ДЫСІДЭ́НТЫ [ад лац. dissidens (dissidentis) нязгодны, супярэчлівы],

1) вернікі-хрысціяне, якія не прытрымліваюцца пануючага веравызнання, пераважна ў краінах, дзе дзярж. ці пануючай рэлігіяй з’яўляецца каталіцызм або пратэстантызм. У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы каталіцкая царква праследавала Д., лічыла іх «адступнікамі» ад веры, ерэтыкамі. У 16—17 ст. грамадз. правы Д. парушаліся ў сувязі з рэліг. Рэфармацыяй (напр., гугенотаў у Францыі, анабаптыстаў, квакераў, кальвіністаў, лютэран і інш., а з 1596 і праваслаўных у Рэчы Паспалітай). Улады Рэчы Паспалітай у 1616 пазбавілі праваслаўных доступу на сеймы, у 1718 забаранілі дысідэнцкай шляхце займаць пасады ў трыбуналах, камісіях, мясц. урадах; асабліва варожыя дзеянні да Д. праяўлялі езуіты (у 17—1-й пал. 18 ст. ў праваслаўных адабрана каля 200 цэркваў). Д. часта баранілі свае правы з дапамогай знешніх сіл. У 1767 пад патранажам Прусіі і Расіі ўтвораны Тарунская (пратэстанцкая) і Слуцкая (праваслаўная) канфедэрацыі. У 1768 сейм ураўнаваў у правах Д. з католікамі, аднак гэта праблема ў Рэчы Паспалітай не была поўнасцю вырашана, што давала падставы Расіі для ўмяшання ў справы Рэчы Паспалітай (гл. Варшаўскі дагавор 1768).

2) Асобы, якія адкрыта адстойваюць апазіцыйныя ўладам погляды ва ўмовах адсутнасці ў грамадстве рэальнага паліт. плюралізму. Тэрмін замацаваўся ў сярэдзіне 1970-х г. У СССР і інш. сацыяліст. краінах у канцы 1950-х — сярэдзіне 1980-х г. Д. ў розных формах патрабавалі выканання правоў і свабод чалавека і грамадзяніна (праваабаронцы), пратэставалі супраць уводу сав. войск у Чэхаславакію (1968) і Афганістан (1979). Многія з іх былі асуджаны ўладамі, высланы або вымушаны эмігрыраваць. Сярод найб. вядомых Д. былі У.К.Букоўскі, В.Гавел, А.І.Салжаніцын, А.​Дз.Сахараў.

Я.К.Анішчанка (дысідэнты ў Рэчы Паспалітай).

т. 6, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ КНІ́ЖНАЯ ПАЛА́ТА БЕЛАРУ́СІ,

навуковы цэнтр нац. бібліяграфіі, статыстыкі друку, аўтаматызаванай і цэнтралізаванай апрацоўкі дакументаў, галіновай службы стандартызацыі і навук.-тэхн. інфармацыі ў галіне выдавецкай справы, паліграфічнай прам-сці і кніжнага гандлю. Засн. 15.9.1922 у Мінску пры Бел. дзярж. і універсітэцкай б-цы як Бел. кніжная палата, з 1977 самастойная ўстанова ў сістэме Дзяржкамдруку Беларусі, да 1992 наз. Дзярж. кніжная палата Беларусі. Атрымлівае і захоўвае абавязковы бясплатны кантрольны экзэмпляр усіх выданняў рэспублікі (штогод каля 50 тыс. экз. кніг, брашур, перыяд. выданняў, аўтарэфератаў, дысертацый, плакатаў, нот, афіш, картаў, атласаў, паштовак і інш.), які пасля бібліягр. апрацоўкі захоўваецца ў Архіве друку (4,3 млн. адзінак; 1999). Інфармуе аб гэтых выданнях праз дзярж. бібліягр. паказальнікі, аб’яднаныя пад агульнай назвай «Летапіс друку Беларусі» (выходзіць з 1924); у 1995 падзелены на 4 самастойныя выданні. «Кніжны летапіс» (з 1924); «Летапіс часопісных артыкулаў» (з 1934); «Летапіс газетных артыкулаў» (з 1937); «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія працягваюцца» (з 1925). Рыхтуе і выдае штогоднікі: «Друк Беларусі» (з 1976), «Паказальнік бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі» (з 1978), «Кнігі Беларусі» (з 1984), рэтраспектыўныя паказальнікі, у т. л. «Музычная літаратура БССР» (1963—77), «Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову» (1967—97), «Летапіс часопісных артыкулаў, 1928—1933 гг.» (ч. 1—2, 1992) і інш. Ажыццяўляе работу па статыстыцы друку, распрацоўвае дзярж. і галіновыя стандарты па выдавецкай дзейнасці, паліграф. прам-сці. Выконвае функцыі нац. цэнтра па стандартнай нумарацыі кніг і брашур (ISBN). Прысвойвае ідэнтыфікатары выд-вам, прыватным выдаўцам, якія маюць выдавецкія правы (ліцэнзіі). Супрацоўнічае з ЮНЕСКА, Міжнар. агенцтвам ISBN і інш.

А.​І.​Варанько.

т. 11, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Існавала ў 16 і 18 ст. у г. Нясвіж Мінскай вобл. 1) Н.д. 16 ст. засн. М.​Кавячынскім і Л.​Крышкоўскім; ідэйным кіраўніком у першыя гады яе існавання быў С.Будны. Першая на тэр. Беларусі друкарня, якая карысталася кірыліцай. Друкар кірылічных выданняў невядомы. У 1562 выдадзены «Катэхізіс» Буднага — першая на Беларусі кніга на бел. мове, а таксама яго твор «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам» (не збярогся). Друкавала творы на польск. і лац. мовах (друкар Д.​Ланчыцкі); усяго ў 1563—71 надрукавала 11 выданняў, у асн. творы палемічнай пратэстанцкай публіцыстыкі. Спыніла дзейнасць паводле загаду М.​К.​Радзівіла Сіроткі. Апошняе выданне — «Біблія» (пераклад на польск. мову Буднага) дадрукавана ў 1572 у Заслаўі ці ў маёнтку Кавячынскіх ва Уздзе. Большасць кніг Н.д. аформлены проста, без ілюстрацыйных гравюр. У маст. афармленні кніг прытрымлівалася друкарскіх традыцый Ф.​Скарыны: выкарыстанне наборнага арнаменту, разнастайных шрыфтоў, ініцыялаў з дэкаратыўна-раслінным фонам. Маёмасць друкарні ў 1572 купіў Я.​С.​Кішка, які ў 1574 заснаваў Лоскую друкарню. 2) Н.д. 18 ст. (1750—90-я г.) засн. Радзівіламі. У 1751 падаравана мясц. калегіуму езуітаў. Гравёрам быў Г.Ляйбовіч. У ёй надрукавана каля 70 белетрыстычных, рэлігійных, палемічных і вучэбных твораў, панегірыкаў на польск. і лац. мовах, у т. л. «Пра жыццё і справы Аляксандра Вялікага» К.​Руфа (1763), «Жыццё і ерасі Вальтэра» Ф.​Нано (1781), «Артыкулы вайсковыя» (1754), альбом медзярытаў «Партрэты сям’і Радзівілаў...» (1757, усяго 165 гравюр на медзі).

Літ.:

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 11, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛЬГРЫМО́ЎСКІ (Гальяш) (сярэдзіна 16 ст. — пасля 17.8.1604),

грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік. Вучыўся ў кальвінісцкай школе. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. У 1581 пад камандаваннем К.​Радзівіла прымаў удзел разам з Ф.​К.​Чарнабыльскім і А.​Рымшай у паходзе ў Расію. Сакратар польск. караля Стафана Баторыя, у 1583 па яго даручэнні ездзіў у Маскву да Івана IV Грознага. З 1586 пісар ВКЛ, з 1600 сакратар пасольства Рэчы Паспалітай у Маскве на чале з Л.​Сапегам, з 1602 выконваў абавязкі маршалка Літоўскага трыбунала. Літ. дзейнасць пачаў у 1583. Пісаў на бел., лац. і польск. мовах. Аўтар паэт. і празаічных панегірыкаў на лац. мове, празаічнага дыярыуша на польскай мове «Пасольства Льва Сапегі ў 1600 годзе ў Маскву паводле дыярыуша Гальяша Пельгрымоўскага, сакратара пасольства, з рукапісу, выпадкова знойдзенага, Уладзіславам Трэмбіцкім апісанае» (надрук. ў 1846, Гродна). У дыярыушы былі тэксты і на бел. мове: праект дагавора паміж Польшчай і Маскоўскай Руссю, пералік падарункаў рус. цару і яго сыну, выступленні Л.​Сапегі і П. ў прысутнасці цара. Гэтаму падарожжу П. прысвяціў і вершаваны твор на польскай мове. Ля вытокаў бел. паэзіі знаходзіцца яго паэма на бел. і польскай мовах «Гутарка аднаго Паляка з Маскалём на маскоўскім замку ў годзе 1601», у якой аўтар раскрывае сістэму поглядаў на міжнар. адносіны і становішча, справы рэлігіі, свабоды сумлення і інш. На сучасную бел. мову паэму П. пераклаў М.​Танк.

Тв.:

Бел. пер. — Гутарка аднаго Паляка з Маскалём на маскоўскім замку ў годзе 1601 // Полымя. 1994. № 7.

Літ.:

Казбярук У. Мастацкі дакумент сярэднявечча // Спадчына. 1992. №4;

Кавалёў С. У пошуках вечнага міру // Там жа.

У.​М.​Казбярук.

т. 12, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСЕ́ЦКІ (сапр. Бурдзялёў) Аляксей Сцяпанавіч

(4.12.1912, в. Студзянец Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 17.6.2000),

бел. паэт. Засл. работнік культ. Беларусі (1983). Скончыў Маскоўскі зоаветэрынарны ін-т (1935). Працаваў бактэрыёлагам ва Узбекістане, Краснаярскім краі, Хакасіі, у Маскве, Мінску. З 1947 літ. кансультант Саюза бел. пісьменнікаў, у час. «Беларусь», у 1967—72 нам. гал. рэдактара час. «Полымя». Друкаваўся з 1934. Тэматыка вершаў — краса роднай зямлі, каханне, стваральная праца народа, яго гісторыя, заклапочанасць лёсам планеты і чалавека на ёй (зб-кі «У заўтрашні свет», 1951; «Святло акон тваіх», 1959; «Служба святла», 1967; «Зямля гаворыць зорам», 1971). Яго творы вылучаюцца філас. напружаннем думкі, увядзеннем у стылістыку вершаў тэрміналогіі розных галін навукі, што характарызуе лірычнага героя як чалавека справы. Адзін з заснавальнікаў ліра-маналагічнай паэмы ў бел. паэзіі («Яго Вялікасць», 1964; «Маналог Зямлі», 1969). У паэмах «Айкумена» (1982) і «Хвала жыццю» (1985) стварыў манумент. вобраз Чалавека, злучыў асабісты лёс лірычнага героя з лёсам Радзімы, з глабальнымі праблемамі Сусвету, як маральную каштоўнасць сённяшняга часу сцвярджае асабістую адказнасць чалавека за далейшае існаванне зямной цывілізацыі. За кн. «Крокі сэрца» (1980) літ. прэмія імя А.​Куляшова 1981. На бел. мову пераклаў паасобныя творы М.​Някрасава, А.​Міцкевіча, М.​Упеніка.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1982;

[Вершы і паэма «Яго Вялікасць»]. Мн., 1969;

Два колеры жыцця. Мн., 1973;

Позірк. Мн., 1977;

Паэмы. Мн., 1979;

Ісці да чалавека: Літ. партрэты. Мн., 1987;

Хвала жыццю. Мн., 1987.

Літ.:

Бярозкін Р. Спадарожніца часу. Мн., 1961;

Арочка М.М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979;

Ярац В. Сінтэз традыцый і наватарства // Бел. літаратура. Мн., 1985. Вып. 13.

І.​Э.​Багдановіч.

А.С.Русецкі.

т. 13, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-АФГА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ Паводле дагавора 1921 аб дружбе, падпісаным 28 лют. ў Маскве, бакі пацвердзілі незалежнасць адзін аднаго і ўсталяванне дыпламат. адносін; узаемна абавязаліся не ўступаць з трэцяй дзяржавай у ваен. ці паліт. пагадненні, якія б пашкодзілі аднаму з бакоў. Сав. бок даваў Афганістану права свабоднага і бязмытнага транзіту тавараў праз сваю тэр., абавязаўся аказаць апошняму фін. і матэрыяльную дапамогу. Дагавор 1926 аб нейтралітэце і ненападзе, падпісаны 31 жн. ў Пагмане (Афганістан), прадугледжваў неўмяшанне ва ўнутр. справы адзін аднаго; недапушчэнне на сваёй тэр. ўзбр. атрадаў і арг-цый, варожых да інш. боку; няўдзел у саюзах і пагадненнях, накіраваных супраць інш. боку; нейтралітэт у выпадку канфлікту аднаго з бакоў з трэцяй дзяржавай. Дагавор 1931 аб нейтралітэце і ўзаемным ненападзе, падпісаны 24 чэрв. ў Кабуле, пацвярджаў палажэнні дагавора 1926. Пагадненне 1946 па памежных пытаннях, падпісана 13 чэрв. ў Маскве, устанаўлівала сав.-афганскую мяжу па тальвегу (найб. глыбокай частцы) р. Амудар’я. Пагадненне 1956 пра супрацоўніцтва ў развіцці Афганістана, падпісана 28 студз. ў Кабуле, давала магчымасць афганскаму боку набыць сав. крэдыт, што дапамагло Афганістану пераадолець эканам. страты, панесеныя ім у выніку канфлікту з Пакістанам. Дагавор 1978 аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж СССР і Дэмакр. Рэспублікай Афганістан (ДРА), падпісаны 5 снеж. ў Маскве, пацвярджаў прынцыпы дагавораў 1921, 1926 і 1931; прадугледжваў узаемныя кансультацыі бакоў з мэтай забеспячэння бяспекі і незалежнасці адзін аднаго, шырокае супрацоўніцтва і аказанне СССР Афганістану дапамогі ў паліт., эканам., культурнай, ваен. і інш. галінах. Стаў фармальнай падставай для ўводу сав. войск у ДРА у снеж. 1979. Скасаваны пасля падзення рэжыму Наджыбулы ў крас. 1992.

т. 14, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-ЯПО́НСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ Канвенцыя 1925 аб асноўных прынцыпах узаемаадносін,

падпісана ў Пекіне 20 студз. Паводле яе паміж СССР і Японіяй устанаўліваліся дыпламат. адносіны; Японія абавязалася да 15.5.1925 вывесці свае войскі з Паўн. Сахаліна; бакі дэкларавалі імкненне жыць у міры і дружбе і абавязаліся ў сваіх адносінах зыходзіць з прынцыпу ўзаемнага неўмяшання ва ўнутр. справы адзін аднаго. СССР пагадзіўся, што Портсмуцкі мірны дагавор 1905 застаецца ў сіле. Бакі дамовіліся аб пераглядзе рас.-яп. пагадненняў, якія закраналі пытанні гандлю, эканомікі і рыбалоўства (гл. Руска-японскія дагаворы і пагадненні). Пагадненне 1939 аб спыненні ваенных дзеянняў у раёне Халхін-Гола, падпісана 15 ліст. ў Маскве. Паклала канец Халхін-Гольскаму канфлікту 1939, зафіксаваўшы аднаўленне граніцы Манг. Нар. Рэспублікі, як да пач. канфлікту. Пакт 1941 аб нейтралітэце, падпісаны 13 крас. ў Маскве. Паводле яго бакі абавязаліся падтрымліваць мірныя і дружалюбныя адносіны адзін да аднаго; узаемна паважаць цэласнасць тэрыторыі адзін аднаго; у выпадку ўцягвання аднаго з бакоў у вайну з адной або некалькімі трэцімі дзяржавамі інш. бок абавязаўся захоўваць нейтралітэт на працягу ўсяго канфлікту. Скасаваны з уступленнем 9.8.1945 СССР у вайну з Японіяй. Савецка-японская сумесная дэкларацыя 1956, падпісана 19 кастр. ў Маскве. Спыняла стан вайны, які існаваў паміж СССР і Японіяй з 9.8.1945; паміж дзвюма дзяржавамі аднаўляліся дыпламат. адносіны; прадугледжвалася, што ў магчыма кароткі тэрмін паміж СССР і Японіяй пачнуцца перагаворы аб усёабдымным мірным урэгуляванні; пасля такога ўрэгулявання СССР абавязаўся перадаць Японіі а-вы Шыкатан і Хабамаі з Курыльскіх астравоў (пазней СССР адмовіўся ад гэтага абавязку ў аднабаковым парадку); СССР пагадзіўся на рэпатрыяцыю ўсіх яп. грамадзян, якія былі асуджаны на сав. тэрыторыі.

т. 14, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯШЧЭ́ННЫ САЮ́З,

саюз еўрапейскіх манархаў, заключаны пасля краху напалеонаўскай імперыі. 26.9.1815 у Парыжы рас. імператарам Аляксандрам I, аўстр. імператарам Францам I і прус. каралём Фрыдрыхам Вільгельмам III падпісаны т.зв. Акт свяшчэннага саюза. 19.11.1815 да С.с. далучыўся франц. кароль Людовік XVIII, потым большасць манархаў Еўропы. Вялікабрытанія не ўвайшла ў саюз, але падтрымлівала яго палітыку. Дзейнасць С.с. была накіравана на ажыццяўленне рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15, задушэнне рэв. і нац.-вызв. руху ў Еўропе. Вядучая роля ў саюзе належала Аляксандру I і К.В.Метэрніху. На 1-м Ахенскім кангрэсе 1818 вырашаны пытанні пра датэрміновы вывад акупац. войск з Францыі, пра захаванне ў Еўропе дзярж. граніц, вызначаных Венскім кангрэсам, і абсалютысцкіх рэжымаў. На Тропаўскім кангрэсе 1820 Расія, Аўстрыя і Прусія падпісалі пратакол, якім абвяшчалася права ўзбр. ўмяшання ў справы інш. дзяржаў (у адпаведнасці з гэтым рашэннем Аўстрыя задушыла Неапалітанскую рэвалюцыю 1820—21 і рэвалюцыю 1821 ў П’емонце). Лайбахскі кангрэс 1821 санкцыяніраваў аўстр. інтэрвенцыю ў Неапалі і П’емонце. У адпаведнасці з рашэннем Веронскага кангрэса 1822 франц. армія ў 1823 уварвалася ў Іспанію, задушыла рэвалюцыю і аднавіла абсалютызм. Супярэчнасці паміж С.с. і Вялікабрытаніяй узніклі з-за розных адносін да вайны за незалежнасць ісп. калоній у Амерыцы 1810—26, паміж Расіяй і Аўстрыяй — у сувязі з процілеглымі адносінамі да грэч. нац.-вызв. паўстання 1821—29. Паўстанне дзекабрыстаў у 1825 у Расіі, рэвалюцыя 1830 у Францыі і Бельгіі, паўстанне 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі моцна падарвалі С.с. У пач. 1830-х г. саюз фактычна распаўся (фармальна ў 1848 у час рэвалюцыі 1848 у Францыі).

т. 14, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,

ваенна-паліт. аб’яднанне часткі шляхты і некаторых магнатаў Рэчы Паспалітай супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Рас. імперыі ў 1768—72. Засн. 29.2.1768 у г. Бар (зараз Вінніцкая вобл., Украіна) па ініцыятыве Ю.​Пуласкага, А. і М.​Красінскіх і інш. Канфедэраты выступілі з кансерватыўнай праграмай адмовы ад паліт. рэформаў, на якія пайшоў кароль і яго аднадумцы, патрабавалі скасавання закону 1768 пра ўраўнаванне ў правах з католікамі шляхты правасл. і лютэранскага веравызнання, захавання шляхецкіх вольнасцяў і прывілеяў каталіцкай царквы. Разам з тым яны дамагаліся спынення ваен. інтэрвенцыі Расіі, умяшання яе ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай, аднаўлення незалежнасці краіны. Патрыят. заклікі далі шырокі прыток у рады канфедэратаў шляхты, мяшчан, сялян. Масавай з’явай стала партыз. барацьба, якая ахапіла польскія, бел. і літ. землі (на Украіне Барская канфедэрацыя стрымлівалася паўстаннем «калііўшчына»). Увосень 1769 створана Гал. рада Барскай канфедэрацыі («Генеральнасць») з рэзідэнцыяй у г. Прэшаў (Славакія). Дзейнасць канфедэратаў на тэр. Беларусі і Літвы каардынавалі чл. Гал. рады маршалак канфедэрацыі М.​Пац і камандуючы войскамі Ю.​Сапега. У чэрв. 1770 атрад Ш.​Касакоўскага перайшоў з Літвы на Беларусь, дзе папоўніўся дробнай шляхтай, сялянамі і інш. Дзейнічаў у раёне Мядзела, Радашковіч і Мінска, разбіты пад Навагрудкам. У 1771 рух канфедэратаў на Беларусі ўзмацніўся ў сувязі з далучэннем да іх вял. гетмана літ. М.​К.​Агінскага. 12.9.1771 яго невял. войска разбіта А.​В.​Суворавым пад в. Сталовічы. Пасля гэтага барацьба пайшла на спад. Тысячы канфедэратаў, 70% з якіх складалі мяшчане і сяляне, былі сасланы ў Сібір. Разгром Барскай канфедэрацыі садзейнічаў першаму падзелу Рэчы Паспалітай у 1772.

Літ.:

Konopczyński W. konfederacja Barska. Т. 1—2. Warszawa, 1936—38.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 2, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ГРАМАДА́»

(«БНГ»),

назва арганізацыі, прыдуманай следчымі АДПУ БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу ў барацьбе з іншадумствам нац. інтэлігенцыі ў лют.—жн. 1933; працяг паліт. працэсу па справе «Саюза вызвалення Беларусі». У арг-цыю было ўключана 68 чал., пераважна бел. пісьменнікаў (З.​Астапенка, У.​Жылка, Л.​Калюга, М.​Лужанін, Ю.​Таўбін), настаўнікаў, студэнтаў, аб’яднаных у 13 ячэек. Паводле версіі АДПУ, «БНГ» ахапіла сваёй дзейнасцю Мінск, Оршу, Слуцк, Капыльскі, Мазырскі, Слуцкі, Мінскі і інш. раёны БССР, а таксама бел. зямляцтвы ў Маскве, Ленінградзе і Смаленску. Ідэйнае кіраўніцтва арг-цый прыпісвалася К.​Б.​Езавітаву, які знаходзіўся ў Рызе. Асн. мэтай арг-цыі лічылася аддзяленне Беларусі ад Сав. Расіі і ўстанаўленне «буржуазна-дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі» з наступнай ліквідацыяй сацыяліст. форм у сельскай гаспадарцы і ў прам-сці: аднаўленне прыватнай уласнасці на зямлю і сродкі вытворчасці, стварэнне хутарской сістэмы землекарыстання. Новае дзярж. ўтварэнне павінна было ажыццяўляцца «ў блоку Літва—Латвія—Беларусь са сталіцай саюзнай дзяржавы ў г. Вільня ці ў саюзе дзяржаў Літва—Украіна—Беларусь». «Контррэвалюцыйная дзейнасць» членаў арг-цыі выяўлялася найперш у нязгодзе з узмацненнем на Беларусі таталітарнага рэжыму, распаўсюджванні меркаванняў пра «русіфікатарскую і каланізатарскую палітыку Масквы, ідэалізацыю самабытнасці Беларусі і беларускай мовы, працягванне ў друк нацдэмаўскіх тэрмінаў», у апазіцыі да палітыкі калектывізацыі. «Кіраўнікі» і «члены» арг-цыі атрымалі ад 2 да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў, частка выслана на Урал, у Казахстан. Вінаватымі сябе прызналі 20 чал. У 1956 Судовая калегія па крымінальных справах Вярх. суда БССР спыніла справу ў адносінах 44 чал. за адсутнасцю складу злачынства. Астатнія рэабілітаваны ў 1-й палове 1990-х г.

Т.​С.​Процька.

т. 2, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)