РЫ́ХТЭР (Андрэй Аляксандравіч) (15.8.1871, г.п. Кураўской Калужскай вобл, Расія — 9.4.1947),
расійскі вучоны ў галіне батанікі і фізіялогіі раслін. Акад.АНСССР (1932; чл.-кар. 1929), акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1893) і працаваў у ім. З 1917 праф. Пермскага, Саратаўскага, Маскоўскага ун-таў. У 1934—38 дырэктар Ін-та фізіялогіі раслінАНСССР. Навук. працы па фотасінтэзе, засуха- і зімаўстойлівасці раслін, устойлівасці іх да засольвання глебы, па біяхіміі тэхн. культур, імунітэце раслін да грыбковых хвароб, па пытаннях браджэння. Распрацаваў метад вызначэння інтэнсіўнасці фотасінтэзу, выкарыстаў перарывістае (мігальнае) святло для вывучэння яго механізму. Эксперыментальна праверыў і ўдасканаліў тэорыю храматычнай адаптацыі В.Т.Энгельмана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЕРАТЫНІЁЗЫ,
хваробы раслін, што выклікаюцца грыбамі, у цыкле развіцця якіх ёсць склероцыі. Найб. шкаданосныя белая гніль агуркоў, морквы, пятрушкі, сельдэрэю, лубіну, фасолі і інш. культур, рак канюшыны (гл.Рак раслін). На Беларусі пашыраны таксама С. азімых збожжавых, узбуджальнік якога (склератынія злакавая) пашкоджвае жыта, пшаніцу, цімафееўку, лісахвост і інш.
Паразіт заражае пасевы азімых увосень і зімуе ў тканках раслін у выглядзе грыбніцы. Вясной на лісці хворых раслін паяўляецца шараваты, камякаваты налёт міцэлію. Пазней унутры сцёблаў пад эпідэрмісам і каля асновы лісця ўтвараюцца склероцыі, якія ўвосень прарастаюць і заражаюць пасевы азімых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРО́ДКАВЫ МЯШО́К,
цэнтральная частка семязавязі кветкавых раслін, у якой развіваецца яйцаклетка і адбываецца двайное апладненне, палавое пакаленне пакрытанасенных раслін — жаночы гаметафіт. Пасля двайнога апладнення з З.м. развіваецца зародак расліны і эндасперм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАЖА́НКІН (Іван Мікалаевіч) (28.8.1848, г. Варонеж, Расія — 20.11.1904),
рускі батанік; заснавальнік параўнальна-эмбрыялагічнага кірунку ў батаніцы і навук. школы марфолагаў раслін. Праф. (1881). Скончыў Маскоўскі ун-т (1871). Працаваў у ім з 1875. Навук. працы па апладненні ў зялёных водарасцей і голанасенных раслін. Распрацаваў сістэму расліннага свету. Вызначыў паняцце археганіяльных раслін (мохападобныя, папарацепадобныя, голанасенныя).
Літ.:
Мейер К.И. И.Н.Горожанкин и его роль в развитии русской ботаники (1848—1904). М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМЕРАФО́БЫ [ад грэч. hemeros ручны, прыручаны, культурны + ...фоб(ы)],
1) віды жывых арганізмаў, якія пазбягаюць згуртаванняў культ.раслін. Вял. колькасць гемерафобаў — біяіндыкатары ўмоў навакольнага асяроддзя.
2) Віды жывёл і раслін, што зніклі ці знікаюць у выніку ўздзеяння чалавека на прыроднае асяроддзе і расліннасць. У шэрагу выпадкаў патрабуюцца спец. меры іх аховы ў мэтах захавання генафонду. У флоры Беларусі пад уплывам меліярацыі гемерафобы знікаюць (напр., асобныя віды балотных раслін). Гл. таксама Гемерафілы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРА́РЫУС ((Camerarius) Рудольф Якаб) (12.2.1665, г. Цюбінген, Германія — 11.9.1721),
нямецкі батанік і ўрач. Праф. Цюбінгенскага ун-та і дырэктар універсітэцкага бат. саду (1688). Эксперыментальна абгрунтаваў наяўнасць полу ў раслін, вызначыў тычынкі як мужчынскія, а песцікі як жаночыя палавыя органы. Зрабіў шэраг доследаў над двухдомнымі і аднадомнымі раслінамі і прыйшоў да высновы пра наяўнасць у іх палавой дыферэнцыроўкі, адзначыў магчымасць апладнення раслін аднаго віду пылком іншага віду, пашыранасць гермафрадытызму ў свеце раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУТА́ЦЫІ (ад лац. nutatio ваганне, калыханне),
кругавыя або вагальныя рухі органаў раслін. Уласцівы кветаносам, лісцю, караням, калеоптылям, сталонам і інш. органам вышэйшых, а таксама спарангіяносцам ніжэйшых раслін. Кругавыя Н. абумоўлены нераўнамерным ростам розных ч. органаў (рухі росту). Выражаны ў сцёблаў і вусікаў павойных і лазячых раслін. Хістальныя і кругавыя Н. органаў, што спынілі рост, напр., лісця і прылісткаў, адбываюцца ў выніку паслядоўных змен тургару ў клетках лісцевых сучляненняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РТЭЛЬ (Мікалай Аляксандравіч) (н. 5.5.1937, в. Галяшы Расонскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне генетыкі. Акад.Нац.АН Беларусі (1996; чл.-кар. 1986), д-рбіял.н. (1984), праф. (1991). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1959). З 1967 у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі (у 1978—94 нам. дырэктара, з 1985 адначасова заг. лабараторыі, з 1994 дырэктар). Навук. працы па малекулярнай генетыцы і генет. трансфармацыі раслін, пытаннях селекцыі і генетыкі драўняных раслін, радыяцыйным мутагенезе с.-г.раслін, праблемах генет. і клетачнай інжынерыі вышэйшых раслін. Распрацаваў метад генет. трансфармацыі, стварыў трансгенныя расліны бульбы, распрацаваў малекулярна-генет. карту жыта, атрымаў новыя даныя пра ролю паўтораў ДНК у структурна-функцыян. арганізацыі генома раслін, падрыхтаваў тлумачальны слоўнік па генетыцы.
Тв.:
Биоинженерия: методы и возможности. Мн., 1989;
Фитогормоны и фитопатогенность бактерий. Мн., 1994 (разам з А.У.Лабанок, В.У.Фамічовай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД БЕЛАРУ́СКАГА ДЗЯРЖА́ЎНАГА ТЭХНАЛАГІ́ЧНАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА.
Размешчаны за 6 км ад г.п. Негарэлае Дзяржынскага р-на Мінскай вобласці. Арганізаваны ў 1969 на базе дэндрарыя Негарэльскага навук.-доследнага лясгаса (закладзены ў 1954). Пл. 25 га. У садзе дэндрарый (620 відаў, формаў і сартоў), інтрадукцыйны гадавальнік і школьнае аддзяленне, матачная плантацыя, калекцыйны ўчастак травяністых адна- і шматгадовых раслін, пладовы сад, участак мясц. флоры, музей прыроды. У калекцыях 1384 віды, разнавіднасці і сарты раслін, культывуюцца 28 відаў рэдкіх раслін і раслін, якія знікаюць. База для падрыхтоўкі спецыялістаў лясной гаспадаркі і азелянення, правядзення навук. даследаванняў і культ.-асв. работы ў галіне прыродазнаўства і аховы прыроды.
Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта. Насаджэнні спірэі японскай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЯ КУЛЬТУ́РА,
спосаб вырошчвання раслін на водных растворах пажыўных рэчываў. Упершыню прапанаваў англ. вучоны Дж.Вудвард (1699). Дэталёвая распрацоўка пачалася з сярэдзіны 19 ст. У Расіі водную культуру выкарыстаў К.А.Ціміразеў (1872). Асяроддзе — раствор пажыўных сумесей на дыстыляванай вадзе. Выкарыстоўваецца ў даследаваннях жыўлення, росту і развіцця раслін, а таксама ў вытв. умовах (гл.Гідрапоніка). У воднай культуры рэгулююцца аб’ём, састаў, канцэнтрацыя, асматычны ціск, рэакцыя і інш. ўласцівасці пажыўнага раствору. Метад воднай культуры даў магчымасць устанавіць элементы, неабходныя для жыўлення і развіцця раслін, высветліць ролю мікраэлементаў у жыцці раслін. Ва ўмовах воднай культуры добра развіваюцца ўсе с.-г. расліны. Асобныя даследчыкі пашыраюць паняцце воднай культуры на прамысл.аквакультуру.