ВІЯЛАНЧЭ́ЛЬ (італьян. violoncello памяншальнае ад violone кантрабас),
смычковы музычны інструмент скрыпічнай сям’і баса-тэнаровага рэгістра. Канструкцыя, як у скрыпкі, але віяланчэль большая па памерах. Даўж. корпуса 750—768 мм. Мае 4 струны. Настройка па квінтах: C, G, d, a. Дыяпазон C—a2 і вышэй (у віртуозных творах). Прыёмы ігры тыя ж, што і на скрыпцы, але тэхніка больш абмежаваная. Натуецца ў басовым, тэнаровым і скрыпічным ключах. З’явілася ў канцы 15 — пач. 16 ст. Класічныя ўзоры віяланчэлі створаны ў 17—18 ст.італьян. (А. і Н.Амаці, Дж.Гварнеры, А.Страдывары, К.Бергонцы), пазней франц. (Ж.Б.Вільём), рас. (І.Батаў, Я.Вітачак, Ц.Падгорны, Л.Гаршкоў) і інш. майстрамі. На Беларусі шырока выкарыстоўвалася ў 18 ст. ў прыдворных капэлах Нясвіжа, Слоніма, Гродна. У наш час віяланчэль — сольны, ансамблевы і арк. інструмент.
Літ.:
Гинзбург Л. История виолончельного искусства. Кн. 1—4. М.; Л., 1950—78;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУ́КЦЫЯ (ад лац. inductio навядзенне, стымуляванне) у логіцы, спосаб разважання (розумазаключэння) і метад даследавання, пры якіх агульныя вывады робяцца на аснове ведаў аб адзінкавых фактах. Пытанні тэорыі І. сустракаюцца ў працах Арыстоцеля, імі займаліся прадстаўнікі эмпірычнага прыродазнаўства 17—18 ст. Значны ўклад у распрацоўку тэорыі І. зрабілі Ф.Бэкан, Г.Галілей, І.Ньютан, Дж.С.Міль, Дж.Гершэль. Шырока выкарыстоўваецца пры пабудове пэўных тэорый у біялогіі, фізіцы, матэматыцы (гл.Матэматычная індукцыя) і інш. Індуктыўнае заключэнне заўсёды імавернае, але калі яно ісціннае, то нясе ў сабе новыя веды. Таму індуктыўнае заключэнне патрабуе дадатковых сродкаў пазнання, прымяненне якіх і вырашае пытанне аб ісціннасці канчатковых вывадаў. Адрозніваюць І. поўную і няпоўную. Поўная І. ўяўляе сабой вывад агульнага палажэння пра клас увогуле на аснове разгляду ўсіх яго элементаў; яна дае дакладны вывад. Пры няпоўнай І. агульны вывад робіцца на аснове разгляду часткі прадметаў пэўнага класа. Гэты вывад не поўны, а таму не зусім дакладны, патрабуе далейшага даследавання інш. метадамі (гл.Аналіз, Сінтэз, Дослед, Дэдукцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКСНЫ МЕ́ТАДу статыстыцы,
сукупнасць спосабаў і прыёмаў статыстычнай навукі, заснаваных на пабудове і аналізе індэксаў, якія дазваляюць сувымяраць складаныя сац.-эканам. з’явы. Спецыфіка І.м. ў тым, што колькасна непараўнальныя велічыні ў індэксе прыводзяцца да адзінства, якое робіць іх параўнальнымі, сувымернымі. Такім адзінствам з’яўляецца грашовая ацэнка (вартасць) несувымерных элементаў з’явы. Так, колькасць рознай прадукцыі (яе відаў) можа быць прыведзена да сувымернага выгляду з дапамогай цэн (памнажэннем аб’ёму прадукцыі на цану яе адзінкі), што дае магчымасць улічваць змяненне толькі дадзенай з’явы, звязанай з ім. У гэтым выпадку ў якасці сувымерніка выступае вартасць сукупнасці рэчаў. У ролі сувымерніка пры пабудове індэксаў выступаюць выдаткі працы (працоўныя адзінкі вымярэння) на вытв-сць прадукцыі (работ, паслуг) і інш. І.м. шырока выкарыстоўваецца пры вывучэнні дынамікі з’явы, для супастаўлення ў прасторы (пры параўнанні ўзроўняў сац.эканам. з’яў па тэрыторыі — вобласці, краю, рэспублікі) і ў інш. выпадках; ён дазваляе вылучаць і вымяраць уплыў фактараў на змяненне вывучаемай з’явы, у прыватнасці на змяненне яе структуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТЭ́ЛЬ (ад позналац. capitellum галоўка) у архітэктуры, пластычна вылучаная верхняя частка верт. апоры (слупа ці калоны) або пілястры, якая перадае на іх нагрузку ад архітрава і размешчаных вышэй яго частак будынка; элемент арх.ордэра.
Узнікла ў краінах Стараж. Усходу. У Стараж. Грэцыі склаліся тыпы К.: дарычная, іанічная, карынфская, у архітэктуры Стараж. Рыма — кампазітная і тасканская. Адметныя маст. фермы створаны ў архітэктуры сярэдневяковай Візантыі, Японіі, Сярэдняй Азіі, Кітая, стараж.-рус. архітэктуры, раманскім і гатычным дойлідстве Еўропы. У эпоху Адраджэння, у архітэктуры барока і класіцызму выкарыстоўвалі розныя варыяцыі класічных К. у спалучэнні з мясц. арнаментальнымі матывамі.
На Беларусі вядомы з 12 ст. ў мураванай архітэктуры. У 16—19 ст. былі пашыраны ўсе віды К. ў збудаваннях стыляў рэнесансу, барока, класіцызму. К. у якіх класічныя формы трактаваліся ў мясц.маст. традыцыях, сустракаюцца ў драўляным дойлідстве і пабудовах 19 — пач. 20 ст.Шырока выкарыстоўвалася ў архітэктуры 1950-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА,
метад атрымання інфармацыі аб Зямлі, інш. планетах Сонечнай сістэмы, нябесных целах, туманнасцях і розных касм. з’явах пры дапамозе здымачных сістэм. Заснавана на вымярэнні і рэгістрацыі ўласнага ці адбітага эл.-магн. выпрамянення Зямлі (гл.Аэракасмічныя метады). Здымачныя сістэмы звычайна размешчаны на ШСЗ, касм. станцыях і караблях. Першыя здымкі з космасу атрыманы ў 1946 з ракет, у 1960 з ШСЗ, у 1961 з касм. карабля (Г.С.Цітовым). Здымкі зямной паверхні, атрыманыя шляхам К.з., маюць вял. аглядальнасць (маштаб іх 1:1 000 000—1:10 000 000), даюць магчымасць вывучаць асн. структурныя, рэгіянальныя, занальныя і глабальныя асаблівасці атмасферы, літасферы, гідрасферы, біясферы і ландшафты планеты. К.з. праводзіцца з геасінхронных (выш. 150—950 км) або з геастацыянарных (36 тыс.км) арбіт. Выкарыстоўваюць розныя віды К.з.: фатаграфічную, фотатэлевізійную, інфрачырвоную, радыёлакацыйную, лазерную, спектраметрычную, геафізічную і інш.Шырока выкарыстоўваецца шматзанальная здымка. Вывучэнне Зямлі з дапамогай К.з. спрыяла развіццю касмічнага землязнаўства.
Ф.Е.Шалькевіч.
Да арт.Касмічная здымка. Фрагмент касмічнага здымка паўвострава Камчатка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАД-СПАДАРО́ЖНІК,
горад, пасёлак або група гарадоў, створаных вакол буйнога горада з мэтай абмежавання яго росту, разушчыльнення забудовы, стварэння больш зручных умоў для жыццядзейнасці чалавека. Мае цесныя сац., эканам. і прасторавыя сувязі з гал. горадам. Першыя з іх узніклі ў канцы 19 ст. ў Англіі, Германіі, Расіі ў сувязі з развіццём прам-сці і ростам гар. насельніцтва. Адрозніваюцца функцыян. роляй (т.зв. гарады-спальні або адносна самаст. паселішчы са сваімі вытв. зонамі), велічынёй (30—100 тыс. жыхароў), аддаленасцю ад гал. Горада (10—80 км) і інш. Агульнае для ўсіх: стварэнне зручных і хуткіх зносін з горадам-цэнтрам, фарміраванне зялёных паясоў, якія раздзяляюць гарады-спадарожнікі паміж сабой і аддаляюць іх ад гал. горада. Шырока вядомыя гарады-спадарожнікі Лондана — Харлаў, Стывенедж, Кроўлі; Парыжа — Эўры, Сержы-Пантуаз, Сен-Кантэн; Масквы — Зеленаград, Дзяржынскі, Дубна і інш. У Мінску ролю гарадоў-спадарожнікаў выконваюць Бараўляны, Самахвалавічы, Заслаўе, Лагойск і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЎІНСКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала з 1610 да сярэдзіны 17 ст. ў мяст. Еўе каля Вільні
(цяпер г. Вэвіс, Літва). Засн. праваслаўным віленскім Святадухаўскім брацтвам ва ўладанні шляхціца Б.Агінскага. Кіравалі друкарняй Л.Карповіч (да 1620),
потым Гаўрыла Івановіч. Выпусціла больш за 25 выданняў: некалькі кніг на польскай мове (у асноўным панегірыкі), большасць на царк.-слав. мове, у т. л. «Новы запавет з Псалтыром» (1611), «Дыёптра» (1612, у перакладзе Віталія), «Казанне двое...» Карповіча (1615), «Буквар славянскай мовы» і «Кінавіен» (1618), «Граматыка славянская» М.Сматрыцкага (1619), «Ірмалой» (1642) і інш., 4 выданні на бел. мове, у т. л. «Евангелле вучыцельнае» Каліста (1616). Асобныя выданні на бел. мове мелі прадмовы і пасляслоўі, каментарыі на палях. Кнігі, надрукаваныя кірыліцай, вызначаліся высокімі маст.-паліграф. якасцямі, своеасаблівым арнаментам і гравюрамі, шырока выкарыстоўваліся бел. і ўкр. брацтвамі ў навуч.-асв. і царк.-рэліг. дзейнасці. У аздобе кніг выкарыстоўвалі дошкі віленскай друкарні Ф.Скарыны (ініцыялы і застаўкі). Выданні распаўсюджваліся на Беларусі, Украіне, часткова ў Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУЧЭ́ННІў тэхніцы,
сувязі дэталей у вузлах машын, механізмаў, прылад, буд. канструкцый. Бываюць нерухомыя і рухомыя (пераважна ў машынах, вызначаюцца іх кінематыкай, напр., вал у падшыпніку). Нерухомыя З. падзяляюцца на раздымныя (дапускаюць паўторную зборку і разборку дэталей без іх пашкоджання і разбурэння) і нераздымныя (без магчымасці іх разборкі).
Да раздымных З. адносяцца: вінтавыя злучэнні, балтавыя, зубчастыя (шліцавыя), клемавыя, шпоначныя, баянетныя (гл.Баянет), З. штыфтамі і інш.; да нераздымных — зварныя злучэнні, заклёпачныя злучэнні, паяныя, прэсавыя, зробленыя вальцаваннем, скруткай, камбінаваныя. Асн. З. ў стальных канструкцыях — зварныя (найб. пашыраны), заклёпачныя і балтавыя; у драўляных — на ўрубках, шпонках, нагелях, балтах, шрубах, цвіках, клямарах, клеях; у зборных жалезабетонных канструкцыях — пераважна зварныя (зварваюцца выпускі арматуры або закладных дэталей з наступным заманалічваннем бетонам), часам балтавыя. З. шырока выкарыстоўваюцца ў прылада- і машынабудаванні, прамысл. і грамадз. буд-ве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́НА ((Nono) Луіджы) (29.1.1924, г. Венецыя, Італія — 8.5.1990),
італьянскі кампазітар; адзін з прадстаўнікоў муз.авангарду. Скончыў Падуанскі ун-т (1946). Вучыўся ў кансерваторыі ў Венецыі ў Ф.Маліп’ёра і інш.Шырока выкарыстоўваў серыйную тэхніку. сродкі алеаторыкі, сенорыкі, электроннай музыкі і інш. Многія яго творы антыімперыяліст., антыфаш. накіраванасці: «Эпітафія Ф.Гарсіі Лорку» (1953), «Польскі дзённік 1958» для арк. (1959), кантаты «Перарваная песня» (1956), «На мосце Хірасімы. Песні жыцця і кахання» (1962); «Помні, што табе зрабілі ў Асвенціме» для сапрана, дзіцячага хору і магнітафона (1987). З інш. твораў: оперы «Нецярпімасць 1960» на тэксты Б.Брэхта, П.Элюара, У.Маякоўскага, Ж.П.Сартра (паст. 1961), «Пад шалёным сонцам кахання» (паст. 1975), «Праметэй» (паст. 1984), балет «Чырвоны плашч» (паст. 1954); творы для салістаў, хору і арк.; «Хары Дыдоны» для 32 спевакоў і ўдарных інструментаў; творы для арк.; інстр. ансамблі, у т. л. «Паліфоніка-Манодыя-Рытміка» (1951), электронная музыка і інш. Аўтар кніг і артыкулаў па музыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́Ш (польскае pałasz ад венг. pallos),
ручная халодная зброя, прызначаная для нанясення колючага або сякучага ўдару. Меў даўжыню простага адналязовага клінка 85 см, на канцы завостранага з двух бакоў, і дзяржанне з ахоўнай гардай. З’явіўся ў Еўропе ў 16 ст. і разам з шабляй і шашкай прызначаўся для замены мяча. На Беларусі шырока выкарыстоўваўся ў 17—18 ст. (быў на ўзбраенні гусараў, драгунаў і інш.). У войску ВКЛ ім таксама ўзбройваліся паштовыя (радавыя кавалерыі нешляхецкага паходжання); афіцэры коннай гвардыі былі ўзброены гвардз. П. з гардай, багата аздобленай пазалотай. У Расіі быў на ўзбраенні з канца 17 да канца 19 ст.; на флоце П., як від абардажнай зброі, меў больш кароткі клінок. Да 1917 П. — частка форменнай амуніцыі гардэмарынаў. У 1940—58 П. насілі курсанты сав. вышэйшых ваен.-марскіх вучылішчаў. У ВМФ Расіі і некаторых інш. дзяржаў П. уваходзіць у склад форменнага рыштунку для асістэнтаў пры Баявым Сцягу.