ШУЦБУ́НД (ням. Schutzbund Саюз абароны), Рэспубліканскі Шуцбунд,
ваенізаваная арг-цыяС.-д. партыі Аўстрыі (СДПА) у 1920—30-я г.Засн. ў 1923/24 з атрадаў па падтрыманні парадку і розных рабочых дружын, што існавалі з 1918. Сваёй задачай лічылі абарону дэмакр. рэспублікі і процістаянне прафаш. Хаймверу. У 1928 налічваў 80 тыс.чал.; быў арганізаваны на федэральным і мясц. узроўнях. Яго ўзначальваў І.Дойч; у кіраўніцтва ўваходзілі таксама О.Баўэр, І.Кёрнер, Р.Бернашэк і А.Айфлер. У 1927 і 1931 рэарганізаваны. У 1933 распушчаны ўрадам Э.Дольфуса, але працягваў дзейнічаць у падполлі да 1934, у т. л. быў асн. сілай с.-д.ўзбр. паўстання ў лют. 1934 у Вене, Лінцы і інш. гарадах краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАХІМІ́ЧНЫ РАД НАПРУ́ЖАННЯЎ, шэраг актыўнасці металаў,
у электрахіміі паслядоўнасць размяшчэння металаў у парадку нарастання значэнняў іх стандартнага патэнцыялу (за нулявы прыняты патэнцыял вадароду).
Для метал. электродаў мае наступную паслядоўнасць: літый Li, калій K, кальцый Ca, натрый Na, магній Mg, алюміній Al, марганец Mn, цынк Zn, хром Cr, жалеза Fe, кадмій Cd, нікель Ni, волава Sn, свінец Pb, вадарод H2, медзь Cu, ртуць Hg, серабро Ag, плаціна Pt, кісларод O2, золата Au. Э.р.н. дазваляе меркаваць аб тэрмадынамічных магчымасцях працякання тых або інш. электродных працэсаў. Кожны метал выцясняе з раствораў солей металы, якія стаяць у Э.р.н. справа ад яго; металы, якія размешчаны злева ад вадароду, выцясняюць яго з кіслот. Аналагічныя рады напружанняў можна пабудаваць для неметал. электродаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЛАМЕНТ — НАЦЫЯНАЛЬНЫ СХОД РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Як прадстаўнічы і заканадаўчы орган ён складаецца з дзвюх палат — Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. У складзе Палаты прадстаўнікоў 110 дэпутатаў, якія выбіраюцца па выбарчых акругах і прадстаўляюць інтарэсы іх грамадзян і жыхароў. Савет Рэспублікі — палата тэр. прадстаўніцтва. Ад кожнай вобласці і горада Мінска тайным галасаваннем выбіраюцца на пасяджэннях дэпутатаў мясц. Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню кожнай вобласці і горада Мінска па 8 членаў Савета Рэспублікі; 8 членаў Савета Рэспублікі назначае Прэзідэнт. Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў можа быць грамадзянін, які дасягнуў 21 года; членам Савета Рэспублікі — грамадзянін, які дасягнуў 30 гадоў і пражыў на тэр. адпаведнай вобласці ці горада Мінска не менш як 5 гадоў. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы ў парламенце на прафес. аснове. Яны адначасова могуць быць членамі Урада. Адна і тая ж асоба не можа адначасова з’яўляцца членам дзвюх палат парламента. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў не можа быць дэпутатам мясц. Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі не можа быць адначасова членам Урада. Не дапускаецца сумяшчэнне абавязкаў дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі з адначасовым заняццем пасады Прэзідэнта або суддзі. Тэрмін паўнамоцтваў Парламента — 4 гады. У выпадках і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй, паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў або Савета Рэспублікі могуць быць спынены датэрмінова. Палаты не могуць быць распушчаны ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становішча, у апошнія 6 месяцаў паўнамоцтваў Прэзідэнта, у перыяд вырашэння палатамі пытання аб датэрміновым вызваленні або зняцці Прэзідэнта з пасады, а таксама на працягу года з дня іх першых пасяджэнняў. У выпадку асаблівай неабходнасці па ініцыятыве Прэзідэнта, а таксама па патрабаванні большасці (не менш як 2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат) яны могуць склікацца на нечарговыя сесіі па вызначаным парадку дня. Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі выбіраюць са свайго складу Старшыню і яго намесніка. Для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, якія адносяцца да кампетэнцыі палат, яны са свайго складу выбіраюць пастаянныя камісіі і інш. органы.
Асн. функцыя Парламента — заканатворчая. Іншыя паўнамоцтвы з’яўляюцца, як правіла, для кожнай з палат выключна яе паўнамоцтвамі і не патрабуюць удзелу другой палаты. Палата прадстаўнікоў па прапанове Прэзідэнта або па ініцыятыве не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам, разглядае праекты законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, аб тлумачэнні Канстытуцыі. Іншыя органы і асобы, якія валодаюць правам заканад. ініцыятывы, не могуць у парадку рэалізацыі гэтай ініцыятывы ставіць пытанне аб карэкціроўцы Канстытуцыі або яе тлумачэнні. Савет Рэспублікі ўхваляе або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты такіх законаў. Закон аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі можа быць прыняты пасля двух абмеркаванняў і ўхваленняў Парламентам з прамежкам не менш як 3 мес і пры ўмове, калі за яго прагаласавала не менш як 2/3 ад поўнага складу кожнай з палат. З мэтай выключэння якога-небудзь націску на дэпутатаў прадугледжана норма аб недапушчальнасці змянення Канстытуцыі ў перыяд надзвычайнага становішча. Абедзве палаты Парламента могуць выступаць ініцыятарамі правядзення рэсп. рэферэндуму.
Да кампетэнцыі Палаты прадстаўнікоў аднесены разгляд праектаў законаў у сферы найб. важных грамадскіх адносін: аб зацвярджэнні асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь; ваеннай дактрыны; аб ратыфікацыі і дэнансацыі міжнар. дагавораў; аб асн. змесце і прынцыпах ажыццяўлення правоў, свабод і абавязкаў грамадзян; аб грамадзянстве, статусе іншаземцаў і асоб без грамадзянства; аб правах нац. меншасцей; аб зацвярджэнні рэсп. бюджэту і справаздачы аб яго выкананні; устанаўленні рэсп. падаткаў і збораў; аб прынцыпах ажыццяўлення адносін уласнасці; аб асновах сац. абароны; аб прынцыпах рэгулявання працы і занятасці; аб шлюбе, сям’і, дзяцінстве, мацярынстве, бацькоўстве, выхаванні, адукацыі, культуры і ахове здароўя; аб ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў; аб вызначэнні парадку вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы; аб мясц. самакіраванні; аб судаўладкаванні, судаводстве і статусе суддзяў; аб крымін. адказнасці; аб амністыі; аб абвяшчэнні вайны і заключэнні міру; аб прававым рэжыме ваен. і надзвычайнага становішча; аб устанаўленні дзярж. узнагарод; аб тлумачэнні законаў. Палата прадстаўнікоў таксама назначае выбары Прэзідэнта, дае згоду Прэзідэнту на назначэнне Прэм’ер-міністра; ухваляе або адхіляе праграму дзейнасці Урада; разглядае па ініцыятыве Прэм’ер-міністра пытанне аб даверы Ураду; прымае адстаўку Прэзідэнта або ў вызначаных Канстытуцыяй выпадках рашэнне аб зняцці яго з пасады. Палата можа прымаць рашэнні па інш. пытаннях сац.-эканам., паліт. і культ. жыцця краіны, калі іх вырашэнне не аднесена Канстытуцыяй да кампетэнцыі інш. органаў дзярж. улады. Савет Рэспублікі валодае шырокімі паўнамоцтвамі пры вырашэнні кадравых пытанняў. Ён дае згоду на назначэнне Прэзідэнтам Старшыні Канстытуцыйнага суда, Старшыні і суддзяў Вярх. суда, Старшыні і суддзяў Вышэйшага гасп. суда, Старшыні Цэнтр. камісіі па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў, Ген. пракурора, Старшыні і членаў праўлення Нац. банка; выбірае 6 суддзяў Канстытуцыйнага суда, 6 членаў Цэнтрвыбаркома. Савет Рэспублікі мае права: адмяняць рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў, якія не адпавядаюць заканадаўству; прымаць рашэнні аб роспуску мясц. Саветаў у выпадку сістэматычнага або грубага парушэння імі патрабаванняў заканадаўства і ў інш. прадугледжаных законам выпадках; прымаць ва ўстаноўленым парадку рашэнне аб зняцці з пасады Прэзідэнта; прымаць рашэнні па інш. пытаннях, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй.
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы. Любы законапраект, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй, спачатку разглядаецца ў Палаце прадстаўнікоў, а потым у Савеце Рэспублікі. Законапраекты, вынікам прыняцця якіх можа быць скарачэнне дзярж. сродкаў, стварэнне або павелічэнне расходаў, могуць уносіцца ў Палату прадстаўнікоў толькі са згоды Прэзідэнта або па яго даручэнні — Урада. Рашэнні палат лічацца прынятымі, калі за іх прагаласавала большасць ад поўнага складу палат, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй. Законы аб асн. кірунках унутр. і знешняй палітыкі, аб ваен. дактрыне Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца праграмнымі і лічацца прынятымі, калі за іх прагаласавала не менш як 2/3 ад поўнага складу палат. Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі законам, прынятым большасцю галасоў ад поўнага складу палат, па прапанове Прэзідэнта могуць дэлегаваць яму заканад. паўнамоцтвы на выданне дэкрэтаў, якія маюць сілу закона. Не дапускаецца дэлегаванне паўнамоцтваў Прэзідэнту на выданне дэкрэтаў, што прадугледжваюць змяненне і дапаўненне Канстытуцыі, яе тлумачэнне; змяненне і дапаўненне праграмных законаў; зацвярджэнне рэсп. бюджэту і справаздачы аб яго выкананні; змяненне парадку выбараў Прэзідэнта і парламента, абмежаванне канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі карыстаюцца недатыкальнасцю пры выказванні сваіх меркаванняў і ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў. Парадак дзейнасці Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі і іх органаў вызначаецца рэгламентамі палат.
У зале пасяджэнняў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСЦОВАЕ КІРАВАННЕ І САМАКІРАВАННЕ
Ажыццяўляецца грамадзянамі праз мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, мясц. рэферэндумы, сходы і інш. формы прамога ўдзелу ў дзярж. і грамадскіх справах. Мясц. Саветы дэпутатаў з’яўляюцца прадстаўнічымі органамі дзярж. улады на тэр. адпаведных адм.-тэр. адзінак і асн. звяном мясц. самакіравання, якое забяспечвае на сваёй тэр. ўзгодненую дзейнасць органаў тэр. грамадскага самакіравання. Адзіную сістэму мясц. Саветаў дэпутатаў складаюць сельскія, пасялковыя, гарадскія, раённыя і абласныя Саветы дэпутатаў. Яны выбіраюцца грамадзянамі, якія пражываюць на адпаведнай тэр., тэрмінам на 4 гады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» ад 20.2.1991 (у рэдакцыі закона ад 10.1.2000) да выключнай кампетэнцыі мясц. Саветаў належаць: зацвярджэнне праграм эканам. і сац. развіцця (жыллёвага і дарожнага буд-ва, добраўпарадкавання, камунальна-быт. і сац.-культ. абслугоўвання насельніцтва, аховы прыроды і інш.), мясц. бюджэтаў і справаздач аб іх выкананні; устанаўленне ў адпаведнасці з законам мясц. падаткаў і збораў; вызначэнне ў межах, устаноўленых законам, парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю; кантроль за выкарыстаннем зямель, іх нетраў, вод, лясоў, паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў і інш. прыродных рэсурсаў; вырашэнне пытанняў адм.-тэр. ўладкавання ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь; назначэнне мясц. рэферэндумаў. Для папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, якія адносяцца да ведання мясц. Саветаў, а таксама для кантролю за выкананнем рашэнняў Саветаў і вышэйстаячых дзярж. органаў з дэпутатаў выбіраюцца пастаянныя камісіі. Рэкамендацыі камісій аддаюцца на разгляд адпаведнымі дзярж. і грамадскімі органамі і арганізацыямі.
Органамі мясц. кіравання агульнай кампетэнцыі і адначасова выканаўчымі і распарадчымі органамі мясц. Саветаў дэпутатаў з’яўляюцца абласныя, раённыя, гарадскія, пасялковыя і сельскія выканаўчыя камітэты з правамі юрыд. асобы. Яны падсправаздачныя і падкантрольныя вышэйстаячым выканаўчым і распарадчым органам, а таксама падсправаздачныя мясц. Саветам дэпутатаў па пытаннях, аднесеных да іх кампетэнцыі. У сістэму органаў выканаўчай улады ўваходзяць таксама мясц. адміністрацыі, утвораныя на тэр. раёнаў у гарадах, дзе не выбіраюцца раённыя Саветы дэпутатаў. Кіраўнікі мясц. выканаўчых і распарадчых органаў назначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або ва ўстаноўленым ім парадку і зацвярджаюцца на пасадзе адпаведнымі мясц. Саветамі дэпутатаў. На аснове добраахвотнага волевыяўлення грамадзян па іх ініцыятыве, па ініцыятыве Савета дэпутатаў, выканаўчага камітэта могуць стварацца органы тэр. грамадскага самакіравання (саветы і камітэты мікрараёнаў, жыллёвых комплексаў, дамавыя, вулічныя, квартальныя, пасялковыя, сельскія камітэты і інш.) з мэтай вырашэння праблем сац.-эканам. развіцця сваёй тэр., задавальнення духоўных і культ. патрэбнасцей насельніцтва. На адпаведнай частцы адм.-тэр. адзінкі можа быць створаны толькі адзін орган тэр. грамадскага самакіравання. Мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы на падставе дзеючага заканадаўства прымаюць рашэнні, якія маюць абавязковую сілу на адпаведнай тэрыторыі. Рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў, якія не адпавядаюць заканадаўству або абмяжоўваюць ці парушаюць правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, адмяняюцца паводле існуючага заканадаўства або могуць быць абскарджаны ў суд.парадку. У выпадку сістэматычнага або грубага парушэння мясц. Саветам дэпутатаў патрабаванняў заканадаўства ён можа быць распушчаны Саветам Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕ́РБАЛА,
цэнтральная крывая 2-га парадку; адно з канічных сячэнняў, уяўляе сабой мноства пунктаў плоскасці, рознасць адлегласцей ад якіх да двух пэўных пунктаў (фокусаў гіпербалы) пастаянная (па модулі). Кананічнае ўраўненне гіпербалы ў прамавугольнай сістэме каардынат: x2/a2 − y2/b2 = 1, дзе a, b — даўжыні паўвосяў, b2 = c2 − a2, c — фокусная адлегласць гіпербалы (гл.Аналітычная геаметрыя). Мае 2 бясконцыя галіны, сіметрычныя адносна гал. восяў Ox і Oy (сапраўднай, ці факальнай, і ўяўнай); 2 асімптоты y = ±bx/a. Пры a = b гіпербала наз. раўнабочнай і яе ўраўненне мае выгляд x2 − y2 = a2; яе асімптоты ўзаемна перпендыкулярныя, і калі іх прыняць за восі каардынат, то ўраўненне набудзе выгляд xy = a2/2 (графік адваротнай прапарцыянальнасці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРЭ́ЛІЙ Марк (Marcus Aurelius; 26.4.121, Рым — 17.3.180),
рымскі імператар з 161, філосаф, адзін з прадстаўнікоў позняга стаіцызму. Пры ім Рым захапіў Месапатамію, устанавіў пратэктарат над Арменіяй, вёў Маркаманскую вайну 166—180 з германцамі і сарматамі. Яго твор «Адзін на адзін з сабою» даследуе пераважна этычныя праблемы. Аўрэлій лічыў, што ў свеце ўсё адбываецца паводле пэўнага парадку і справядлівасці, прасякнута божым прадбачаннем. Лёс чалавеку наканаваны, і прымаць яго трэба з радасцю; трэба радавацца таму, што маеш, кожны дзень праводзіць як апошні; людзі створаны, каб любіць сабе падобных; прызначэнне чалавека — захоўваць разумнасць і павагу да грамадскасці і дапамагаць у гэтым сваім блізкім. Адмаўляў ухваленне натоўпу, улады, багацця; жыцця, поўнай асалоды. Клопат пра пасмяротную славу лічыў марным, бо зямля — пясчынка, жыццё — бясконцы паўтор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЕНТАВА́ННЕ,
1) вызначэнне свайго месца знаходжання адносна напрамкаў свету, арыенціраў, элементаў рэльефу, а таксама напрамкаў руху. Праводзіцца з дапамогай компаса, карты, аэраздымка. Прыблізнае арыентаванне магчыма па мясцовых арыенцірах (натуральных і штучных), па Сонцы, Месяцы, зорках, а таксама радыё-, светлавых і гукавых сігналах.
2) Арыентаванне спартыўнае — спаборніцтвы па арыентаванні і хуткім перамяшчэнні на мясцовасці з выкарыстаннем буйнамаштабнай карты і компаса. Праводзяцца ў зададзеным кірунку (неабходна як мага хутчэй прайсці дыстанцыю паводле дакладна вызначанага і пазначанага на карце парадку), на маркіраванай мясцовасці (зімой на лыжах спартсмен рухаецца па адзначанай сцяжкамі трасе і наносіць на карту кантрольныя пункты), па выбранай трасе (зададзеную колькасць кантрольных пунктаў спартсмен знаходзіць на мясцовасці ў любой паслядоўнасці, выбіраючы свабодна па азімуце шлях да кожнага з іх). На Беларусі развіваецца з 1964. Чэмпіянаты свету з 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ СЛУ́ЖБА,
від працоўнай дзейнасці. якая ажыццяўляецца грамадзянамі на прафес. аснове ў дзяржаўным апараце. У Рэспубліцы Беларусь праходжанне Дз.с. рэгламентуецца Канстытуцыяй, Законам «Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце» ад 23.11.1993, інш. нарматыўнымі актамі. Права на Дз.с. маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь незалежна ад сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, полу, адносін да рэлігіі, паліт. поглядаў. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства могуць прыцягвацца для работы ў дзярж. апараце як кансультанты ці эксперты. Да дзяржслужачых адносяцца асобы, якія займаюць у прадугледжаным заканадаўствам парадку пасады ў дзярж. апараце, надзелены адпаведнымі паўнамоцтвамі і атрымліваюць за сваю працу заработную плату. Асн. правы і абавязкі дзярж. служачых, правілы іх паводзін, парадак праходжання і спынення Дз.с. рэгулююцца заканадаўствам. Пры пэўных абставінах дзярж. служачыя маюць права на адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́МБАРТАН-ОКС КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1944,
папярэдняя нарада прадстаўнікоў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая па пытаннях стварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). Склікана па прапанове СССР у адпаведнасці з дэкларацыяй 4 дзяржаў аб усеагульнай бяспецы, прынятай у 1943 у Маскве (гл.Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945). Праходзіла на віле Думбартан-Окс (прыгарад Вашынгтона) у 2 этапы: перагаворы прадстаўнікоў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі (21.8—28.9.1944) і прадстаўнікоў ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая (28.9—7.10.1944). На канферэнцыі ўзгоднены асн. палажэнні праекта Статута ААН, аднак з-за рознагалоссяў бакоў засталіся нявырашанымі пытанні аб першапачатковых членах будучай арг-цыі (сав. бок, які прадстаўляў ураджэнец Беларусі А.А.Грамыка, прапаноўваў уключыць у лік дзяржаў-заснавальніц ААН усе 16 саюзных рэспублік) і аб парадку галасавання ў Савеце Бяспекі.
Літ.:
Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гг.Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЕГАВА́НАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
выдадзеныя кіраўніком дзяржавы, урадам, іншымі дзярж. органамі па ўпаўнаважанні парламента нарматыўныя акты, якія маюць сілу закону ў парадку ўступкі (дэлегавання) парламентам заканад. паўнамоцтваў. Гэта звязана з ускладненнем кіраўніцкіх задач і неабходнасцю іх вырашэння на прафес. узроўні. Д.з. выкарыстоўваецца ў некат. развітых краінах свету, напр., Італія, Францыя, ФРГ і інш. У Рэспубліцы Беларусь рэалізуецца Прэзідэнтам краіны ў форме дэкрэтаў. Дэлегаванне заканад. паўнамоцтваў ажыццяўляецца на аснове Закону або палажэнняў Канстытуцыі, якія вызначаюць прадмет рэгулявання і тэрмін паўнамоцтваў. Існуе абмежаванне дэлегаваных паўнамоцтваў па пытаннях, якія адносяцца выключна да кампетэнцыі парламента. Формай Д.з. з’яўляецца таксама выданне парламентам т.зв. «рамачных законаў», у межах якіх выканаўчая ўлада можа ажыццяўляць праватворчасць. У шырокім сэнсе пад Д.з. разумеецца таксама перадача мясц. Саветамі дэпутатаў паводле дагавору некат. сваіх паўнамоцтваў органам тэр. грамадскага самакіравання.