САЛАЎЁЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 11.11.1946, Масква),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1984, 1986). Лётчык-касманаўт СССР (1984). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя М.Э.Баўмана (1970). З 1978 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына. 8.2—2.10.1984 з Л.Дз.Кізімам і А.Ю.Ацьковым здзейсніў (як бортінжынер) палёт на касм. караблі (КК) «Саюз Т-10» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-7» (пасадка на КК «Саюз Т-11»); 13.3—16.7.1986 з Кізімам — на КК «Саюз Т-15» і АС «Салют-7» і «Мір». У космасе правёў 361,95 сут, у т. л. ў адкрытым космасе 32 гадз. Кіраўнік палётаў АС «Мір», Міжнар. касм. станцыі (ад Расіі).
У.С.Ларыёнаў.
т. 14, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВАСЦЬЯ́НАЎ (Віталь Іванавіч) (н. 8.7.1935, г. Краснаўральск Свярдлоўскай вобл., Расія),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1970, 1975). Лётчык-касманаўт СССР (1970). Канд. тэхн. н. (1965). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1959). З 1959 у ракетна-касм. карпарацыі «Энергія» імя С.П.Каралёва. З 1967 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына. 1—19.6.1970 з А.Р.Нікалаевым здзейсніў (як бортінжынер) палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-9»; 24.5—26.7.1975 з П.А.Клімуком — палёт на КК «Саюз-18» (як бортінжынер) і арбітальнай станцыі «Салют-4». Правёў у космасе 80,7 сут. У 1975—87 камандзір атрада касманаўтаў-выпрабавальнікаў. Залатыя медалі імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР і імя Ю.А.Гагарына. Дзярж. прэмія СССР 1978.
У.С.Ларыёнаў.
т. 14, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБУ́ЗАЎ (Аляксандр Ермінінгельдавіч) (11.9.1877, с. Арбузава-Баран Казанскай губ. — 21.1.1968),
савецкі хімік-арганік. Акад. АН СССР (1942, чл.-кар. 1932). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Казанскі ун-т (1900). У 1911—30 праф. гэтага ун-та, у 1930—63 — Казанскага хім.-тэхнал. ін-та. У 1946—65 старшыня прэзідыума Казанскага філіяла АН СССР. Заснавальнік хіміі фосфараарган. злучэнняў, універсальнага метаду сінтэзу гэтых злучэнняў (перагрупоўка Арбузава); адкрыў фізіял. актыўнасць фосфаразмяшчальных злучэнняў (сярод іх лекавыя сродкі і інсектыцыды), рэакцыі ўтварэння свабодных радыкалаў трыарылметылавага шэрагу, вынайшаў эталонны радыкал дывінілпікрылгідразіл. Вывучаў прыродныя крыніцы арган. злучэнняў, распрацаваў новы метад падсочкі хваёвых дрэў, тэорыю выцякання жывіцы і тэхніку яе збору, прапанаваў шэраг лабараторных прылад. Аўтар работ па гісторыі і хіміі.
Літ.:
Академик А.Е. Арбузов: [Сб. воспоминаний]. 2 изд. Казань, 1985.
т. 1, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАБАЛЕ́ЎСКІ (Іван Іванавіч) (9.10.1905, Масква — 21.9.1977),
савецкі вучоны ў галіне тэорыі машын і механізмаў. Акад. АН СССР (1946). Герой Сац. Працы (1969). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1945). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.А.Ціміразева (1926). З 1927 выкладаў у ВНУ Масквы, у 1932—49 праф. Маскоўскага ун-та, з 1937 у Ін-це машыназнаўства АН СССР. Распрацаваў класіфікацыю прасторавых механізмаў і вызначыў метады іх кінематычнага аналізу. Вывучаў праблемы тэарэт. і эксперым. метадаў даследавання дынамікі рабочых машын, стварыў новыя метады выпрабавання машын-аўтаматаў. Прэмія імя П.П.Чабышова АН СССР (1946), сярэбраны медаль Чэхаславацкай АН (1966), міжнар. залаты медаль імя Дж.Уата Ін-та інжынераў-механікаў (Англія, 1967).
Літ.:
И.И.Артоболевский: [Биобиблиогр.]. 2 изд. М., 1975.
т. 1, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛОРУ́ССКАЯ НИ́ВА»,
грамадска-палітычная с.-г. газета. Выдаецца ў Мінску з 1921 на рус. і бел. мовах. У 1921—24 выдавалася на рус. мове пад назвай «Белорусская деревня» як дадатак да газ. «Звязда», з сак. 1924 самаст. газета на бел. мове «Беларуская вёска». У 1931 — жн. 1935 «Калгаснік Беларусі», у крас. 1945 — вер. 1950 «Савецкі селянін» (снеж. 1947 — вер. 1950 на бел. і рус. мовах); у кастр. 1950 — кастр. 1962 «Калгасная праўда» (на бел. і рус. мовах), у 1962—91 «Сельская газета» (на рус. мове), з кастр. 1991 «Белорусская нива». Асвятляе пытанні с.-г. вытворчасці, эканам. і сац. развіцця вёскі, прапагандуе вопыт перадавых грамадскіх гаспадарак, наватараў, дасягненні навукі і тэхнікі ў сельскай гаспадарцы. Друкуе матэрыялы аб паліт., грамадскім і культ. жыцці ў краіне.
т. 3, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЗІН (Берзінь) Рэйнгольд Іосіфавіч
(16.7.1888, б. маёнтак Кінігсгоф, Валміерскі р-н, Латвія — 11.11.1939),
савецкі ваен. дзеяч. З 1905 чл. РСДРП. З 1914 у арміі. У 1917 старшыня выканкома корпуса, нам. старшыні выканкома 2-й арміі (Нясвіж), чл. ВРК Зах. фронту. Камандаваў 1-м Мінскім рэв. атрадам, 2-й рэв. арміяй у час ліквідацыі ў Магілёве Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі Расіі як цэнтра контррэвалюцыі, у барацьбе супраць Цэнтр. Рады на Украіне, у час разгрому антысав. мяцяжу 1-га польск, корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага. У 1918 галоўнакамандуючы Зах. фронтам па барацьбе з контррэвалюцыяй, камандуючы Паўн.-Урала-Сібірскім фронтам. З 1919 чл. Рэўваенсавета Зах., Паўд.-Зах., Паўд., Туркестанскага франтоў, з 1924 — Зах. ваен. акругі. З 1927 на гасп. рабоце. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
т. 3, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЎКО́ВІЧ (Фадзей Аляксеевіч) (1894, в. Слабодка Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — ?),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Аршанскае гар. вучылішча. З 1915 у арміі, з 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік Кастр. Рэвалюцыі 1917, 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У 1918—27 на ваен., парт. і сав. рабоце ў Рагачоўскім пав., нарком фінансаў БССР, старшыня Полацкага акр. к-та КП(б)Б. З 1927 пастаянны прадстаўнік урада БССР пры СНК СССР у Маскве, з 1928 саветнік паўпрэдства СССР у Варшаве. З 1933 дырэктар Белдзяржвыдавецтва ў Мінску, потым на гасп. рабоце. Чл. ЦК КП(б)Б і ЦВК БССР у 1924—35. У 1936 рэпрэсіраваны, засуджаны на 10 гадоў зняволення ў папраўча-працоўны лагер, дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1956.
Э.А.Карніловіч.
т. 3, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКШТЫНО́ВІЧ (Міхаіл Фаміч) (1892, в. Жомайдзь Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1950),
савецкі ваен. дзеяч, ген.-лейт. (1945). Скончыў Віленскае камерцыйнае вучылішча (1912), Ташкенцкую школу прапаршчыкаў (1916), курсы «Выстрал» (1924) і ўдасканалення вышэйшага камсаставу пры Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1927, 1931). З 1915 у арміі, з 1918 у Чырв. Арміі. У 1919—23 ваяваў на Усх. фронце, супраць басмачоў у Ферганскай вобл. У 1924—25 нач. Ташкенцкай ваен. школы, з 1931 нам. камандзіра, камандзір дывізіі, корпуса. У Вял. Айч. вайну на Калінінскім, 2-м Прыбалт., 1-м Бел. франтах; часці і злучэнні пад яго камандаваннем вызначыліся ў Вісла-Одэрскай і Берлінскай (1945) аперацыях. Пасля вайны ў Генштабе Узбр. Сіл СССР. Яго імем названа вуліца ў г. Валожын.
т. 3, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАШЫ́ЛАЎ (Клімент Яфрэмавіч) (4.2.1881, с. Верхняе Луганскай вобл., Украіна — 2.12.1969),
савецкі парт., дзярж. і ваен. дзеяч, Маршал Сав. Саюза (1935). Двойчы Герой Сав. Саюза (1956 і 1968), Герой Сац. Працы (1960). У грамадз. вайну камандзір і чл. РВС шэрагу армій і франтоў. З 1925 нарком абароны СССР. З 1940 нам. старшыні СНК СССР, з 1946 — СМ СССР. Чл. Палітбюро (Прэзідыума) ЦК КПСС у 1926—60. У 1953—60 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР. Уваходзіў у бліжэйшае паліт. акружэнне І.В.Сталіна, адзін з арганізатараў масавых рэпрэсій 1930 — пач. 1950-х г. сярод ваенных. Уваходзіў у т.зв. антыпартыйную групу (В.М.Молатаў, Л.М.Кагановіч, Г.М.Малянкоў і інш.), аднак на пленуме ЦК КПСС (чэрв. 1957) прызнаў свае памылкі і асудзіў фракцыйныя дзеянні.
т. 4, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РТАЎ (Дзіга) (сапр. Каўфман Дзяніс Аркадзевіч; 2.1.1896, г. Беласток, Польшча — 12.2.1954),
савецкі кінарэжысёр; адзін з заснавальнікаў і тэарэтыкаў дакумент. кіно. З 1918 працаваў у аддзеле кінахронікі Маск. кінакамітэта. Першыя яго фільмы зманціраваны з кінахронікі: «Гадавіна рэвалюцыі» (1919), «Бой пад Царыцынам» (1920), «Гісторыя грамадзянскай вайны» (1922) і інш. У кіначасопісе «Кіна-Праўда» (1922—25), фільмах «Кіна-Вока» (1924), «Шостая частка свету» (1926), «Чалавек з кінаапаратам» (1929), «Калыханка» (1937) імкнуўся да паэтычнага, вобразна-публіцыстычнага паказу жыцця. У Вял. Айч. вайну зняў фільмы «Кроў за кроў, смерць за смерць» (1941), «У гарах Ала-Тау» і «Клятва маладых» (1944). У 1944—45 выпускаў кіначасопіс «Навіны дня». Новыя прынцыпы кінадакументалізму тэарэтычна абгрунтаваў у арт. «Мы. Варыянт маніфеста», «Кінавока» і інш.
Тв.:
Статьи. Дневники. Замыслы. М., 1966.
т. 4, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)