, вылучаюць фіз. рэальнасць, біял. рэальнасць і г.д. і адпаведна карціну фіз. рэальнасці, карціну біял. рэальнасці і г.д. як найбольш буйныя блокі ведаў. Агульныя характарыстыкі аб’ектыўнай рэальнасці адлюстроўвае агульнанавук. карціна сусвету.
Літ.:
Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;
Пригожин И., Сонгере И. Порядок из хаоса: Новый диалог человека с природой. М., 1986;
Проблемы познания социальной реальности. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРЫ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА, Венская школа,
суб’ектыўна-псіхалагічны кірунак у палітэканоміі. Сфарміравалася ў Аўстрыі ў 1870—80-х г. Заснавальнікі — К.Менгер, Э.Бём-Баверк, Ф.Візэр. Ідэі аўстрыйскай школы падзялялі У.Джэванс (Вялікабрытанія), Л.Вальрас (Швейцарыя), М.Туган-Бараноўскі і П.Струве (Расія), у 20 ст. развівалі Ф.Хаек і інш. Задачу палітэканоміі прадстаўнікі школы бачылі ў вывучэнні свядомасці суб’екта, які гаспадарыць ва ўсёй разнастайнасці яго вопыту. Паводле Бём-Баверка, карані эканам. з’яў — у адчуваннях суб’екта, у псіхал. матывах, што рэгулююць яго паводзіны. У якасці аб’екта даследавання выбіралася адна асобная гаспадарка як тыповы элемент рыначнай эканомікі. Ідэальным лічыўся ізаляваны ад грамадства індывід (гаспадарка Рабінзона; адсюль назва метаду даследавання — метад рабінзанад Аўстрыйская школа заклала асновы маржыналізму, увяла прынцып гранічнасці, які стаў універсальным і адкрыў шлях шырокаму выкарыстанню матэм. метадаў у эканам. навуцы. Цэнтр. месца ў канцэпцыях аўстрыйскай школы заняла тэорыя вартасці, названая гранічнай тэорыяй карыснасці. Прадстаўнікі аўстрыйскай школы распрацавалі таксама тэорыі прыбытку і працэнта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФРАКЦЫ́ЙНАЯ РАШО́ТКА,
аптычная прылада, якая мае вял. колькасць элементаў (шчылін, штрыхоў або люстраных палосак) у непразрыстым экране.
Адрозніваюць рэгулярныя Д.р. (элементы размешчаны перыядычна) і нерэгулярныя Д.р. (элемента размешчаны хаатычна, напр., галаграма). Асн. характарыстыкі Д.р. — перыяд (адлегласць паміж суседнімі элементамі), дысперсія і раздзяляльная здольнасць. Д.р. бываюць плоскія і сферычныя, адбівальныя (з ступеньчатым профілем элементаў наз. эшэлетамі) і празрыстыя. Праходзячы праз Д.р. або адбіваючыся ад яе, святло раскладаецца на шэраг спектраў (гл.Дыфракцыйныя спектры). Уласцівасці Д.р. маюць крышталі, што служаць прасторавай Д.р. для рэнтгенаўскіх прамянёў, а таксама паверхні з вял. колькасцю штучных або натуральных штрыхоў (грамафонныя дыскі, птушыныя пёры, рыбная луска і інш.), на якіх адбываецца дыфракцыя святла. Д.р. выкарыстоўваюцца як асн.элемент спектральных прылад, як аптычныя датчыкі лінейных і вуглавых перамяшчэнняў, палярызатары і фільтры інфрачырвонага выпрамянення і інш.
К.М.Грушэцкі.
Да арт.Дыфракцыйная рашотка. Перыядычная структура (разрэз пры моцным павелічэнні) і схема дзеяння празрыстай (a) і абвівальнай (б) дыфракцыйнай рашоткі: d — перыяд рашоткі; 1 — падаючыя 12 — Дыфрагаваныя прамяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́КАПІСу музыцы,
увасабленне сродкамі музыкі розных гукавых і пазагукавых з’яў навакольнага свету. Апіраецца на выяўл. магчымасці муз. мастацтва, якія выступаюць у 2 асн. тыпах: гукавая імітацыя і выяўленчасць асацыятыўнага характару. Сярод рэальных гучанняў прадметнага асяроддзя, якія часта імітуюцца ў музыцы: пляск хваль, шум мора, шапаценне лесу (у оперы «Марынка» Р.Пукста), гучанне муз. інструментаў, гаворка, стогны, плач чалавека і інш. Імітацыя можа быць ідэнтычная аб’екту пераймання па тэмбры, інтанацыях ці больш апасродкаванай. Гукавыяўленчасць асацыятыўнага тыпу засн. на слыхавым успрыманні муз. гукаў як узаемазвязаных з рознымі пазагукавымі з’явамі (дынамічнымі, каларыстычнымі, аптычнымі). Асацыятыўны гуказапіс часта выступае як элементпраграмнай музыкі, дзе загалоўкі і рэмаркі канкрэтызуюць вобразны змест. На практыцы імітацыйны і асацыятыўны гуказапісы часта аб’ядноўваюцца (харэаграфічная навела «Мушкецёры» Я.Глебава). З узнікненнем электроннай музыкі (муз. камп’ютэраў, сінтэзатараў і інш. эл.-муз. канструкцый) у гуказапісе шырока выкарыстоўваюцца новыя гукавыяўл. эфекты, незвычайныя, «незямныя», «касмічныя» гучнасці (у т. л. ў кіно, драм. т-ры, на эстрадзе і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́БКІ ВЫТВО́РЧЫ МО́ДУЛЬ (ГВМ),
структурны элементгібкай аўтаматызаванай вытворчасці, які функцыянуе ў яе контуры аператыўна-тэхнал. кіравання. Бываюць апрацоўчыя і зборачныя. Апрацоўчыя ГВМ уключаюць станок з лікавым праграмным кіраваннем і прыстасаванне аўтам. загрузкі-выгрузкі. У зборачныя ГВМ уваходзяць прамысловы робат для маніпуліравання дэталямі пры зборцы, зборачная галоўка для злучэння дэталей у сістэму і блок лікавага праграмнага кіравання, часам і транспартна-назапашвальная сістэма. ГВМ для зборкі буйных вырабаў складаецца са зборачнага паста, падлогавых і падвесных робатаў для выгрузкі дэталей і інш. ГВМ уласціва хуткая пераналаджвальнасць і універсальнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАТО́ПЫ (ад іза... + грэч. topos месца),
разнавіднасці атамаў пэўнага хім. элемента, ядры якіх маюць аднолькавую колькасць пратонаў і розную — нейтронаў. Тэрмін «І.» прапанаваў англ. фізік Ф.Содзі ў 1910. Выкарыстоўваюць у якасці ізатопных індыкатараў; радыеактыўныя І. — і як крыніцу радыеактыўнага выпрамянення; І. урану і плутонію з’яўляюцца ядзерным палівам.
Маюць аднолькавыя зарад ядраў і будову электронных абалонак, блізкія хім. ўласцівасці і займаюць адно месца ў перыяд. сістэме хім. элементаў (адсюль назва). Існаванне І. даказана эксперыментальна ў 1906—10 пры вывучэнні радыеактыўных элементаў. Кожны хім.элемент можа мець стабільныя і радыеактыўныя І. Большасць прыродных элементаў — сумесь І.; залежнасць іх ізатопнага складу ад узросту ўзораў і ўмоў іх утварэння пакладзена ў аснову вызначэння ўзросту горных парод і рудных радовішчаў. Маюць блізкія фіз.-хім. ўласцівасці, таму іх адноснае ўтрыманне амаль не змяняецца пры розных прыродных працэсах. Невял. адрозненні ўласцівасцей І. прыводзяць да ізатопных эфектаў і выкарыстоўваюцца, напр., для іх раздзялення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКАРПАРА́ЦЫЯ (ад позналац. incorporatio далучэнне),
1) уключэнне ў свой склад, далучэнне.
2) Прадастаўленне ў адпаведнасці з законам групе асоб статуса юрыд. асобы, карпарацыі.
3) Сістэматызаванне законаў дзяржавы, размяшчэнне іх у вызначаным парадку (храналагічным, алфавітным, па галінах права) без змены зместу законаў.
4) У мовазнаўстве — спосаб сувязі значымых і службовых кампанентаў у адзінае моўнае цэлае, якое знешняй формай нагадвае складанае слова, а зместам — словазлучэнне ці сказ; характэрная рыса інкарпараваных моў. У такіх словах-сказах колькасць кампанентаў абумоўлена зместам выказвання, а парадак размяшчэння кампанентаў выражае ўстойлівыя сінтакс. адносіны паміж імі. Напр., у славесным комплексе мовы хупа (абарыгены Паўн. Амерыкі) te-se-e-ya-te — «Я пайду» цэнтр. лексічны кампанент ya абазначае «ісці», пач. кампанент te мае грамат. значэнне (паказвае. што дзеянне разгортваецца ў пэўнай прасторы), e — займеннік «я», элемент se паказвае, што дзеянне развіваецца, канчатак te выражае будучы час. Значымыя члены такіх славесных комплексаў выконваюць адначасова функцыі слоў і членаў сказа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЫ́ДЫЙ (лац. Iridium),
Ir, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 77, ат. м. 192,22, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 2 стабільныя ізатопы 191Ir (37,3%) і 193Ir (62,7%). У зямной кары 10−7% па масе. Адкрыты ў 1804 англ. хімікам С.Тэнантам, назва (ад грэч. iris вясёлка) абумоўлена разнастайнай афарбоўкай І. злучэнняў.
Серабрыста-белы, цвёрды і крохкі метал, tпл 2447 °C, tкіп каля 4380 °C, шчыльн. 22650 кг/м³ Хімічна вельмі ўстойлівы. Не ўзаемадзейнічае з к-тамі і іх сумесямі, у т. л. з царскай гарэлкай, шчолачамі. Парашкападобны І. у паветры пры т-ры вышэй за 1000 °C утварае чорны дыаксід IrO2, пры награванні ўзаемадзейнічае з фторам, пры т-ры чырв. напалу — з хлорам і серай. Утварае комплексныя злучэнні, у т. л. з арган. лігандамі. Атрымліваюць з анодных шламаў медна-нікелевай вытв-сці. Выкарыстоўваюць для нанясення ахоўных пакрыццяў, вырабу электродаў, тэрмапар, тыгляў для вырошчвання монакрышталёў лазерных матэрыялаў, паўкаштоўных камянёў і інш., як кампанент сплаваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТЭ́ЛЬ (ад позналац. capitellum галоўка) у архітэктуры, пластычна вылучаная верхняя частка верт. апоры (слупа ці калоны) або пілястры, якая перадае на іх нагрузку ад архітрава і размешчаных вышэй яго частак будынка; элементарх.ордэра.
Узнікла ў краінах Стараж. Усходу. У Стараж. Грэцыі склаліся тыпы К.: дарычная, іанічная, карынфская, у архітэктуры Стараж. Рыма — кампазітная і тасканская. Адметныя маст. фермы створаны ў архітэктуры сярэдневяковай Візантыі, Японіі, Сярэдняй Азіі, Кітая, стараж.-рус. архітэктуры, раманскім і гатычным дойлідстве Еўропы. У эпоху Адраджэння, у архітэктуры барока і класіцызму выкарыстоўвалі розныя варыяцыі класічных К. у спалучэнні з мясц. арнаментальнымі матывамі.
На Беларусі вядомы з 12 ст. ў мураванай архітэктуры. У 16—19 ст. былі пашыраны ўсе віды К. ў збудаваннях стыляў рэнесансу, барока, класіцызму. К. у якіх класічныя формы трактаваліся ў мясц.маст. традыцыях, сустракаюцца ў драўляным дойлідстве і пабудовах 19 — пач. 20 ст. Шырока выкарыстоўвалася ў архітэктуры 1950-х г.