ДЭНУДА́ЦЫЯ (ад лац. denudatio агаленне),
сукупнасць працэсаў зносу і пераносу з узвышшаў прадуктаў выветрывання горных парод (вадой, ветрам, лёдам, сілай цяжару) з наступным іх намнажэннем у паніжэннях рэльефу. На тэмпы і характар Д. ўплываюць размах і хуткасць тэктанічных рухаў. Перавага Д. над эфектам тэктанічных падняццяў прыводзіць да агульнага нівеліравання рэльефу. У выніку працяглай Д. горныя краіны ператвараюцца ў хвалістыя раўніны — пенеплены. Тэрмін «Д.» выкарыстоўваецца таксама для абазначэння працэсаў зносу прадуктаў выветрывання шляхам плоскаснага змыву.
т. 6, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДА́ЛЬГА, гідальга (ісп. hidalgo),
дробнамаянтковы рыцар у сярэдневяковай Іспаніі. Гал. ваен. сіла ў час Рэканкісты. Тэрмін узнік у канцы 12 ст., укараніўся ў 13—14 ст. Заняпад І. пачаўся ў 15 ст. У 16 ст. актыўна ўдзельнічалі ў заваяваннях новаадкрытых амер. зямель. Для феад. Іспаніі эпохі заняпаду (канец 16—17 ст.) характэрна вял. колькасць збяднелых І., якія па-ранейшаму захоўвалі саслоўныя забабоны. Тыповы для таго часу І. ўвасоблены пісьменнікам Сервантэсам у вобразе Дон Кіхота.
т. 7, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРЛЮ́ДЫЯ (ад лац. inter паміж + ludus ігра),
1) устаўная інструментальная ці вакальна-інструментальная п’еса паміж актамі драм. або муз. спектакля. Часцей наз. інтэрмедыяй.
2) Невял. п’еса, якая падзяляе або звязвае асн. часткі муз. твора. Сустракаецца ў муз.-сцэн. («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), цыклічных («Ludus tonalis» П.Хіндэміта) творах, як частка сюіты («Мадрыгал» для голасу з фп. М.Мяскоўскага), а таксама ў фугах, паміж строфамі харала. Тэрмін «І.» часам ужываюць у значэнні інтэрмецца.
т. 7, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГА́Н (цюрк.),
тытул кіраўніка дзяржавы ў цюркамоўных народаў у старажытнасці і сярэдневякоўі. Упершыню тэрмін «К.» згадваецца ў кіт. летапісах пад 312. Напачатку тытул К. замацаваўся за ўладарамі жужаняў, з сярэдзіны 6 ст. — за правіцелямі Цюркскага каганата, пазней перайшоў да авараў, печанегаў, хазараў і інш. У канцы 7 — пач. 9 ст. ўжываўся таксама разам з тытулам князь ва ўсх. славян (на Русі да канца 12 ст.). У Манг. імперыі з 13 ст. так называлі імператара.
т. 7, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНГРЭГА́ЦЫІ (ад лац. congregatio злучэнне, аб’яднанне) у каталіцызме, 1) органы рымскай курыі, якія ажыццяўляюць кіраванне пэўнымі сферамі дзейнасці каталіцкай царквы. Узначальваюцца прэфектам, якога прызначае папа.
2) Рэлігійныя арг-цыі, якія кіруюцца манаскімі ордэнамі. Уваходзяць як свяшчэннаслужыцелі, так і недухоўныя асобы. Члены К. даюць зарокі (цноты, паслушэнства, беднасці) на пэўны тэрмін ці пажыццёвыя. Узніклі ў канцы 16—17 ст., найб. пашыраны ў 19 ст. 3) Аб’яднанне некалькіх манастыроў, якія прытрымліваюцца аднаго статута, пад адзіным кіраваннем.
т. 7, с. 576
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРЭА́Т (ад лац. laureatus увенчаны лаўрам),
асоба, якой прысуджана дзярж. або міжнар. прэмія, а таксама пераможца мастацкіх конкурсаў. Тэрмін «Л.» узнік у Стараж. Грэцыі, дзе ганаровым вянком з галінак лаўра ўзнагароджваліся пераможцы якіх-н. спаборніцтваў. Такі ж звычай існаваў у Стараж. Рыме. Звычай узнагароджваць пераможцаў лаўровым вянком захаваўся да цяперашняга часу. У Рэспубліцы Беларусь Л. называюць асоб, якім прысуджана дзярж. прэмія, а таксама пераможцаў конкурсаў музыкантаў, майстроў эстрады, спарт. спаборніцтваў і да т.п.
т. 9, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІКА́НЫ,
племя паўночнаамерыканскіх індзейцаў алганкінскай моўнай групы. Да іх каланізацыі жылі ў даліне р. Гудзон (каля 3 тыс. чал.). Займаліся земляробствам, паляўніцтвам, збіральніцтвам, з пач. 17 ст. гандлем футрам. У выніку каланізацыі і набегаў іракезаў б. частка М. знішчана. Жывуць у ЗША у штаце Вісконсін (рэзервацыя Стокбрыдж, некалькі соцень чал., 1997). Гавораць на англ. мове; хрысціяне. Дзякуючы раману Ф.Купера «Апошні з магікан» тэрмін М. стаў сімвалам народа, які знікае з жыцця.
т. 9, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.
Засн. ў 1953 у Мінску як тэхнікум. З 1999 каледж. Рыхтуе спецыялістаў для швейнай прам-сці і быт. абслугоўвання. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): фатаграфія; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; цырульніцкае мастацтва і дэкар. касметыка; машыны і апараты лёгкай прам-сці і быт. абслугоўвання; тэхналогія і канструяванне швейных вырабаў. Прымаюцца асобы з базавай, сярэдняй адукацыяй, а таксама пасля заканчэння прафес.-тэхн. вучылішчаў на скарочаны тэрмін навучання. Навучанне дзённае і завочнае.
т. 10, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛЮ́ВІЙ (ад лац. proluo выношу цячэннем),
комплекс рыхлых адкладаў часовых водных патокаў. Тэрмін прапанаваў рус. геолаг А.П.Паўлаў у 1914. Утвараецца каля падножжа гор, а таксама ў конусах вынасу далін і яроў. Складаецца з вял. абломкаў і валуноў горных парод, галькі, жвіру і інш., якія зменьваюцца да перыферыі дробназярністымі пяскамі, супескамі, лёсападобнымі суглінкамі і глінамі. Злучаныя конусы вынасу ўтвараюць пралювіяльныя шлейфы. На Беларусі П. трапляецца ў межах узгорыста-градавага (Беларуская града) і ярыстага рэльефу.
т. 12, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПАРТЫМ’Е́НТА (ад ісп. repartimiento размеркаванне),
тэрмін, які ў ісп. калоніях Лац. Амерыкі з канца 15 ст. абазначаў размеркаванне паміж іспанцамі зямель, ваен. здабычы, тавараў і г.д. Найб. часта ўжываўся як назва прымусовай працоўнай павіннасці індзейцаў, паводле якой прыватныя асобы з іспанцаў мелі права з дазволу калан. адміністрацыі браць штогод у энкам’енду вызначаную колькасць індзейцаў пэўнага раёна для працы на плантацыях, у рудніках і інш. Гэта было прычынай масавай смяротнасці і хуткага скарачэння індзейскага насельніцтва.
т. 14, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)